Вячаслаў Купрыянаў
Нарадзіўся ў 1939 годзе ў Новасібірску. Вучыўся ў Вышэйшым ваенна-марскім вучылішчы інжынераў зброі ў Ленінградзе. Скончыў перакладніцкі факультэт Маскоўскага інстытута замежных моў. Перакладаў паэзію з англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, латышскай і армянскай моў. Тэарэтык і практык вольнага верша. Аўтар дзесяці паэтычных зборнікаў, якія выйшлі ў Расіі, у тым ліку «Дайце дагаварыць» (2002), «Ода часу» (2010), «Нішто чалавечае» (2013), «Супярэчнасці» (2019), сарака кніг, што выйшлі ў перакладзе на замежныя мовы, некалькіх кніг прозы. Вершы перакладзены на ўсе еўрапейскія і на цэлы шэраг азіяцкіх моў. Лаўрэат шматлікіх міжнародных і расійскіх літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі імя Бранкі Радзічавіча (Сербія), прэміі Міністэрства адукацыі Аўстрыі, прэміі «Мараўскі скрутак» (Сербія), літаратурнай прэміі Наджы Наамана (Японія / Ліван), Бунінскай прэміі, прэміі імя У. Маякоўскага і інш. Уладальнік Македонскага літаратурнага жазла. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Сербіі. Жыве ў Маскве.
Літаратуразнавец і крытык Арцём Шпакоў ахарактарызаваў паэта так: «Купрыянаў пранізвае бясформенны моўны хаос стрыжнем элегантнай і парадаксальнай думкі. Патэтыка ў славеснасці звычайна ідзе рука ў руку з нястрымнай эмацыйнасцю, але тут пафас з аптэкарскай дакладнасцю ўраўнаважваецца іроніяй. Паэт ніколі не павышае голас».