Андрэй Геласімаў

Геласімаў Андрэй Валер’евіч (нар. 1966) — празаік, выдавец, сцэнарыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Нацыянальны бестсэлер» (2009), прэміі Апалона Грыгор’ева (2002) і іншых.
Нарадзіўся ў Іркуцку. У 1987 годзе атрымаў дыплом філолага ў Якуцкім дзяржуніверсітэце. Вучыўся на рэжысёрскім факультэце Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Літаратурнага інстытута ім. А. М. Горкага.
Дэбютаваў з аповесцю пра першае каханне «Фокс Малдар падобны на свінню». Аповесць «Смага» пра баявыя дзеянні на Паўночным Каўказе, раманы «Год падману»
і «Рахіль» зрабілі яго адным з самых папулярных сучасных пісьменнікаў. Прызнанне ў публікі атрымалі таксама яго раманы «Ружа вятроў» (аб асваенню Далёкага Усходу) і «Чысты кайф» (аб рускім рэпе). Атрымаў прэмію «Нацыянальны бестсэлер» за раман «Стэпавыя богі» аб Вялікай Айчыннай вайне.
Проза Геласімава, на думку крытыкаў, вызначаецца «сцэнарнасцю», а таксама глыбокім псіхалагізмам, па-майстэрску пабудаванымі дыялогамі і асаблівай увагай да духу часу.