Васіль Аксёнаў
Аксёнаў Васіль Паўлавіч (1932—2009) — празаік, драматург, эсэіст. Лаўрэат прэмій «Рускі Букер» (2004), «Трыумф» (2003), «Кніга года» (2005).
Нарадзіўся ў Казані ў сям’і старшыні гарсавета. У 1937 годзе бацькі былі рэпрэсіраваны.
Жыў у дзіцячым доме, потым у сваякоў, пасля вайны — у Магадане з маці. Маці Аксёнава Яўгенія Гінзбург пасля стала аўтарам адной з першых мемуарных кніг пра ГУЛАГ — «Круты маршрут». Скончыў Ленінградскі медінстытут, працаваў урачом.
Першыя ж аповесці Аксёнава, апублікаваныя ў часопісе «Юнацтва», — «Калегі», «Зорны білет», «Апельсіны з Марока», «Затавараная бочкатара» — зрабілі яго адным з лідараў «гарадской маладзёжнай прозы» 1960-х і безумоўным кумірам моладзі. Аксёнаў увёў у літаратуру тып новага савецкага рамантычнага героя — маладога чалавека ў пошуках сябе, у якім спалучаецца любоў да джазу, вандровак, свабоды са шчырым патрыятычным пачуццём.
Публікаваўся ў самвыдаце. У 1980 годзе з’ехаў у ЗША, выкладаў рускую літаратуру ў шэрагу ўніверсітэтаў. За мяжой выйшлі яго раманы «Залатая наша Жалезка», «Апёк», «Востраў Крым», трылогія «Маскоўская сага», «Новы салодкі стыль», «Кесарава свячэнне». Вярнуўся ў Расію ў 2004 годзе, напісаныя тут раманы «Вальтэр’янцы і вальтэр’янкі» і «Таямнічы запал» карысталіся поспехам у публікі.
Працаваў у жанры сацыяльнага гратэску, альтэрнатыўнай гісторыі, сямейнага эпасу. Крытыкі адзначалі рытмічную разнастайнасць яго прозы, «джазавую неабавязковасць стылю», яркую і рэзкую вобразнасць, «кароткую хэмінгуэеўскую фразу».