Аляксей Пурын
Нарадзіўся ў 1955 годзе ў Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі тэхналагічны інстытут. З 1989 года з’яўляецца загадчыкам аддзела паэзіі, а з 2002 года — і аддзела крытыкі часопіса «Звезда» (Санкт-Пецярбург). Перакладае галандскіх і нямецкіх паэтаў, выйшла восем кніг перакладаў. Аўтар больш чым дваццаці паэтычных кніг і зборнікаў, у тым ліку «Еўразія і іншыя вершы» (1995), «Архаіка» (1998), «Даліна цароў» (2010), «Паштовы голуб» (2015), «Астры» (2021); чатырох кніг эсэістыкі. Вершы перакладаліся на англійскую, галандскую, італьянскую, літоўскую, нямецкую, польскую, румынскую, украінскую, французскую і чэшскую мовы. Лаўрэат прэмій часопісаў «Нева» і «Новый мир», прэміі «Гонар і свабода», літаратурнай прэміі «Паўночная Пальміра» (двойчы). Жыве ў Санкт-Пецярбургу.
У сучаснай рускай паэзіі Пурын займае асобнае месца. Ён эстэт і стыліст, на самым высокім узроўні валодае тым паэтычным інструментарыем, што быў напрацаваны вялікімі папярэднікамі. Гэта праяўляецца ўва ўсім, аднак адкрываецца толькі для падрыхтаванага погляду. Найтанчэйшыя паўтоны, намёкі і алюзіі даруюць вытанчаную радасць пазнавання.