Узвёў я помнік — ды наўрад ён падыходзіць...

* * *

Узвёў я помнік — ды наўрад ён падыходзіць
для густу большасці... Не змог ім дагадзіць!
Сыны жывыя міма ўсе праходзяць,
на помнік той ніхто і не глядзіць.

Тым больш унукі помнік мой не ўспомняць,
а праўнукі... Ды што аб іх казаць!
Адкуль ім ведаць, як, пакутаў поўны,
я з болем вершы спрабаваў звязаць.

Слых пра мяне прайшоў і хутка згіне,
як летні дождж, што чэша напрасткі, —
ці ў слоўніку два-тры радкі пакіне:
маўляў, калісьці жыў паэт такі...

Памру. І ўсе памруць. І грэбень чарапашы
Меркурыю пакіне лысы Апалон.
Няма каму з душой важдацца нашай
і памяццю аб нас: імя нам — легіён.

Капіталійскі жрэц, сармацкія магілы,
і хілы вершаплёт — усе як знак зеро..
Дык, муза, ацані — з якою цёмнай сілай
жаданню верш стварыць пярэчыла пяро.