Света, альбо Дзень, калі я стаў сапраўдным мужчынам

(фрагмент)

Калі апусціць занадта вялікую вагу немаўля, хрышчэнне, якое з далікатнасці было праведзена ў васьмістах кіламетрах ад бацькі-камуніста, і апісанне роднага панэльнага дома над вытокам Дона (вось яна, зраненая калодка, на якой заўжды рассякалі мяса, справа ад пад’езда, даміношныя сталы каля баракаў і пераапранутыя на вяселлях, сярод якіх асабліва вылучаўся міліцыянер з намаляванымі вусамі), то пачаць трэба з таго, што мінулым летам мая дачка (назавём яе Аліс, што азначае «кветачка бурачка»; Аверыл азначала б «бітва вепрука»), абмяняўшы некалькі тысяч фунтаў сваёй маці (што былі аддадзены рэпетытарам) на зайздросную двухзначную лічбу ў графе «па выніках адзінага дзяржаўнага экзамену» і не пачуўшы аніводнай з маіх парад, якія я ўпарта спрабаваў да яе давесці, заняла чаргу за латарэйнымі білетамі ў прыёмныя камісіі пяці ўніверсітэтаў.

Па заканчэнні кожнага з іх Аліс чакала жорсткая гуманітарная галеча, — прадказваў ёй тата, — праяданне бацькоўскай спадчыны, зневажальная залежнасць ад мужа (ёсць рэчы куды больш горшыя за развод, дзіця маё!), вымольванне на рэстаранных задворках хлебных скарынак і ўборка памяшканняў у дамах багатых аднакласніц, якія ў свой час прыслухаліся да меркавання бацькоў.

Што засталося старому бацьку? Якога і так ужо скрывіла міжпазваночная грыжа — пякельнае спараджэнне празмернасці ў трэнажорнай зале.

Суправаджаць. Чакаць каля платоў, «бар’ераў» і «рамак», пакусваючы кардонныя сценкі таго, што засталося ад двайнога «эспрэса»! Гадаць, якой выйдзе Аліс? А раптам — засмучанай? На ўсе пытанні паспела адказаць? Шпаргалка захавалася? Хутчэй накарміць! А раптам ў гэтае самае імгненне ягоная кветачка апамяталася і зразумела, што ў свеце гэтым не знайсці справядлівасці, усё ў ім загадзя аплачана і раскуплена і на лепшыя месцы ўсе прайшлі рэгістрацыю яшчэ з дому?!

У тыя дні, поўныя пакут, я стаяў сярод падобных, у маўклівым натоўпе, што нібыта чакаў вынасу цела. Упускалі абітурыентаў, якія прад’яўлялі даведкі, выходзілі выпускнікі, прыціскаючы да грудзей дыпломы. Здавалася, гэта адны і тыя ж людзі, што бескарыснай, без наступстваў таблеткай праглынулі за адзін узмах дзвярэй пяць гадоў, аднолькава чужыя Храму Ведаў (падзяліўшы паміж сабой «яшчэ» і «ўжо»); усяго толькі розніцы ў два-тры сантыметры росту ды яшчэ ў выправе — хваляванне тых, хто ўваходзіць, абыякавасць тых, хто пакідае; і ў напрамках — разыходзіліся ў розныя бакі.

Мяне, які ўсё ранейшае жыццё ўпэўніваў Аліс, што адзнакі, конкурс, кепскі настрой альбо дабрадушнасць экзаменатара, залічэнне і найменне месца навучання не маюць аніякага дачынення да Лёсу, раптам напаткалі ўспаміны, а ўслед за імі накатваў нейкі жывёльны жах (здавалася: так, якраз зараз і вырашаюцца жыццё і лёс), і я шаптаў хвалу Усявышняму: якое шчасце, што я болей не абітурыент!

Першымі выходзілі выдатніцы — непрыгожыя альбо прыгожыя, ды вось ледзь прыкметна кульгавыя, пагардліва закаціўшы вочы: занадта ўжо лёгка, нават нецікава! — выдатніц ніхто не сустракаў, самым першым рухам на свабодзе яны прыціскалі да вуха тэлефон і моўчкі выслухвалі запытальныя стогны: што? Якая тэма? Па колькі чалавек у аўдыторыі? Затым з’яўляліся дзеткі няпростых, нязвыкла стомленыя і звыкла спакойныя, іх сустракалі адкормленыя ад’ютанты ў ружовых кашулях, выбіраючыся насустрач з кабін мерседэсаў, яны адразу ж тэлефанавалі: «Нашы далейшыя дзеянні? У які пад’езд? Ручкай пісаў фіялетавай!», а затым ужо — «асноўная маса».

Я шкадаваў правінцыялаў — сваіх: юнакоў у старанна адпрасаваных штанах, цёплыя чаравікі наваксаваныя, верхні гузік кашулі зашпілены, чыстыя твары, бацькі з цяжкімі сумкамі, катлеты хатняга вырабу, сарамлівае агурковае храбусценне і пастукванне шкарлупіннем яек аб макаўку тумбы каля плота. Правінцыялы занадта ўжо ветліва звярталіся да мінакоў, доўга шапталіся ў аддаленні і размяркоўвалі абавязкі, перш чым пачціва патрывожыць вахцёра: куды нам? І калі гэтая амаль царская асоба ім паблажліва паказвала: па стрэлцы (куды накіроўваліся мясцовыя без усялякага запытання), правінцыялы так дзякавалі і радаваліся, нібыта першы экзамен здадзены, зроблены першы з вырашальных крокаў — вялікая ўдача!

Правінцыялы — пяхота, што бяжыць на кулямёты, толькі наадварот: пяхота ўся застаецца на полі бою — з правінцыялаў не застанецца ніводзін, заплачуць на бардзюрах, у тамбурах, на бацькоўскім плячы: нуль пяць бала — усяго толькі не хапіла! — ахопленыя з першага ж кроку на Курскім вакзале сцярвятнікамі, што даўно за імі сачылі і зараз працягваюць улёткі: а давайце да нас — на платнае.

Сцярогся, адварочваўся спінай да журфака, тварам да інстытута краін Азіі і Афрыкі — з яго збівалі тынкоўку, агаляючы гістарычна ссівелую цэглу, а на даху вецер разгойдваў шматгадовы хмызняк, — ды ўсё адно ўспамінаў... Вось што насамрэч валодае людзьмі, вось дзе засталіся і плёскаюцца неглыбокімі хвалямі тыя тыдні восені: ля ўвахода і адразу ж за ім; я адчуваў жаль. Як па-іншаму гэта назваць? Хваляванне і лёгкую горыч. Так, стала куды больш машын на паркоўцы. Ці не, машын я не памятаю. Ды і не было машын! З тых, хто выходзіў, я здымаў дваццацігадовую габлюшку: яна? Ён? Хтосьці, каго б я ведаў, на гэтым месцы. Чаму ты не заходзіш? Толькі аднойчы я прайшоў услед за Аліс унутр, і полымя ахапіла мяне, цяжкі лішак крыві. Абітурыенты і балельшчыкі сядзелі ў былой бібліятэцы злева ад лесвіцы, факультэт абшарпаны, паркет рыпіць. Я абышоў з тылу лесвіцу; нейкі «аддзел размяшчэння» — куды падзелася газетная чыталка? Прадуктовыя ларкі, нібыта ў вакзальных падзямеллях, лесвіца стала спадзістай, таблічкі «інстытут» — яшчэ вышэй. Я ўвайшоў у аўдыторыю, і яна нібыта сама мне падказала: «Трыста шаснаццатая!» — дошка, кавалачак крэйды, тут я паступаў, і за суседнім сталом усміхалася самая прыгожая дзяўчына на свеце. А зараз... А зараз стары чалавек, увесь абмазаны гелем для абязбольвання, сціраў з пальцаў мел, нібыта баючыся пакінуць адбіткі пальцаў.

Аліс, я з’явіўся на факультэце ў адна тысяча дзевяцьсот, у лістападзе, калі першы курс, які паспеў ужо згуртавацца на бульбе, падзяліўся на тых, хто старанна заводзіць будзільнік, і тых, хто не ведае нават, што такое стыпендыя.

Уладальнікі будзільнікаў уставалі «да першай пары», «мне сёння да другой», чакалі ў студзёных прыцемках дваццаць шостага трамвая, заскоквалі ў яго, з цяжкасцю спрабавалі праціснуцца як мага глыбей, прыклейваліся, абдымаліся, павісалі, размяшчалі правую нагу альбо зашчамлялі яе дзвярыма. А некаторыя, нахіляючыся насустрач бурану, брылі наўскасяк дварамі ў бок «Акадэмічнай» міма кінатэатра «Улан-Батар», дзе ў задушлівай зале ў нядзелю збіраліся нумізматы на гарадскі фестываль пахаў поту.

Факультэт уладальнікі будзільнікаў пакідалі з заходам сонца, абавязкова праводзячы любімых выкладчыкаў да метро, і пасля вечаровай шклянкі смятаны ў сталоўцы сустракаліся ў бібліятэцы інтэрната, а калі яна зачынялася, займалі сталы ў чыталках на журфакаўскіх (з другога па восьмы) паверхах альбо штосьці гатавалі сабе на кухні, мылі адзенне, малявалі насценныя газеты, пісалі матулям у Днепрапятроўск. Альбо ўздымаліся на дзявяты паверх, да глебазнаўцаў, спрачацца аб палітыцы — глебазнаўкі (чаму мужчыны не паступалі на глебазнаўства — і дагэтуль адна з самых злавесных тайнаў крывавага камуністычнага рэжыму) так радаваліся любой мужчынскай кампаніі, што я да гэтага часу чырванею, калі дабрадзейная жонка і самаахвярная маці ўголас і без усялякага сораму прызнаецца: а я скончыла факультэт глебазнаўства МДУ! Хто ж гэтым хваліцца?!

Тыя ж, хто не заводзіў будзільніка (ветэраны арміі, ветэраны вытворчасці, так званыя сыны гор, што былі праведзены ў абход, праз «рабфак», нацыянальнай палітыкай КПСС — няголеныя плямёны) спалі доўга, спалі амаль што суткамі і пілі амаль заўсёды, часам працавалі вартаўнікамі, прыбіральнікамі альбо дробна махлярылі, адлічваліся, зноўку залічваліся на той жа курс, займалі грошы, прымалі гасцей, прыніжалі маральнае аблічча ў першым корпусе, дзе жылі псіхолагі, пісалі тлумачальныя запіскі ўчастковаму і ва ўніверсітэце з’яўляліся толькі на сесію, ў асноўным спалі, елі і пілі, і — не ведаю, як выказацца сучасна і дакладна, — карацей, у іх было шмат знаёмых дзяўчат. Тыя, хто не заводзіў будзільнікаў, шукалі гэтыя знаёмствы. Не заўсёды паспяхова. Але пастаянна. Так што выходзіла, што яны жылі ў раі, вуліца Шверніка, дзевятнаццаць, корпус два.

Апошнія, дрымотныя і нерухомыя гады савецкай улады пазбавілі рэшткаў сэнсу вучобу, пошук пасад, павагу да дзяржаўнай уласнасці, пашану закону, сумленнае жыццё, службу Радзіме — не, ніхто не ведаў, што вельмі хутка шлях да канчатковай справядлівасці ў выглядзе бясплатнага спажывання ўпрэцца ў сцяну, і пойдзем назад, таму першыя зробяцца апошнімі, але ўсе неяк адчувалі, што ехаць сэнсу не мае. Крышачку піянерыя, трошкі больш камсамол, а лепшая за ўсіх армія (партыя нас не дачакалася, двух сантыметраў не хапіла!) тлумачылі чалавеку: хочаш застацца поўнасцю жывым — ухіляйся і прыпухай. Малой крывёю, не выходзячы на плошчу, адчапляй ад сябе паціху абавязкі мінулага, нібыта ўчэпістае насенне дзядоўніку: трэба дзесьці лічыцца — ды няма праблем, на паперы — удзельнічай, галасуй — калі прыціснуць; папросяць — выступі; прымусяць — прыйдзі і падрамі ў апошнім радзе, але трымай павадок нацягнутым, ледзь што — ухіляйся, вазьмі бальнічны, запамятай альбо праспі і прыпухай сабе ціхенька, не сталей, заставайся бесклапотным і маладым сярод вясёлых дзяўчат.

Вось так падзяліўся і наш курс, калі я з’явіўся ў пачатку лістапада ў вучэбнай частцы, засмучаны згубленым камсамольскім білетам. Мне яшчэ пашанцавала, з вайсковай часці мяне звольнілі першым. Мая армейская служба працякала ў падземным памяшканні штаба на Матроскай Цішыні пад грукат вентыляцыі. Адзінае акно выходзіла ў бетонны калодзеж, у які спускаліся галубы паміраць, снегу і лістоты не памятаю. Спалі мы ў гэтым жа склепе, трыццаць метраў наперад па калідоры і налева, вытрымаўшы за год з паловай нашэсце пацукоў і вошай.

Кожную раніцу, да з’яўлення афіцэраў і генералаў, я ўзнімаўся ў прыбіральню на другі паверх пачысціць зубы, апаласнуцца, памыць штосьці з адзення па дробязях (па-сапраўднаму мылі адзенне па суботах, калі самі хадзілі ў лазню, што размяшчалася на Мядзведжых Азёрах), альбо на трэці паверх, калі другі захоплівала прыбіральшчыца, альбо на чацвёрты, дзе сядзела служба тылу.

Той дзень быў асаблівы — я патраціўся на зубную пасту. Хопіць дзеля грашовай эканоміі дзюбаць шчоткай зубны парашок — да канца ніколі не змыеш ягоныя крапіны з рук і твару! Хутка канец казённаму жабрацтву, чакае нас іншае жыццё — так узрадавана адчуваў я і сціснуў з павагай цяжкі цюбік, пальцамі злёгку так прыхапіў, каб не выпусціць лішняга. Але паста вонкі не лезла.

Аказваецца, гарлавіну зубной пасты запаялі нейкай бліскучай... тыпа фольгай — спярша трэба было пратыкаць, а не ціснуць з усяе дуры. Вось такая паста ў Маскве. Мы, вядома ж, адсталі. Праткнуць чым? Я пакалупаў мезенцам, потым паспрабаваў паціснуць ручкай зубной шчоткі — фольга крыху пакамячылася, але не прарвалася. Трэба штосьці вострае. Тупаць уніз за цвіком часу ўжо не было, вось-вось паваляць на ўсе паверхі лампасы і папахі, і я здагадаўся, што, калі рэзка сціснуць цюбік аберуч, паста сама выб’е перашкоду і вываліцца вонкі. Вядома ж, я крыху засердаваў. Калі прадаяце тавар не надта танны, дык і рабіце яго зручным для пакупнікоў.

Вось толькі сцісканне павінна быць рэзкім.

Я нацэліўся, выцягнуў рукі да ракавіны... Каб калі лішак... Калі раптам выйдзе зашмат, дык хоць не на падлогу...

Раз!

Не паддаецца.

І р-р-араз!!!

Атрымалася, як я і меркаваў. Нават з пераборам.

Бо цюбік — ды ён проста выбухнуў у маіх руках!

Быццам знутры ў ім усё даўно кіпела, распірала, і знемагала, і рада было пырснуць вонкі, усё, вывернуцца да кроплі, да дробкі малой — усё! — засталося толькі скруціць схуднелую ўпакоўку трубачкай і выкінуць, так і зрабіў. Вось табе і націснуў. Вось табе і на «разок пачысціць зубы»...

Я сунуў шчотку ў ракавіну — зачапіць пасты на шчацінне. Але — пасты ў ракавіне не было! Ні кроплі. Яна ўся некуды падзелася. Я пачаў азірацца: ды што ж гэта такое? Як усякі чалавек, які не выспаўся і якому здаецца, што ён бачыць усё, а ён усяго і не бачыць... Ды яшчэ сутыкнуўшыся з таямнічым знікненнем рэчыва ў закутку над ракавінай каля трох кабінак... Насупраць люстэрка... Над карычневай кафляй...

Быццам і не прачынаўся — дурны, неверагодны сон.

Тым больш што час ужо знікаць з другога паверха.

Цюбік, па ўсім відаць, быў наогул пусты! Бракованы! Проста лопнуў.

І раптам, ужо ўсведамляючы жудаснае, перш чым пачаць разумець, я ўважліва агледзеў сябе... О, так сказаць, божа!!! — здаецца, сваімі ручышчамі я так ціскануў на бедную пасту, што яна кінулася і вырвалася з цюбіка не наперад, праз гарлавіну, а назад, раздзіраючы шоў, плюнула не ў ракавіну, а плюхнулася мне на жывот і вось зараз тлустай мятнай нашлёпкай расцякаецца па кіцелі і адрошчвае вусы на штанах.

Бегчы! Я хуценька вычысціў зубы, абмакнуўшы шчотку ў пахучае месіва на жываце, два разы намачыў пад кранам руку — працёр твар і прыгладзіў валасы, схапіў свае пажыткі — і на лесвіцу (трэба было, як заўсёды, спярша прыслухацца, а потым выглядваць), дзе ўсе стаялі ў адну шарэнгу навыцяжку, бо рухаўся адзін — узнімаўся па лесвіцы, крочыў па калідоры Маршал, Камандуючы нашага Роду Войскаў, высокі, задуменны, ніколі ў такія моманты ён не заўважаў таго, што там, па баках, робіцца, вочы нібыта адсутнічалі на прыгожа і неяк не па-нашанску вылепленым твары, паглыблены ў разважанні пра цяжкасці супрацьстаяння армій краін Варшаўскага дагавора агрэсіўным намерам... Я адхіснуўся, шмыгнуў, перачакаў: а зараз? — зараз дзяжурны па штабе, палкоўнік Г., які (і гэта ўсе ведалі) часта закладваў сяброў па зброі — алкаголікаў, чамусьці шэптам паўтараў мне: ідзі за ім! Палкоўніка Г. трэсла, ён не мог паказаць рукой (у ягонае дзяжурства!) і ўсё паўтараў і паўтараў адно і тое ж: за ім! Тэрмінова за ім!

Ну што мне заставалася рабіць? Бегчы ваксаваць боты і шукаць пад ложкам фуражку? Пачварная хваля падхапіла і з рыканнем пацягнула мяне, паскараючыся, прама ў жарало Лёсу, якое грозна гуло, — у прыёмнай два ад’ютанты-маёры, якія яшчэ не зусім расслабіліся пасля вітання высокага начальства, хорам ускрыкнулі: куды?! Я амаль беспрытомна прамямліў: таварыш камандуючы сказаў зайсці, — і скокнуў у прорву.

Маршал сядзеў далёка наперадзе, метраў у дзесяці, бокам да стала, нібыта пераабуваючы пантофлі, я ж, выканаўшы штосьці кшталту «радавы гэтакі па вашым загадзе», спыніўся каля глобуса памерам са спускальны апарат касмічнага карабля «Усход», на якім на Зямлю вярнуўся Гагарын.

Маршал з васямнаццаці гадоў рыхтаваўся бамбіць Амерыку, яго цікавілі толькі бамбардзіроўшчыкі, і палёты, і запусканне ракет, а ўся вось гэтая страявая падрыхтоўка, радавыя і яфрэйтары, склады гаруча-змазачных матэрыялаў, зімовая форма і прагляд розных папер яго прыгняталі; я ніколі не чуў, каб маршал лаяўся, звяртаў увагу на колер бардзюраў, спазненне шафёра, ціха прыязджаў і ціха ад’язджаў; гэта была наша першая і апошняя сустрэча.

Маршал з такім неўразуменнем і нават сумам паглядзеў на мяне, што мяне ажно апаліла: а раптам дзяжурны памыліўся? Раптам Камандуючы нашага Роду Войскаў не мяне паклікаў за сабой у бездань?! — і сам зараз не можа зразумець: навошта заявіўся сюды баец і перашкаджае пераабуцца, абражаючы надвоблачны і звышгукавы свет маршала паўсядзённасцю свайго выгляду.

На нагах у мяне былі сталага ўзросту боты сорак шостага памеру (мысок левага да таго ж быў яшчэ і крыху пашкоджаны нажом), таму мог разуцца звычайным узмахам нагі (родныя мае боты згубіліся ў «вучэбцы», і гэтыя гіганты мне выдалі «на нейкі час», які, дарэчы, доўжыўся ўжо год з паловай), за штаны я не хваляваўся: новыя (старыя загубіла пагрузка цэменту на гаўпвахце), але на два памеры большыя за мой, так што гэтымі «шараварамі» я здорава нагадваў украінскага хлопца, з тых, што робяць папярочны шпагат у час скачка, выконваючы нацыянальныя танцы; злева на грудзях змяшчаўся знак «Выдатнік ВПС», справа выпірала зашмальцаваная кішэня з кашальком, ваенным білетам, ледзяшамі «дзюшэс», шарыкавай ручкай, ніткай-іголкай і камсамольскім білетам (каб яго не скралі!), твар крыва перасякалі акуляры, склееныя на пераноссі (крыва яны сядзелі таму, што шрубка з правай дужкі выпала і некуды закацілася, а замест яе я ўставіў кавалак канцылярскай сашчэпкі), у правай руцэ я трымаў зубную шчотку, ручнік і мыльніцу, у левай — добра вымытыя і добрасумленна выкручаныя шкарпэткі і трусы, што было не прадугледжана статутам — насіць патрабавалася анучы і кальсоны; на жываце маім прыляпілася і ўсё спрабавала сцячы белая студзяністая нашлёпка, вельмі падобная да следу ад удару футбольнага мяча. Я не спрабаваў штосьці растлумачыць: навошта? Мы ж не дзеці, мы ўжо разумелі, што ніхто і не думае пра цябе ў сэнсе «што здарылася?» альбо «чым я магу дапамагчы?», для іх ты празрысты — кожны думае толькі пра сябе, армія пазбавіла ад непатрэбных думак, ды і каму ты на хрэн патрэбны? Можа, я заўсёды так хаджу і мне так належыць.

Тварам Камандуючы паходзіў да хахла-бацькі. Толькі дзед Мікіта быў дробненькі. А ціхасцю і невыразнасцю маўлення — да маці. Бабка Таня вечна хадзіла сагнутая, у цёплай хусцінцы, не ўзнімаючы маршчыністага і нібыта заўсёды заплаканага твару. Яна памерла першай, а дзед Мікіта (на вуліцы яго звалі на хахляцкі манер «Мыкіта») нават крыўдзіўся. «Не магла раней памерці, я б уладкаваў сваё жыццё», — і адзін пражыў яшчэ даволі доўга, хоць аглух і высах. За пятнаццаць гадоў я ні разу не бачыў яго без агульнавайсковай фуражкі і афіцэрскай кашулі, што нібыта намякала на ратнае мінулае секара мяса на вакзальным рынку. Яшчэ ён шыў тапачкі і боты (радня пастаянна пастаўляла яму абрэзкі са скурзавода) і, як бы зараз сказалі, адрозніваўся «залішняй жорсткасцю пры ўрэгуляванні даўгавых абавязацельстваў» у той час, калі ў Валуйках адстрэльвалі і гатавалі на абед галак і варон, а Мыкіта ўкладваў сродкі ў нерухомасць на вуліцы Варашылава.

Дома з ім асабліва ніхто не размаўляў — вясёлы брат Маршала рамантаваў халадзільнікі, выпіваў і рыбачыў, нявестка займалася хворай дачкой. Таму, калі не ішоў дождж, дзед у суправаджэнні лупатай сабачкі Бімо шаркаў да нашай хаты, дапамагаючы сабе кійком, — доўга, з хвіліну, чакаў, перш чым зрабіць новы маленькі крок, — і даводзіў бабулю аднастайнымі («А дзе Рыта? Дзе Сашко?») гутаркамі на лаўцы — на ганак яму было цяжка ўзабрацца, ды і гарбатай у нашыя часы і ў нашай мясцовасці гасцей не паілі. Бабуля крычала на ўсю вуліцу, астатнія разбягаліся і хаваліся, як толькі шчыліны плота перасякаў раўнамерны, паўзучы рух невялікага росту, а бабуля цярпела: родзіч! — яе сын ажаніўся на дачцэ Мікіты, няроўны спачатку шлюб, але ягоная няроўнасць з гадамі сціралася. А зараз ужо сцерлася зусім — нікога не засталося, я адзін над гэтым пылам, даказваць няма каму, што мы ўзняліся, і жывём не горш за іншых, і фатаграфаваліся на фоне Біг-Бена. А хацелася даказаць.

Іншымі словамі, мой дзядзька жаніўся на роднай сястры Маршала, і сам Маршал, Камандуючы Роду Войскаў, вядома ж, мог дзесьці чуць, у агульных рысах, што дзякуючы ягонай дабрыні адзін салдат не заносіць хвасты самалётам на аэрадроме Мары-1 і не зграбае снег кругласутачна ў Арэдзінску (у кожным родзе войскаў ёсць месцы, якія маюць пэўную і без усякай аховы мяжу з пеклам, дарослыя людзі плакалі на маіх вачах, калі адляталі служыць у Арэдзінск), а дзесьці тут у цяпле, у Маскве, паблізу (наўрад ці ён ведаў, што ў падземных памяшканнях штаба жывуць людзі і што ў кінабудцы залы для аператыўных гульняў я захоўваю цывільнае адзенне і па суботах пералажу праз плот у сакрэтным месцы за гаражамі, месцы, якое вядома ўсім Паветрана-дэсантным войскам і ўсёй Ваенна-транспартнай авіяцыі), і —годзе, не трэба падрабязнасцяў.

Хутчэй за ўсё, Маршал ужо і забыўся на сваю дабрыню, але сёння быў належны дзень, каб успомніць і пашкадаваць.

Ён пачаў прамаўляць неразборліва і абыякава, так гавораць людзі для саміх сябе, раскладваючы на нагах коўдру перад сном, так мармычуць, калі выціраюць твар ручніком, так пытаюцца пра цыгарэту ў выпадковага мінака, — я не пачуў ніводнага слова, але пабаяўся наблізіцца альбо перапытаць, таму здагадваўся па інтанацыях, па сэнсе (вось пра што б пытаўся я, калі б быў Камандуючым), мы размаўлялі праз перакладчыка, я быў і субяседнікам, і перакладчыкам: ты што тут робіш? — штосьці накшталт гэтага, здаецца, і спытаўся Маршал.

Я адказаў: служу; яго гэта і здзіўляла: бо загад міністра абароны аб звальненні ў запас даўно надрукаваны, кшталту таго, ён чуў пра гэта. Я яшчэ падумаў, а можа, увесь гэты час Камандуючага прыгнятала мая прысутнасць, той цяжар дабрыні, якая зусім не ўласцівая ягонай высокай пасадзе.

Я пусціўся ў тлумачэнне: звальняюць не адразу, тым больш, не ўсіх адразу. Праходзіць пасля загаду месяц, і адпускаюць «нулёўку» — самую першую партыю, праз тыдзень — першую, яшчэ праз тыдзень — другую і гэтак далей, размяркоўваючы па заслугах і дасягненнях. Асабліва «выбітных» салдат адпускаюць у апошняй партыі — 31 снежня ў дваццаць тры пяцьдзясят дзевяць. Самая жудасная пагроза ва Узброеных сілах: «Пойдзеш з першым ударам навагодніх курантаў». Маршалу зрабілася тужліва і нецікава, тым не менш ён гэтак жа абыякава загадаў удакладніць: а што гэта за партыі такія?

«Нулёўка» — ваш, таварыш Камандуючы Роду Войскаў, кіроўца. Першая партыя — капцёр, хлебарэз і старшы сяржант Рудэнка (за кражу машыны піламатэрыялаў з суседняй брыгады сувязі — але пра гэта не стаў), другая (заўважыў, што Маршалу непрыемна, калі я загінаю пальцы, і кінуў) — медбрат (за скрыванне нашэсця вошай), пляменнік старшага прапаршчыка Кавальчука і кіроўца начальніка штаба, генерал-лейтэнанта...

Камандуючы двойчы варухнуў рукой: маўчы і — валі, — я выбраўся ў прыёмную, дзе ад’ютанты і генералы, якія тут сабраліся, зірнулі на маю зубную пасту з гідлівым жахам, нібыта на вывернутыя кішкі смяротна параненага, які ўсё бяжыць па полі бою, не разумеючы, што трэба падаць, забіты.

Пасля абеду мой камандзір, падпалкоўнік Фралоў, уладальнік незвычайна маленькай галавы, які яшчэ не ведаў, што гарэлка яго вось-вось забярэ (якая прыгажуня — загадчыца прадбазы — яго любіла! Зямля яму пухам!), з пакрыўджаным сапеннем выклаў перада мной неабходныя дакументы на выхад з арміі, а паверх — электронны гадзіннік (якраз пачалі ў той час выпускаць — на жалезных бранзалетах, літары, мелодыі, рагатыя кнопачкі па баках) з гравіроўкай «Радавому такаму ад Камандуючага Роду Войскаў»; гадзіннік скралі ў інтэрнаце, і я ні разу не пашкадаваў; за прахадной я адштурхнуўся ад зямлі як мага мацней і — паляцеў.

Пашукаўшы тры дні камсамольскі білет і пяць хвілін фальшыва паплакаўшы ў гаркаме камсамола (юны правадыр моладзі, наўрад ці старэйшы за пяцьдзясят гадоў, бязгучна перамяшчаўся ў мяне за спінай, паўтараючы: «Як жа ты змог гэта дапусціць?» — уздыхне, паглядзіць, як я выціраю слёзы, і па-новай: «Не, я не разумею, як ты мог гэта дапусціць? Можа, знаходзіўся ў беспрытомным стане?»), трамваем ад «Кастрычніцкай» я прыехаў ў рай на Шверніка, у пяцігодку шчаслівага дзяцінства, поўную (ледзь было на напісаў «цнатлівых») забаў і задавальненняў.

У пакой я патрапіў да сваіх: памежнік, пажарная ахова, ветэран унутраных войскаў і крымінальнік (яго зарэзалі ў Саратаўскай вобласці ў сярэдзіне чацвёртага сезона), ложак мне дастаўся насупраць увахода ля халоднай сцяны — без крыўдаў, я ж прыйшоў апошні.

Мы не вучыліся, на экзаменах спісвалі з канспектаў выдатнікаў, змякчаючы сэрцы выкладчыкаў слабым здароўем, хваробамі і смярцямі блізкіх, правінцыйным паходжаннем і (у каго мелася) абаяннем мужчынскай, першабытнай сілы, — у адрозненне ад тых, хто заводзіў будзільнікі і пісаў канспекты, мы правільна разумелі службу, дакладней, жыццё.