Храм з аркадай
У Судакскай крэпасці, калі ад Галоўнай
брамы — налева — да локця сцяны —
і ўверх, асаблівым на першы бяздзейнаму
разяваку з выгляду нічым не адметны,
з зубам, які тырчыць у роце слупа
адзіным і з паўшар’ем купала
па-над васьміграннікам караткашыйным,
той дом Божы, куды чарадой
з малітвамі мірнымі на вуснах засмяглых
адны за аднымі, як хвалі на бераг:
са стэпаў дзікіх нахлынулі
законапаслухмяныя вернікі Магаметавы
спяваць «Ля ілляха ілля-Лла» працягла;
па зыбкім ад Лігурыйскіх бяздонняў
шляху прышэльцы мастацтваносныя
свой строгі выразна «Патэр ностэр»
на дыялекце мёртвым паўтараць;
са «Шма Ісраэль» далёкай выгнаннікі
зямлі, ва ўсім спадзяваючыся на світак,
чые літары вядомыя ўсе да адной;
прастораў на сушы заваёўнікі
і на моры, «Ойча наш» абвяшчаючы,
крукам давярацца і сцягам;
простых прамыя Марціна грознага
пісанняў пераемнікі з «Фатэр унзэр»;
адзінапрыродным Вышэйшага ушаноўваючы,
з прытонаў вакол старажытнай Ноевай прыстані
юдолі выхадцы, каб палка
«Хайр мэр» сцвярджаць і песціць сум,
розуму нізкаму непадуладны, —
усе былі некалі тут, а зараз —
у адчынены з васьмі да васьмі вечара музей,
дзе фрэскі, міхраб і разнамоўныя
па сценах надпісы, уваход свабодны,
і ўслухоўваецца ў маленні аднолькава Бог
усяго раз’яднанага чалавецтва.




