Аляксандр Кушнер

Нарадзіўся ў 1936 годзе ў Ленінградзе. Закончыў філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. Герцэна, выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Аўтар сарака паэтычных кніг і зборнікаў, сярод якіх — «На змрочнай зорцы» (1994), «Кустоўе» (2002), «Таўрычаскі сад» (2008), «Зямное прыцягненне» (2015), «Восеньскі тэатр» (2020); пяці кніг з артыкуламі і эсэ пра класічную і сучасную рускую паэзію. Вершы перакладаліся на шматлікія мовы свету: англійскую, арабскую, італьянскую, в’етнамскую, іўрыт, кітайскую, нямецкую, нідэрландскую, французскую, японскую і інш. Паэтычныя кнігі ў перакладзе выдадзены ў Галандыі, Італіі, ЗША. Лаўрэат расійскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Пушкінскай прэміі, Пушкінскай прэміі фонда Альфрэда Тэмпера (Германія), прэміі «Паўночная Пальміра», Царскасельскай мастацкай прэміі, нацыянальнай прэміі «Паэт», прэміі «Залатая тыбецкая антылопа» (Кітай) і інш. Жыве ў Санкт-Пецярбургу.
У 1990 годзе Іосіф Бродскі, знаёмячыся з паэтам, пісаў: «Аляксандр Кушнер — адзін з найлепшых лірычных паэтаў XX стагоддзя, і яго імю наканавана стаяць у шэрагу імён, дарагіх сэрцу кожнага, чыя родная мова руская». Больш чым праз трыццаць гадоў, у XXІ стагоддзі, яго словы застаюцца па-ранейшаму справядлівымі. Аляксандр Кушнер не спыняе інтэлектуальную і духоўную работу, пошукі новых сэнсаў і сродкаў выразнасці, і муза шчодра адгукаецца яму.