Юрый Кубланоўскі
Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Рыбінску. Скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленне гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў экскурсаводам у музеі Ф. І. Цютчава ў Муранаве, у Салавецкім, Кірыла-Белазёрскім і Ферапонтаўскім музеях. Уваходзіў у нефармальную паэтычную групу «СМОГ», удзельнічаў у непадцэнзурным альманаху «Метрополь». У 1982 г. вымушана эміграваў, працаваў у парыжскай газеце «Русская мысль», у 1990-м вярнуўся на радзіму. Аўтар дваццаці трох паэтычных зборнікаў, якія выйшлі ў Расіі, ЗША і Францыі, у тым ліку «Чужыннае» (1993), «Лік» (1994), «Даўжэй за каляндар» (2001), «У светлавым годзе» (2003), «На зваротным шляху» (2006), «Выбранае» (2006), «Пераклічка» (2010, 2012), «Прысвячаецца Волзе» (2010), «Ізборнік» (2011), «Чытанне ў непагоду» (2012), «Няспраўныя часы» (2015), «Доўгая пераправа» (2017). Лаўрэат мноства прэмій, у тым ліку прэміі Урада Масквы, літаратурнай прэміі Аляксандра Салжаніцына, паэтычнай прэміі «Anthologia», Новай Пушкінскай прэміі, прэміі Урада РФ у галіне культуры, Царскасельскай мастацкай прэміі, Патрыяршай літаратурнай прэміі. Жыве ў Маскве.
Нобелеўскі лаўрэат Аляксандр Салжаніцын пісаў: «Паэзія Юрыя Кубланоўскага — адрозніваецца вернасцю традыцыям рускага вершаскладання, неназойліва, з вялікім пачуццём меры абноўленай метафарычнасцю — ніколі не эксцэнтрычнай, заўсёды апраўданай па сутнасці; і натуральнай пругкасці верша, які часта просіцца да перачытвання і запамінання».