Юрый Мамлееў

Мамлееў Юрый Вітальевіч (1931—2015) — празаік, філосаф, драматург. Лаўрэат Прэміі Урада РФ, прэміі Андрэя Белага і інш.
Нарадзіўся ў Маскве. Бацька, вядомы псіхіятр, быў рэпрэсаваны. Скончыў Маскоўскі лесатэхнічны інстытут (1956). Выкладаў матэматыку ў вячэрніх школах. Творы Мамлеева разыходзіліся ў самвыдаце. Мамлееў быў цэнтрам хатняга гуртка пісьменнікаў-канцэптуалістаў («Южынскага гуртка»). У 1974 годзе эміграваў. Жыў у ЗША, потым у Францыі. Яго кнігі атрымалі прызнанне на Захадзе. У пачатку 1990-х вярнуўся ў Расію. Выкладаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, займаўся грамадскай дзейнасцю, шмат выдаваўся. Свой мастацкі метад называў «метафізічным рэалізмам».
У яго фантасмагарычнай, інфернальнай прозе апісаны самыя цёмныя, катастрафічныя бакі свядомасці. Аўтар кніг «Шатуны», «Маскоўскі гамбіт», «Мір і рогат», «Імперыя духу», зборнікаў апавяданняў, філасофскіх прац. У кнізе «Расія вечная» даследуе глыбіні рускага духу, які дазваляе, па яго словах, «ствараць другую рэальнасць».