Віктар Астаф'еў

Астаф’еў Віктар Пятровіч (1924—2001) — празаік, эсэіст, драматург. Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1978, 1991), Дзяржаўнай прэміі РФ (1995, 2003).
Нарадзіўся ў вёсцы Аўсянка Краснаярскага краю. Рана асірацеў, рос у дзіцячым доме, скончыў фабрычна-заводскую школу, працаваў на чыгунцы.
У 1942 годзе добраахвотнікам пайшоў на фронт. На вайне быў шафёрам і сувязістам, двойчы паранены і кантужаны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы» і «За перамогу над Германіяй». Жыў на Урале, у горадзе Чусавым, потым у Пермі і Волагдзе.
Першая кніга выйшла ў 1953 годзе. Астаф’еў шырока вядомы як аўтар аповесцей «Пастух і пастушка», «Журботны дэтэктыў», «Цар-рыба», «Апошні паклон», рамана «Праклятыя і забітыя», лірыка-аўтабіяграфічных апавяданняў, палымянай публіцыстыкі. Многія творы экранізаваныя.
Прадстаўнік двух напрамкаў у літаратуры: ваеннай («акопнай праўды») і «вясковай» прозы. Характэрныя рысы прозы Астаф’ева — жорсткі і непрадузяты погляд на грамадства і чалавека, яркая і эмацыянальная мова, псіхалагічна дакладныя вобразы.