Трафейная гармата
За рэчкаю, якая закіпае ўвесну і сціхае пад раскаю ўлетку, паміж двух пагоркаў, быццам паміж грудзей мажнай украінкі, утульна размясцілася белахатнае мястэчка. Каля таго і другога пагорка ажылі мутныя скатышы-плыні. Там, дзе пагоркі збліжаліся, утвараючы глыбокую лагчыну, плыні зліваліся, перад тым як сысціся разам, зваліцца ў пеністы вір, паласкалі голыя кусты ў вадзе, казыталі бераг леташняй асакой, засмечвалі лохмамі расшкуматанага вятрамі чароту, шчацініліся калючымі кустамі каля мастка, пяшчотна ахіналіся галінкай квітнеючай вярбы над мастком.
Масток немцы разабралі. На зарэчным схіле роўнага шырокага поля, з восені скошанага, атабарылася дзясяткі тры-чатыры машын, два куртатыя браневікі-газікі, некалькі батарэй гармат — гаўбіц і мінамётаў, дывізіён зачахлёных «кацюш» і яшчэ сякая-такая тэхніка. У калоне не аказалася ніводнай сапёрнай часці, і таму ішлі ў ёй спрэчкі: хто павінен аднаўляць масток? Жадаючых не знаходзілася. Салдаты павылазілі з машын, ляжалі на скошанай леташняй траве, кусалі саломіны, глядзелі ў сіняе неба або спалі.
Толькі што маёр Праскуракоў прайшоў уздоўж калоны і з лаянкай, якая, праўда, не пераходзіла ў мацюкі, накіраваў да мастка па пяць чалавек ад кожнай часці або іх рэшткаў, што згрудзіліся на пакатым узгорку. Аднак лаяцца ўсё ж такі прыйшлося, з эрэсаўцамі. Гэтыя пестуны вайны да гэтага часу яшчэ не адвыклі ад таго, што ўсе, ад малога да вялікага, калі бачылі «кацюшы», шалелі і галантна саступалі ім, як дваранам, любую дарогу.
Маёр Праскуракоў выпер з машыны эрэсаўскага капітана, і цяпер той, разам з фанабэрыстымі і сытымі сваімі салдатамі, укалваў ля моста за мілую душу, маёра ўсе прызналі за старэйшага і цяпер звярталіся толькі да яго. Стаўшы галоўным, маёр Праскуракоў дазволіў сабе быць раздражнёным і хадзіў уздоўж калоны, бурчэў і прыдзіраўся. Загадаў выставіць дзяжурных каля машын і адносна «паветра», чым, маўляў, чорт не жартуе, загадаў выставіць на само поле назіральнікаў, і тут жа, як чорт з-пад зямлі, выскачыў маладзенькі малодшы лейтэнант Расцягаеў з біноклем на грудзях і выказаў жаданне быць у гэтай самай ахове.
Маёр Праскуракоў слізгануў грузным позіркам па спітым, але адухоўленым твары малодшага лейтэнанта, па дыяганалевай, франтавата апранутай гімнасцёрцы, па фасоніста скамечаных халявах парусінавых ботаў, буркнуў: «Ну-ну», — і малодшы лейтэнант, цокнуўшы абцасамі, пайшоў з двума салдатамі на спуск да мосту, дзе паныла стаялі без стрэх два насенныя калгасныя склады, і ў зацені іх, клюнуўшы дульным тормазам у зямлю, маўчала батарэя нямецкіх гармат, сямідзесяціпяціміліметровак, заваленых гурбамі прэлага чароту. Тут папрацавалі нашы штурмавікі, пазносілі шапкі стрэх з будынкаў і перапалохалі нямецкіх артылерыстаў, якія, прыхапіўшы панарамнікі-прыцэлы, уцяклі кудысьці, не падарваўшы ствалы гармат і не зняўшы нават запорных замкоў.
Салдаты з малодшым лейтэнантам пайшлі не з яго, Праскуракова, дывізіёна, нейкія прыблудныя. Салдаты гэтыя, мяркуючы па ўсім, былі ўжо бітыя, заваляцца яны ў хляве спаць, лейтэнанцішка ж будзе нервова дзяжурыць і марыць аб праціўніку.
Маёр Праскуракоў яшчэ раз падзівіўся і адчуў прыкрасць ад таго, як хутка і лёгка сталі ляпіць у нас камандзіраў, як проста і часам задарма, за прыгожыя патрыятычныя словы і ўменне выслужвацца пачалі даваць ўзнагароды і гэтак жа проста і лёгка адпраўляць людзей у штрафныя роты, якіх на фронце стала даволі прыкметна, слова «штрафнік» зрабілася ўжо звыклым і не ўсіх палохала.
Удзельнік кровапралітнага штурму Хасанскай сопкі, там паранены і ўзнагароджаны, маёр Праскуракоў і ўзнагароды, і званні, і спагнанні прывык атрымліваць заслужана, даўно ўжо ўмеў адрозніваць выскачку ад сапраўднага ваякі.
У гэтай калоне было чатыры батарэі — яго дывізіён. У кожнай батарэі шэсць гармат. Шасцю чатыры колькі будзе? Дваццаць чатыры. Разлікі ў гармат не поўныя, а ва ўзводах кіравання дывізіёнаў людзей і зусім кот наплакаў. Але гэта сіла! Вялікая сіла. Наступленне спыняецца. Спыняецца, таму што вясна, таму што гразь, таму што ўсю зіму наступалі, таму што стаміліся людзі, стаміўся нават ён, маёр Праскуракоў, даўно адвыклы стамляцца і скардзіцца.
Але па інерцыі, таму што армія, растузаная, раскіданая, паўсонная ад стомы, яшчэ ідзе, ідзе і праціўнік, агрызаючыся рэдка і таксама стомлена, часцей не ўваходзячы з ёю ў сутыкненне, адпаўзае ўсё далей і далей на захад па чарназёмным бездаражы. Часам успыхвае бой, нашы натыкаюцца на заслон, на бранявую групоўку, на папоўненую альбо адчайную нямецкую часць.
Звыкліся бачыць адыходзячага без бою ворага, раслабіўшы мускулы і пільнасць, байцы нашы, рускія Іваны, якія ад веку свайго маюць прыроджаную ляноту і бесклапотнасць, не вытрымліваюць нечаканых конратак, і тады... тады ім патрэбен заслон. Тады дваццаць чатыры гарматы з невялікім боезапасам спыняць атаку праціўніка, пагасяць успышку, залатаюць дзірку на адным з участкаў фронту.
Вось чаму камандзір брыгады сабраў з усіх батарэй снарады, выліў з усіх машын паліва, павыганяў са штабу людзей — і ўсё гэта аддаў у дывізіён маёра Праскуракова. І паслаў яго ісці наперад, астатнім дывізіёнам ужо як давядзецца. І камбрыг, і маёр Праскуракоў, і ўсе камандзіры на фронце ведалі, што калі цяпер не возьмуць у ворага частку нашай зямлі, потым яе трэба будзе адбіваць большай крывёю.
У такім наступленні ўсё вырашае работа. І паслаў камбрыг маёра Праскуракова наперад з дывізіёнам таму, што быў ён рабацяга. Калі б спатрэбілася паслаць дывізіён на прамую наводку супраць танкаў, камбрыг не крануў бы Праскуракова, і таму што шанаваў яго як бывалага кадравага афіцэра, і таму што камандзіры для такіх спраў у яго былі больш адчайныя, больш запальчывыя. У тых камандзіраў узнагарод было больш, чым у маёра Праскуракова, на заметцы ў вялікага камандавання былі яны, але не маёр Праскуракоў.
Яны цяпер ужо далёка ад фронту, у дубовым лесе выпальваюць вошы з адзення, мыюцца, голяцца, чакаюць абеду і паслалі ардынарцаў за самагонкай, а ён вось тут з дывізіёнам каля паршывага мастка затрымаўся. Ён са сваімі салдатамі амаль волакам цягне машыны і гарматы. За той час, як адарваўся ад брыгады, гарматы яго стралялі толькі раз, і цяпер ён недалічваецца сарака байцоў і паловы снарадаў. Колькі яшчэ ісці трэба, амаль не еўшы і не спаўшы?
Спяць зараз байцы ў машынах і каля машын на брудным, размяшаным іржышчы, не па статуту спяць, яны проста заслужана адпачываюць. Абутак у салдат разбіты, гімнасцёркі палопаліся на спінах і зашытыя, у каго праз край, у каго анучы замест латак прышытыя. Да першага мая яшчэ дваццаць дзён — тады дадуць новае, летняе абмундзіраванне; тэрмін у нашай арміі па змене абмундзіравання прымеркаваны да вялікіх дат: першае мая — летняе, сёмае лістапада — зімовае — сапраўднае свята. Заведзена насіць нашаму салдату вопратку ад свята да свята, ад восеньскага да вясновага. Гэты міжабмундзіровачны час на вайне перажыць
цяжка.
Маёр Праскуракоў глядзіць на мястэчка, якое ўтульна размясцілася ў пойме ручая. Мястэчка, зусім не патрывожанае вайной. Яно ўбаку ад вялікіх дарог, яго не відаць здалёк, і няма ў ім ніякіх збудаванняў, прыдатных для абароны. Адна толькі царква ў цэнтры мястэчка, у яе купал зняты разам са званіцай, і свечкі таполяў вартуюць рэшткі царквы, загароджваюць яе сабою ад вайны.
Ніводзін дом у мястэчку не разбіты, і варонак ў агародах няма. І таму яно такое ціхае і ўсмешліва-сумнае ад вясновай знямогі. Гарланяць у ім пеўні, людзей на вуліцах пакуль не відаць, каровы нядоеныя рыкаюць. Пахаваліся людзі, вокны зіхацяць, усміхаюцца белыя хаты сонцу, усміхаецца мястэчка сваім салдатам, кліча іх, вітае. Гледзячы на гэтае мястэчка, маёр Праскуракоў ціха радаваўся яму і трохі зайздросціў людзям, якія жывуць у ім, шкадаваў тых салдат, якія не дайшлі да яго і не бачылі, як разморана стаіць вада ў разлітых па прылужжы ручаях, як кружаць і галосяць над імі пажадлівыя бекасы.
Маёр Праскураков думаў толькі пра тых салдат і камандзіраў, якія загінулі нядаўна. Іх ён памятаў больш выразна, і нават твары людзей, і тое, як яны гінулі, яму помнілася. Іншых, што прайшлі за гады вайны разам з ім яшчэ і да дывізіёна, тых, з якімі ён валяўся па шпіталях, маёр ужо не мог уявіць паасобку. Не было часу і месца, дзе змясціліся б людзі, што пайшлі ад яго, — занадта іх было шмат.
І жалю, таго звычайнага жалю, са словамі і слязьмі, таксама ў маёра не было. Маёру Праскуракову проста хацелася, каб жылі людзі, дайшлі б вось да гэтага мястэчка, паляжалі б на мулкім іржышчы, памарылі пра ежу і перамогу. Але нічога гэтага ім ужо не давядзецца перажыць, хоць і жывыя яны яшчэ ва ўспамінах маёра. Яму памятаць сяброў сваіх, хварэць за іх несціханым болем. Яшчэ зацвярджаюцца дзесьці ўзнагародныя лісты на іх, дзесьці яны яшчэ знаходзяцца на ўтрыманні, дзесьці жонка або маці ў апошніх думках перад сном думае пра іх і жадае ім добрай ночы.
Так будзе яшчэ нейкі час, потым усё спыніцца для мёртвых, нават памяць пра іх паступова закоціцца за край жыцця, калі і будуць іх успамінаць, то ўжо не паасобку, як Ваньку, Ваську, Пецьку — звычайных салдат, якія капалі зямлю, выпальвалі ў бочках вошы, мацюкалі Гітлера і старшын, што стараліся смачней паесці ды болей паспаць. Іх будуць лічыць і ўспамінаць разам як удзельнікаў, можа, і як герояў вайны. А яны такімі сябе ніколі не лічылі, і ніхто іх пры жыцці такімі не лічыў. І таму сатрэцца твар Ванькі, Ваські і Пецькі, будзе дакучліва праступаць нейкі нязграбны манумент у памяці, каменны, у касцы, чужы, зусім людзям абыякавы.
Такія доўгія і невясёлыя думы мучылі маёра Праскуракова. Ён ляжаў на сядзенні «студэбекера» з напаўзаплюшчанымі вачыма і нібыта спаў, але ў той жа самы час усё бачыў і чуў. Бачыў ён, што каля мастка больш кураць, чым працуюць, весела ўжо там занадта, значыць, з’явіўся сярод байцоў пацешнік, абавязковы для кожнай роты і ўзвода. Пацешнікаў маёр Праскуракоў не любіў, таму што яны часцей за ўсё былі хітруны і гультаі, зубы паласкалі ад таго, што перакладалі сваю працу на прасцячкоў.
Але спускацца да мастка маёр Праскуракоў не захацеў. Справа хілілася да абеду, ён ведаў, што, як увойдуць у мястэчка ўсе гэтыя войскі, то выкурыць іх адтуль будзе немагчыма, пакуль яны не здабудуць ежы і не выспяцца. А выгляд мястэчка мела сытае і дамавітае, так што і начаваць тут, мабыць, прыйдзецца, і ён ужо ў думках планаваў, дзе неабходна выставіць і акапаць дзяжурную батарэю, як размясціць па хатах байцоў, каб яны не дашчэнту аб’ядалі гаспадароў, наеліся, але пры гэтым не напіліся да небаяздольнасці і каб у любы час іх можна было сабраць да бою, што ў такіх вось мілых і добрых сялібах, пры такіх вось мірных абставінах як двойчы два можна трапіць у драматычнае становішча, загубіць дывізіён, сялібу гэтую і сябе разам з імі.
А пакуль маёр Праскуракоў думаў ды планаваў у межах сваёй гаспадаркі і невялікага ўчастка вайны, малодшы лейтэнант Расцягаеў, не адымаючы бінокля ад вачэй — першы яго трафей на вайне, вымяняў у салдатаў за тытунь ды запасную пару абмундзіравання, — шнарыў па мястэчку, лёгкі тытунь ён не курыў, але тытунь яму ўсё роўна давалі, — ён тым біноклем і шнарыў па наваколлі. Ворага нідзе не было, і малодшы лейтэнант адчуваў ад гэтага прыкрасць. Варта было яму ехаць за тысячы вёрст, каб патрапіць вось на такую вайну, дзе фашыстаў і ў бінокль не відаць, не тое што простым, голым вокам.
Сын вясковага грамацея, пазней лектара райкамаўскай групы, Сяргея Патапавіча Расцягаева, Сяргей Сяргеевіч спаў і бачыў сябе на вайне, і толькі ўзрост, і толькі год нараджэння — 1925 — утрымліваў яго ў тыле. Ён браў у аблогу ваенкамат штомесяц, але, пакуль не стаў паўналетнім, вымушаны быў вучыцца ў школе, пасля працаваў ваенруком у гэтай жа школе, таму што заўсёды быў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі.
У той дзень, калі яго нарэшце залічылі ў ваеннае вучылішча, маці захварэла, бацька злосна сказаў: «Дурань! Ты ж зломіш сабе шыю на фронце. Працаваў бы ў школе. І потым...»
Сяргей ведаў гэтае «потым» — «і потым ты ж хворы». З самага дзяцінства прыгняталі яго гэтым «і потым...». Ён даўно ўжо перамог у сабе хворасць. Ён даўно ўжо мыецца ледзяной вадой, трэніруецца на турніку, бегае, скача, страляе, але, бачыце, — «наступствы...». Што за камісія, стваральнік, нарадзіцца ў сям’і інтэлігентаў. Усё яны ведаюць, і ў цябе, і за цябе. І ах, ах, ты худы, ты бледны, ты ператаміўся, ты недаядаеш...
Надакучыла!
З вучэльні Сяргей пісаў бацькам стрыманыя, амаль суровыя лісты. І яны так і не дазналіся і ніколі не даведаюцца, як выбіваў з яго «вышэйшую адукацыю» вісклівы старшына Закаручанка, як ён, не звыклы да голаду, пакутаваў ад недаядання і яшчэ больш — ад тупой, затоенай злосці да яго інтэлігенцкіх замашак: «вы», «калі ласка», «дазвольце», «будзьце
ласкавы»...
У яго было захапленне, і нават больш — яго першае каханне — худзенькая, нервовая студэнтка Валя. Увечары перад адпраўкай яго на фронт яны цалаваліся да знямогі за старой баржай, выцягнутай на бераг ракі, і праз сціснутыя вусны Валя патрыятычна выдыхвала: «Ты бі іх, бі бязлітасна!» А потым легла на пясок і сказала, што яна жадае належаць толькі яму аднаму і гатовая на ўсё.
Сяргей засаромеўся, сканфузіўся, стаў чамусьці прасіць прабачэння, яны сышлі з берага маўклівыя і прысаромленыя. Валя пісала яму на фронт кожны дзень, закаханасць іх расла ад ліста да ліста, дзесьці, глыбока затоенае, жыло ў Сяргеі шкадаванне аб тым, што сышлі яны тады ад баржы проста так, і яшчэ ён вельмі шкадаваў, што не можа напісаць нічога такога асаблівага пра свае справы на вайне, а да хлусні ён апусціцца не мог. Ён ставіўся з пагардай да тых салдат, якія ў лістах да завочніц гарадзілі пра вайну чорт ведае што, і тыя, мяркуючы па адказах, верылі ўсім гэтым небыліцам, захапляліся салдатамі і баяліся за іх.
Зрэшты, на фронце Сяргей быў усяго тыдзень, прыбыў ён у артбрыгаду з папаўненнем, прыбыў відавочна не па прызначэнні, таму што прайшоў агульнавайсковую падрыхтоўку і, быццам бы, усё ведаў і ўмеў, на самай жа справе яму, як і шматлікім яго аднагодкам, трэба было набірацца розуму, набываць вопыт у баявых абставінах, калі абставіны дазволяць, калі камандзіры-сцярвятнікі не стравяць яго, звышзялёнага, бясстрашнага байца, у першым жа баі.
Пры фарсіраванні ракі праламаўся пад лёд і патануў разам са зброяй камандзір узвода кіравання дывізіёна маёра Праскуракова. Дасталі з-пад лёду і гармату, і цела афіцэра, гармаце што, пачысцілі, змазалі, але халоднае цела чалавека закопваць давялося. Байцы ўспаміналі нячаста свайго ўзводнага, на новага ж малодшага лейтэнанта касіліся, слухаліся яго неахвотна, часам у спрэчкі з ім уступалі, маёр Праскуракоў быццам бы і зусім не заўважаў.
У баі, што быў тры дні таму, малодшы лейтэнант не ўдзельнічаў, маёр Праскуракоў адаслаў яго ў брыгаду з данясеннем, з пустымі скрынямі, бочкамі, гільзамі, пакуль усю гэтую ўтыльсыравіну малодшы лейтэнант здаваў, а ўзамен атрымліваў сухары і некалькі дзясяткаў снарадаў, бой ужо скончыўся, усе забітыя былі пахаваны, параненыя адпраўлены пешшу і на спадарожных машынах у тыл, таму што маёр Праскуракоў ашчаджаў паліва, снарады, патроны і даў для параненых ўсяго адну машыну.
Малодшы лейтэнант Расцягаеў ужо падрабязна вывучыў усё мястэчка і нават падыходы да яго і адыходы, аб’екты і пункты, дзе можна было б атабарыцца для назірання, агледзецца і пакласці, калі трэба, праціўніка. Дарога па мястэчку праходзіла адна. І была яна без усялякіх хітрыкаў — каля ніжняга мастка, дзе зліваліся ручаі, яна нырала пад шаты таполяў, на далёкім канцы, амаль ужо на вяршыні пагорка, выцякала з-пад таполяў і паварочвала налева, за пагорак, сабраўшы па шляху дарожкі-сцежкі, гублялася ўдалечыні.
Вось тут, на гэтым пагорку, на глыбока прадаўленай дарозе, малодшы лейтэнант раптам убачыў накрытую машыну. Яна буксавала, з-пад колаў ішоў дым, ляцела гразь, нейкія людзі мітусіліся вакол з рыдлёўкамі. Рыла ў машыны было тупое, шафёр сядзеў не на тым месцы, дзе сядзець належыць. Малодшы лейтэнант Расцягаеў страсянуў галавой і раптам усвядоміў, што гэта не насланнё, гэта нямецкая машына, тэхніка ворага. Ён апусціў бінокль, машына адразу адскочыла далёка і стала велічынёй з чамадан, людзі з муху велічынёю.
— Таварышы! — здушаным голасам крыкнуў малодшы лейтэнант. — Немцы!
Два салдаты, якія схаваліся каля глінянай сцяны пад пластушынамі — цюфякамі чароту, скінутага са страхі склада, разам ускочылі, сталі шукаць вінтоўкі.
— Дзе немцы? — спыталі яны, азіраючыся па баках.
Малодшы лейтэнант спачатку паказаў ім рукой, потым салдату, які стаяў да яго бліжэй, падаў бінокль. Але той адхіліў руку ўзводнага з біноклем, прыставіў далонь да вачэй.
— Буксуюць, — буркнуў ён свайму таварышу, высмаркаўся, выцерся краем прадзіраўленай ад тытунёвых іскраў гімнасцёркі, таварыш яго пачаў закурваць млява і сонна.
— Як жа!.. Уцякаюць, дальбог! — пралепятаў дарэшты збіты з панталыку малодшы лейтэнант Расцягаеў. — Немцы, фашысты, кажу, сыходзяць! — гучней, нібыта глухім, крыкнуў ён.
— Ну і хер з імі! — буркнуў той салдат, што закурваў, другі нават і не паварушыўся, па тым, як адтапырылася яго ніжняя губа, відаць было, што ён адразу і заснуў. Гэта зусім ужо збянтэжыла малодшага лейтэнанта.
— Як жа... Далажыць трэба... Фашысты ж...
— Ды не ўцякуць яны далёка, — магчыма, каб суцешыць камандзіра, махнуў рукой салдат, — а дакладваць, чаго дакладваць? Бачаць. Не сляпыя.
— Бачаць! — здзівіўся малодшы лейтэнант. — Бачаць і... нічога... ніякіх мер!
— Божа, ды якія яшчэ меры трэба? Супакойся ты, малодшы лейтэнант, наваюешся яшчэ.
І тут малодшы лейтэнант не вытрымаў:
— Па-першае, не «ты», а «вы»! Па-другое, — малодшы лейтэнант прыжмурыўся, — па-другое, кіньце папяроску. І ўстаць! Устаць, кажу!
Салдат ўхмыльнуўся, неахвотна ўстаў, але не кінуў цыгарку, схаваў яе ў рукаў, і цяпер дым валіў у яго з-пад гімнасцёркі ў дзіравы каўнер, нібыта з коміна.
— А вам што, асобную каманду падаваць? — закрычаў малодшы лейтэнант на другога салдата, упэўнены ў тым, што той не спіць, а толькі прыкідваецца.
— Ігнат, — штурхнуў соннага таварыша нагой салдат, — уставай! Страявой будзем займацца...
— А пайшлі вы, — прабурчэў Ігнат, — няма чаго рабіць, як жарты жартаваць.
— Што-о? Жарты? Устаць!
— Ну ўстаў, устаў, чаго раскрычаўся? — сказаў незадаволена салдат, сядаючы і шукаючы вачыма пілотку, якая правалілася кудысьці ў чаротавыя снапкі. — Усё роўна як блёкату аб’еўся, крычыць і крычыць.
Між тым нямецкая машына прасунулася вышэй на пагорак і вось-вось магла схавацца за ім. І тут малодшы лейтэнант успомніў пра гармату, якая стаяла за адрынай.
— За мной! — з азвярэлым свістам скамандаваў ён салдатам.
Тыя паціснулі плячыма, ускінулі на плечы вінтоўкі і амаль пустыя рэчмяшкі, пайшлі за хлеў.
— Лапаткі ёсць? Ану, выкопвай сашнікі! Разварочвай гармату! К бою!
— Не варта, малодшы лейтэнант! Не трэба гэтага!..
— Маўчаць!
— Ну, маўчу, маўчу.
Салдат, што быў маладзейшы, аднак, захапіўся намерам малодшага лейтэнанта, стаў хутка выкопваць сашнікі.
— А што? Мы яе зараз. А, Ігнат?
Ігнат нічога не адказаў, кіўнуў галавою напарніку, наляглі на гармату ўтрох, сапучы павярнулі яе. Ігнат пачаў укопваць сашнікі нямецкай гарматы.
— Як страляць будзем? Прыцэл немцы забралі.
— Па ствале, таварыш баец, па ствале, — прышчоўкнуў пальцам малодшы лейтэнант Расцягаеў. Ён ужо перастаў злавацца і шумець. І яму нават падабаўся гэты грубаваты Ігнат. Такім і павінен быць бывалы, які ўсё пабачыў, усё выпрабаваў, франтавік. Калі ён, малодшы лейтэнант Расцягаеў, і ўскіпеў, дык чаго не бывае ў баявых абставінах.
— Па ствале цяжка. Па ствале толькі ў кіне страляюць. З прыцэлам і то часцей мажуць, чым трапляюць...
— Ды што вы ўсё бурчыце, бурчыце! Снарад! Зар-ражаць! — пракрычаў малодшы лейтэнант.
— Ну наце, наце, паваюйце! — Ігнат сунуў доўгую гільзу са снарадам у ствол гарматы і зачыніў замок.
Другі салдат круціў ручку, наводзіў, малодшы лейтэнант Расцягаеў глядзеў на ствол і, крыху збялеўшы, камандаваў:
— Вышэй, вышэй. Яшчэ крыху вышэй. Стой! Улева крыху. Стой! Страляю! — ён намацаў кнопку, знайшоў яе пальцам і зусім ужо глуха, аднымі вуснамі дадаў: — Страляю! — І, зажмурыўшыся, націснуў кнопку.
Гармата ўдарыла звонка, рэзка. Снарад разарваўся далёка за пагоркам, ускінуўся там веерам выбух і тут жа разам з даляцелым гукам разваліўся ў пухлы грыб, такі грыб на радзіме Расцягаева называюць кепска — бздзёхам.
Людзі каля тупарылай машыны замітусіліся, забегалі.
— Ага-а! — закрычалі разам малады салдат і камандзір, у якога азартна зазіхацелі вочы. — Таварыш баец, наводзь! — скамандаваў ён.
— Вас як завуць, таварыш малодшы лейтэнант? — прастадушна спытаў камандзіра малады салдат і сам прадставіўся, не чакаючы адказу: — А мяне Леанідам клічуць, Лёнькам, значыць.
— Вельмі добра! Рады пазнаёміцца ў баявых абставінах. Маё прозвішча Расцягаеў. Малодшы лейтэнант. — І тут жа падбадзёрыўся, крыкнуў: — За-а-ражай!
— Не трэба больш страляць, супраціўніка насцярожым, — адводзячы вочы ўбок і неахвотна засоўваючы ў ствол снарад, зноў забубніў Ігнат.
— Ды што вы на самай справе! — канчаткова раззлаваўся малодшы лейтэнант і таропка ціскануў кнопку, забыўшыся зрабіць даводку.
Калі дым аднесла ад дульнага тормазу, Ігнат са скрухай развёў рукамі:
— Ну вось, у хату патрапілі, а там, можа, людзі, дзеці...
Малодшы лейтэнант Расцягаеў павёў вачыма па краі мястэчка, не верачы зробленаму, і нечакана заўважыў правал у цёмнай саламянай страсе і па гэтай светлай саломе хвост белага дыму, пасля адначасова ўспыхнула і тут жа памеркла ад сонца полымя.
— Дайце ўжо лепш я, — адсунуў малодшага лейтэнанта ад гарматы Ігнат і стаў страляць спрытна і хутка.
Снарады узрываліся на пагорку, удалечыні ад машыны, але з кожным стрэлам малодшаму лейтэнанту здавалася, што цяпер, наступным стрэлам яны абавязкова патрапяць у фашысцкую машыну, напэўна, з тымі самымі салдатамі, што ламалі масток, машына, можа, і з радыёстанцыяй, над ёю, быццам бы, антэна бачная. Добра было б захапіць радыёстанцыю з абслуговым персаналам. Каля машыны мітусілася чалавек пяць — не менш, цяпер вунь у каляіне, у гразі ляжаць, не рухаюцца, прыціснула іх.
Гармата гаўкала злосна і незадаволена, снарады ўсё клаліся далекавата ад мэты. Ад калоны бег салдат і нешта крычаў, махаючы рукой, як быццам затыкаў далонню трубу. Перасталі страляць.
— Гэй, — крычаў салдат, — навошта глупствам займаецеся? Таварыш маёр лаюцца.
— Скажыце таварышу маёру, — зневажальна прыжмурыўся малодшы лейтэнант Расцягаеў, — калі праціўнік адводзіць сваю тэхніку, і калі вораг не здаецца, як казаў АэМ Горкі, яго трэба спыніць, знішчыць, але не спаць. І ...Кругом!
Ігнат усміхнуўся, крутнуў галавой, Лёнька падцягнуўся і ці то жартам, ці то ўсур’ёз спытаў:
— Яшчэ страляць?! Падбавіць ім смуроду ў штаны...
— Давай!
Яны стрэлілі два разы, пакуль пасыльны з дывізіёна вярнуўся да машыны Праскуракова і слова ў слова далажыў яму сказанае малодшым лейтэнантам. А слова ў слова ён далажыў, таму што яму даўно ніхто не даваў такой здзеклівай каманды: «Кругом!» — і яшчэ таму, што даўно і трывала засеў у дзяншчыках маёра і да костачкі ведаў яго.
— Што-о? — уз’ярыўся маёр. — Ану вярніся і скажы гэтаму ваяку, каб ён з’явіўся да мяне!
Салдат з радасцю кінуўся выконваць даручэнне, у гэты час далёка за пагоркам хрыпла, немазана заскрыпела, і ледзь салдат паспеў кінуцца пад машыну, а маёр Праскуракоў выскачыць са «студэбекера», як на калону абрынуўся залп шасціствольных мінамётаў. Разам усё сціхла. Падалі, і шлёпалі камякі гразі, асядалі пыл і дым. Адзін толькі залп. У немцаў таксама было дрэнна з боепрыпасамі, але і гэтым залпам перабіла калону напалову, нібы яшчарку пасярэдзіне, асела назад і чадна задымілася грузавая машына, закрычалі параненыя, машыны ў калоне тузанулі хто наперад, хто назад ад палаючага «зіса». Байцы з-за борта яго выцягнулі дваіх забітых, ды на абочынах поля заціхла яшчэ некалькі чалавек, на іх ад падпаленага іржышча загарэліся валасы і гімнасцёркі ад паліва, якое плюхнула з бака падбітай машыны.
Унізе, каля мосту, пайшла праца хутчэй, не тое што да залпу, падштурхнула, шафёры зрабілі тое, што даўно павінны былі зрабіць, — разагналі па полі машыны, шукаючы месца і сродкі для іх маскіроўкі, «кацюшы» ад’ехалі за зернесклады, салдаты, на хаду ўстаўляючы дыскі ў аўтаматы, пабеглі за хлеў, да трафейнай гарматы. Усё гэта маёр Праскуракоў паспеў убачыць, пакуль падымаўся з зямлі, тут жа зразумеў, вядома, навошта бягуць так жвава, злосна байцы з аўтаматамі да хлява, а зразумеўшы, закрычаў:
— Стой! Стой, кажу!
Яго не чулі ці не хацелі чуць. Ад усёй калоны ўжо густа спяшаўся да трафейнай гарматы народ, мацюкаючыся і грозна размахваючы зброяй.
Маёр Праскуракоў раптам зразумеў, што крыкам тут не паможаш, не той момант, і таксама пабег да гарматы. Быў ён ужо поўны, апрануты па ўсёй форме і даўно не бегаў, таму што камандзіры бегам бегаюць толькі пры адступленні на вайне, у наступленні галоўным чынам бегаюць радавыя, па загадзе і без загаду, па справе, але часцей і без справы. Маёр адчуў, што спрыту яго не хопіць абагнаць салдат, асабліва маладзенькіх, што малодшы лейтэнант Расцягаеў, па ўсёй верагоднасці, адваяваўся. Тады ён на хаду адшпіліў кабуру, з цяжкасцю выхапіў прысохлы да скуры пісталет і выпаліў ўсю абойму ў неба, спрабуючы звярнуць на сябе ўвагу, адцягнуць хоць ненадоўга людзей. Але і гэта не дапамагло. Гармату ўжо засланіў шэры натоўп, які таптаўся вакол. Праскуракоў пачуў:
— Бра-а-а-атцы, злітуйцеся, — голас сохлы, у голасе гэтым была ўжо безнадзейнасць, так мог крычаць толькі бывалы чалавек, які ведае людскую стыхію.
Гэты крык прыспешыў Праскуракова. Дзесьці ўзяліся яшчэ сілы, ён уварваўся ў натоўп, расштурхваючы байцоў. Білі двух салдат, старога і маладога. Малодшы лейтэнант Расцягаеў, адкінуты да хлява, корпаўся ў пыльных звязках чароту, імкнучыся падняцца з каленяў, і адной рукой выціраў разбіты нос, другой сутаргава выцягваў наган, які, на яго шчасце, зачапіўся ў кірзавай кабуры. Яшчэ імгненне — і нікога ўжо спыніць было б нельга.
— Стой! — сціснутым ад дыхавіцы голасам крыкнуў Праскуракоў, крыкнуў усім, але кінуўся на камузвода, выхапіў у яго наган з рукі і ўжо інстынктыўна, проста па камандзірскай інтуіцыі, крыкнуў вісклява: — Смірна! — І дадаў добрую порцыю мацюкоў, хоць сам рэдка лаяўся, змагаўся з мацяршчыннікамі ў сваім асяроддзі, караў іх. — Смірна! — Паўтарыў ён ужо менш ўладна. — Усе смірна!
Сярод бледных, дрыжачых ад злосці байцоў адбылося замяшанне, двух салдацікаў перасталі катаць па зямлі, біць і штурхаць нагамі. Трэба было зараз жа, неадкладна, пакуль не паднялі крык гарлапаны, задаволіць патрабаванне гэтага стомленага і таму адначасова ашалелага натоўпу, менавіта ўжо натоўпу, а не вайсковай камандзе. Маёр як мага больш строга, не асабліва гучна вымавіў:
— Малодшы лейтэнант, вы арыштаваны! Пішчанка! — паклікаў ён свайго дзяншчыка, — адвядзі малодшага лейтэнанта!
Пішчанка ўзнік аднекуль імгненна і звонка крыкнуў, ускінуўшы да пілоткі руку:
— Ёсць! — А Расцягаеву праз зубы працадзіў: — Н-ну, пас-с-куднік, ну, шкода, будзе табе лазня.
Два пабітыя салдаты між тым ужо селі на зямлю, малодшы з іх, з адарванай кішэняй гімнасцёркі, збіраў лісты, карткі і, горка плачучы, пытаўся:
— За што ж нас, дзядзька Ігнат? За што, га?
Ігнат перабіраў вялікімі, запэцканымі сажай ад гільзаў рукамі край гімнасцёркі, спрабаваў зашпіліць яе, але гузік на гімнасцёрцы заставаўся ўсяго адзін, і ён яго то зашпільваў, то расшпільваў. Пад вокам у яго напухаў і пачынаў прыкметна сінець ліхтар, зусім недарэчны на яго вялікім твары, вусатым, строгім ад глыбокіх маршчын і прамяністых заморшчынак
ля вачэй.
Вакол стаяў крык. Так заўсёды — салдат перастаў дзейнічаць рукамі, пераходзіць на горла:
— Паваяваць захацелі, сукі!
— Стары хрыч, і ты туды ж!
— Колькі людзей зачапіла з-за іх...
— Задрыгі! Маёру дзякуй скажыце, а то б...
— Цацку знайшлі! Вайной пацяшаюцца.
— Быццам не паспеюць!
— Лейтэнанцішка ордэн захацеў!
— Ну, адзін ордэн па мордзе ўжо атрымаў!
— Дурань ён, па маладосці гадоў, а гэты стары хрыч куды лез?
Слоў было шмат, лаянкі, папрокаў і таго больш, але галоўнае ўжо прайшло, схлынула азвярэласць, скурчылася, апускалася шэрсць на загрыўку. Стары салдат, адчуўшы гэта, сказаў яшчэ раз:
— Даруйце, браточкі. Вінавачуся. Я вінаваты, не спыніў малодшага лейтэнанта. І гэты яшчэ ўюнок, — бліснуў Ігнат вачыма на таварыша. — Але пойдзем...
Ад калоны ўжо шмат набегла да гарматы народу, усе з сур’ёзнымі намерамі. Маёр Праскуракоў, дачакаўшыся, калі сыдуць пабітыя салдаты, гучна і строга папрасіў:
— Прашу разыходзіцца, таварышы, і рыхтавацца да маршу.
— Я не хачу. Я не буду! — ужо па-хлапечы, з выклікам звонка закрычаў малодшы лейтэнант. — І нікуды не пайду. Я біцца, я ваяваць да апошняга ўздыху буду!
Пішчанка падштурхнуў яго, ён ледзь не ўпаў, выпусціў пілотку, падняў яе і, абтрасаючы аб калена, яшчэ званчэй закрычаў: — Ваюеце чацвёрты год і яшчэ дзесяць гадоў праваюеце...
Маёр прыпыніўся, змераў з ног да галавы малодшага лейтэнанта і выразна, каб усім чуваць было, сказаў:
— Га-аўнюк! — і пайшоў хутка да заведзенага «студэбэкера».
Пішчанка строга і таксама каб усім чуваць было пракрычаў малодшаму лейтэнанту:
— Ідзіце, хутка ідзіце ў кабіну, а то, чаго добрага, давядзеце людзей, яны скароцяць вам тэрмін вайны!
— Як гэта скароцяць?
— Вельмі проста! Шлёпнуць і закапаюць разам з тымі вось, каго з вашай ласкі забіла, і напішуць на фанерцы: «Загінуў смерцю храбрых у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі», — і маме не растлумачаць, як загінуў... — Пішчанка быў з’едлівы чалавек, але любіў маёра і, адвярнуўшыся, дадаў: — А таварыш маёр, між іншым, яшчэ на Хасане паранены... — і яшчэ, памаўчаўшы, дадаў: — А лаюцца па-чорнаму таварыш маёр выключна
рэдка.
Да вечара прасядзеў Расцягаеў у кабіне машыны. На змярканні быў адрамантаваны мост, калона ўвайшла ў мястэчка Грыцаў. Там салдаты з іншых, больш жвавых часцей размеркаваліся ўжо па хатах, занялі абарону на вышыні, працягнулі сувязь да артылерыстаў, быў пасланы транспарт за снарадамі, за палівам і за прадуктамі. Малодшаму лейтэнанту Расцягаеву вярнулі наган, перадалі загад ехаць на газушцы ўзвода кіравання за гэтым самым транспартам. Не самавольнічаць, выконваць адказнае заданне і, чаго б гэта ні каштавала, прывезці як мага болей снарадаў і сухароў. З’едлівы Пішчанка перадаў словы маёра Праскуракова: «Каб вы ў дарозе абдумалі свае паводзіны».
Малодшы лейтэнант Расцягаеў з распухлым носам бразнуў дзверцамі кабіны газушкі, загадаў шафёру кранацца і падумаў, што словы Пішчанкі, сказаныя яму на развітанне, зусім і не словы маёра, а самога гэтага камандзірскага халуя словы, але абмазгаваць ўсё ж сёе-тое было неабходна.




