Як стаялі, няхай і стаяць...

* * *

 Як стаялі, няхай і стаяць
Тыя рэчы, не трэба іх зрушваць.
Я нясцерпны педант, рэтраград,
Кансерватар, прызнаюся скрушна.

 Толькі ўсё няхай будзе як ёсць,
І, каб так яно ўсё засталося,
Не чапайце, тут ваза, як госць,
Стаіць моўчкі і есці не просіць.

 Хоць амаль незаўважны мне ўзор
І агранка, ды ведаю слушна.
Ты скажы мне, што я руцінёр,
Не пакрыўдзіць такая мянушка.

 І ні слова пра гонар! Як госць
Кожны з нас перад смерці абрывам,
Хай жа ўсё застанецца як ёсць:
Цень зіхоткі і бляск з пералівам.

 Люты зойдзе ў чаргу не сваю —
І кастрычнік залезе пад шторку.
Рэвалюцыянерку люблю,
Экстрэмістку люблю, фантазёрку.