Сяргей Бірукоў
Нарадзіўся ў 1950 годзе ў в. Тарбееўка (Тамбоўская вобласць). Скончыў філалагічны факультэт Тамбоўскага педагагічнага інстытута, дзе выкладаў і кіраваў універсітэцкай літаратурнай студыяй. Кандыдат філалагічных навук, доктар культуралогіі. Стваральнік міжнароднай Акадэміі Завумі, гісторык і тэарэтык паэтычнага авангарда і нетрадыцыйных формаў рускага верша, тэарэтык «візуальнай» і «санорнай» паэзіі, даследчык рускай паэзіі XVII—XXI стагоддзяў. Аўтар дваццаці паэтычных кніг, выдадзеных у Расіі, Германіі, Іспаніі, ЗША, у тым ліку «Чалавек у разрэзе» (2010), «Палёт дыназаўра» (2011), «Гучарнасць» (2013), зборы вершаў «Універсум» (2022) , трох тэарэтычных кніг. Вершы перакладаліся на многія мовы, у тым ліку на англійскую, армянскую, беларускую, балгарскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, польскую, румынскую, французскую, японскую і інш. Галоўны рэдактар «Альманаха Академии Зауми», сурэдактар часопіса літаратурнага і мастацкага авангарда «Второе полушарие». Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі ім. А. Е. Кручоных, Усерасійскай прэміі ім. Ф. І. Цютчава і інш. Заснавальнік прэміі «Міжнародная адмеціна імя бацькі рускага футурызму Давіда Бурлюка». Удзельнік многіх расійскіх і міжнародных літаратурных фестываляў. Жыве і выкладае ў г. Хале (Германія).
Паэт і крытык Дзяніс Бязносаў характарызуе асаблівасці паэтыкі Бірукова так: «Такая прастора бірукоўскай паэзіі — мы ніколі наперад не ведаем, ці мае значэнне тое ці іншае слова ці яго пазбавілі ўсякіх звыклых функцый, ці пазбавілі некалькіх, а нейкія пакінулі. Мы знаходзімся ў лабірынце, дзе кожны паварот пастаўлены пад сумненне, паколькі можа быць не насур’ёз».