Іна Ліснянская
Нарадзілася ў 1928 годзе ў г. Баку. Вучылася ў машынабудаўнічым тэхнікуме і ў Бакінскім дзяржаўным універсітэце. Перакладала азербайджанскую паэзію. У 1979 годзе ўдзельнічала ў выданні непадцэнзурнага альманаха «Метрополь», разам з мужам Сямёнам Ліпкіным і Васілём Аксёнавым выйшла з Саюза пісьменнікаў СССР. Аўтар трыццаці кніг вершаў, сярод якіх — «Музыка і бераг» (2000), «Разам» (2000, сумесна з С. Ліпкіным), «У прыгарадзе Садома» (2002), «Самотны ўдар» (2003), «Іерусалімскі сшытак» (2004), «Без цябе» (2004), «Рэха» (2005), «Сны старой Евы» (2007), «Птушыныя правы» (2008), «Перамешчаныя вокны» (2011), «Каляровыя ўяўленні» (2011), «Гром и маланка» (2013), «Удалечыні ад цябе» (2013); трох кніг прозы. Вершы перакладзены на многія мовы, у тым ліку англійскую, беларускую, іспанскую, кітайскую, нямецкую. Лаўрэат прэмій часопісаў «Арион», «Дружба народов», «Знамя» і «Новый мир». Лаўрэат літаратурнай прэміі Аляксандра Салжаніцына, Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, нацыянальнага конкурсу «Кніга года», спецыяльнай прэміі «Маскоўскі рахунак», паэтычнай прэміі «Anthologia», Бунінскай прэміі, Нацыянальнай прэміі «Паэт». Памерла ў 2014 годзе.
У позніх кнігах Ліснянская адкрыла і распрацавала тэму жаночай старасці, пісала пра позняе каханне, якое сагрэта святлом не жарсці, а мудрасці. Скрозь сучаснасць у яе вершах перыядычна праяўляецца біблейская падаплёка.