Раман Сенчын
Сенчын Раман Валер’евіч (нар. 1971) — празаік, літаратурны крытык. Лаўрэат прэмій Урада РФ (2012), «Вялікая кніга» (2015).
Нарадзіўся ў Кызыле (Тувінская АССР). Вучыўся ў будаўнічым вучылішчы ў Ленінградзе. У Мінусінску працаваў манціроўшчыкам у тэатры, вахцёрам, вартаўніком, дворнікам, грузчыкам. Друкаваў апавяданні ў кызылскіх, абаканскіх і мінусінскіх газетах. Скончыў Літаратурны інстытут ім. А. М. Горкага.
Першая маскоўская публікацыя — цыкл апавяданняў «Дзень без даты» («Знамя», 1997). Сенчын — аўтар раманаў «Нубук», «На чорнай лесвіцы», «Лёд пад нагамі», «Інфармацыя», «Дождж у Парыжы», «Зона затаплення», «Елтышавы», шматлікіх апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных нарысаў і крытычных артыкулаў.
Крытыкі прылічваюць Сенчына да «змрочных рэалістаў». Яму ўласцівы «фатальны пафас, зашыты ў падсвядомасць высокай рускай літаратурнай традыцыі»(Л. Пірагоў). Устаноўкі Сенчына на «літаратурную праўду», «фактычнасць», дакументалізацыю вымыслу часта прымушаюць успрымаць яго прозу як прамое сведчанне пра сучасную Расію.