Яўгеній Папоў

Папоў Яўген Анатольевіч (нар. 1946) — празаік, драматург, эсэіст. Лаўрэат прэмій «Трыумф» (2009) і «Вялікая кніга» (2012).
Нарадзіўся ў Краснаярску. Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны інстытут ім. С. Арджанікідзэ. Працаваў геолагам на паўночным усходзе Расіі. Удзельнічаў у выданні непадцэнзурнага зборніка «Метраполь» (1979).
Першыя апавяданні былі апублікаваныя ў часопісе «Новый мир», прадмову да іх напісаў Васіль Шукшын. Папоў — аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў («Весялосць Русі», «Чакаю любві няздрадлівай», «Самалёт на Кёльн»), раманаў («Душа патрыёта», «Напярэдадні напярэдадні», «Майстар хаос») і п’ес. Аўтар (сумесна з Аляксандрам Кабаковым) біяграфічнай кнігі «Аксёнаў».
Па меркаваннях крытыкаў, проза Папова — глыбока нацыянальная з’ява. «Яго проза адначасова выдатная і пачварная, ясная і цьмяная, цвярозая і п’яная, як рускі чалавек. І таму яна знаёмая, як рускі чалавек»(Сяргей Баравікоў). «Цікавасць да чалавека, любоў да яго і да вольнага радаснага жыцця ва ўсіх яго формах і праявах — гэты здаровы геданічны пачатак шмат у чым і ёсць стрыжань яго прозы»(Арцемій Лявонцьеў).