Гузель Яхіна

Яхіна Гузель Шамілеўна (нар. 1977) — празаік, сцэнарыст. Лаўрэат прэміі Урада Расійскай Федэрацыі (2019), прэмій «Вялікая кніга» (2019) і «Ясная Паляна» (2015).
Нарадзілася ў Казані у сям’і ўрача і інжынера. Закончыла факультэт замежных моў Казанскага педінстытута і сцэнарны факультэт Маскоўскай школы кіно. Працавала ў сферы рэкламы.
Літаратурны дэбют аўтара — апавяданне «Матылёк», апублікаванае ў часопісе «Нева» у 2014 годзе. У наступным годзе выйшаў гістарычны раман «Зулейха расплюшчвае вочы», прысвечаны трагедыі татарскага сялянства ў 1930-х. Кніга стала бестселерам, вытрымала мноства перавыданняў, была экранізавана. Іншыя раманы Яхінай — «Дзеці мае» (пра лёсы паволжскіх немцаў), «Эшалон на Самарканд» (пра голад у Паволжы ў 1920-х) — таксама мелі вялікі рэзананс.
Гузель Яхіна — адна з нешматлікіх сучасных аўтараў, што працуюць з эпасам XX стагоддзя, са складаным гістарычным матэрыялам, які патрабуе архіўных даследаванняў. Яе проза, пры знешняй бясстраснасці мовы, вельмі кінематаграфічная і валодае вялікай унутранай дынамікай.