Віктар Ліханосаў
Ліханосаў Віктар Іванавіч (1936—2021) — празаік, публіцыст. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РСФСР (1988), Вялікай літаратурнай прэміі Расіі (2010), Бунінскай прэміі (2013) і шэрагу іншых.
Нарадзіўся ў Кемераўскай вобласці, вырас у Навасібірску. Бацька загінуў на фронце. Пасля заканчэння Краснадарскага педагагічнага інстытута працаваў вясковым настаўнікам. Першае апавяданне Ліханосава «Бранскія» выйшла ў часопісе «Новый мир» у 1963 годзе.
Атрымаў прызнанне як аўтар лірыка-філасофскай прозы «Люблю цябе светла», «Восень у Тамані», «Элегія» і многіх іншых. Маштабны шматпланавы раман пра лёсы рускага казацтва «Ненапісаныя ўспаміны. Маленькі Парыж» (1986) прынёс яму еўрапейскую славу. Зборнікі эсэ «Шкадаванні» і «Запісы перад сном», кніга публіцыстыкі «Туга-маркота» сталі падзеямі ўжо ў час перабудовы.
Проза Ліханосава — сплаў паэтычнага і гістарычнага бачання Расіі і свету. Крытыкі называлі яго «апошні меладыст» рускай літаратуры. «Проза ў яго свеціцца, як у Буніна», — пісаў А. Т. Твардоўскі.