Юрый Палякоў

Палякоў Юрый Міхайлавіч (нар. 1954) — празаік, журналіст, публіцыст, драматург і паэт, грамадскі дзеяч. Лаўрэат прэміі Урада РФ, Бунінскай прэміі, Літаратурнай прэміі імя М. В. Гогаля, Літаратурнай прэміі імя С. Т. Аксакава і шэрагу іншых.
Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і рабочых. Скончыў факультэт рускай мовы і літаратуры Маскоўскага абласнога педагагічнага інстытута ім. Н. К. Крупскай. Кандыдат філалагічных навук, абараніў дысертацыю аб франтавой паэзіі. У 2001—2017 гадах быў галоўным рэдактарам «Литературной газеты». Дэбютаваў як паэт у 1974 годзе. Першыя аповесці Палякова — «Надзвычайнае здарэнне раённага маштабу» і «Сто дзён да загада» выйшлі ў часопісе «Юность». У аповесцях «Праца над памылкамі» і «Апафегей», «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» сфармаваўся метад пісьменніка, названы крытыкамі «гратэскавым рэалізмам». Аўтар раманаў «Казляня ў малаку», «Задумаў я ўцёкі...», цыкла «Цялесныя аповесці», рамана «Грыбны цар», іранічнай эпапеі «Гіпсавы трубач», раманаў «Каханне ў эпоху пераменаў» і іншых.
П’есы Палякова з поспехам ідуць на расійскіх і еўрапейскіх сцэнах.
Проза Палякова заўсёды сацыяльная і вострасучасная. Ён з’едліва, сатырычна апісвае новых герояў і новы лад жыцця, пры гэтым сарказм часта пераходзіць у лірычнасць, а сацыяльны пафас — у мяккую настальгічную іронію.