Уладзімір Крупін

Крупін Уладзімір Мікалаевіч (нар. 1941) — празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат Патрыяршай літаратурнай прэміі і шэрагу іншых. Нарадзіўся ў пасёлку Кільмезь Кіраўскай вобласці, у сям’і лесніка, выхоўваўся, нягледзячы на ўмовы эпохі, у праваслаўнай традыцыі. Працаваў слесарам, грузчыкам. Скончыў філалагічны факультэт Маскоўскага абласнога педагагічнага інстытута. Шмат гадоў займаўся журналістыкай, быў рэдактарам выдавецтва «Современник», галоўным рэдактарам часопіса «Москва» і хрысціянскага часопіса «Благодатный огонь». Працаваў на тэлебачанні. Выкладаў у Маскоўскай духоўнай акадэміі.
Адзін з прадстаўнікоў «вясковай прозы». Першая кніга апавяданняў Крупіна «Зерні» (1974), прысвечаная вяцкай вёсцы, адразу зрабіла яго знакамітым. У аповесцях і раманах «Жывая вада», «Дарога дадому», «Вяцкі сшытак», «Будзем як дзеці», «Рускія святыя», «Басанож па небе» ён заявіў аб сабе як майстар «прозы духоўных народных шуканняў». Героі Крупіна — нашы сучаснікі, вясковыя жыхары, людзі ў пошуках Бога.