Інга Кузняцова

Нарадзілася ў 1974 годзе ў пасёлку Чарнаморскім Краснадарскага краю. Закончыла факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, у аспірантуры вывучала філасофію. Працавала рэдактарам у часопісах «Вопросы литературы», «Октябрь», рабіла агляды літаратурных часопісаў на «Радыё Расіі». Аўтар пяці паэтычных кніг: «Сны-сініцы» (2002), «Унутраны зрок» (2010), «Паветраплаванні» (2012), «Шчырасць дрэваў» (2016), «Ляцяжар» (2019). У апошнія гады піша прозу, апублікавала два раманы. Вершы перакладаліся на англійскую, грузінскую, кітайскую, польскую, французскую і іншыя мовы. Лаўрэат малой прэміі «Трыумф», прэміі «Маскоўскі лік», Міжнароднай Валошынскай прэміі. Жыве ў Маскве і падмаскоўным Процвіне.
Літаратуразнаўца і крытык Дзмітрый Бак так апісаў асаблівасці лірыкі Кузняцовай: «Ніякай статыкі, ні найменшага ходу па гарызанталі, толькі нахільныя крывыя, якія вядуць то ўверх, то ўніз — але ўсякі раз яны выразна прыадчыняюць новыя контуры падзей. Аналогія — „пластылінавы“ мультфільм, у якім метамарфоза важнейшая за сюжэт».