Міхаіл Таркоўскі
Таркоўскі Міхаіл Аляксандравіч (нар. 1958) — празаік, паэт, эсэіст. Лаўрэат прэміі «Ясная паляна» (2010), Патрыяршай літаратурнай прэміі (2010) і шэрагу іншых.
Нарадзіўся ў Маскве. Унук паэта Арсенія Таркоўскага, плямяннік рэжысёра Андрэя Таркоўскага. У 1981 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. У. І. Леніна па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія». Пяць гадоў адпрацаваў на Енісейскай біястанцыі. Вопыт работы на гэтай станцыі спатрэбіўся аўтару ў час працы над аповесцю «Аддай маё» (2003). Шмат гадоў пражывае ў сяле Бахта ў тым жа Туруханскім раёне Краснаярскага краю, займаецца таёжным паляваннем. Галоўны рэдактар краснаярскага літаратурнага альманаха «Енисей».
У 1991 годзе выйшла першая кніга Міхаіла Таркоўскага — зборнік вершаў. Апавяданні, аповесці і нарысы Таркоўскага друкаваліся ў літаратурных часопісах. Аўтар кніг «За пяць гадоў да шчасця», «Замарожаны час», «Таёта-крэста», «Енісей, адпусці!», «Палёт савы» і іншых.
Па меркаванні крытыкаў, Таркоўскага можна прылічыць да «традыцыяналістаў новага пакалення», альбо «неарэалістаў» (разам з Алегам Паўлавым, Аляксеем Варламавым і іншымі), і да новых «пісьменнікаў-вяскоўцаў». Тонкая і духоўна напоўненая «таёжная проза» Таркоўскага ўзнімае пытанні аб сэнсе жыцця, рускай гісторыі, узаемаадносінах чалавека, прыроды і часу.