Хто жыве на поўначы — той не ведае...

* * *

Хто жыве на поўначы — той не ведае,
што такое лірыка ў чыстым выглядзе,
калі немаладому прыгажуну барадатаму
з лампасамі, газырамі, папахай
дзяўчына, адступіўшы, раптам закідвае за паясніцу
на імгненне нагу на чырвонай шпільцы
пры выбуховай падтрымцы скрыпкі акардэонам.

Не здагадваецца той, хто жыве на поўдні,
як пахне на холадзе вушанка з лісіцы
на галаве ў паўночнай сяброўкі,
ледзяной шчакі маладая скура
і дыханне з рэзкім пахам гарэлкі —
калі галінкі, што з ранку ў шэрань убраныя,
ледзянымі іголкамі пакрываюцца ўвечар.

Ды каханне — яно паўсюдна бывае,
але ў двух словах аб ім не раскажаш,
не адчыніш трэцяму яго ціхіх
патайных спружын і натхненняў.

Захавальнік кахання ўсіх пакаленняў
у крэсле хісткім, старым, нязручным,
сашчапіў на патыліцы пальцы і пільна
глядзіць на акно, там халодны вецер
у цёмнай лістоце набірае моцы...