Клеапатра
Восень дворык лістамі засыпле, я багам фіміям ускуру,
І цябе, як Егіпет нясціплы, да пачатку зімы я скару.
Гэта зноўку мой лёс-мініпея напаўняе скарбонку раба.
Тонуць ў моры галеры Пампея, кліча ратнікаў Энабарба.
І ў тумане, дзе спынены кадры, у сузор’ях чужых сваякоў
Распінае цябе, Клеапатра, пагалоска людская ізноў.
Я паверыць паклёпу не ў стане, я натхнёны табою без слоў.
Ды Актавій стаіць пабач з намі з вераломствам апошніх часоў.
Як аблокі, падушкі і ласкі, ты варожыш ізноў нада мной.
Я не ведаю, што гэта пастка, што хаваецца смерць за табой.
Ты напіцца даеш мне з далоняў, і без крыўды, як быццам, у сне
Выдыхаеш: «Антоній! Антоній! Ты памрэш і забудзеш мяне!»
Пазіраеш на карты нядобра, а пагляд поўны страху і слёз,
І ў шкатулцы схаваная кобра дзень наш заўтрашні бачыць наскрозь.
Шкадаваць аб мінулым не варта, і кажу я да цемры святой:
«Сёння мне паміраць, Клеапатра, мы сустрэнемся потым з табой!»
Праляцелі стагоддзі на золку, і змяніліся фарбы ў акне.
Ты, рукой засланіўшыся ў ложку, праз гады не спазнала мяне.
Ды дарма! Маю мару не выпіць! Запаветную зорку знайду!
І ў цябе, як калісьці ў Егіпет, усё роўна я сёння ўвайду!



