Валянцін Распуцін

Распуцін Валянцін Рыгоравіч (1937—2015) — празаік, нарысіст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1977, 1987) і Дзяржаўнай прэміі РФ (2012), прэмій Прэзідэнта РФ (2003), Урада РФ (2010) і мноства іншых. Нарадзіўся ў сяле Усць-Уда Іркуцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў у газетах Іркуцка і Краснаярска. Першы зборнік апавяданняў выйшаў у 1967 г. — і пра Распуціна адразу загаварылі як пра сапраўдны талент.
Распуціна лічылі адным з найбольш значных прадстаўнікоў «вясковай прозы», але ён быў шырэйшы за гэтае вызначэнне. Яго аповесці «Грошы для Марыі», «Апошні паклон», «Жыві і памятай», «Хата», «Развітанне з Мацёрай», «Пажар», «Дачка Івана, маці Івана», апавяданні, эсэ станавіліся не толькі мастацкімі, але і грамадскімі падзеямі. Распуцін ставіў пытанні маральнасці, сумлення, здольнасці да любові і спагады, народнай памяці.
Творчасць Распуціна, якая спалучае філасафічнасць, тонкі псіхалагізм і публіцыстычны пафас, стала адлюстраваннем самых складаных, глыбінных з’яў, што адбываліся і ў нацыянальнай свядомасці на пераломе стагоддзяў. Распуціна называлі «...чалавекам сумлення, рускай справы, які аддаваў усяго сябе захаванню рускай культурнай традыцыі»(Сяргей Пераверзенцаў).