На хвілінку толькі завітвала я ў Бейрут...

* * *

 На хвілінку толькі завітвала я ў Бейрут
і ў Багдад ступала, нібы на эшафот,
у Дамаск запускала руку, ну а там, бы цуд,
у абутку ліванскіх гор барвавеў заход...
І ад зыркасці гэтай час запавольваў ход

 Я ўваходзіла ў Ерусалім пад зорку надзей,
цалавала белыя камяні ў састарэлы лоб
і аліўкі, што ў Гефсімані кідаюць цень,
Бугенвіль крывавы яго, востры ісоп.
Вусны дагэтуль трымцяць, як ад сотні хвароб.

 У пустыні юдэйскай манах мне даваў лукум,
і вадою з грэчаскай пляшкі паіў, аскет,
і крыжом бласлаўляў, каб мяне не зваліў самум
і каб селі міналі й нячысцік не ўнюхаў след.
І не бачыў яшчэ блаславення такога свет.

 ...Чым ушаную Стваральніка бездані й гор
за Афіны й Фермапілы, за рух, за пагляд,
за Чормнае мора, за Патмас, і за Басфор,
і за Солунь, і за Керкіру, і за Царград?
І любое імя саладзейшае за вінаград.

 Ды хоць бы за тое, што, на лоб начапіўшы плюмаж,
вадаспад адхіліўшы локцем, жмурачыся ад свету,
я вучыла індзейцаў нашаму «Ойча наш».
«Pater noster» чыталі яны, даючы мне асвету.
І грымела крывёю сэрца, бы кулямі патранташ.

 І пакуль мае караблі хістаюць нячутна хвалі
Між Харыбдай і Сцылай, чакае ішак ля гары Фавор,
апускаецца хмара на плечы з бясконцых даляў,
вецер смецце здувае з душы, як сняжынкі з гор, —
не застрашаць мяне ні забойца, ні злодзей, ні мор.

 І калі я зусім сыду, як павольныя караваны,
то за мною пацягнуцца Дарданэлы, Еўфрат, Ярмон,
нават Ніл вар’яцкі падыме свой голаў сп’яна,
Понт Эўксінскі, узвеюць вятры наўздагон.
І абмые мяне Іардан, і атуліць сон.

Я паўсвету з сабой панясу. Абрывак, шматок
тут астаўлю: Нью-Ёрк, Баскунчак і Дакар —
дробязь нейкую, зыбкі чужы пясок.
Астатняе забяру, куды ні адзін Макар...
Б’ецца ў вочы Кура,
Эльба ў скронях нібыта ток.

 Усё са мною там будзе, былога жыцця сляды.
Раскладу перад Госпадам Сіл, Спадаром маіх дзён:
— Паглядзі, захавала я прысмак тваёй вады
і зямлі пах, усё тут нязменна здавён.
І гатовы да свята вечнага гарады.

 І — о цуд! — адначасна валодаю ўсім і нічым...
І аблокі плывуць з вастрыём баявога клінка,
Хмары ў небе мяняюць малюнкі адзін за другім:
то пагоркі высяцца там, то замкі, а то — рака...

 І дзіцячыя песні нясуцца насустрач ім!