Свята чыстай вады і надзеі, бязглуздай і поўнай...

* * *

Свята чыстай вады і надзеі, бязглуздай і поўнай,
На ўрачыстасць любові ды тое, што будзем на роўных.

І нагоды няма дзеля радасці ці для блазноты.
Тут жаночай слязою падтала гаркава самота.

Сапраўды Ён ажыў. Мне лягчэй без пытанняў паверыць.
За аколіцай — вецер, галіны і дзеці блюзнераць.

Зноўку музыка хвошча і пеніцца, круціць увесну.
Толькі ў чыстым святле нават гэта не будзе злавесна.