Князь ветру
(урывак з рамана)
Чалавек, які валодае прыродай ветру, сутулы, сухарлявы, колер яго — зялёны.
Будовы тонкай, вельмі шмат гаворыць, не пераносіць холаду, туману і ўсяго,
народжанага холадам і туманам. Ад прыроды здабытак невялікі, жыццё кароткае,
сон павярхоўны. Стваральнік прывідаў, прыхільнік спеваў, смеху, сваркі і стральбы.
Мае прыкметы грыфа, гіены, сабакі і лісіцы. Чалавек, асабліва майстэрскі ў стральбе,
прыродай ветру не валодае. Чалавек, асабліва майстэрскі ў стварэнні зданяў, валодае
ёю як валадар і князь ветру, які мае прыкметы льва.
Вайдур’я онба, тыбецкі медыцынскі трактат
Такія вось незвычайныя супадзенні і вось такія ўдалыя прыёмы складаюць асаблівасць
гэтай найважнейшай разнавіднасці служэння грамадству.
Чарлз Дыкенс. «Вышукная паліцыя»
Частка 1. Тэатр ценяў
Раздзел 1. Прысуд
1
Як вядома, у 1893 годзе легендарны начальнік сталічнай вышукной паліцыі Іван Дзмітрыевіч Пуцілін выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Наўгародскай губерні, у доме з яблыневым садам на беразе Волхава. Неўзабаве, не выстаяўшы перад авансам, які прапанаваў адзін самавіты выдавец, ён узяўся было за мемуары, тыдні два з энтузіязмам распрацоўваў план будучых запісак, прыдумляў назвы раздзелаў і падбіраў да іх эпіграфы, пакуль не ўсвядоміў, што наўрад ці здолее самастойна пераўтварыць гэта ў нешта большае.
Хтосьці рэкамендаваў яму пецярбургскага літаратара Сафронава. У лісце, праўда, той амбіцыйна запатрабаваў палову абяцанага выдаўцом ганарару, але пры асабістай сустрэчы пагадзіўся на траціну, пачуўшы, што ў адваротным выпадку знойдзецца пяро танней. Ударылі па руках, Сафронаў пайшоў праводзіць Івана Дзмітрыевіча на цягнік. Патрабуючы палову, ён разлічваў на чвэрць і быў прыемна ўсхваляваны, казаў, што пастараецца ўсярэдніць свой стыль, зрабіць яго менш індывідуальным, каб не захіліць, горш за тое — не падмяніць уласнай асобай асобу мемуарыста.
Яны развіталіся на вакзале, а праз два дні Сафронаў з тым жа цягніком прыбыў на берагі Волхава. Тут, у доме Івана Дзмітрыевіча, ён пражыў каля месяца, запісваючы ўспаміны гаспадара. Затым патрабавалася апрацаваць гэтыя запісы і падрыхтаваць кнігу да друку. На тытуле мусіла стаяць адзінае імя, так што самому Сафронаву гэты праект ніякай славы не абяцаў, толькі грошы, хоць дзеля іх таксама варта было памучыцца.
За месяц у штодзённых падарожжах па жыцці Івана Дзмітрыевіча літаратар знасіў тры алоўкі, на сярэднім пальцы сцякаў сукравіцай пухір. Гранёны аловак быў заменены круглым, але і ён здаваўся прыладай катавання. У садзе сабралі апошнія яблыкі, пажоўкла лістота, раніцамі раку атульваў туман, калі Сафронаў, спісаўшы некалькі сшыткаў, вырашыў, што пара з’язджаць. Матэрыялу было дастаткова, па вяртанні ў Пецярбург заставалася стылістычна папрацаваць з ім, размясціць усе гісторыі ў храналагічнай паслядоўнасці, месцамі прапісаць гістарычны фон, дадаць трохі надвор’я і псіхалогіі.
Сафронаў ужо прадчуваў, як салодка будзе аддацца гэтаму немудрагелістаму занятку ў сябе дома, у цішыні, у халаце, побач з любым катом, што дрэмле ў фатэлі, і нялюбай жонкай. Яна, зрэшты, мела мужнасць прызнаць, што чым больш бясформенным становіцца яе бюст і шырэйшым стан, тым духмянейшай павінна быць кава, прынесеная мужу ў кабінет, і далікатнейшай падача да гарбаты булачкі.
Забягаючы наперад, скажам, што да вясны праца была скончана. Як толькі мемуары Івана Дзмітрыевіча выйшлі з друкарні, Сафронаў знішчыў усе свае сшыткі з запісамі, акрамя аднаго, які захаваўся ў яго архіве. Гісторыя, якая ў ім змяшчаецца, у кнігу не ўвайшла. Верагодна, Сафронаў збярог яе на будучыню як сюжэт для ўласнага рамана, але напісаць яго так і не сабраўся.
Гэта ёмісты сшытак у зялёнай каленкоравай вокладцы. Да форзаца падклеены дзве старонкі з часопісным водгукам на кнігу Івана Дзмітрыевіча. У тэксце рэцэнзіі хтосьці падкрэсліў фразу: «Чароўны калаўрот яго таленту з роўным майстэрствам тчэ абедзве ніткі, сюжэтную і псіхалагічную». Збоку маецца паметка: «Калаўрот не можа ткаць!» Крыху ніжэй гэта аспрэчана іншым почыркам: «Гаворка ідзе пра чароўны калаўрот. Чароўны ўсё можа!»
Дзе-нідзе паміж старонкамі сшытка ўклеены выразкі з газеты «Азія» за 1913—1914 гады. Адсюль вынікае, што тады ж, праз два дзесяцігоддзі пасля таго, калі Сафронаў пачуў гэтую гісторыю, яна зноў абудзіла яго цікавасць. Чаму так, становіцца зразумелым бліжэй да канца. Аналагічна і сэнс гэтых уклеек застаецца абсалютнай загадкай, пакуль не даходзіш да фіналу.
Аднак адразу ж заўважаеш, што ўсе яны звязаны з Манголіяй і ўяўляюць сабой выбраныя месцы з успамінаў рускага афіцэра Саладоўнікава, які ў 1913 годзе ў якасці ваеннага інструктара знаходзіўся пры мангольскай паўстанцкай арміі. Паўтара гадамі раней Знешняя Манголія (Халха) абвясціла сваю незалежнасць ад Пекіна, і Саладоўнікаў павінен быў дапамагчы манголам сфармаваць баяздольныя часці для барацьбы з кітайцамі.
На першы погляд яго нататкі рассеяны па сшытку без усялякай сувязі з тым, што ў іх напісана. Напрыклад, аповед Сафронава пра яго знаёмства з Іванам Дзмітрыевічам перабіваецца наступным урыўкам:
«Памятаючы пра Чынгісхана, я меркаваў, што як народ вельмі ваяўнічы манголы будуць рвацца ў бой, мне ж давядзецца стрымліваць іх запал, пакуль яны не авалодаюць найноўшай еўрапейскай зброяй і тактыкай сучаснай вайны. Вельмі хутка я пераканаўся, што мае пра іх уяўленні гэтак жа далёкія ад рэальнасці, як цяперашнія манголы ад сваіх продкаў.
Усе яны цяпер будысты, і маразм пасіфізму, прышчэпленага ім „жоўтай рэлігіяй“, зрабіўся сапраўдным праклёнам гэтага беднага племя. На манеўрах цэлыя эскадроны сыходзілі з пазіцый і адпраўляліся ў суседні манастыр „на маленне“, кулямёты крапілі харзой********, але не змазвалі, пры штабе брыгады ламы пастаянна ўмешваліся ў мае распараджэнні, прычым выказвалі такую рэлігійную дбайнасць у пытаннях дыслакацыі нашых часцей або выкарыстання артылерыі, што я пачынаў падазраваць у іх кітайскіх шпіёнаў.
Там, дзе захоўваліся патроны, заўсёды чамусьці аказвалася шмат вады, а ў кулямётных кажухах яе не было зусім. Сярод быкоў, прыстаўленых вазіць гарматы, рэгулярна выяўлялася чума, іх зганялі на прышчэпку, пасля чаго яны знікалі бясследна разам з паганятымі. Дэзерціраў было мноства, але злодзеяў яшчэ больш, усе адзін у аднаго нешта кралі і адначасова абменьваліся падарункамі. Усе былі поўныя добрых намераў, і ніхто нічога не рабіў.
Найважнейшыя дакументы тыднямі ляжалі ў маіх мангольскіх начальнікаў і добра, калі не знікалі наогул, затое варажбіты-ізрухайчыны былі незвычайна дзейныя. Планы баявых аперацый правяраліся размяшчэннем зорак на небе і ўзорам расколін на кінутай у агонь барановай лапатцы, а загад, пазначаны якім-небудзь чыслом, які гэтыя крываногія піфіі прызнавалі нешчаслівым, не выконваўся з чыстым сумленнем, бо само гэта чысло проста-такі ліквідавалася з календара.
Непасрэдна за другім, напрыклад, днём трэцяга Месяца ішоў чацвёрты, за ім — два пятыя. У кожным месяцы да траціны ўсіх чыслаў аб’яўляліся неіснымі, а серада, чацвер і пятніца маглі значыцца пад адной і той жа датай, пра што я даведваўся у суботу раніцай.
З дзікім віскам, які калісьці наводзіў жах на ўсё жывое ад Пекіна да Іерусаліма, мае манголы скакалі ў атаку, палаючы прагай забойства, ап’яняючыся памяццю пра былую славу, але кідаліся ўрассыпную пры першым гарматным стрэле. Адзіным сродкам падтрымання дысцыпліны былі палкі. Лупцоўку ў вызваленчай арміі я лічыў недапушчальнай, і ў ваенным міністэрстве мае парады былі сустрэты з поўным разуменнем, такім шчырым і глыбокім, што яно ўжо само па сабе вычарпала праблему, якая з гэтага часу лічылася вырашанай раз і назаўжды.
У рэшце рэшт я махнуў рукой і рабіў выгляд, быццам нічога не заўважаю, калі брыгадныя экзекутары ўрачыста і поўныя глыбокай пашаны як прыналежнасць нейкага культу праносілі перад строем чорны лакаваны пенал з бамбукавай палкай унутры. Сцвярджалі, што гэтая палка належала самаму вялікаму Абатай-хану і зроблена з бамбуку, які цудоўным чынам за адну ноч вырас з галавы нейкага святога ламы, каб бедная ўдава магла насыціцца яго маладымі, пяшчотнымі парасткамі.
Адзін з гэтых парасткаў з прарэзанай у ім баразёнкай для сцёку крыві захоўваўся цяпер у штабе разам з грашовай скрыняй і сцягам брыгады. Зрэшты, толку ад яго ўсё адно было няшмат, манголы мелі свае ўяўленні пра цяжар таго ці іншага ўчынку. Вершніка, які падпарыў спіну каню, маглі забіць да паўсмерці, а патоплены пры пераправе гарматны дальнамер нёс за сабой толькі паблажлівае пацмокванне языком у адрас вінаватага.
Да таго ж я ніяк не мог вырашыць, на якой аснове пажаданей фарміраваць эскадроны і каманды. У сфарміраваных па радавой прыкмеце парадку было болей, затое і адхіленні небяспечней; у змешаных падраздзяленнях панаваў хаос, але верагоднасць масавых парушэнняў дысцыпліны была невялікая. Разам з іх вар’яцкім календаром усё гэта даводзіла мяне да адчаю, да ламоты ў патыліцы, мардавала і знясільвала, як дакучлівы кашмар.
„Для людзей Усходу ўсе гадзіны ў сутках аднолькавыя“, — сказана ў Кіплінга ў дачыненні да вельмі спецыфічнага раскладу пасажырскіх цягнікоў на індыйскай чыгунцы. Універсальнасць гэтай ісціны адкрылася мне пры наведванні загараднага палаца Богда-гэгэна Восьмага, ургінскага хутухты, а цяпер, па сумяшчальніцтве, яшчэ і манарха. Хвілін сорак мы, гэта значыць камандаванне брыгады на чале з ваенным міністрам, чакалі прыёму, затым яшчэ столькі ж доўжылася аўдыенцыя, і ўвесь гэты час, практычна без перапынкаў, да мяне даносіўся рознагалосы звон ці бой насценных, настольных і падлогавых гадзіннікаў. Яны ў мностве стаялі і віселі ў палацавых пераходах, анфіладах, парадных і жылых пакоях.
Мне патлумачылі, што ў апошніх трох сваіх перараджэннях Богда-гэгэн калекцыяніруе гадзіннікі, пераважна з боем і з музыкай. Іх дарылі яму купцы, пілігрымы, цыньскія чыноўнікі, замежныя дыпламаты, але з таго часу як паўтара года назад, перахварэўшы на вострую форму трахомы, ён амаль страціў зрок і ўсе сілы аддаваў барацьбе са змоўшчыкамі, якія ў яго слепаце угледзелі свой шанец, нешта пачало разладжвацца ў самім механізме прыдворнага жыцця, з якім счэплены былі гадзіннікавыя
шасцерні.
Гадзіннікі ці ўвогуле перасталі заводзіць, ці заводзілі, але забываліся падвесці стрэлкі. Іншыя спыніліся, а з тых, што працягвалі ісці, большасць цяпер паказвала розны час. Адпаведна, адны званілі і білі раней за патрэбны тэрмін, іншыя — пазней. Круглыя суткі то тут, то там, то на лесвіцы, то ў троннай зале раскручваліся спружыны, прачыналіся малаточкі, гучалі кавалкі оперных уверцюр, гімны ўжо не існых імперый ці два-тры такты якога-небудзь марша, пад які ішлі ў бой даўно спарахнелыя ў магілах палкі. Дом вечнасці, музычная скрыначка з цэглы, пад жалезным дахам, рэзідэнцыя царскага Буды ў зялёных акулярах, гэты палац пасля нагадваў мне пра тое, што, калі манголы бачаць у ім адну з галоўных сваіх святынь, я не маю права патрабаваць ад іх занадта шмат».
Але вернемся да аповеду Сафронава.
Такім чынам, на наступны дзень ён збіраўся вяртацца ў Пецярбург. Было яшчэ цёпла, яны з Іванам Дзмітрыевічам абедалі на верандзе, з двух бакоў акружанай яблыневым садам. З трэцяга адкрываўся від на Волхаў, на зжатыя палі, якія збягалі па ўзгорку да палоскі вербалозу на процілеглым, пойменным беразе.
Акрамя іх дваіх за сталом прысутнічаў пейзажыст Мжэльскі, малады чалавек з рашучым профілем і сумнымі паўднёвымі вачыма. Тыдні два таму ён прыехаў сюды на эцюды і жыў у вёсцы ў мясцовага бабыля.
— Дзіўная справа, — звяртаючыся да яго, у сваёй звычайнай рыплівай манеры казаў Іван Дзмітрыевіч. — Верасень цяперака занадта файны, месцы ў нас найпрыгажэйшыя, а паглядзіш на вашы малюнкі, усё ў вас дождж, вецер, дрэвы гнуцца, рве салому з дахаў.
— Учора быў дожджык, — апраўдваўся Мжэльскі. — І ў пятніцу таксама капала.
— У пятніцу? Нешта я не заўважыў.
— Было, было, Іван Дзмітрыевіч, — пацвердзіў Сафронаў.
— Але хоць разок намалявалі бы ясную раніцу, ціхі вечар. Не-е, або туманныя світанкі, або крывавыя заходы, змярканне, нейкае фатальнае ззянне з-за хмар. Аблокі кудлатыя, быццам іх кошкі дралі.
— Ды вось жа! — паказаў Мжэльскі на прыхінуты да сцяны свежы, яшчэ не прасохлы эцюд. — Усё ціха, ніводзін лісток не зварухнецца.
— Але ў вас жа як? Калі ветру няма, значыць — перад навальніцай. Сонейка калі й прагляне, значыць — пасля навальніцы. Проста так нічога добрага не бывае. Не заслужылі! А няйнакш у Італію прыедзеце, адразу пачняце пісаць мора пад сонцам, блакітныя нябёсы. Пініі, палаца, бляск, святло. Дзяўчаты вінаград ядуць, купаюцца. Дзеці танчаць. Тут жа ў вас што ні жанчына, то ўдава або салдатка, або лазінкай казу паганяе. Калі дзеткі, дык вёдры цягнуць на марозе або ратуюцца ад навальніцы. Думаеце, у Італіі дажджоў не бывае? Э-э, як зарадзіць на тыдзень, з гасцініцы носа не высунеш.
— Вы бывалі ў Італіі? — спытаў Мжэльскі.
— Быў.
Іван Дзмітрыевіч паглядзеў на Сафронава, які зрабіў здзіўлены твар, і дадаў, што для кнігі гэта не спатрэбіцца, ён ездзіў туды па асабістай справе.
— Толькі па асабістай? — не паверыў Сафронаў, які ўжо ведаў, што ўсе асабістыя справы ў жыцці Івана Дзмітрыевіча так ці інакш перапляталіся са службовымі.
— Так, як прыватная асоба. Ускосна, праўда, гэтая паездка была звязана з адным злачынствам, якое я тады расследаваў.
— Вось і цудоўна, расказвайце. У нас цэлы вечар наперадзе.
— Вядома, раскажыце, — падтрымаў Мжэльскі, разлічваючы заразом і павячэраць.
— Баюся, мая гісторыя расчаруе вас хаця б таму, што яна больш тычыцца не Італіі, а Манголіі, — адказаў Іван Дзмітрыевіч.
— Вы там таксама бывалі?
— Не, але заўсёды хацеў пабываць. Кажуць, надзвычай прыгожая краіна, калі нават мераць вашай меркай. Мне даводзілася чытаць, што даліна ракі Толы, дзе размешчаны святы горад манголаў Урга, нагадвае даліны Ламбардыі.
— Ну так і не цягніце, пачынайце. Я гатовы, — сказаў Сафронаў, прысоўваючы да сябе чысты сшытак у зялёнай каленкоравай вокладцы.
Адсюль не вынікае, што ўсе ніжэй выкладзенае з’яўляецца літаральным узнаўленнем яго запісаў. Зрэшты, і самі яны наўрад ці даслоўна зафіксавалі аповед Івана Дзмітрыевіча, які, зразумела, таксама не быў, ды і не мог быць бездакорна дакладным злепкам рэальнасці. Ува ўсіх трох выпадках зазор досыць вялікі, і ў першым ён, можа быць, не нашмат большы, чым у двух іншых. Затое тэкст уклееных у сшытак запісак Саладоўнікава захаваны ў недатыкальнасці.
2
Той травеньскай раніцай Іван Дзмітрыевіч снедаў удваіх з трынаццацігадовым сынам Ванечкам, адзіным з яго дзяцей, хто не памёр у маленстве. Жонка за стол не садзілася. Пакарміўшы мужчын і адправіўшы аднаго на службу, другога — у гімназію, яна разлічвала яшчэ крыху паспаць. Раней такія планы хаваліся, але нядаўна суседка ўзброіла яе артыкулам у жаночым часопісе, які даказвае, што жаночы арганізм мае патрэбу ў несувымерна больш працяглым сне за мужчынскі. Цяпер жонка залезла назад у ложак з поўнай свядомасцю сваёй праваты.
— Добра, я табе надакучыла, з сынам ты гаварыць не хочаш, — сказала яна, адбіраючы ў Івана Дзмітрыевіча газету, — але, калі ты вырашыў канчаткова сапсаваць сабе страваванне, вазьмі хаця б кнігу. Даўно не бачыла цябе з кнігай.
Сапраўды, як начальнік вышукной паліцыі Іван Дзмітрыевіч увесь час быў заняты, чытаў мала, а сучасных белетрыстаў не ведаў зусім. Калі праз дзве гадзіны яму далажылі, што пісьменнік Мікалай Каменскі забіты ў сябе на кватэры ў доме нумар восем па Караваннай вуліцы, ён упершыню пачуў гэтае імя.
З дакладам з’явіўся агент Гайпель па мянушцы Студэнт, з тых студэнтаў, што недавучыліся. Ён жа прынёс набытую на ўсялякі выпадак апошнюю кніжку Каменскага. Іван Дзмітрыевіч сунуў яе ў кішэню і паслаў Гайпеля за фурманам. Экіпаж быў пададзены ў пяць хвілін. Ледзь яны селі, падышоў сярэдніх гадоў мужчына ў добрым паліто, з кіем.
— Памятаю, памятаю, — не даўшы яму рота раскрыць, сказаў Іван Дзмітрыевіч. — Ваша прозвішча Печаніцын, вы дырэктар Абухоўскай бальніцы для псіхічнахворых і былі ў мяне тыдзень таму. Ад вас нейкі вар’ят уцёк.
— Вы яго не знайшлі?
— І не шукалі. Сказана ж, мы такімі справамі не займаемся.
Экіпаж крануўся, але Печаніцын пайшоў побач, трымаючыся за борцік.
— Я тут склаў спісачак яго прыкмет, — казаў ён. — Вазьміце, вельмі вас прашу. Раптам спатрэбіцца?
З жалю Іван Дзмітрыевіч узяў гэты спіс, крыху пазней прагледзеў і падумаў, што па такіх прыкметах людзей на вуліцы можна хапаць праз аднаго. Мелася, праўда, асаблівая прыкмета ў выглядзе гуза на пераноссі, але і яе не грэх было апісаць неяк больш выразна.
— Самі страцім розум, калі нам яшчэ і вар’ятаў лавіць, — сказаў ён Гайпелю.
Той кіўнуў. Скамячыўшы аркушык, Іван Дзмітрыевіч выкінуў яго, дастаў кніжку Каменскага і перачытаў назву: «На ростанях». Са зместу вынікала, што гэта не раман, а зборнік апавяданняў. Іван Дзмітрыевіч даверыўся лёсу, які ў такіх выпадках заўсёды быў да яго добразычлівым, і раскрыў наўгад, як пры варажбе. Адкрылася на апавяданні «Тэатр ценяў». Ён паспеў прачытаць яго па дарозе ў Караванную.
Сюжэт наступны.
Мангольскі князь Намсарай-гун, палкоўнік «сцяжнага войска», чынгізід, які мае права насіць на шапцы два трохачковыя паўлінавыя пёры, прыбывае ў Пецярбург у складзе кітайскай амбасады. Разам з паслом ён аглядае сталічныя славутасці, наведвае балі, ездзіць у оперу. Усё ўбачанае надзвычай моцна ўражвае яго. Праз месяц Намсарай-гун аб’яўляе, што хацеў бы перайсці ў хрысціянства і прыняць хрышчэнне па грэцкім абрадзе.
Драгаман Н., ад асобы якога вядзецца аповед, першы даведваецца пра яго намер, шараговы для якога-небудзь князька з сібірскіх іншародцаў, але незвычайны для будыста. Выпадак унікальны, прэцэдэнтаў няма, аднак пасля многіх сумневаў, кансультацый з духоўнымі асобамі і бюракратычных казусаў, якія з самага пачатку надаюць аповеду адценне фантасмагорыі ў духу Салтыкова-Шчадрына, вырашана задаволіць жаданне Намсарай-гуна.
Употай, як ён пра тое прасіў, здзяйсняецца хрышчэнне. Яго світа, іншыя члены амбасады, сам амбасадар ні пра што не падазраюць. Дыпламатычнымі ўскладненнямі гэта не пагражае, пра пераход князя ў рускае падданства няма і гаворкі, але міністэрскія чыноўнікі не вераць, што з гэтага часу Намсарай-гун будзе служыць Пекіну гэтак жа, як раней. У перамене веравызнання ім мроіцца нейкі палітычны падтэкст. Сэнс яго яны бачаць у сімвалічна выяўленай гатоўнасці князя спрыяць узмацненню рускага ўплыву ў Цэнтральнай Азіі. Празандзіраваць, ці так гэта, даручаецца ўсё таму ж Н.
Пасля хрышчэння Намсарай-гун прымае віншаванні афіцыйных асоб і падарункі ад іх жонак, затым разам з Н. едзе да сябе, і вось тут, за гарбатай, высвятляецца марнасць ускладзеных на мангольскага князя надзей. Аказваецца, тыдні два таму, будучы на паказе оперы Гуно «Фаўст» у Марыінскім тэатры, Намсарай-гун даведаўся, што ў свеце існуе д’ябал, якому чалавек можа прадаць душу, дакладней, абмяняць яе на здзяйсненне любога са сваіх жаданняў. Хтосьці з прыстаўленых да амбасады перакладчыкаў растлумачыў князю і тое, што падобныя здзелкі змацоўваюцца асаблівым дагаворам. Замест чарнілаў і тушы ў ім ўжываецца кроў прадаўца, але д’яблу патрэбныя душы выключна хрышчоныя. Іншых ён не прызнае і ні ў якія стасункі з іх уладальнікамі не ўступае.
Гэтая магчымасць і спакусіла Намсарай-гуна. Для Н. засталося таямніцай, што менавіта хацеў атрымаць князь ад ворага роду чалавечага, але логіку разважанняў, якія прывялі яго да царкоўнай купелі, удалося аднавіць.
З дзяцінства, праведзенага па берагах Анона, у стэпах, Намсарай-гун цвёрда засвоіў, што ў кожнага чалавека ёсць тры душы: сайн-сунс — добрая душа, дунд-сунс — сярэдняя, і му-сунс — дрэнная, або злая. Апошняя і павінна была стаць прадметам гандлю з д’яблам. Князь шчыра папярэдзіў святара, што дазваляе назваць толькі адну з трох сваіх душ — му-сунс, але перакладчык зразумеў яго няслушна і пераклаў гэта выраз не як «дрэнная» або «злая душа», а як «душа грэшная». Натуральна было ўгледзець тут прызнанне Намсарай-гунам таго факта, што раней ён жыў у граху, вызнаючы ілжывую «жоўтую веру», гэта значыць будызм, затое зараз хоча ачысціцца хрышчэннем. Святар так гэта і расцаніў, супакоіў князя і здзейсніў абрад з лёгкім сэрцам, без усякіх ваганняў.
Такім чынам, сутнасць справы становіцца вядомая Н. і яго начальнікам. Апынуўшыся ў дурным становішчы, тыя аддаюць перавагу маўчанню, а сам князь упэўнены, што абзавёўся таварам патрэбнай якасці і пакупнік не прымусіць сябе чакаць. Той, аднак, не спяшаецца, хоць пасольства ўжо рыхтуецца да ад’езду з Пецярбурга, слугі ўкладваюць рэчы. Застаецца некалькі дзён, але Намсарай-гун не страчвае надзеі. Дарэмна Н. спрабуе даведацца ў яго, якую цану збіраецца запытаць ён за сваю ахрышчаную му-сунс. Князь маўчыць. Кожны раз, ледзь гадзіннік праб’е поўнач, ён адчыняе дзверы ў калідор або падыходзіць да акна, услухоўваецца, узіраецца ў вулічны змрок і чакае. Нікога няма, між тым паслязаўтра пасольства адбывае на радзіму.
У апошні вечар перад ад’ездам Н. дапазна заседзеўся ў княжых апартаментах. Даўно пара ехаць дадому, але нешта яго ўтрымлівае. У пакоях Намсарай-гуна пуста, слугі спяць, князь сам разлівае гарбату з падоранага яму пасля хрышчэння самавара. За вокнамі гнілы піцерскі верасень, непагадзь, шум лісця, могілкавы бразгат бляхі на карнізах. Ад скразнякоў гойсае полымя ў настольнай лямпе, цені бягуць па сценах і ўціскаюцца ў куты, хаваюцца за парцьерамі і з новым парывам ветру зноў пачынаюць скакаць на шпалерах. Чым бліжэй поўнач, тым часцей мроіцца нешта асэнсаванае ў іх зыбкай гульні, паступова з хаосу праступае смутны, бясконца разгалінаваны, але ўсё-такі сюжэт. Бясслоўныя акцёры разыгрываюць варыяцыі на тэму падманутых надзей, спатоленых жаданняў, якія не прынеслі шчасця, прыўкраснай мары, пры ажыццяўленні пераўтворанай у сваю супрацьлегласць.
У Н. узнікае дзіўнае пачуццё, быццам цякучы ўзор гэтых цёмных плям, няспынна рухавых, што змяняюць тон і абрысы, ніяк не звязаны ні з гайданнем фіранак, ні з дрыжаннем дрэў за акном, ні нават са святлом месяца, ліхтара і лямпы. Пакой незаўважна ператвараецца ў кітайскі тэатр ценяў, адкінутых на сцяну нейкімі бесцялесным сутнасцямі, чые контуры акрэслівае гэтак жа нематэрыяльны свет. Здаецца, у гэтым спектаклі заняты прывіды, якія здаўна насяляюць тыя месцы, дзе сыходзяцца розныя цывілізацыі, трагічна не здольныя зразумець адна адну.
Так думае Н., які скончыў два ўніверсітэты, а Намсарай-гун, пасмоктваючы люлечку, разважае пра тое, у якім выглядзе з’явіцца яму доўгачаканы госць. Ці прыйдзе ён у фіялетавым берэце з чорным пяром начной птушкі, са шпагай на баку, як у оперы, або прыме сваё сапраўднае аблічча? Анекдот, але аўтару ўжо не смешна.
Месяц, прабіўшыся паміж аблокамі, атрутным сінім туманам зацягвае шыбы, гучней і трывожней шумяць дрэвы. Вытанчаны, спачатку нават какетлівы танец ценяў ператвараецца ў сатанінскія скокі, і хоць Н. зусім не забабонны і не схільны да містыкі, ім авалодваюць благія прадчуванні. Ён спрабуе адгаварыць князя ад яго задумы, але той непахісны. Мова жэстаў, якімі карыстаюцца акцёры на сценах, яму незразумелая. Развітваючыся, зачыняючы за сабой дзверы, Н. бачыць, што насценны спектакль ужо выходзіць з плоскасці, набывае аб’ём і нястрымна коціцца да фіналу, дзе няцяжка прадбачыць крушэнне ўсіх ілюзій, кроў і смерць. У нетрах абедзвюх цывілізацый, хрысціянскай і будыйскай, утойваюцца грозныя, схаваныя ад пасвячоных стыхіі. Настае час, і яны, як лава, прарываюць крохкую шкарлупіну, спапяляючы ўсё на сваім шляху.
«Нельга перамагчы лёс, гуляючы з ім мечанымі картамі», — думае Н. Як бывае ў сне або пры ліхаманкавым ўзбуджэнні, гэтая няхітрая думка здаецца яму незвычайна значнай. Ён ідзе па калідоры, а Намсарай-гун п’е гарбату і ўспамінае родныя стэпы, табуны коней, белыя юрты на зялёнай траве, выраі пералётных птушак у сінім небе. Восень, жанчыны ва ўлусах пырскаюць малаком услед накіраваным на поўдзень птушыным караванам, каб па гэтай шчаслівай «белай дарозе» птушкі вясной вярнуліся на радзіму. «Ці вернецца туды Намсарай-гун?» — думае Н., выходзячы на ганак.
Тут на кукішках сядзіць стары лама з княжацкай світы. Ён не можа заснуць, яму душна ў каменным доме. Н. частуе яго тытунём і пытаецца пра тры душы: што здарыцца з чалавекам, які страціў адну з іх? Лама адказвае, што без сайн-сунс, добрай душы, чалавек стане зверам, але можа пражыць доўга; без дунд-сунс, сярэдняй, ён ні ў чым не будзе ведаць меры і хутка памрэ; без му-сунс ён памрэ зараз жа, бо без каліва зла зямное жыццё немагчымае.
Раптам жудасны лямант даносіцца з пакояў Намсарай-гуна. Н. бяжыць назад, расчыняе дзверы. Нікога, князь ляжыць на падлозе. Ён мёртвы. Мёртвы, хоць на целе ў яго няма ніякіх ран, толькі злёгку парэзаная падушачка аднаго з пальцаў левай рукі. Тут жа валяецца гусінае пяро. Падняўшы яго, Н. бачыць, што кончык афарбаваны свежай, яшчэ не засохлай крывёю.
Сюжэт здаўся дзіўным, але значна дзіўнейшым было тое, што цэнзура прапусціла такое апавяданне ў друк. Відавочна, цэнзар дачытаў толькі да таго месца, дзе гэты мангольскі князь вырашыў прыняць хрышчэнне, а далей чытаць паленаваўся, думаючы, што перад ім твор цалкам добранамерны.
* Харза — самагон з кумысу.




