Элегія апошняя

                                      Quid mihi vobiscum est, in felix cura, libelli...
                                                                            Ovid, Tristia, II, 1
                               
                                     [Хіба да вас мне зараз, да вершаў і кніжак злашчасных?
                                                                            Авідый. Скорбныя элегіі. Кн. II, 1]

  Ну што ж, бывай, кніжачка мая бедная! Пакідаю
цябе шамацець старонкамі, раздзімаючыся
і здзімаючыся, як лёгкае альбо як мяхі баяна;
сіратой сярод братоў і сёстраў, як і ты, горкіх
сірот, што лістотаю шамацяць на гэтым беразе Леты
у дуброве з дубоў і асін.

  Доўга мне плыць да берага процілеглага ў пласкадонцы лядашчай —
пакуль не забудуся я і імя тваё, і аблічча,
братоў тваіх, сёстраў усіх, і прыёмных, і родных;
пакуль не саскочу я з чоўна, чорным срэбрам запырскаўшы сэрца,
і не скажу: не шамаціце, праклятыя кнігі,
ніколі я вас не пісаў!

  Ну а ты не сумуй і не плач, і мяне кепскім словам не ўспомні.
Ты забудзь пра мяне, калі ўвечар дрыжыш у дуброве
сярод сёстраў, братоў, што таксама дрыжаць, — што таксама сіроты, як ты...
...Але хутка надыдзе зіма, і асыплецца ваша лістота,
І ў апалай лістоце шамацець будуць зайцы, лісіцы,
Усё белым пакрыецца сном.