Лядашчая цішыня каля гірла
З лістоў да сябра
Калі б ведаць, што чакае наша роўнае савецкае жыццё, калі б сам Гасподзь наставіў нас на няшчасную перамену і іншыя бедствы, напэўна б, куды больш цанілі тое, што маем, паспелі б яшчэ пажыць прыстойна, нічога такога, што не дастанецца потым задарма, не ўпусцілі б, усялякую прывілею, з тых, што нажывалі ўсе разам, абавязкова б выкарысталі. О, калі б, калі б...
Усё ў тым жыцці, якое згублена незваротна, абыходзілася прасцей, танней, менш патрабавальна, можна было накіроўвацца па ўсіх напрамках і нідзе не знікнуць удалечыні.
Зараз ёсць аб чым пашкадаваць...
Дарэмна я не спяшаўся, не наведаў нават тыя мясціны, дзе мяне прыняла б радня...
У Ташкенце жыў брат бацькі Цімафей Фёдаравіч, які да братоў Сцяпана і Пятра ні разу ў Новасібірск не выбіраўся да вайны. А пасля вайны ўзняцца ў дарогу з Сярэдняй Азіі — гэта цэлая гісторыя, хоць нашы елізавецінскія хахлы з Крывашчокава не аднойчы траплялі ў брыгаду праваднікоў, што ездзілі ў Ташкент і Ашхабад і прывозілі смачныя сушаныя абрыкосы (урук). Па бацьку радня была не той клапатлівай дружнай пароды, што з боку маці (ласкавая, шчодрая, на нікога са сваіх не забывалася). Са стрыечнымі сястрычкамі і брацікамі я і бачыўся часцей, і да гэтага часу маю нядрэнныя зносіны, а вось з бацькоўскай радні сябраваў толькі з трыма сястрычкамі, якія любілі і шкадавалі «цётку Таню», маю матулю. У Ташкенце магла б затрымацца надоўга мая біяграфія, калі б дзядзька Цімафей не спалохаўся, што я прыеду паступаць у інстытут і пацясню ягонае сямейства: на жалобную просьбу маю ён не адказаў. І, магчыма, яно да лепшага. Не было б у мяне Тамані, Перасыпі, не напісаў бы я раман пра Екацярынадар і не сустрэў на хутары ля рэчкі Псебебс маіх выратавальнікаў Цярэнція Кузьміча і Марыю Мацвееўну, пра якіх маё першае апавяданне «Бранскія». І ўжо ні за што не пераехала б з Сібіры ў Ташкент альбо ва Ургенч мая матуля.
Ашхабад, Душанбэ, Алма-Ата прамільгнулі для мяне толькі ў размовах і ў літаратуры.
Ды і ў Тбілісі не патрапіў я пакорпацца ў архіве ў фондзе царскага намесніка на Каўказе. І цягніком Сімферопаль — Баку не наведаўся я да азербайджанскіх пісьменнікаў. А ў Махачкале не пасядзеў на вечарыне Расула Гамзатава і не пастаяў там, дзе князь Баратынскі сустрэў палоннага Шаміля.
Усё адкладваў і спадзяваўся на іншыя дні. Уся зямля агульная, паспею.
А потым ужо, калі пасля ельцынскага перавароту шклянка гарбаты на вакзалах каштавала сто рублёў і паўсюдна можна было чакаць рабаўніцтва, шмат не наездзішся.
Ды і позна ўжо, прайшлі ўсе мае тэрміны.
Самы кароткі мой шлях у Перасып і ў Тамань.
У гірла, што выцякае з Ахтанізаўскага лімана і ўпадае ў мора, сяджу я сярод чаек, разграбаю ракавінкі і з кімсьці далёкім вяду размову. Мне лёгка кагосьці прыплятаць да сябе. Пабуду з адным, перакінуся ўдалячынь слоўцам, падчаплю другога, зараз са мной ты, дык паслухай, як варочаюцца хвалі, выкідваюць ракавінкі, за дзень награбуць цэльны пагорачак. Я адзін, са мной толькі чайкі — над вадой, на пяску. Наперадзе, з усходняга боку, з гравюрнай дакладнасцю бачны ўзгорысты край Галубіцкай, менавіта там белы маяк, ад якога я, набліжаючыся, заўжды вітаю душой Перасып і лукамор’е. А на захадзе пад хмарамі выгінаецца сярпом Кучугурскі бераг і за мысам, калі стаць там на ўзвышанасці, можна разглядзець Керч. Павярнуся да ўсходу — падумаю аб нашым далікатным заўральскім пісьменніку ў сасновай вёсцы каля Табола і працягнуся ў Сібір, да родных берагоў вялізнай ракі Об. А зараз ты, мой хутканогі вяцкі летапісец, перабіраеш са мной мокрыя ракавінкі.
Ты скачаш па белым свеце як малады, дванаццаты раз укленчваеш ля Труны Божай і яшчэ падаруеш мне кніжкі пра пядзі зямныя і «моры жыццёвыя». Я ж з чарацінкай хаджу паўз вады, і храбусцяць пад маімі падэшвамі ракавінкі.
Нікуды далёка не выбіраюся, самая доўгая мая дарога — сорак вёрстаў, у Тамань. Учора там быў. У той, галубок, Тамані, дзе пабудаваў манастыр найпадобны Нікан, дзе (ужо дазволь напомніць табе лішні раз) выцясняліся стагоддзе за стагоддзем грэкі, татары, чаркесы, генуэзцы, туркі, дзе Сувораў піў гарбату з запарожцам Захарыем Чапегам, а лёгкі малады Пушкін пастаяў імгненне на горнай вершаліне, самотны Лермантаў неўзлюбіў сляпога хлопчыка, дзе высаджваўся на бераг на шляху ў Екацярынадар Аляксандр Другі і начаваў, магчыма, у нейкай хаце, у той самай Тамані, дзе праз шмат дзесяцігоддзяў ненаўмысна, але толькі для цябе аднаго, узнікла дзяўчынка Надзя і працягнула табе аднойчы руку палюбавацца гарой Лыскай і горадам Керч, у гэтай, о Божа, Тамані не прычальваюць ужо чвэрць стагоддзя да берага катары і не гойдаюцца на хвалях чаўны рыбакоў і столькі ж не плача на марскім беразе тая самая дзяўчынка, якую ты зманіў у Маскву назаўсёды.
Вы не пішыце мне са свайго знакамітага Камергерскага праезда, не ўспамінаеце мяне і мае перасыпскія куты.
А я час ад часу ды і пагартаю твае старонкі.
Сягоння цэлы дзень ленаваўся ў двары, размаўляў з матуляй, перачытваў ёй лісты з Топак, Запарожжа і Петразаводска, перабіраў і перагортваў кнігі.
«У Віфлееме, — пішаш ты, — я жыў цэлых дзесяць дзён. Як жа я любіў і люблю яго! І якое пранізлівае, амаль адчайнае пачуццё пакуты я адчуваў, калі ў другі раз завезлі нас у Віфлеем на дзве гадзіны. Ды яшчэ і падштурхоўвалі: хутчэй! хутчэй!»
Я таксама бываў у Віфлееме, падыходзіў да ясляў Хрыстовых на адно імгненне.
«На шчасце, — пішаш ты, — я доўгі час стаяў у поўным адзіноцтве ля Віфліемскай зоркі, ля яселек».
А я быў у невялікім натоўпе пісьменнікаў, і якраз тады не спадабаліся мне нашы знакамітасці: яны пастаялі і паглядзелі на ўсё, на манер турыстаў, не хрысціліся, не падпаўзалі на каленях да зоркі — такая была на тварах звыклая вучонасць, стомленая мудрасць, нібыта яны самі ўзніклі раптам са старажытнасці, зорку ў нябёсах заўважылі раней за пастухоў і ў гэтае імгненне чакаюць да сябе вялікай павагі. Няўжо ігумен Данііл, які ў ХІІ стагоддзі апісаў сваё наведванне Канстанцінопаля і Іерусаліма, быў цёмным і вартым «літасцівай паблажкі» сучаснай адукаванай братвы? Не паленаваўся, адшукаў ягоны томік.
Ці бачыў ты ў двух вёрстах ад Віфлеема «закінутую капліцу сярод алiўкавага гаю» ў імя анёла-добравестуна? Пра яе піша Фарар, ягоны цяжкі том «Жыццё Ісуса Хрыста» я перагортваю напярэдадні рэлігійных святаў... Чаму так? У Фарара і ў старых кнігах пра Святую зямлю малюнкі, гравюры, першыя фотаздымкі ўпрыгожваюць матывы святых паданняў з нейкай дзіўнай дапатопнай старажытнасцю і так чуйна прыцягваюць да Бога, да малітвы, што ўвесь неяк разам скараешся, уздыхнеш, паклонішся раўнінам Галілеі і Іерыхона, закладзеным акенцам царквы Труны Боскай, узгоркам і нізінам з біблейскімі авечкамі.
Зараз, у цісканіне цывілізацыі, цяжка сабраць пачуцці, як у даўніну.
Хіба што ў познюю восень пустата намякае на некранутае пясчанае наваколле (дзе зараз Галубіцкая і Перасып), вечна адзінотнае ў тыя старажытныя часы, калі грэкі плавалі міма па Меатыдзе і з Ахтанізаўскага лімана выгіналася пратока шырэйшая за сучаснае гірла.
Якраз каля гірла я і ўспамінаю цябе, трымаю ў руцэ тваю кніжку пілігрыма «Незаходні свет». Чайкі ў купках бялеюць грудкамі і нібыта сочуць за мной. Нікога. Пустэча ў моры і на небе, і, здаецца, за высокім берагам ў пасёлку ўсё вымерла. І гэтая мелодыя тысячагадовай пустэчы ў дадзеным наваколлі чутна мне.
Навошта я табе дасылаю свае ўздыхі? — ты далёка-далёка ад мяне і ні пра што не здагадваешся і зайздрасці маёй не адчуваеш. Усё ты пабачыў, усяму пакланіўся, крыжыкі пасвянціў, каменьчыкі падабраў і там, дзе хрысцілі княгіню Вольгу (у Ая-Сафіі), запаветны куточак аблюбаваў, а я, не маючы асаблівага багацця, толькі чайкам чытаю твае прызнанні: «Бывай, Стамбул! І няхай жыве ў нашых душах Цар-град, сталіца Візантыі, горад храма Святой Сафіі, Влахернскай іконы Боскай Маці...»
А я яшчэ не забываюся, як ты па дзевяць гадзін стаяў на малітве ў Панцеляймонавым манастыры з манахамі, дванаццаць разоў укленчваў ля Труны Боскай, басанож ішоў да Іерыхона.
Тут, у гірла, я пачаў пісаць у сшытку пра паездку пісьменнікаў на Поўнач і пасля першай старонкі не магу зрушыцца далей. Няма адпаведных словаў. Усё патаемна-дарагое застаецца тонкімі валаскамі ў цябе, цягнецца доўгім напевам. Словы ўбогія.
Зараз, пасля таго што здарылася ў нашай краіне ў канцы стагоддзя, адбіваецца ў маёй свядомасці нейкае другое жыццё, паездка наша здаецца развітальнай, і таму развітальнай, што больш такое не паўторыцца, хоць да ельцынскага перавароту налічвалася яшчэ цэлых дзесяць гадоў. Так шмат уцякло вады і столькі з той кампаніі пакінула боскі свет, што мне зараз горка выбіраць імгненні, шкадаваць, што іх больш так не пражыць. Вось на Ленінградскім вакзале збіраюцца пісьменнікі «вясковай» плыні і радуюцца адзін аднаму, нібыта родзічы: Сяргей Паўлавіч Залыгін, Віктар Пятровіч Астаф’еў з Марыяй Сямёнаўнай, Васіль Бялоў, Валянцін Распуцін, Уладзімір Крупін, Віктар Патанін, Анатоль Кім, Уладзімір Лічуцін, Уладзімір Гусеў, Уладзімір Корабаў, Барыс Раманаў, добры заступнік рускіх «глебнікаў» Валерый Ганічаў і яшчэ сёй-той. У Петразаводску і Мурманску далучацца да іх Д. Балашоў, У. Бандарэнка, В. Маслаў.
І гэта я, былы школьны настаўнік пад пясчанай Анапай у такой пачэснай кампаніі?
Толькі цяпер усклікаю: о, як пашчасціла!
Апавяданне «Бранскія» і аповесць «Люблю цябе светла» выцягнулі мяне ў пісьменнікі. Калі б не гэта, напэўна ж, затуркалі б мяне ў школе вучнёўскія сшыткі і педсаветы.
Так бы і не падышоў блізка да Распуціна, Астаф’ева, Бялова, Балашова, Алега Міхайлава, наогул ніколі б не паслухаў іх за абедам, у час шпацыру. А што ўжо казаць пра пісьменніка з заўральскага паселішча Уцятка, пра майго акшчонага цеснай повяззю Віктара Патаніна, які аб нечым запытаўся ў мяне ў выдавецтве «Молодая Гвардия», ды так і не пераставаў задаваць пытанні ажно дзесяць гадоў. Мы з ім размясціліся ў адным купэ з Астаф’евымі; Марыя Сямёнаўна сказала: «Ну вось, ажно тры Віці ў мяне стала, а то быў адзін, ды і той пачаў надакучваць». І мы неяк па-сямейнаму зарагаталі. Гэтак жа па-сямейнаму размясціліся трапезнічаць, да нас далучыліся яшчэ чалавек пяць, згуртаваліся разам, і пачалося. І вось не ўваскрэсіць гэтага! Ні гутарак, ні рогату, ні твараў не замацавалася механічнымі сакрэтамі. І радкоў у сшытках, у нататніках не схавалася ані ў кога. Мала шанавалі імгненне? Жылі і жылі. А што запомнілася — зараз нібыта пясчынка залатая. Нават такое: ноччу я злез з верхняй паліцы і не мог павярнуць рычажок у дзвярах; Астаф’еў пачуў, узняўся, таргануў ручку і выпусціў мяне. Мне было няёмка, што абудзіў... старога. А было яму ўсяго пяцьдзясят сем. Нядаўна адолеў я восемдзесят. І тое, як я калісьці незнарок абудзіў Віктара Пятровіча, не-не ды і ўспомніцца мне, і я замаркочуся на імгненне.
Працяклі гады вадою. Нейкае іншае жыццё заспелі мы. Паездка на Поўнач здаецца зараз развітальнай, менавіта здаецца, бо нішто не прадказвала крутых пераменаў і катастрофы.
Тое было наша шчаслівае сяброўскае імгненне на зямлі. Растанне будзе не хутка. Імгненне было ў Мурманску, у Апатытах, Севераморску, Кандалакшы, а раней за ўсё ў Петразаводску, дзе я ўзрадаваўся з’яўленню Дзмітрыя Балашова. Валодзя Бандарэнка, больш вядомы ў Малым тэатры, чым у літаратурных колах, запрасіў на абед да бацькоў. Я чакаў Балашова. І ён узнік у дзвярным праёме, нізенькі, у ботах, падобны да рускага князя з падручнікаў гісторыі. Тоўстыя свае раманы пісаў ён за адну зіму, жыў у вёсцы, трымаў карову, каня, сам касіў траву, паставіў сабе хату. Я яго пабойваўся. А вось Астаф’еў на яго неяк наравіста касавурыўся, чымсьці ён быў для яго непажаданы, магчыма, нават гэтымі мяккімі ботамі, паяском на кашулі, абыякавасцю да літаратурнай адметнасці Віктара Пятровіча. У пакоі з кніжнымі палічкамі Астаф’еў выцягваў які-небудзь томік і ставіў назад, выцягваў, узіраўся і пляскаў вокладкай, нарэшце выцягнуў кнігу Балашова, адышоў ад нас да акна, перагортваў, чытаў з нейкай падазронасцю. Тут гучна ўвайшоў сам Балашоў.
— Усё ведае князь Дзмітрый, — сказаў Астаф’еў.
Разумнавокі Балашоў слухаў так, нібыта гэта яго не тычылася.
— Ён і ў Царградзе як свой, усе куткі Ая-Сафіі абгледзіць і патрыярху Філафею да рукі прыкладзецца так умела, што мы, чалдоны, пазайздросцім і праз пяць стагоддзяў. Адкуль такое? — Астаф’еў нібыта знарок разыгрываў здзіўленне, а Балашоў усё глядзеў у падлогу. — Вось яму сам Мамай сказаў, што стане другім Батыем. Усё ведае і піша так, ажно залюбуешся: як гэта магчыма падглядзець і падслухаць праз цэлыя стагоддзі? «Князь Дзмітрый сядзеў у сябе ў спальні побач з Дуняй, а тая навалілася яму мяккімі грудзямі ў калені і плакала». Ці не было такой Дуні і ў аўтара?
— І не адна, — прызнаўся Балашоў строга.
— «Ён...» — паслухайце — «...засоп, патаптаўся, зрабіў крок насустрач, прыцягнуў яе да сябе, касмата пацалаваў у лоб». Гэта калі ж вы так касмата цалавалі і каго? Пайду ж і я сваю Мар’ю пацалую, — з’ёрнічаў Астаф’еў і, рукой прыабняўшы па-ранейшаму спакойнага Балашова, павёў да стала.
А я затрымаўся і зняў тую ж кнігу, разгарнуў яе. І...
«Усе гэтыя людзі памерлі, ад большасці з іх нават не засталося магіл. Шыракаплечыя пасадскія малайцы, румяныя дзеўкі састарыліся і згінулі таксама. Шмат разоў гарэлі і ўзнікалі зноўку церамы і палацы. Знікалі вёскі. Усе яны сягоння ў зямлі, і мы не ведаем больш за тое, што коратка адзначылі летапісы, не ведаем слоў, якія тады прамаўлялі, і можам толькі здагадвацца, пра што маглі казаць князь, воін, дзяўчына...»
Я якраз пісаў раман аб Екацярынадары, і тая ж мелодыя шкадавання пракралася ў маю душу.
Я чуў, як у суседнім пакоі за сталом Балашоў лаецца на Пятра Першага, а пазней, калі ўвайшоў, пачуў ужо: «А зараз і на Поўначы таго няма... Я ўчора пісаў пра дзяўчат, што пустэльніцамі сядзелі ў церамах, пра жарсці іх патаемныя, пра тое, як з аднаго слоўца ласкавага, мімалётам прамоўленага, з аднаго погляду, з жартоўнага перакіду папрокамі за рагом лазні дзяўчына гатова была чакаць (і не адзін год) таго, каго палічыла сваім, вечным...»
— Дык вып’ем жа за вяртанне церамных пустэльніц! — прамовіў я, і ўсе ахнулі ў падтрымку.
А можа, я ўжо выдумваю? Тое застольнае імгненне таксама расплылося дымам, знікла, лягчэй Балашову было апісаць баб за калаўротамі пры татарах, чым мне петразаводскае застолле трыццаць гадоў таму.
Я сачыў за адным Балашовым. Ён схаваецца ў сваёй вёсцы, у Маскве я яго не ўбачу, а вельмі ж хочацца паслухаць яго, такога рэдкага русіча, які жыве старажытнасцю і сённяшнім днём і ў чымсьці вышэйшы за нас, тых, хто не ведае толкам ні Уладзіміра Манамаха, ні Івана Каліту, ні Сергія Раданежскага. Ды толькі праз дзевятнаццаць гадоў яго заб’юць пад Ноўгарадам, дзе я яшчэ раз убачыў яго на спектаклі ў Юр’евым манастыры, у танцавальным гулянні з народам і ў ягоным доме за трапезай... у слаўныя дні 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Ужо пасля смерці маці, у снежні 99-га, піў з ім гарбату ў падземным памяшканні нашага Саюза пісьменнікаў у Маскве, і ён абяцаў будучай вясной наведаць Тамань, а ў студзені я пачаў пісаць яму напамін, але тут яго не стала. Штосьці дзіўнае, нечаканае выказваў ён тады за гарбатай, але ўсю гэтую рэдкую вязь словаў я не запісаў, а пасля мне не хапіла даравання ўзнавіць. Шкадую і па сённяшні дзень, што не пастаяў Дзмітрый Міхайлавіч на тым скалістым выступе, з якога Пушкін бачыў Керч (Корчаў).
Ды і ўсе гады неяк пуста без яго на самых небяспечных пядзях бітваў. Параўноўваю ў шкадаванні да яго лёс ягоны з лёсам Васілька Церабоўльскага, князёў Барыса і Глеба, і забіў яго, магчыма, такі ж Святаполк. Памятаю, як я па-дзіцячаму гараваў, калі згадваў у «Восені ў Тамані» аб Васільку. Ці не тады Бог вывеў мяне за руку на сцежку спачування нешчаслівым кубанскім казакам і даслаў да мяне ціхмянага Папсуйшапку?
Балашову паказаў бы я берагавую даліну ў Перасыпі, павёз за Ахтанізаўскую на Гару Барыса і Глеба, пачуў бы ад яго такое, чаго ніхто мне зараз не скажа, пагадаў бы з ім, дзе найпадобны Нікан заснаваў манастыр, завёў бы яго ў наш склеп, нацадзіў халоднага віна, а матуля пастаралася б нас пакарміць і потым, праз нейкі час, спыталася б у мяне: «Дык ён што — таксама пісьменнік? Лабасты надта». Не здарылася.
Мы вандравалі па Поўначы, а матуля мяне кожны дзень «суправаджала», нейкім чынам адчувала, як я сустракаюся з цёткай Пашай, нават далучалася здалёк да нашай гутаркі, радавалася таму, што нібыта і яна паразмаўляла са сваёй вясковай сяброўкай. Сорак гадоў не бачыліся яны, цётка Паша з’ехала з Крывашчокава ў Карэлію ўслед за дачкой, і болей ужо ім не ўбачыцца на гэтым свеце, і я каюся, не здагадаўся ўгаварыць радню на паездку ў Елізавеціна. Усіх сабраць на адзінае імгненне! Бацька цёткі Пашы Рыгор запісаны ў царкоўнай метрычнай кнізе пры хрышчэнні бацькі майго — Іаана.
І больш я нічога не ведаю. Усе гады пасля яе ад’езду я толькі і чуў матуліны скаргі, што няма цяпер на балоце цёткі Пашы, ды чытаў лісты з Карэліі з галашэннямі, як цяжка прызвычайвацца пасля Сібіры да чужой зямліцы.
«Паведамляю, — паўтараю я сённяшнім вечарам за пісьмовым сталом радкі цягучым напевам, пальцам праводжу па радках, — што мы твой, Таццяна, доўгачаканы ліст атрымалі, я так узрадавалася, што і не апісаць. Мы былі з табой блізкія сяброўкі, а зараз столькі гадоў не бачыліся. Мне ўжо 73. Быў час, смяяліся ў Крывашчокаве, рагаталі праз кожную дробязь, а зараз усё адышло, дачакаешся вечара, дык хутчэй у ложак. Успомніш, як мы жылі ў Крывошчокаве, колькі цягаліся з каровамі, стаялі на базары за прылаўкам з малаком, сочывам, яшчэ і паспявалі адна ў адной пасядзець, гасцей прыняць. Ты пішаш, што ніяк не можаш забыцца на Сібір, вядома ж, мілая, — цяжка запамятаць, жыццё некароткае прайшло там, і маці там пахавала, а зараз як прызвычайвацца без сваёй вуліцы і балота знізу? Адзін сын, і тое не побач. Значыцца, так Богам дадзена. Дзядзька Тышко ў нашай варонежскай вёсцы памёр, да нас у гэтую зіму прыязджалі адтуль, шмат пра каго казалі, ну... я ўжо на некаторых забылася. Ахвота паехаць... Чакаю Віцю, едзе з пісьменнікамі, няхай да нас зойдзе. Твая Параскоўя Рыгораўна».
Дачка Маруся прыводзіла яе на станцыю развітацца і яшчэ раз перадаць прывітанне «сяброўцы Таццяне». Цётка Паша чысценька прыбралася, стаяла маладжава-худзенькая ў плашчы, на галаве цёплая хустка, нос тонкі, на адным воку невялічкае бяльмо. Я падвёў да яе пісьменнікаў.
«Мама выпрасталася перад імі, нібыта царыца... — пісала нам ў Перасып Маруся, — рукі склала на кійку накрыж, яны адзін за адным падыходзілі з паклонам, кожны што-небудзь казаў ветлівае, а Віця ўсіх называў, ну нібыта Брэжневу прадстаўлялі маму, мы потым смяяліся дома: „Мамо, гэта да вас не падобна, вы як царыца Кацярына перад імі, вы ж не той пароды і не начальства, каб так строжыцца...“ — „А як я? — адказвае. — Яны падыходзяць, я дзякую, я кніг не чытаю, але ж то Віцевы таварышы, пішуць чагосьці, так складна, я вітаюся, а адзін, старэйшы за іншых, сказаў: “Я таксама сібірак.“ — „А я ж не сібірачка, я варонежская, каго выслалі, а Ліханосавы, Віцева маці і бацька, самі паехалі ў Сібір“. — „Парода“ — сказаў Астаф’еў. — „Наша парода ў вёсцы славілася. Асыкіны. Асыкіна сажалка была. І Гайваронскія. Ліханосавы горай, іх па вуліцы называлі “Голычавы“. Я, цётка, люблю кнігі чытаць і рада, што бачыла Астаф’ева, Бялова. Бялоў сярдзіты, буркае, адразу маму спытаў: „Колькі кароў было перад высылкай?“ Распуцін Валянцін высокі, маўклівы, але добры. Патанін, чытала ягоную аповесць „Над зыбкай“ і плакала. Лічуцін, расточку невысокага, разгаварыўся, ледзьве на цягнік не спазніліся. Балашоў наш петразаводскі, толькі паглядзеў у вочы дый так доўга, а Крупін падараваў маме іконку з Іерусаліма, ён там быў. Мама была задаволеная. „Таццяне напішу, — сказала, — якія ў Віці харошыя сябры. Віця адзін з нашых родзічаў вывучыўся на пісьменніка. Дзякуй Богу. А быў ну такі смірны, слова не дапросішся“».
Матуля шмат разоў перачытвала той ліст з Петразаводска, ішла ў гарод і там працягвала сваю гутарку з цёткай Пашай, ціхенечка скардзілася на сваю долю.
У дзённіку маім сказана, што я дапісваў раздзел, у якім Папсуйшапка апавядаў у позднія гады Таўстапяту аб смерці ягонай сястры Манечкі. Да дня нараджэння Лермантава я паехаў у Тамань, адтуль у грэчаскае сяло Віцязева да дачкі знакамітага атамана станіцы Благавешчанскай Канстанціна Юхно — яшчэ раз распытаць, яшчэ раз паспадзявацца на нейкі цуд, яшчэ раз памянуць тых, каго даўно ўжо няма.
У гірла, як заўсёды, чакалі мяне чайкі, якія неяк па-старэчаму горбіліся ля вады.
Я і цяпер з імі. Перабіраю ракавінкі, чытаю, пішу і думаю пра тое, ці ходзіць зараз басанож па Віфлееме мой вяцка-маскоўскі сябрук?
Ён зараз не чуе, як я пра яго ўспамінаю ўдалечыні, але потым, калі дапішу свае слёзныя старонкі, прачытае. Будзем мы ўжо старэнькімі. Ці мо чытае мяне маскоўскі вяціч ў гэтыя ж часы дзе-небудзь у сваёй вёсцы, як я ля гірла каля Перасыпі? Вось яны, ягоныя радкі: «Чатыры месцы на белым свеце, дзе жыве мая душа і якія заўсёды хрышчу, калі чытаю вечаровыя малітвы. У Лаўры, дзе келля выкладчыкаў. Нікольскае, Вялікарэцкае, Кільмез. І вядома ж, маскоўская кватэра».
А што ў мяне акрамя гірла? На дарагіх куточках маіх тапчуся я на ўсіх старонках. Амінь.