Мы выйшлі пасмаліць на 17 гадоў...
(фрагмент)
Маша
Калі ты сышла ад мяне, дакладней, не сышла, а проста абарвала тэлефонную размову, нібы спатыкнулася і неспадзявана выпусціла яе з рук, і, куляючыся, паляцела ўніз, як самазабойца з даху, наша няўдалая размова — бо ты заўсёды так абыходзілася са мной, быццам, вось-вось выпусціш: паўза і кароткая марзянка абрыву сувязі — «ту-ту», а потым не дазваніцца...
Пасля таго як ты сышла ад мяне, хоць такое ўжо здаралася, ты і раней практыкавала раптоўныя беспрычынныя сыходы — з рэстарана ці пасярод вуліцы, і пры гэтым ніякіх тлумачэнняў, некалькі дзён шукай ветру ў полі...
Ты сышла, а я адчуў, што сёння не рэпетыцыя, не блеф, і такі самотны жах наваліўся на мяне, гарачы, мокры, цялесны, быццам звар’яцелы водны выратавальнік, цяжкі, як сом, які, замест таго каб напоўніць грудзі паветрам, наадварот, рэзкім сваім удыхам спляскаў мае лёгкія, нібы папяровы пакет, і мне здалося, што я абміраю, абміраю, абміраю...
Такі разбураны, тленны стан. Напэўна, я абміраў і ў мінулыя разы, але ты вярталася, і я, як ашчасліўленая нараджэннем дзіцяці парадзіха, з радасці адразу і начыста забываў той зрынуты стан.
Ты сышла па тэлефонных правадах, не перазваніла ні праз дзень, ні праз тыдзень. І ў гэтае імгненне — мудрагелісты феномен часу — тыдзень, упакаваны ў імгненне, — я зразумеў, што сапраўды ўсё скончана. І сем мінулых сутак, нібыта вызваленыя ад чараў трупы, надзьмуліся, лопнулі і расклаліся на тысячы друзлых пакутлівых хвілін.
Аднойчы я цярпліва, як баявы радыст, выклікаў твой нумар тры гадзіны запар — гудкі, гудкі. Я слаў табе смс-паведамленні. Грубыя («Ты блядская сука!») і далікатна-бездапаможныя («Любая, растлумач мне: што адбылося?!»).
Я спрабаваў дастукацца да цябе ў тваім ЖЖ — у жаночай прыбіральні, сарціры амазонак, для Ж і Ж, — але ты рупліва выпалала мой каментар, а мяне «забаніла» (вывела босага ў споднім за чорную драўляную лазню і прыкончыла ў мяккую патыліцу).
Я збіраўся цябе пільнаваць ля твайго пад’езда — унутр дома было не патрапіць, падыходы да ліфта вартаваў грудасты, бабскай пароды кансьерж, — але разважліва адмовіўся ад гэтага намеру, баючыся, што ты прыйдзеш не адна, а з іншай мужчынскай істотай, што, як і я, практыкуе пісьмовае мастацтва.
Як немаўляты цягнуць у рот ўсялякую прывабную дрэнь, так ты зацягнула мяне ў свой дом на пробу — звяла з кнігарні, дзе я самаўлюбёна і спалохана прэзентаваў сваё чарговае папяровае дзіця.
Я тады толькі прыехаў у Маскву. Сам я лічыў, што на заробкі. Першыя лістападаўскія халады ператварылі працу ў пагодную з’яву: бялявыя заробкі, што храбусцелі лядком пад нагамі, сталі замаразкамі.
Бяздомны, я пражыў тры дні ў выдавецкім офісе, а пасля зняў жабрацкі кут каля метро «Цёплы Стан» — падвоеная назва неўзабаве зліплася ў зацукраваны сухафрукт, у сярэднеазіяцкую мігранцкую геаграфію: Узбекістан, Кыргызстан, Цёплыстан...
Нізкарослая, як дзяўчынка, прагная гаспадынька выцягнула з мяне восем тысяч за пакой, у якім адсутнічалі дзверы (замест іх спадала адстаўная фіранка), а акно завешвала пыльная гардзіна, падобная да велічэзнага бінту. Пісьмовага стала не было, спачатку я ставіў ноўтбук на падаконнік, прыладжваўся, скрыўлены, бачком. Пазней перасеў да мэблевай сценкі. Адна з яе дзверцаў, нібы замкавы мост, адчынялася гарызантальна ўніз. Я прыстасаваў яе замест стала. Яна была вузкаватая, дзверца, на ёй змяшчаўся толькі ноўтбук, а месца для мышкі амаль не заставалася, пры нязграбным руху я скідваў мышку локцем, і яна матлялася на шнуры, нібы шыбенік.
У жоўтай, маргарынавага адцення, сцяне над канапай тырчалі тры голыя цвікі — плоскія, як бесказыркі вяршыні раўнабедранага трохвугольніка, — калісьці ўтрымлівалі карціны або фатаграфіі. Шчыліны ў акне прадзімалі пакой. Я дарэмна канапаціў акно, яно ўсё роўна цадзіла ментолавую сцюжу.
У мяне амаль адразу з’явілася пісчая праца: за пятнаццаць тысяч рублёў я складаў калонку для раз-у-месячнага часопіса. Спраўляўся з ёй за некалькі дзён, на хуткую руку муштраваў словы, збіраў глянцавую калону і гнаў на забой рэдактару. У астатні час выседжваў новую кнігу. А выхадныя вечары я бавіў з табой. І так чатыры месяцы запар.
Ты спыніла нас напярэдадні Восьмага сакавіка. Хтосьці з часопісных шапачных знаёмцаў бяздушна жартаваў (каюся, я ўсім і кожнаму скардзіўся на цябе, цалкам страціўшы розум): «Цудоўная сяброўка. Табе не давядзецца раскашэльвацца на сакавіцкі прэзент». Я бяссільна ўсміхаўся шапачнаму дурню, а душа ныла, нібыта хворы зуб.
Я зрабіўся нейкім падкошаным і парожнім, здавалася, мая грудная клетка на сакавіцкім ветры шапаціць і пляскае поліэтыленавай пустэчай. Нешта здарылася з хадой, я страціў паважнасць, мяне кружыла, як сарваную афішу, я нервова азіраўся па баках, быццам нянька, якая страціла дзіця...
Стаў такім мітуслівым, клапатлівым. Уздрыгваў ад любога рэзкага — нават не гуку — руху. Аднойчы з крэсла на падлогу з’ехалі мае штаны. Гэты амаль бясшумны, але нечаканы ўчынак адзення ледзь не выпстрыкнуў сэрца.
На мяне, падранка, умомант накінуліся стыхіі прыроды і санітары гарадскога лесу. Рэдактар, чуючы ўва мне творчага інваліда, упершыню пагнаў прэч калону маіх рэкрутаў — не падышла калонка. Перапісаў праклятую — зноў не падышла, на табе! На! Падмануў, да слёз бессаромна ашукаў выдавец — на! На! Гаспадынька ўзняла прайс за фіранку да дзесяці тысяч. Не падабаецца? Вось бог, а вось парог!..
Да ўсеагульнага пастэрнакоўскага ганення падключылася мая іншагародняя другая палова — тая, дзеля (з-за?) якой я з’ехаў на замаразкі. Пазваніла. Не ведаю, якім інстынктам зразумела, што трэба затоптваць і дабіваць:
— Паскуднік! Ты нас кінуў! — у такім тоне яна са мной яшчэ не гаварыла.
А побач з ёй, я чуў, плакала і сумавала маё сардэчнае дзіця, мой маленькі сынок, і прасіла:
— Мама, мама, не крычы на тату!
Не памятаю, што я адказваў, быццам бы пярэчыў:
— Я ў Маскве не «паёбваюся», як ты выказалася, дурнічка, а працую!
Палова скончыла плаксівым лямантам:
— Каб ты здох, підар!..
А я зусім не пакрыўдзіўся. Лаянка страціла ранейшы сэнс. Ну підар. З тым жа поспехам палова магла абазваць мяне, напрыклад, варатаром: «Каб ты здох, варатар!»
Да пачатку другога тыдня твая адсутнасць перастала быць дыхальна-сасудзістай праблемай. Туга перакінулася на косткі. Нервова скуголілі рэбры, быццам праз кожнае прапусцілі вёрткі дрот. Каб заснуць, я жлукціў валакардзін — мятныя зёлкі старых бабак. Ён дапамагаў забыцца на некалькі гадзін. Кожная раніца пачыналася гарачкай — мяне нібы ўсяго абкачвалі падпаленым спіртавым камяком, і мне здавалася, што я не прачынаюся, а тлею адзінай думкай: сышла мая бялявая, мая мэрылінападобная...
Спачатку я паспрабаваў супрацьпаставіць табе алкаголь. Здароўе адмовіла мне ў гэтым ціхім суцяшэнні. Дванаццаць пальцаў маёй язвы ўсім сваім апостальным лікам настроіліся супраць мяне. Раніцай пякотка разводзіла інквізітарскае вогнішча ў страваводзе, і мне здавалася, што я адрыгваю гаручае вуголле.
Ад аднолькавай, як турэмная сцяна, тугі па табе я страціў здольнасць да працы.
Калісьці ўвішныя мае пальцы развучыліся апрацоўваць, выточваць бярозава-карэльскія словы — токару амін. У мяне канфіскавалі калонку.
У насланні і разумовай разрусе прайшоў месяц. А потым я стаў выдаляць цябе, як аскепкі. Сцёр былыя смс-паведамленні, выпатрашыў з ноўтбука фатаграфіі. Спыніў штогадзінныя экскурсіі ў твой журнал — вычытваць, ці не знайшлася мне замена.
Ты мяне падкасіла, збіла з панталыку. Але прыйшла пара станавіцца на пратэзы, танцаваць «Калінку», шукаць калонку.
Спярша ўздумаў прыбрацца ў пакоі, узброіўся гаспадарскім пыласосам. За векавой канапай у зляжалым пыле выявіўся брыдкі артэфакт ад ранейшага жыхара — выкарыстаны прэзерватыў нябачанага чарнільнага колеру, падобны да адарванага васьміногавага шчупальца. Пыласос хроп, як конь, пакуль давіўся гумавай здыхляцінай.
Але ці варта было далей дазваляць, каб на тваёй бландзіністай пу-пупідзе свет сыходзіўся клінам? Я зноў сеў за кнігу і пачаў строіць планы на Марыю.
Ты яе застала. Памятаеш Машу? Кранальнае вуглаватае пудзіла з гугла, з’явілася з лістом у маёй пошце, калі мы з табой яшчэ былі ў разгары.
Прызнаюся, ты была невыносна цяжкай. Тэатральнай сцэны не прымала — ні драмы, ні оперы. Кіно не любіла. Нішто цябе не радавала.
Хіба правільна расстаўленыя на паперы словы. Цябе мог пацешыць які-небудзь жорсткі, з’едлівы цырк. Арэна, на якой адбываецца прыніжэнне маленькага чалавека.
Ты загадзя вырашыла, што гэтая Маша непрыгожая. І мы ўдосталь насмяяліся з нябачнай. Яна, бач, разжыўшыся маім мэйлам, даслала вершы. Так пацешна напісала: «Добры дзень, аметыставы. Я ваша па-чытачка. Што азначае — пачытваю і шаную. Мой салодкі, мне важна ваша меркаванне...»
Ты абсмяяла гэтыя паўкаштоўныя аметыставыя кампліменты і Машыны вершы — яны былі цягучыя, шматударныя, як шаманскі бубен, былі багатыя на натужлівыя метафары.
Маша рыфмавала пейзажы: нябесныя свяцілы з ападкамі, зялёныя насаджэнні з уцехамі:
Зямля ў цісках бетоннага гарсэта.
Падзёртым лісцем ўвесь асфальт загаджаны,
Начнік дажджу струменіць слёзна-светлым,
Пад’езда сметнік так сцюдзёна-страшны.
Вакол кусты крукамі сухапарымі
Так засяроджана адзін другога раняць,
І толькі месяц, атачоны хмарамі.
На іх ляніва, ганарліва гляне...
«Начнік і сметнік, дзень цудоўны, яшчэ ты дрэмлешь сябар мой чароўны!» — ты рагатала, як варона. Я табе падтакваў. Узрадаваўся: зразумеў, чым цябе смяшыць. Ты на дух не пераносіла лірыку. Я сам панадзіўся складаць вершы, каб дагадзіць цынічнай прыродзе твайго смеху.
За акенцам дожджык ліў, ліў,
Я цябе забіў і падпаліў.
Дураслівы вершык ішоў у камплекце з дзевятнаццатай «Шанэллю» да Восьмага сакавіка — але ты не дачакалася падарунка.
А Машы я тады адказаў. Пахваліў у стрыманай манеры. Яна натхнілася. Выслала новыя вершы: «Будзільнік пырскае званамі, і сон гайдае туманамі».
Я прамаўчаў, Маша таксама ўзяла далікатную паўзу. У снежні, дзесьці на сярэдзіне нашага маршруту, ты правяла першую рэпетыцыю — знікла дні на два, а потым аб’явілася: мабыць, зразумела, што я яшчэ не прыручыўся, што не буду, самотны, крывахаркаць.
Маша павіншавала мяне з Новым годам. Вычварна і смешна: «Лазуркавы! Вам, напэўна, пажадаюць здароўя і шчасця. Я хачу, каб вы запомнілі мяне ў букеце віншаванняў. Таму жадаю: няхай у наступным годзе рудое парася прыліпне да столі! Ведайце: я на свята зусім адна, астрыжана, як бледны маленькі герцаг, і п’ю морс».
Я адказаў: «Няхай рудое прыліпне», адчуваючы карамазаўскае, подла-старэчае варушэнне, пажадлівы павуковы рух юрлівых пальцаў — вось што выклікаў ува мне маленькі герцаг: адзінота, безабароннасць, ліпкая бледнасць стрыжанай пахвіны і пунсовы струменьчык морсу. Цяжка ўявіць, але нябачная Маша на хвіліну спакусіла мяне. Аднак я быў занадта ў цябе закаханы, а гугальная прыхільніца проста ўдала дагадзіла майму ўяўленню.
Яна і пазней дасылала мне нячастыя вестачкі. Адна такая прыйшла, калі цябе ўжо не было са мной: «Кара мія, вельмі турбуюся за вас. Ці не здарылася худога? Дакладней, худой? Сама я худая, але не цярплю занадта хударлявых...»
Я ўпэўніўся, што Маша паслана мне ў суцяшэнне.
Неўзабаве пасля генеральнай уборкі (мая, мая віна, у чарнільным гандоне я не разгадаў злавеснага знака!) прызначыў герцагу сустрэчу. Напісаў: «Маша, мы з вамі знаёмыя без малога паўгода. Давайце пабачымся». Я з шыку захоўваў гэтае множнае «вы», зберагаў для будучыні: «Машачка, дазвольце, Машачка, зніміце, Машечка, рассуньце...»
Дамовіліся сустрэцца ў цэнтры, ля помніка Пушкіну. Напярэдадні сышоў снег, падмоклы красавік ад зямлі, што нахлынула адусюль, здаваўся чорным. Патыхала травянымі кармамі і вільготнай раллёй — моцныя сельскагаспадарчыя пахі. Сонца зноўку вучылася прыпякаць, але неяк няўпэўнена, дзіўна, быццам абмацвала то там, то тут цёплымі пальцамі.
Я чакаў. Маша спазнялася. Я кружыў вакол бронзавага зводніка, выглядаючы цябе, мая мілая: быў амаль упэўнены, што Маша выглядае нібы твая добрая разнавіднасць.
На пятнаццатай хвіліне вырашыў тэлефанаваць. Маша загадзя даслала свой тэлефонны нумар — памятаю, ён балюча цапнуў мяне ікламі: дзве апошнія лічбы былі чацвёркамі. Уяўляеш, мілая, Машын нумар, як і твой, меў ашчэраную змяіную сківіцу.
Маша адгукнулася: «Я ўжо прыйшла, але вас пакуль не знаходжу». У тэлефоне разам з Машыным голасам гучаў цвярскі шум. Прасігналіла машына, і я пачуў у трубцы блізнюк клаксона. Маша была зусім побач.
І тут я ўбачыў Машу...
Не так. Я ўбачыў яе, але нават не падумаў, што гэта Маша. Я шнырыў вачыма, але яна сама загаварыла са мной:
— Гэта я, лазуркавы...
Коса ўсміхнулася, і я зразумеў, што Маша ўжо папракае мяне за маю збянтэжанасць, за мой мужчынскі спалох. Дзесьці ў галінах страшна зарагатала варона.
Калі дапусціць, што Машыны зубы надрукаваныя ў Times New Roman дванаццатым кеглем, то два пярэднія яе разцы былі васямнаццатай Вярданай. Да зубоў у Машы аказаўся бясполы твар гарбуна — прывіда з маёй даўняй папяровай фантазіі. Яна была падобная да скрыпача, да хлопчыка-калеки з валасамі правінцыйнага Башмета — рэдкае сальнае карэ да плячэй. Верхняя губа як гусарская балада: мя-не-клі-чуць-хлап-цом-бяз-ву-сым, без-пад-стаў-на-кліч-уць!.. Вуграваты, быццам наперчаны нос. Пачырванелы, у шалупінні лоб. Абнесеныя белым вусны, быццам яна, як палахлівая троечніца, ля дошкі ела крэйду. Вывіхнутыя ўзнятыя плечы — памятаеш, я складаў табе: «І вывіхнута плечыка ў беднага разведчыка...»
Я быў блізкі да дзікай рэакцыі — адмахваючыся рукавамі, крычаць: «Што за дурныя жарты? Дзе сапраўдная Маша?!»
— Добры дзень, Маша, вось і пабачыліся, — пралепятаў я. — Хадзем піць каву.
А што мне заставалася рабіць? Я, зразумела, не ўзяў Машу ні за руку, ні пад руку, яна расхлябана плялася побач.
— Як справы, Маша?— я азірнуўся.
Яна нібы знарок адстала, каб даць мне яе разгледзець з галавы да пят. Ну, вядома ж, усё было не так жудасна. Звычайная непрыгожая аднагодка — можа, крыху старэйшая. Проста, амаль бедна апранутая — у зношаны да каленяў сіні пухавік з капюшонам, ніжэй — джынсавыя калашыны і невыразныя боцікі.
— Справы? Цудоўна, мой лазуркавы. Я прама з пахавання...
— Ах, Маша, ну чаму вы не сказалі, што сёння нязручны дзень для сустрэчы? Мы б перанеслі на іншы час. Спадзяюся, няшчасце не ў вашай сям’і?
— І не спадзявайцеся, кара мія! — Машыны вочы заззялі. — Памёр мой брат, — яна спаўна нацешылася маёй разгубленасцю.
— Маша, я спачуваю...
— Паспачувайце мне пятнаццаць гадоў таму, калі ён згвалціў мяне, — Маша помсліва выскалілася жаўтаватымі шрыфтамі. — Але я не магла не праводзіць яго, вы разумееце? — зноў пранізлівы погляд скоса.
О Гасподзь! Бегчы, прэч бегчы, як Мізгір...
Я давалок Машу да «Кава-Хаосу» — бо такі парадак.
У юны вечар пятніцы амаль усе столікі былі занятыя. Адшукалася месца ў палове, дзе смаляць. Мы селі пасярод вясёлых і дурнаватых, як ёлачныя цацкі, людзей.
Я гартаў меню, Маша грымаснічала — здавалася, яна размінае перад боем лоб і шчокі. Я прапанаваў нам капучына, сугучнае Машынай страце.
— Два сярэдніх! — папрасіў я ў прыслужніцы Хаоса.
Размова не клеілася. Маша, склаўшы грэблівай гузкай рот, віляла ім ва ўсе бакі, нібыта абрубкам хваста.
Потым сказала:
— Сумна, лазуркавы. Мы з вамі бачымся першы і апошні раз. Вы больш не прыйдзеце...
Вымавіла з такім болем. А што я мог ёй запярэчыць, мілая? Яна мела рацыю. Ад ілжывага «ну што вы такое кажаце, Маша, мы з вамі яшчэ шмат-шмат разоў» выратаваў заказ.
Маша пагрузіла гузку ў капучына, раптам нечакана вярнулася да братка-нябожчыка:
— Але вы не асуджайце Альберта, кара мія. Давайце я вам пакажу яго...
Маша палезла за каўнер — пад расхінутай курткай паказаўся адварот пінжачка, — выцягнула нешта накшталт плоскага скуранога партаманета, дастала фатаграфічную лустачку тры на чатыры. Са здымка глядзеў лупавокі базедавы Башмет, аддалена падобны да Машы.
— Ён быў старэйшы за мяне на тры гады. Меў дзівосны талент да матэматыкі. Але з арміі вярнуўся скончаным шызафрэнікам. Яго там згвалтавалі, лазуркавы. Ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, а ў выніку зняславіў мяне. Мама ледзь не памерла, калі даведалася. Мы нікуды не паведамлялі — пакінулі ў хаце ўвесь гэты бруд. Але я яму даравала!..
Маша гаварыла занадта гучна. Яе бравы аповед, верагодна, быў чутны суседнім столікам.
Маша рынулася ротам у кубак, быццам у бездань, вынырнула з густым кававым махром на губе.
— Ён памёр ад раку падстраўнікавай залозы. Гэта адбылося праз тыя жудасныя таблеткі, якімі яго шпігавалі. Ён неверагодна патаўсцеў, у яго павылазілі ўсе валасы...
За бліжэйшым столікам вымавілі:
— Вусы як у ё..анай лісы!
Юныя галасы зарагаталі.
Маша чамусьці прыняла «лісу» на свой рахунак. Яна выцерла вусатенькую губу і, узяўшы капучына, пайшла на ворага. Я не паспеў яшчэ нічога зразумець, як Маша, выгукнуўшы адчайны выклічнік, плюхнула ў грубіянаў. Я здранцвеў ад няёмкасці.
Мілая, і смех і грэх. Зазвінелі лыжкі і сподкі. Перакуліліся два крэслы. Пацярпелая — смяшлівая дзяўчына ў белай кофце — сядзела быццам пасля стрэлу ў грудзі, растапырыўшы вочы і рукі. Яе суседка крычала: «Воля-а! Волі-і-чка-а!» — і выдаляла сурвэткай капучынавыя раны.
Маша, падобная да цютчаўскай Гебы, трэсла громападобным парожнім кубкам. Сябрук параненай дзяўчыны абтрасаў калашыну. Уся рэзервацыя курцоў, спачатку анямелая, загаманіла: што такое, што за жах? Прыслуга Кавы і Хаосу ўжо спяшалася на пагром. Запэцканы сябрук рушыў было да Машы — нерашучы твар яго выказваў: «Пакараць нельга памілаваць». Раптам спыніўся, уражаны: Маша круціла галавой, як прашчай. Прыадкрыла рот і павалілася. На падлозе пачала ўздрыгваць, з рота паказалася негустая сліна, нібы Маша выпускала на волю выпітае пеннае капучына. Хтосьці крыкнуў, што трэба тэрмінова выклікаць хуткую, зрабіць кляп, каб Маша не прыкусіла язык.
Я так і не зразумеў, ці быў гэта сапраўдны прыпадак ці яна сімулявала падучку. Маша ахвотна прыняла клопат усіх чуллівых, паслухмяна закусіла імправізаваныя цуглі са скручанай жгутом сурвэткі.
Пакалаціўшыся яшчэ пару хвілін, яна страсянулася, як сабака, хуценька ўстала і звярнулася да мяне сваім выпуклым ілбом:
— Лазуркавы! Вязіце мяне дадому...
Я спыніў на дарозе азіята-качэўніка, сяк-так запхнуў Машу ў машыну, сунуў ёй пяцьсот рублёў. Яна чаплялася, намагалася вываліцца на тратуар, цягнула рукі:
— Не сыходзьце! Прабачце!..
— Дарагая, вы ні ў чым не вінаватая!.. — Я ўтрамбоўваў Машу глыбей, падганяў вадзілу: — Ды едзьце ж, чорт вас бяры!
З’ехаў, павёз. Мілая, у той вечар я пра цябе не ўспомніў. Я быў поўны Машай.
Яна ператэлефанавала праз некалькі гадзін. Я чуў вуліцу. Маша пракрычала, што азіят спрабаваў яе згвалціць, адабраў пяцьсот рублёў і выкінуў па дарозе — яна б разбілася да смерці, але выжыла дзякуючы фізічнай падрыхтоўцы: два гады фігурнага катання па Доме піянераў — паспела згрупавацца і прызямліцца на бок.
Я сказаў:
— Маша, трэба неадкладна звярнуцца ў міліцыю.
— Ніхто не стане яго шукаць, — адказала Маша. Засмуцілася: — Я сёння напалохала вас, мой салодкі, са мною шмат клопатаў... Але вы дазволіце мне вам тэлефанаваць?
— Вядома, Маша...
Кожны божы дзень! У яе ў мабільніку быў усталяваны нейкі катаўскі тарыф, які дазваляў ёй гаварыць гадзінамі. Яна не ведала меры. Прызначала сустрэчы, быццам нападала з засады: «Потым дадаць лаўровы ліст, імберац і чырвоны перац... Кара мія, а прыходзьце ў госці, я вас пачастую...»
Я з апошніх сіл вышукваў прычыны каб адмовіцца: парваўся гуж, кучар нядужы...
— Добрай раніцы, мой салодкі! Прачнуліся? Хачу, каб вы запрасілі мяне на танец... — Маша залівіста, па барабанных перапонках, смяялася. — Вам нічога не прыйдзецца рабіць, кара мія. Чуеце музыку?.. Бум-ца-ца, бум-ца-ца, бум-ца-ца.
— Чую, Маша...
— Штраус! Ён чароўны. Ну, давайце ж руку — вось сюды, на талію, і кружыце мяне...
Ад гэтага можна было страціць розум. Але я пагадзіўся. Мы танцавалі не радзей трох разоў на тыдзень. Мазурку, польку, кракавяк, танга...
На летцы-енцы — «прыг-скок, ранкам на лужок» — я забаставаў: «Маша, я стаміўся ад вашых скокаў. Змілуйцеся, дайце папрацаваць!»
Яна пакрыўдзілася і не з’яўлялася, магчыма, тыдзень. Мілая, я блаславёна падумаў, што недаацаніў яе крыўдлівасць.
Званок. Трубка шумна задыхала і заплакала:
— Лазуркавы, бяда! Я вам расказвала, што ў мяне ёсць дачка...
— Так, Маша...
— Дачка Элеанора. Ёй пятнаццаць гадоў. Мой былы грамадзянскі муж Юра, фізік-тэарэтык, ён восем гадоў таму сышоў з навукі, заняўся бізнесам, прадаваў оптавалаконны кабель у Аргенціну... Іх крышавалі чачэнцы. І вось цяпер высветлілася, што Юра ім шмат завінаваціўся, і яны выкралі Элеанору! Яны мне тэлефанавалі, патрабавалі грошы. А Юра прапаў!..
Пачыналася лезгінка. Каленца з чачэнцамі.
— Але чым я магу вам дапамагчы, Маша?!
— Пагаварыце з імі!..
— З кім?
— З выкрадальнікамі маёй Элеаноры!
— Маша, я не ўмею гаварыць з чачэнцамі. Ды і што я ім скажу?!
— Прыгразіце...
Узамен мне давялося хвілін сорак супакойваць Машу. Сізіфава праца — суцяшаць няўцешнае.
Я не надта паверыў Машынай мыльнай экзотыцы пра Аргенціну і оптавалакно, хоць чым д’ябал не жартуе...
— Лазуркавы... — раніцай мяне пабудзілі рыданні. — Прабачце, я не сказала вам усёй праўды. Элеанора... яна не дачка Юры. Яе сапраўдны бацька — мой брат-нябожчык Альберт!..
З кожнай гадзінай... Выратуй і захавай...
— Я тады зацяжарала... Юра пра гэта не падазраваў. Чачэнцы таксама не ведаюць, яны думаюць, што Элеанора — дачка Юры. А што, калі паведаміць чачэнцам праўду?! Раптам яны вернуць Элеанору? Раскажыце ім самі, вы здолееце, я вам давяраю! Можа, вам дорага тэлефанаваць? Я дам ваш тэлефон!..
— Маша, прашу вас, не давайце мой нумар ніякім чачэнцам!..
Я ўстаў з канапы. Сон як рукой зняло. Удалечыні маячылі пад’ёмныя краны, падобныя да шыбеніц са стралецкага трызнення.
Маша патэлефанавала апоўдні.
Усхвалявана дыхаючы:
— Лазуркавы! Я ўсё наладзіла сама. Вырашыла прадаць кватэру. У мяне да вас адна просьба: дапамажыце знайсці маклера! Я так баюся падману!
— Маша, дарагая, але ў мяне няма знаёмых рыэлтараў! У інтэрнэце поўна ўсялякіх фірмаў — паглядзіце...
Я перастаў адказваць на званкі. Адправіў смс: «Я ў роўмінгу».
Маша распачала тэлефонную перапіску: « Лазуркавы, я так жудасна па вам сумую!», «Калі вы вяртаецеся? Трэба параіцца», «Цалую падушачкі вашых геніяльных пальцаў», «Мне прапанавалі за кватэру разлічыцца швейцарскімі франкамі. Згаджацца?»
Маша была регулярная, як прыём лекаў, — чатыры разы на дзень.
Кожны дзень прыносіў навіны ад Машы. Але неўзабаве разыгралася сапраўдная драма.
«Забілі Элеанору!» — і з інтэрвалам у чвэрць гадзіны: «Тэрмінова патэлефануйце, інакш будзе разрыў сэрца!»
Я здрыгануўся. Наколькі вялікі быў Машын адчай, раз яна адважылася забіць сваю крывіначку — Элеанору Альбертаўну, Элеанору Ілжэ-Юр’еўну.
Праз некалькі гадзін атрымаў смс-паведамленне: «Добры дзень. Гэта сястра Машы Валерыя. Я пішу вам з яе тэлефона. Маша знаходзіцца ў Першай градскай бальніцы, стан крытычны». Іншы почырк, чужая інтанацыя. Не дзіўная Маша, а празаічная, як грэцкія крупы, Валерыя.
Я не паддаўся. Сціснуў кулакі і не адказаў.
Днём: «Гэта зноў Валерыя. Марыі стала горш. Патрабуецца найскладанейшая аперацыя».
На захадзе: «Аперацыя прайшла няўдала. Магчымы лятальны зыход. Валерыя».
Уначы: «Марыя ўпала ў кому. Прыязджайце развітацца».
Часам я сумняваўся ў аўтарстве і мне мроілася манструёзная кузіна, чарговы Башмет, які нясе вахту ля машынага смяротнага ложка...
У дзве гадзіны ночы мяне разбудзіла, быццам ткнула пальцам, сумная вестка: «Марыя памерла».
Фарсіраваная драматургія загнала нявопытную і палкую Машу ў магілу. Хто перахопіць эстафету заляцання? Няўжо Вікторыя?
Раніцай прыйшло: «Развітанне з Марыяй адбудзецца заўтра аб адзінаццатай раніцы. Прыязджайце па адрасе: метро Першамайская, 7-я Паркавая вуліца, дом такі, кватэра гэтакая. Прашу пацвердзіць вашу прысутнасць. Больш я вас не патрывожу. Валерыя».
Зрэдку мільгала думка, ці не паехаць на Машыны памінкі, каб пабачыць іх усіх: сястру Валерыю, фізіка Юру, чачэнцаў, Машу ў лядачай труне...
Зрэшты, ведаў, што не паеду: першамайскі адрас за вярсту патыхаў першакрасавіцкім пахавальным фарсам.
Мілая, у тыя няпростыя хвіліны я прасіў у цябе прабачэння за мае былыя званкі і лісты, за ганебную пагоню з адтапыраным кручкаватым мезенцам — вярніся, вярніся і больш не біся.
Я адпускаў цябе, мілая...
А днём прыйшла лазуркавая эсэмэска: «Чуткі аб маёй смерці перабольшаныя. Памерла іншая Марыя. Шалапутная сястра Валерыя, як звычайна, пераблытала, прабачце яе. Наогул, столькі ўсяго адбылося — давайце пабачымся! Ваша Маша».



