сапраўдная бібліятэка, у якой можна доўга корпацца...

* * *

сапраўдная бібліятэка, у якой можна доўга корпацца,
не электронны яе варыянт, гутэнбергаўская, свая —
дактыласкапія духу: пакажы, што чытаеш, —
і я скажу, хто ты сам, — не дарэмна ж так кажуць,
што ў сапраўднай бібліятэцы на кніжных паліцах
можна знайсці рарытэт, што на іх прыхаваны,
там алоўкам вердыкт ці чарнілам інскрыпт
ад таго, хто прынёс гэту кнігу сюды,
альбо нават аўтограф ад аўтара, і такое бывае,
ды за ўсё даражэй непрадбачанасць і выпадковасць
палявання за кнігай, і думка прыходзіць міжволі:
можа, хтосьці калісьці так вылавіць кніжку тваю,
ён разгорне яе і пачне разбіраць пазначэнні,
што пакінуў ты ў кніжцы пад тэкстам ці зверху яго,
ну а потым ўчытаецца ў тэкст і захопіцца тэкстам —
гэта мара любога паэта, яго ўзнагарода
і падзяка за доўгія тыя гады, калі ты
проста вершы складаў і не думаў аб тым рарытэце,
толькі зараз адна патаемная думка прыйшла ў галаву:
мой чытач, мой суаўтар і нават заступнік,
ты палюеш за кнігамі — вылаві, брат, і маю
з гэтых кніжных завалаў, дзе марна жаўцеюць старонкі,
проста вылаві, брат, пыл сатры, разгарні і чытай
тое, што напісаў я калісьці рукою таропкай,
гэта наша спатканне, і вось што галоўнае ў ім —
прачытаць, зразумець тэкст чужы, каб сваё там убачыць,
і не мае значэння астатняе ўсё — тыражы і выданні,
слава ці невядомасць — пустое ўсё, я так скажу:
прачытай, а затым адкладзі, і з удзячнасцю шчырай
можаш проста забыцца, і дзякуй, калі не забыўся...