Уцякач з раю

(фрагмент аповесці)

Напэўна, у кожным з нас, як у шчыльна зачыненым зрубе, сядзіць мядзведзь і чакае свайго часу, але як толькі дасі слабіну, прыадчыніш сталёвую дзверку, крышачку аслабіш ланцуг, тут і заламае чорт кудлаты, наваліцца зверху на боскую душу, выпусціць дух вонкі, — і не жыць табе болей.

Але ж хто пасвіць яго, браткі, да пэўнага часу, такога лютага і літасці не ведаючага? Хто сцеражэ ў кожную хвіліну пільна, не дае патурання, не выпускае на волю, не звязвае сярдзітага дзядзьку нябачнымі надзейнымі пастронкамі? Як бы разглядзець тое таямнічае аблічча нябачнага вартаўніка, упэўніцца ў ягонай непарушнай сіле, каб, умацаваўшы свой дух, няспешна брысці да края гадоў, не баючыся смуты? Дзе набыць чыстую, без каламуты, роўнасць жыцця, каб не расплюхаць яе жыватворную вадзіцу па дробязях, каб потым не расплакацца, шкадуючы сябе, няшчасную сіраціну?

А то ж, нібыта па паўнах, па балотных чарусах, з дзеўкай-марухай, што цябе праводзіць выклікалася, правіш свой нярадасны шлях з купіны на купіну, баючыся патрапіць у правальныя мшарныя вокны, вераломна прыкрытыя зверху тонкай зялёнай павалакай, скачаш па краі чорнага, бліскучага, быццам камень-аспід, бяздоннага возера, што дыхае пагібельным тленам, падобным на злавесны праран, уваход у аідавы цясніны, пры выглядзе якога смертна сціскаецца ваша душа, хоць бы і была ўціснутая гэтая дзягцярная вадзіца ў ніколі не цямнеючыя сонечныя прызыўныя рызы са спелай руда-жоўтай марошкі.

А тут яшчэ вечны бяссонны мядзведзь варушыцца ў грудзях, прыгінае галаву да зямлі, адводзіць позірк ад высокіх нябёсаў, дзе ўздымаюцца ледзяныя горы з шапкамі распаленага вуголля. Ну як тут не спатыкнуцца, браткі, як не ўсклікнуць тужліва «Божа, дапамажы і памілуй!..» І вось сёння я забіў чалавека.

Па праўдзе кажучы, я даўно гэтага жадаў, але не мог адшукаць верных шляхоў выратавання, і гэта мяне стрымлівала: бо як бы ні выкручваўся мой гнуткі розум, якіх бы скідак і тайных сцежак ні вынаходзіў, у якія б сховішчы не запіхваў, але ўсё зводзілася да сумнага заканчэння: хітрыя вузельчыкі разблытваліся, мудрагелістыя пяцелькі развязваліся, да мяне ў хіжу з’яўляўся дзяржаўны чалавек з наганам, хамутаў у сталёвыя кайданкі і цягнуў у каталажку; на гэтым мая галава замірала, напаўнялася сцюжай і пераставала работаць.

Высветлілася, што ўся велічэзная родная зямля з яе непралазным глухім гушчаром і таёжнымі лагчынамі, з горнымі цяснінамі і паляўнічымі ўгоддзямі за сотні вёрстаў ад чалавечага жытла адмаўлялася даваць мне сховішча; нарэшце Праўда Закону туга спавіла краіну звышпільным наглядам, пазбавіла народ волі і нават самых мізэрных мар схавацца ад улады. Я смутна здагадваўся, што разам з непазбежнасцю пакарання, аб якой так клапоцяцца нягоднікі і ўсе тыя, хто рознымі несумленнымі спосабамі дасягнуў улады, іншымі словамі, проста скраў яе, я міжволі пазбавіўся самага галоўнага, што хаця б у наіўных думках цешыла рускага чалавека, якому падсвядома заўсёды хацелася ўзбунтавацца, выйсці з падпарадкавання, атрымаць асалоду ад сваёй неўтаймаванай лютасці.

Бо ўсякі бунт ёсць помста; і хоць ён не абыходзіцца без крыві, у ім маецца і нейкі сэнс, які асвячоны Богам. Я ніяк не мог зразумець, што калі чалавек надумвае забіць іншага, забраць у яго жыццё, што дараваў Усявышні, ён не баіцца ніякага суда: ні зямнога, ні Нябеснага, — а значыцца, і думкі не трымае аб нейкім выратаванні. Гэта адбываецца адразу ж, нечакана, быццам ў вар’яцкім сне, шалёна, неабдумана, безразважна, з незнаёмым раней сардэчным агнём у грудзях, як быццам там раптам усякае жаласнае пачуццё выдула ліхаманкавым ветрам і хмельным азарэннем у галаве.

...Так са мной і здарылася.

Быў дзень памінання памерлых на Пятроўшчыну. На задворках маёй хаты маячыць могілкавая брама, і Жабкі нібыта намерыліся адным махам перавандраваць сюды, каб адгараваць разам і сканаць; рэдзенькі струменьчык бабулек павольна працякаў праз перакошаныя шэрыя вароты, усе яны неслі з сабой хатулькі і бідончыкі, і ўжо ніхто ад могілак не спяшаўся вярнуцца дахаты. З акна мне бачны быў акрайчык вёскі, густа закіданы зеленню траў; праз пшанічныя калоссі і мяцёлкі проса ледзьве прасвечваліся нізкія, у тры акны, хацінкі, якія таксама з ахвотай прыціскаліся да зямлі, нават урасталі ў яе. Усё жывое дачакалася нарэшце поклічу труб архангелаў і, захапіўшы з сабой пахавальныя сціплыя пажыткі, ахвотна рушыла ў апошні шлях.

Гэтыя могілкі для мяне былі чужымі, усе мае продкі былі пахаваныя ў іншых месцах, зараз амаль што сцёртых з памяці, але штосьці нечакана паклікала мяне ўліцца ў чалавечы гэты раўчук, які паступова мялеў, быццам я спалохаўся застацца ў сіроцтве на мутулі-зямлі і ўбачыць такое, што ніяк не павінна ведаць простаму чалавеку. Я паспешліва засунуў у кішэню пару вараных яек, каб павіншаваць памерлых са святам, падзяліць з імі няхітры пачастунак, і, хуценька прайшоўшы акрайчык гароду, адразу ж патрапіў на Чырвоную горку, што густа парасла сасоннікам. І ўсё ж, нягледзячы на гушчыню, праз сосны цьмяна прасвечвалася малочна-белая рака Проня.

Пад гэтымі векавымі дрэвамі, апранутымі, нібыта воі-асілкі, у медныя кальчугі, бабулькі здаваліся асабліва мізэрнымі, быццам бы яны проста ўраслі ў зямлю па калені, а то і па грудзі; у некаторых толькі макаўкі галоў тырчэлі з руда-жоўтага пяску. Удовы поўзалі калі магілак, нібыта вымольваючы сабе выратаванне, выскубваючы з ледзь бачных узгорачкаў сотнік, рэдкі пырнік, зайцаву капусту і жорсткія ніткі мышынага гарошку, дрыжачымі пальцамі крышылі на магілкі сухары, баранкі і карамелі, хто і гарэлачкай напаўняў шкляначку, брудную ад дажджу і лясной пацярухі, хто запрашаў на пачастунак лясных птушачак і звяркоў, якія заўсёды ахвотна наведвалі могілкі.

Баба Груня, па мянушцы Каралішка, прыпаўшы да магілы тварам, глуха галасіла, нібыта птушка-каркун, выдзірала з грудзей адрывістыя маленні:

— Вой, Іванка, родненькі, і на каго ж ты мяне пакінуў гора-бяду кукаваць. І чаму ж ты не паклічаш мяне да сябе. І няўжо ж не знудзіўся там у адзіноце? Бо няма ж з кім табе тамачка і слоўцам перакінуцца.

Як ні ціха, асцярожна ступаў я праміж крыжоў, Груня нейкім асаблівым пачуццем адчула мяне, ускочыла з пагорачка, нібыта засаромілася старонняга чалавека, пачала паспешліва абтрасацца, збіваючы пясок з каленяў. Вачаняты ў Груні асабліва яркія на прыпухлым бледным твары, карыя з бурштынавай іскрай, ззяюць, быццам царкоўныя паціры. Нібыта і не выла толькі што, не галасіла, не выплаквала гора.

— Сумуеш па мужу? — спытаўся я першае, што прыйшло ў галаву, агінаючы чыюсьці занядбаную магілку, болей падобную на купіну, што парасла ўся кудлатым серабрыстым мохам.

— Няўжо ж не... Клічу Ваню, а ён маўчыць. Вось і гарэлачкі наліла. На, кажу, выпі. А ён маўчыць. І зараз нічога не адказаў. Хоць бы слоўца ад яго пачула. Думае, пэўна, навошта мне старая карга. На зямлі даставала хужэй горкай рэдзькі, а яшчэ і да сябе клікаць... Маўчыць дзядок. — Груня цяжка ўздыхнула, але ж разам з тым неяк развітальна, нібыта вызваляючыся ад прыкрасці, прынялася старанна прымінаць крутое яйка і высяваць ягоную мякаць разам з шалупіннем.

— Ды няўжо ж з магілы што чуваць? — дурнавата ўсміхаючыся, запытаўся я. — Ці мо туды тэлефон спушчаны? Нябожчыку на грудзі, каб весткі на той свет перанімаць?

— Спушчаны, Пашанька, спушчаны. А ты, Пашуня, не лянуйся, укленчы і паслухай. Ён цябе за брата лічыў. Можа і адзавецца глухі чорт.

Няўклюдна пераступаючы, схіляючы кавыльную галаву да зямлі, я наважыўся быў прытуліцца да знаёмага дзёрну, пад якім пяты год жыў не чужы для мяне чалавек — Іван Гарбачоў — па мянушцы Гарбач. Тут хтосьці аклікнуў мяне, нібыта голас данёсся з магілы. Я азірнуўся, убачыў шэры бетонны крыж на ўзгорку (такія крыжы маячылі раней па кавыльных стэпах), які здаўся мне надзіва знаёмым. Трымаючы ў руках пачатую бутэльку, горбіўся Фёдар Зулус, сын Груні, і чамусьці прываджваў мяне, бразгаючы гранёным кілішкам па зялёным «крышталі». Такой псаванай гарэлкай па дванаццаць рублёў за пасудзіну забяспечваюць вясковую бядноту падпольныя спіртавозы.

— Адкуль такі крыж узяўся? Раней я не бачыў чамусьці. Ці мо зімой хтосьці памёр з «новых рускіх»?

— Дзе? Які крыж? — спыталася Груня, прыставіла далонь да падслепаватых вачэй, выглядваючы на могілках паміж дрэў свежы ўзгорачак. — Прымроілася табе, Паша. На вось табе трубку. Яна цябе з дзедам праз нябёсы звяжа. Я табе і нумар набяру.

Старая няўмела пачала тыцкаць пальцам па перламутравых кнопках, і пластмасавая цёмна-шэрая жаба заквакала, па танюсенькім духаправодам праз тысячы нябесных вёрстаў дабіраючыся да Івана Гарбачова, які з’ехаў кудысьці на той свет, хоць і ляжаў тут, пад нагамі, у перавітай карэньчыкамі зямлі, адкуль ужо прабілася тоненькая вузлаватая рабінка. Я адхіліў руку Груні: нават пазіраць на пупырыстую жабу было агідна, не тое каб у далонь браць гэтую слізкую, смяротна-ледзяную гнуснасць, шчокі якой усё больш і больш раздзімаліся.

— Тэлефануй сама, не адступайся, — параіў я Груні і пад гукі шкляной музыкі падышоў да Зулуса.

Бетонны крыж падпіраў нябёсы, ягоная вершаліна была роўная вершалінам кучаравых соснаў, што пастаянна сыпалі на магілкі драўняную пацяруху; на верхняй папярочцы, купаючыся ў нябесным прасторы, сядзеў воран-каркун і старанна чысціў пёры.

— На, выпі! — Зулус працягнуў кілішак з жоўтымі плямамі цвілі, на дне плавалі пясчынкі, падобныя на залаты шліх. Стракатыя, як у маці, вочы Фёдара зірнулі нечакана помсліва, быццам бы я пазычыў вялікія грошы і не аддаў своечасова, і вось зараз Зулус «уключа лічыльнік»: шчотка сівых з чарнаватым адлівам вусоў ашчэрылася над вуснамі, агаліліся шчыльныя жоўтыя зубы і рабрыстая, у белых плямах дзясна. Такая грымаса звычайна бывае ў сабакі перад нападам, калі яна на ўсё гатовая, толькі б адстаяць сваю цукровую костку.

— Ты ж ведаеш, Зулус, я не п’ю. Мне ўрачы забаранілі.

— Не плюй у студню, Паша. Са мной лепш не сварыцца.

— А хто ж памёр? — я паспрабаваў абысці Зулуса і разгледець фотаздымак, але Зулус жостка выстаўляў руку перад самым маім носам, загароджваючы агляд. Гранёны кілішак хістаўся на шырокай далоні, нібыта абломак горнага крышталю, іскрыста-сакавітага, з блакітным адлівам у стрыжні і крывяной пацеркай, што апынулася знутры яшчэ пры зараджэнні мінерала.

— А ты не ерапенься, ты выпі, — пагрозліва паўтарыў Зулус і крукам доўгай рукі як бы зашчаміў маю галаву ў пятлю, заякарыў, загнаў у пастку. Я скасавурыў погляд: перад маімі вачыма смуглае перадплечча бугрылася, нібыта пудовая гіра, і па мышцы, хутка набухаючы, пацяклі блакітныя раўчукі, гатовыя прарваць задубелую скуру. Бычыная моц хутка злівалася ў ёмкі посуд і жадала задушыць мяне. — Сёння толькі Хрыстос не п’е, таму што ў яго рукі цвікамі прыбітыя, — насміхаючыся, у самае вуха хрыпеў Зулус, дыхаючы махрой і перагарам. — А асабліва на халяву чаму не піць? На халяву толькі дурань не п’е, а ты ж у нас занадта разумны. Чуеш? Пі, быдляціна, а не тое сілком пачну ўліваць. А ты потым крэкнеш, хукнеш і другую папросіш наліць. А я не дам. Я табе скажу: ідзі на хрэн, дармаед
паганы.

І што мне заставалася рабіць, браткі? Белы свет імкліва цямнеў у маёй галаве, а чорная дурасць ударыла ў скроні. Колькі знайшлося моцы, я таргануўся з абдоймаў, не выносячы гвалту над сабой, ударыў касцістай макаўкай знізу ўверх і патрапіў Зулусу па зубах: ён войкнуў, адступіў на крок, здзіўлена разглядваючы нахабнага камара, але тут жа аступіўся ў маленькую ямінку (зарослая магіла), і нага, напэўна, патрапіла ў даўнюю дамавіну і захраснула ў ёй. Зулус хіснуўся і, не ўтрымаўшыся, грымнуўся на спіну.

А побач, крыху прыўзняўшыся палазамі на купінах, ляжала трактарная валакуша з цэльных сасновых камлёў, на якой, хутчэй за ўсё, і прывалаклі на могілкі бетонны крыж, а пасля і забыліся праз непатрэбнасць, як часта здараецца на Русі. Ёй бы век тут векаваць, абрастаючы лопухам, паціху ўрастаючы ў зямлю і ператвараючыся ў пацяруху, ды вось спатрэбілася для апошняй смяротнай справы.

Дзіўна, як у рашаючую хвіліну змяняецца чалавечы погляд, які ён спалохана-ліхаманкавы і адначасова па-асабліваму ўважлівы, здагадваючы наперад усё тое, што вось-вось павінна здарыцца. І, напэўна, ад сардэчнага напружання, ад унутранага спалоху і патаемнай цікаўнасці, з якой падмячаецца ўсялякая дробязь, веданне будучыні робіцца прарочым, і сама будучыня, пераадольваючы нябачныя межы, ушчыльняе час і перасякае гэтыя ж межы, адсоўваючыся назад.

Зулус толькі хіснуўся бездапаможна назад, але я ў гэтае ж імгненне ўбачыў і трактарны зубчасты след пратэктараў, падобны на глыбокія рваныя раны, і камякі выварачанай могілкавай глінкі, і вязь травяных бялявых карэньчыкаў, нагадваючых разадраныя жылы жывёл, і бліскучыя бярвенні валакушы з пралысінамі жоўтай неабадранай скуры, і буйны штыр, што тырчаў уверх вастрыём, падобны на наканечнік рыбацкіх восцяў, злёгку кранутых свежай крывяной іржой. Зулус усім цяжарам грувасткага цела патрапіў менавіта на гэты штыр, і той, нібыта наканечнік рагаціны, насадзіў яго на сябе, прайшоўшы наскрозь, і самае вастрыё штыра, нібыта птушыная дзюба, вытыркнулася з грудзіны. Позірк Фёдара пацьмянеў, як бы знутры чалавека вырубілі святло, вочы пакрыліся найтанчэйшай люстраной павалокай, вусны пакутліва задрыжэлі, з левай паловы перакошанага роту працёк тонкі пунцовы струменьчык бруснічнага морсу...

Варяцтва нейкае, браткі! Вось быў чалавек — і няма яго. Якіх мізэрных высілак хапіла, каб адняць чужое жыццё. Бязглуздзіца нейкая, не інакш. І гэта я забіў чалавека?

Што б там ні казалі, што Зулус аступіўся, што нага падвяла, што так склаліся абставіны, што з майго боку не было гвалту, што гэта лёс вырашае, каму і як скончыць свае дні, але ж менавіта я прыклаў руку. І ці патрэбны тады апраўданні, навошта яны? Я сваімі рукамі забіў чалавека, здзейсніўшы патаемнае жаданне.

Мне б дапамагчы нябогу, паспяшацца за дапамогай у вёску, узняць усе Жабкі на ногі, але я, у прыступе раптоўнага страху, нібыта вырываючыся з жудаснага сна, кінуўся прэч з Чырвонай горкі, пераадольваючы гнілы ручай, праламіўся праз густы чарот, мінуў вязкую балоцістую нізіну, правальваючыся ў чорную смуродную жыжку па калені, і, хапаючыся за слізкія галінкі невысокіх вузлаватых дрэўцаў, выпаўз на процілеглы бок лагчыны, у густыя зараснікі высокай папараці, задыхаючыся, пераадольваючы бразготную пустэчу ў грудзях, спрабуючы хоць неяк супакоіць шалёнае калаццё сэрца, нарэшце зваліўся ў ціністую густую прэль, з апошніх высілкаў яшчэ адшукваючы выратавальную нару, і тут зламаўся раптам, асуджана заціх, прыслухоўваючыся да раптоўнай цішыні.

Гулкая сусветная цішыня стаяла ў лесе, і толькі чутна было, як стукала ў скронях кроў, балюча калацілася сэрца ды праз ельнікі прыглушана чулася роўнае гудзенне вялікагрузных машын, якое змянялася сярдзітым рыканнем на кожным пад’ёме.

«Туды трэба, туды, — падказвала мне трывожная думка, — там шлях на Маскву, там шмат машын, а ў Маскве нібыта іголка ў стозе сена...» І раптам чыйсьці спакойны сардэчны голас пачуўся з вышыні: «Куды падзенешся, куды схаваешся, родненькі? Усюды знойдуць».

Затрашчала ламачча, хтосьці прабіраўся лесам, разводзячы рукамі кусты чахлага малінніка, спякотнае дыханне раптам апаліла шчаку. Я ўвесь напружыўся ад жаху... І прачнуўся.

Дзякуй богу! Сон быў, сон. Гулка калацілася сэрца, спяшалася кудысьці, душа прасілася вонкі. Маці хадзіла па хаце, мармытала сабе пад нос: «Кудысь чаго падзела, ну ніяк не знайду, старая». Псішка стаяў каля канапы і дыхаў задушлівым перагарам прама ў твар, вываліўшы ад залішняй гарачыні доўгі язык; чорныя, без прасвету, вочы былі як два бярозавыя вугольчыкі, якія даўно прагарэлі, але ў глыбіні іх яшчэ захоўваліся рэшткі былога полымя. Дзякуй богу, зноўку з палёгкй падумалася мне, тое быў усяго толькі дзённы сон. Пацягваючыся і размінаючыся, выйшаў на ганак. Вакол была ліпеньская спякота, праз браму з могілак стомлена вярталіся апошнія сяльчане. Са своеасаблівай дзіўнай зацікаўленасцю ўглядваліся яны ў мяне, нібыта ў нейкага дзіўнага звера, і адразу ж адводзілі погляды, быццам палохаючыся майго выгляду.

З’явіўся Фёдар-Зулус, жывы-здаровы, спраўна зачыніў вароты, падпёр іх батажком, каб не забрыла часам якая жывёліна, і раптам, ідучы паўз нашу хату, не пытаючыся, рэзка расчыніў брамку, наблізіўся да ганка.

У Зулуса быў нейкі бледна-змярцвелы твар з пятакамі пад вачыма, храсткаваты доўгі нос, крыху раздвоены, нібыта секанулі па ім тупым нажом, зараз падобны быў на дзюбу коршака...

Радасць якая, браткі мае, радасць неймаверная, Божа мой! Жывы суседзе, жывы Зулус, на цельніку ні кропелькі крыві, вось толькі шыя ў дзіўных нейкіх праточынах, быццам праелі яе чэрві альбо слімакі. Вось што можа сасніцца, калі сярод белага дня спаць завалішся. Цур мяне, цур...

У хаце дзінькнула, расчынілася аконная фрамужка, сітцавая ў блакітны гарошак фіранка выпырхнула вонкі, данесла пах гатавання, якое толькі што выцягнулі з печкі. Маці пэўна зараз крылцам курапаткі падмазвае пірагі, здымаючы іх на стальніцу з распаленай да чырвані бляхі. Адчуў нават, як галодная слінка запузырылася на кончыку языка і адразу ж высахла, выпарылася ў гартань. І мімалётнае пачуццё радасці з той нагоды, што Зулус жывы, таксама кудысьці запрапала.

Я тупа перавёў погляд на Зулуса, падобнага на прывід, насланнё, і разам з тым такога цялеснага, рэальнага да кожнай дробязі; у яго былі чырвоныя боты з падвёрнутымі халявамі, і на белых пухнатых адваротах наліплі камякі бурай зямліцы, нібыта Фёдар толькі што капаў сабе магілу і вось вылез з яміны, каб забраць з сабой. Я яшчэ ніяк не мог выкараскацца з учэпістых абдоймаў былога сну, быў нібыта ў нейкім патлівым трызненні, і ява вычварна перамешвалася ў галаве маёй з блазнаваннем. Не хаваючы радасці, я прамармытаў косным языком:

— Фёдар, са святам Хрыстовым! Ці не здарылася чаго? Збялелы нейкі, нібыта з труны. А я цябе толькі што ў сне бачыў...

— Слухай, кульгавы. Ты маю дзеўку ў распусту не збівай, — груба сказаў Зулус.

— Ты што, звар’яцеў?

— Апошні раз кажу, кульгавы: не валачыся за маёй дзеўкай, не для цябе яе гадавалі!

Зулус насоўваўся на мяне, перавальваючыся з нагі на нагу, нібыта прагінаючыся ад уласнага цяжару па шчыкалатку ў рыхлую зямлю. Рукі ён глыбока прасунуў у клапаны камуфляжных штаноў, кулакі сціснуў так, што здавалася, быццам у кожнай кішэні ў яго знаходзілася па гранаце. Мне было крыўдна, што абазвалі кульгавым, і радасць мая канчаткова кудысьці знікла. Навошта смяяцца над чужым горам, праўда ж? Сёння ты балюеш, а заўтра — у труне.

Зулус наблізіўся ўшчыльную і запоўніў сабой усю жывую прастору; ён насунуўся, як чалавек-гара, бровы насупленыя, густое шчацінне на крутых скулах, вочы свідравалі мяне аднекуль з-пад нябёсаў, слізкія, яе скура ментуза. Я адразу ж адчуў недахоп паветра, крута запахла тленам, вільготнай зямлёй, сырысцю балотнай прэлі, апалай хвояй, пад якой выспявала свежая грыбніца. Ад госця несла злым мацёрым дзіком, якога выпадкова патрывожылі на лежцы. Я тужліва зірнуў на край двара ў надзеі, ці не тырчыць там на сваёй лаўцы Артымон Барынаў з нязменнай тытунёвай самакруткай у роце. Артымон — егер, у яго стрэльба заўсёды пад рукой.

Зулус насунуўся жыватом, і я міжволі ўпёрся абедзвюма далонямі ў тугі ягоны жывот, марна спрабуючы абараніцца квёлымі ручонкамі. Але дзе там, хіба каменную сцяну зрушыш? Мільганула думка: мо ўхапіцца за корань? Ды непрыстойна неяк, няёмка, не вайна ж, не забіваць жа мяне заявіўся Зулус, ды і чым такім асаблівым насаліў я, гараджанін, Фёдару Гарбачову, які за дачку сваю адзіную гатовы любому галаву адкруціць.

Зулус усё працягваў напіраць жыватом са свавольствам, а хутчэй, з тым нахабствам сытага, паспяховага чалавека, які без усякага сораму сатрэ ў парашок бездапаможнага; і далоні мае аслаблі і міжволі саслізнулі ў пахвіну да налітых сокамі ядраў.

— Балюча ж мне, вой як балюча! — залемантаваў я.

Гэта Зулус раптам падчапіў мяне, нібыта крукамі, за абедзве шчакі і, здзіраючы з іх скуру шматкамі, падкінуў высока ў неба. Я доўга ляцеў праміж пухнатых бялюткіх воблачкаў, праміж скірдаў сена, што выстаўлены былі вышэйшым работнікам, праміж мудрагелістых дзіўных птушак, падобных на райскіх лебедзяў, спінаю кармінна-жоўтых, а знізу ружовых, нібыта скура немаўлятак. І я ўсё спрабаваў ускараскацца адной з гэтых боскіх птушак на ўзгорбак праміж павольных крылаў.

Але тое было дарэмна, Бог назаўсёды пакінуў мяне, і вось я каменем грымнуўся вобземлю, патрапіў на бетонны старадаўні крыж, што без усякай патрэбы ляжаў ля паветкі, якая засталася яшчэ ад былога гаспадара, а зараз густа абрасла крапівой і квітнеючым сардэчнікам. Ды чамусьці не сканаў адразу ж; ці не пад маім цяжарам зямля раптам разышлася, нібыта ад землятрусу, і ўтварыўся знізу нейкі бяздонны правал, але я не зваліўся туды, а як бы паплыў на крыжы, кругамі апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй, як на дыване-самалёце: прорва была празрыста чыстай, нібыта восеньскае начное неба, калі бачыш няўзброеным вокам кожную зорную пылінку, і я, забыўшыся ўжо на Зулуса, дзівіўся гэтай незвычайнай прыгажосці і ўсклікнуў: «Божа, якая там глыбіня!» І застагнаў ад нейкага невядомага болю, які скруціў сэрца, ад тугі, што ніколі ўжо не бываць мне на зямлі...

— Сынок, прачніся. Ну што ты крычыш, як быццам цябе рэжуць, — маці з трывогай трэсла мяне за плечы.

Я бяспамятна яшчэ, з вялімімі намаганнямі расплюшчыў вочы, якія нібыта зацяклі цвіллю, амаль не разумеючы, што ўсё гэта мне толькі прымроілася. Праз з’едлівы накіп слёз бачыў размыты і такі родны матулін твар, туга абцягнуты маршчыністай скурай, смуглявы, быццам бы назаўсёды прасмажаны сухім жарам ліпеньскага санцапёку, з круглымі, бы ў сарокі, вачыма. Маці гладзіла маю галаву птушынымі празрыстымі лапкамі, нібыта памазвала мяне крылцам глушца, як здобны рыбны пірог, і спагадліва дакарала:

— Ну што ты, сынку, не да часу ўлёгся спаць. Воля, Пашанька, чалавека псуе. А ты волю адчуў. Вось так і згніеш на канапе і гадоў сваіх не пачуеш... А я ж, Пашанька, да сямідзесяці гадоў узросту не ведала, думала, заўжды так будзе — бягом ды падскокам. Бывала, схаплю кошык ды ў лес у ягады. У лесе сцежкі не прытрымлівалася, усё напрасткі. Сучча з-пад ног, нібыта вераб’і, толькі ў бакі разляталася...

Я сеў на канапе, астуджваючы ступні аб пафарбаваныя дошкі падлогі, сэрца адчайна калацілася, нібыта гатова было выскачыць з грудзіны, і ніяк не мог зразумець: ці гэта я кагосьці ўкакошыў, ці мо мяне сёння прыкончылі. Сон прызатуманіўся, згубіў выстрыню, але ў грудзях застаўся мутны асадак, як прадчуванне чагосьці непазбежнага. Маці нетаропка перамяшчалася па пакоі, часта дакраналася рукой, быццам няўзнак, то да дзвярнога вушака, то да краю стальніцы альбо, прыўзняўшы край вафельнага ручніка, задумліва гладзіла гатаванне, прышчыпвала пірагі за румяныя бакі, стукала па донцах кулябякі з рыбай — ці не адсырэлі. Сорак гадоў Марыя Сцяпанаўна прастаяла ў пякарні каля дзяжы, тоны цеста выпеставала рукамі, без стомы карміла вёску хлябамі, і там — пад сталом на падлозе, завеянай тонкім сняжком мучных высевак, — не аднойчы засынаў я ў акружэнні хлебных пахаў.

Нахіліўшыся над пірагамі маці мармытала:

— Свята сягоння, дак печанае ісь трэба. Калі свята, дак печанае ядуць. Так у нас у Нюхчы здаўна павялося. Ці мо забыўся, Паша? А тут, у Жабках, быццам і не людзі жывуць. Усё куплёнае, адны батоны, зубы не бяруць. У худое месца ты мяне прывалок, Паша... І на кой ты валочыш мяне за сабой, нібыта чабадан без ручкі? На кой ляд я патрэбна табе, старая? Вось дажывеш да маіх гадоў і зразумееш, што старым людзям трэба на адным месцы сядзець. Таму што старыя людзі нікому не павінны перашкаджаць.

Я краем вуха слухаў звычную матуліну песню, не ўнікаючы ў яе сэнс. Самотная была гэтая песня, з намёкам на блізкі зыход, на тое, што смерць ужо за дзвярыма, што хопіць мучыць старую, лепш вязі яе, не марудзячы, да родных могілак. Бо, дзе ні бегай па свеце, а класціся трэба ў сваю зямлю.

— Адвёз бы ты мяне, Паша, дадому. Хата яшчэ зусім цэлая, падвор’е колькі часу дарэмна прападае, нажывалі ж усё тое гарбом, поту колькі пралілі. Дроў за два гады не спаліць, ды шуба аўчынная, ды палітоў цэльных тры, ды сукенак вялізны куфар. І, эх, сынок, жыву я тут у цябе, нібыта мыш у чужой каморы, і варухнуцца баюся. А раптам што не так... А на радзіме, бывала, іду, кожны паклоніцца і павітае: «Дзень добры, Мар’я Сцяпанаўна. Скажы, калі ласка, як жывеш, са здароўем як». А тут немтыры нейкія, не йначай, вачэй насустрач не падымуць, вуснаў не разамкнуць, слоўца добрага не кінуць...

Што тут сказаць: сапраўды, радзіма прыцягвае хрыстовага чалавека, не дае спаць спакойна, усё да сябе кліча, падбівае ў бакі пасярод ночы, усё патрабуе бегчы на станцыю за білетам: каб толькі не спазніўся. А раздумаешся — і стаіш у поўнай збянтэжанасці: куды, браткі, ехаць, калі ўсё пагніла і парушылася. Краіна вялікая гіне, можна сказаць, ні за грош, толькі тым і жыве, што прысмакталася да нафтавага краніка. Бог міласціну кінуў невядома за якія выслугі, а перакрый апошняе — і ад смагі здохне.

— Быў я, матуля, у нашай Нюхчы, ведамы мне твае казкі. Зараз кожная трызняціна для цябе як ледзянец сусальны, а не лядзяш сцюдзёны.

Пяць гадоў таму ледзьве дабраўся на грузавіку спадарожным, ледзьве канцы не аддаў, калі праз Кен-возера ў кузаве ехаў. Патанула вёсачка ў снягах, сіроцкія дымкі дзе-нідзе, сцяжынкі праміж хатамі з цяжкасцю разгледзець можна, хлеба тыдзень не прывозілі — дарогі няма. Гурбы па вокны, нібыта ўсе вымерлі, з цяжкасцю прабіўся да роднага ганку. Зайшоў у хату, маці не чакала. Згорбілася каля буржуйкі, нібыта жабрачка якая, у старым салопе, вяроўкай падпяразаным, твар у сажы, на каленях чашка з варывам, рукі ў рукавіцах, лыжку з цяжкасцю трымае старая, вочы акунёвыя ад дыму, ледзьве бачаць, бо іх трахома асыпала. Эх, ва ўдавы жыццё як рэдзька з квасам: здаецца, вантробы набіў да пякоткі, а вурчыць, нібыта і не еў нічога. Убачыла, страпянулася, а ўстаць не можа. Заплакала, рукавіцы сцягнула, а далоні нібыта кіпнем ашпараныя, скура злезла. Узмалілася, загаласіла:

— Бог цябе прыслаў, сынку, пачуў мае малітвы. Пашанька, не магу болей тут жыць. Змарылася. Не магу болей...

І вось тры гады пабыла на чужыне, і зараз кожны дзень, што тут пражывае, як катарга, нібыта родная вёсачка мёдам намазаная. А куды везці? Клячу старую з жывадзёрні назад не вяртаюць, хутчэй за ўсё, зусім развалілася старая хацінка за гэтыя гады: і раней у падваконні кулак праходзіў, мышы падлогу ўшчэнт згрызлі, жучок столь у пацяруху стачыў; плячом штурхані — і рассыпецца халупка. Адны дровы, адны дровы, толькі няма каму печку распальваць...