Каля імператарскага трона ў Зале Ціхамірнасці Летняга палаца Іхэюань

Хлопчыка шасці гадоў
прыслужніц умелыя рукі
прыбіраюць беражліва і старанна:

шаўковыя на ножкі штонікі
нацягваюць залацістага колеру
і кашульку на цельца такую ж

з вышытым спераду ў аблоках
драконам, што прытанцоўвае, а паверх таго
плашчык прасторны накідваюць,

футрам аблямаваны па краях
шырокіх рукавоў, затым пакрываюць
дзіцячую галоўку капялюшыкам прыплюснутым, —

так! — і ўсаджваюць на трон,
што абабіты аксамітам жаўтаватым, —
і ўсмешка расцягваецца на тварыку

ушыркі да самых вушэй,
хітравата ўсміхаюцца вочкі,
але весялосць празмерна ціхамірная

хутка праходзіць: пагляд
мутным робіцца, шкляным і алавяным
наліваецца, сурова насупленыя

бровы, яшчэ крыху —
і гневам запалаюць шчокі,
аддаваць загады захочацца,

войскі дасылаць на ворага,
караць і мілаваць беззаконна,
душыць жорстка паўстанні,

знішчэнне кніг недазволеных
вітаць, слых настроіўшы
на пахвалы дагодлівых прыслужнікаў, —

трох не прайшло хвілін,
як з трона сцягваюць уладыку,
які марна ўпіраецца, — падыходзіць чарга

наступнага за ім, — а яму
на памяць застанецца толькі дзясятак
фотаздымкаў выдатнай якасці.