Пераклады з рускай

1. Міхаіл Лермантаў

 Экзальтаваны хлопчык упершыню бачыць мора і дзеліцца сваімі пачуццямі з любімай бабуляй.

 паглядзі туды ты бачыш гэты карабель?
(бялявае неба бляклыя воды заліва)
ты можаш сказаць мне навошта ён пакінуў родны порт
што прывяло яго ў наш край?

 ты толькі ўяві сабе: акіянскі прастор
ледзяная імжа палуба хістаецца пад нагамі
я ведаю ім рухае штосьці большае
чым просты дабрабыт

 не інакш бы ён ні за што не расстаўся
ні з дымчатай далячынню гэтага заліва
ні з гэтым паўночным сонцам
якое так позна садзіцца


2. Аляксандр Пушкін
Маладосць сыходзіць, надзеі абрынаюцца; суцяшэнне прыходзіць у думках аб першым каханні.

 я ўсё часцей і часцей успамінаю гэты час
час нашай першай блізкасці
тваю асляпляльную галізну
твае выпадковыя словы

 як доўга стаялі яны ў мяне прад вачыма
сярод нікчэмнай паўсядзённасці
сярод задушлівай зморанасці
сярод іншых пачуццёвых спакусаў

 час змывае ўспаміны
згасаюць вобразы
забываюцца інтанацыі голасу
слабее памкненне

 але каханне і змяняючыся застаецца сабой
у маршчынах якія ўсё паглыбляюцца
у хваравітых сэрцабіццях сярод ночы
у горкіх снах аб цудоўных імгненнях якія ўжо не вернуцца


3. Фёдар Цютчаў
Вясновы шпацыр у адным з імператарскіх паркаў; з гадамі ўсё вастрэйшы боль аб памерлай любай.

 вось зноўку вясновым вечарам іду па гэтай алеі
сонца села ад лёду які не паспеў растаць цягне холадам
ты бачыш: усё як і тады
калі мы былі разам

 робіцца ўсё цямней і цямней
удалечыні запаліліся агні
ты бачыш: гэта было калісьці з нашым з табой светам
і мы па-свойму любілі яго

 заўтра гадавіна тваёй смерці
дзень смутку і малітвы
ты бачыш: нашы змардаваныя душы
зноўку разам брыдуць у гэтым парку


4. Восіп Мальдэльштам

 Застаўшыся без сямейных даходаў і не маючы буржуазных навыкаў выжывання, трыццацігадовы інтэлектуал пачынае пакрысе губляць розум.

 я ўжо не ў стане ўспомніць
як доўга гучыць ува мне гэтая мелодыя
яна неадчэпная і невыносная
як прагны да крыві піск камароў

 я чыркаю запалкай каб агледзецца
побач цяжка дыхае грувасткая ноч
яе не расштурхаць
яе не паварушыць

 і паветра навалілася і душыць
быццам коўдра якую накінулі мне на твар
о як прапароць гэты густы водар
каб пачуць

 пачуць як павольна цячэ ў капілярах
ссохлых травінак ружаватая кроў
у гэтай соннай ускудлачанай
адрыне прасторы


5. Барыс Пастарнак

 Вярнуўшыся раніцай ад каханай, паэт яшчэ раз радасна перажывае тое, што адбылося.

 якая небывалая завіруха
абрынулася на нас гэтай ноччу
здавалася што вокны
да паловы заляпіў снег

 ты запаліла свечку на стале
і слупок яе полымя
адкідваў на столь
мудрагелістыя цені

 нібыта працяг
тваіх длінных пальцаў
нібыта калыханне
тваіх распушчаных валасоў

 ты ўмееш
так кранальна распранацца:
два лёгкія удары
чаравічкаў аб падлогу

 і вось ты ўжо ўхутваеш мяне сабой
нібыта чыстым снегам
пакуль скразняк усё мацней разгойдвае
полымя свечкі на стале


6. Ананім
Невядомы паэт-пачатковец спрабуе знайсці сваю тэму і сваю інтанацыю: сказваецца ўплыў шматлікіх папярэднікаў і сучаснікаў.

 галава яшчэ пылае               а што уласна кажучы я паспеў разгледзець 
летам на някошаным полі сціплыя кветкі несамавітых матылёў
восенню               лістоту што весела ляцела насустрач смерці
тайгу якая плявалася павуцінай у твар

 і што я ведаю аб зіме што надышла
акрамя таго што яна               не мае асобнага сэнсу
ад нязгубнай надзеі               ва ўсім праслухоўваць
ледзь чутны вясновы рытм

 міма чагосьці яшчэ я прайшоў не заўважаючы
апусціўшы вочы сабе пад ногі               расціснуты сваім мінулым
адчайна спрабуючы самімі гэтымі крокамі               захаваць
голас які амаль заглушылі гады


7. Балканская песня
Седзячы ў кафе ў Вільнюсе, чакаю юную балгарскую паэтку Дасцену Ангелаву і перакладаю яе вершы са зробленага ёю ж падрадкоўніка.

  Як быццам
спалучэнне некалькіх слоў
хутчэй за ўсё выпадковых

  (так даволі выпадковых)

  і акно завешанае шторай
з дажджу
і лістоты пажоўклай

  (іх танец як ні дзіўна
дастаткова энергічны)

  такімі звычайна бываюць
музычныя рэплікі
(рытмічныя малюнкі
партытуры цялеснай)

  Гэтага гукараду
зараз (чаму?)
цалком дастаткова

  як дастаткова насычае
(наталяе, спаталяе —
як правільна?)
гэтая мелодыя

  Безагаворачная капітуляцыя
і
ты ўжо можаш
упэўніць мяне ў чым заўгодна:

  гэтая гнуткая змяя,
што ўпаўзае
у адчыненныя створкі акна —

  я гатовы
з хваляваннем прагнуць
яе чорных каленяў

  але ты запамятвала мне паведаць
як абыходзіцца
з гэтай халоднай штуковінай


8. Аўтарымейк
Я сам, спрабуючы пераадолець творчы крызіс, перапісваю наноў свае ранейшыя вершы.

  напэўна ўжо ў тысячны раз праходзячы па адной і той жа дарозе
(сонца стаяла яшчэ высока хоць быў ужо вечар)
я раптам адчуў гэты вільготны вантробны пах
пах юнага цела

  (на дзіва чысты пад дрэвамі снег які так і не растаў дагэтуль
ад яго часам халаднавата)
і я адчуў што разгубіўся
і што я уласна кажучы збіраўся сказаць?

 што і належыць казаць у вершах чалавеку
з маім мінулым і маім сучасным
жорсткія не асабліва прыемныя радкі: ніякага плэйбойскага
канфармізму
(вымаўляць словы не ўсведамляючы іх страшных значэнняў)

  калі зусім сцямнела
я дайшоў да ракі
зрэшты напэўна дарэмна
яна ўсё яшчэ ляжала пад ільдом


9. Гаўрыіл Дзяржавін

  Пасля сардэчнага прыступу; страх смерці часова адступае

  паток часу павольны і няспынны
размывае мяне
і разам са мной у ім раствараецца
памяць аб мове майго народа ягоных багах ягоных героях

  якімі будуць гэтыя рэшткі пры ўпадзенні ў акіян вечнасці
запісы прыезджых фалькларыстаў
кнігі якія парахнеюць у бібліятэках
пентатонны гукарад песняў, што разрываюць душу?