Злятае дробны снег...
* * *
Злятае дробны снег
Паволі на тратуар.
Маленькі чалавек.
Гогалеўскі бульвар.
Вечная таўкатня
З раніцы да цямна. — Можа, ты нічыя,
Калі ідзеш адна?
Маленькі чалавек.
Маленькая любоў.
У гэты жорсткі век
Не ўратаваць галоў.
Ну і нашто шынель?
Мне б толькі позірк твой.
Але ў цябе — «Шанэль»
І даражэзны строй.
Цукрова-белы снег.
Малочна-белы пар.
Маленькі чалавек.
Гогалеўскі бульвар.




