Гісторыя пошты

300 гадоў
рускія сцвярджалі
што іх прыгняталі манголы
але тыя як аказалася
проста прыносілі пошту.
300 гадоў
на Русі атрымлівалі лісты,
але не ўмелі чытаць,
таму і даводзілася Маскву
спальваць неаднаразова
каб пазбаўляць ад цемры
непрачытаных лістоў.

Нарэшце, Іван Грозны
пайшоў на ўсход
і ўзяў Казань, а лісты
стаў слаць на захад
уцекачу князю Курбскаму.
На гэтыя грозныя лісты
адказваў ужо Пётр Вялікі
з Галандыі, з-за мора,
затым Кацярына, таксама Вялікая,
наладзіла сувязь з лепшым светам
спадара Вальтэра, і ўжо Напалеон,
ён жа Банапарт, чарговым спаленнем
Масквы спрыяў увядзенню
элегантнага французскага як
эпісталярнага стылю дваран, каб
подлы народ заўчасна
не бянтэжыць
свабодай роўнасцю братэрствам.
З паляпшэннем дастаўкі пошты
дзекабрысты слалі свае лісты
аб уладкаванні Расіі
ужо з Сібіры, каб
у Лондане абудзіць Герцэна.
Ім адказваў ужо сам
Уладзімір Ільіч, жмурачы
дальнабачны мангольскі погляд
з Жэневы, з Цюрыха.

Вось і адбыўся
Кастрычніцкі пераварот
як неабходнае следства
мангольскай пошты,
як усходні
адказ і выклік Захаду.

Што нам прынясе ў адказ
у бліжэйшыя 300 гадоў
з Захаду
электронная пошта?