Танкіст, альбо «Белы тыгр»
(урывак з рамана)
Па-ранейшаму адзінае, што ведалі аб ім, — тое, што ён у несвядомым стане прыбыў з Курскай дугі. Бедныя звесткі былі дастаўлены па самым ненадзейным ланцужку: рамонтнікі — шафёр паўтаратонкі — палявы эвакашпіталь. Маёр-хірург, праз адсутнасць іншых звестак, у суправаджальных дакументах таропка чыркануў: «невядомы танкіст».
Зімой Іван Іваныч канчаткова паправіўся. Праўда, ён так і не змог пра сябе нічога расказаць і пакуль яшчэ з цяжкасцю вымаўляў простыя словы. Аднак зусім свядома выконваў любыя каманды, акрамя таго, ахвотна адгукаўся на сваё новае імя. Урэшце, яго агледзелі і прызналі прыгодным. У родныя мясціны адпраўлялі ўжо зусім відавочных калек — астатніх, кантужаных, абпаленых, хай нават страціўшых памяць, гналі на перафарміраванне. За «шчасліўчыкамі» пастаянна прыязджалі купцы з розных часцей. Тыя, каму асабліва шанцавала, траплялі ў палкі гвардзейскіх рэактыўных мінамётаў; лічылася, сярод «кацюшнікаў» самы малы працэнт страт. Каціраваліся «трафейшчыкі» і абслуга аэрадромаў. У пехацінцаў і артылерыстаў былі немалыя шанцы адсядзецца ў абозе. Але будучыня Івана Іванавіча ўяўлялася зусім безнадзейнай — страты ў жалезных статках былі такімі, што выйшаў загад Самога — усіх, хто выжыў, адпраўляць назад у механізаваныя карпусы. Не было б гэтай выпісанай маёрам суправадзілаўкі з надпісам-прысудам, Івана Іваныча маглі б лёгка запісаць у абознікі. Але тут вырашылі не рызыкаваць. Камісія па сумным вопыце ведала — тых, хто разбазарвае каштоўныя кадры, забяспечваючы імі тылавыя часці, чакае самы строгі разбор. У шпіталі доўга не гадалі і з дакументамі — страшнаму чалавеку выдалі новую кніжку, дзе запісалі чорным па белым — Іван Іванавіч Найдзёнаў. З нацыянальнасцю таксама не мучыліся — акцэнту няма, значыць, рускі. Месца нараджэння — адрас шпіталя. Партыйная прыналежнасць — беспартыйны. (Што толку, калі раней і быў камуністам.) Спецыяльнасць — танкіст. (Там потым разбяруцца, куды яго.) Спатыкнуліся толькі з узростам. Як ні спрабавалі хаця б наўскідку вызначыць гады (Іван Іваныч ва ўжо выдадзенай лінялай форме з чужога пляча, вынашанай да белізны, увесь гэты час навыцяжку стаяў перад стваральнікамі свайго новага жыцця), але з прычыны поўнай абгарэласці не змаглі і, махнуўшы рукой, запісалі равеснікам веку.
Усе незанятыя дактары і сёстры выйшлі Найдзёнава правесці — выпадак быў унікальны і медыцынскай навукай не вытлумачальны. Той, хто тыдзень правёў у разбітым танку, у каго быў дзевяностапрацэнтны апёк і ніякіх шанцаў на выжыванне, зараз, нібы з таго свету, у знятых з чарговага памерлага ботах, у даўгаполым, не па росце, прастрэленым у многіх месцах шынялі, у салдацкай шапцы, завязанай тасёмкамі пад падбародкам з нагоды марозу, спускаўся з ганка. Да спіны танкіста прыліп худы «сідар», а ў ім кавалак мыла, цагліна хлеба і бляшанка амерыканскай тушонкі — шчодры падарунак ад эскулапаў. У нагруднай гімнасцёркавай кішэні была новая салдацкая кніжка, якая тлумачыла, хто ён цяпер
такі.
Грузавік павёз яго.
З’яўленне Івана Іваныча зрабіла незабыўнае ўражанне на брыгаду пад Чалябінскам, якая зноў фарміравалася. Калі асабовы склад паставілі ў шарэнгу, яе камандзір, сам увесь у апёках і шрамах, трыццацігадовы ветэран, якога за пастаянную прыказку празвалі Казінай Ножкай, не мог не буркнуць:
— Ды на яго мордзе, казіная ножка, жывога месца няма!
Затым грубіян-камбрыг загадаў новапрыбыўшаму выйсці са строю:
— Адкуль?
Іван Іваныч і сам не ведаў — «адкуль».
Хлапчук-ротны, збіваючыся, растлумачыў падпалкоўніку сутнасць.
— Дык хто хоць, казіная ножка?! Башнер? Механік? — дапытваўся камбрыг.
— У дакументах напісана — танкіст, — з адчаем вякнуў лейтэнант.
— Тады — зараджаючым!
І само ўвасабленне гэтай дзікай вайны запісалі ў башнеры — там патрэбна толькі грубая сіла: паднось снарады і выкідвай гільзы з люка. «Асколачныя» і «бранябойныя» адрозніў бы і поўны дурань. Ад радавога Найдзёнава, тут жа за вочы празванага Чэрапам, больш нічога і не патрабавалася. Ніхто ў той на хуткую руку пазбіванай часці ім асабліва не цікавіўся (вось толькі знешнасць прыцягвала ўвагу). Зрэшты, нідзе не было такой цякучкі, як у танкавых экіпажах: тры-чатыры тыдні дрэннай падрыхтоўкі — і фронт, а там ужо пасля першага бою «трыццацьчацвёрка» добра яшчэ, што дашчэнту не згарала. Тых, хто выскокваў, ізноў змешвалі — і запускалі ў справу.
Бяспамятны Іван Іваныч разам з усімі паслухмяна сёрбаў баланду і калеў ад холаду ў бараках (на голых дошках хаваліся пад шынялямі). Але, прынамсі, яго лёс на бліжэйшы час вызначыўся. Экіпаж быў вельмі стракаты: таго самага ляйтэху-хлапчука прызначылі камандзірам, пажылога ўзбека — вадзіцелем, былы маскоўскі урка, развязны і прыблатнёны, сам падахвоціўся быць радыстам.
Не прайшло і месяца, як уся гэтая спехам (і ненадоўга) сабраная чацвёрка апынулася на Чалябінскім трактарным, дзе збіралася адна з апошніх серый Т-34-76*. У цэхах, гледзячы на Найдзёнава, рэдка хто мог стрымаць ахі і ўздыхі. Падлеткі і бабы не хавалі спалоханай цікавасці. Іван Іваныч, не зважаючы на цікаўных, у адрозненне ад узбека з уркам, якія цікавіліся толькі дадатковым пайком заводской сталовай, сам падахвоціўся падносіць дэталі. Хлапчук-лейтэнант, з усіх сіл спрабуючы захоўваць аўтарытэт у адносінах з падначаленымі, быў удзячны яму хаця б за гэта. Да непрыхаванага раздражнення маскоўскага злодзея-радыста і жаху ўзбека, танк вырастаў на вачах: каробка абзавялася трансмісіяй, каткамі і гусеніцамі, надышла чарга рухавіка і ўнутранага непатрабавальнага начыння, затым апусцілі на месца башню.
Прыйшоў чаканы ўсімі з дрыготкай дзень: камандзір атрымаў складны нож, гадзіннік і компас. Экіпажу быў выдадзены вялізны кавалак брызенту. Нованароджаную «трыццацьчацвёрку» рыхтаваліся перагнаць з цэха на вялізны заводскі двор, дзе чакала адпраўкі новая партыя.
І тут Іван Іваныч праявіў сябе.
Відаць, нешта заіскрылася ў яго галаве, закантачыла і разарвала татальнае бяспамяцтва. Перад самым прагонам танка па цэху Іван Іваныч апынуўся ўнутры машыны — лейтэнант папрасіў дастаць нейкае рыззё. Калі Найдзёнава некалькі разоў паклікалі, ён, нібы чорт з табакеркі, высунуўся па пояс з люка механіка — выгляд яго ўзбуджаны. Экіпаж і рабочыя ўздрыгнулі. Іван Іваныч зноў схаваўся. У цемры «каробкі», нібы злавесныя фары, уключыліся вочы. Ніхто не паспеў слова вымавіць, як танк завёўся. Лейтэнант з масквічом і жыхаром Каканда адскочылі ў адзін бок, наладчыкі — у іншы. T-34 рвануў з месца і панёсся па праходзе паміж двух шэрагаў сваіх аднолькавых сабратаў да вузкіх варот. Звар’яцелы Найдзёнаў не збаўляў ходу — усе на яго шляху паспелі схавацца і падрыхтаваліся да драмы. Танк развіў усю хуткасць, на якую толькі быў здольны. Выкідваючы за сабой аблокі газаў, неміласэрна грукочучы каткамі, ён няўмольна набліжаўся да сапраўднай катастрофы. Многія, уключаючы ашалелага камандзіра-лейтэнанта, ужо ўяўлялі скрыгат і трэск. Але, не зніжаючы хуткасці, «трыццацьчацвёрка» на поўным ходзе праскочыла Сцылу і Харыбду, развярнулася і, праехаўшы яшчэ метраў трыццаць, лавіруючы паміж машынамі, стала ў двары як укапаная.
Падбег перапалоханы камандзір. Падбеглі ўзбек з прыблатнёным радыстам. Высыпалі на двор цікаўныя. Іван Іваныч выскачыў ім насустрач. Ён скаліўся сваёй жахлівай усмешкай. Ён дрыжаў і ніяк не мог супакоіцца. Ён успомніў — дакладней, успомнілі рукі.
Сумненняў не заставалася: у мінулым жыцці гэты абпалены, бяспамятны танкіст, выгляд якога выклікаў спачуванне і жаласлівы жах, быў механікам і мяркуючы па ўсім, вадзіцелем ад Бога!
Узбек тут жа з радасцю перабраўся ў башню, нягледзячы на тое, што шанцы выжыць у баі пры гэтым памяншаліся напалову. Кемлівы маскоўскі злодзей, цяперашні радыст, адразу сцяміў, з кім трэба вадзіць сяброўства, — і з таго часу, пакуль рукі Івана Іваныча былі занятыя, скручваў яму самакруткі, раскурваў іх і ўстаўляў у яго жудасную чорную пашчу. Акрамя таго, на маршы ён кожны раз паслужліва падхопліваў і цягнуў разам з Чэрапам рычаг пераключэння хуткасцей, бо на гэтым Т-34-76 чамусьці ўсё яшчэ стаяла праклятая ўсімі вадзіцелямі чатыроххуткасная каробка**.
Перад пагрузкай у эшалон брыгада прайшла пяцьдзясят кіламетраў і адстралялася на палігоне. Зіма трашчала пад трыццаць градусаў, «каробка» прамерзла да звону. Танк, які вёў Чэрап, бязлітасна роў на паваротах, залазіў на схілы, задзіраючы гармату, спаўзаў з іх, пры гэтым усіх бязлітасна хістала, узбек ледзь чутна маліўся, хлапчук-камандзір, набіўшы дастаткова шышак, сціснуўшы зубы, безнадзейна спрабаваў сачыць за дарогай з камандзірскай башні-гайкі. Радыст, якому ні чарта было не бачна, віртуозна мацюкаўся, рызыкуючы прыкусіць язык. І толькі Іван Іваныч, выдаючы гукі, вельмі падобныя на рык, са злосцю накіроўваў «трыццацьчацвёрку» па цаліне і разбітых дарогах. Ён увесь час цяпер некуды рваўся, насцярожваючы нават урку, не кажучы пра ўзбека з камандзірам. Было ад чаго пужацца: разяўлены рот, нецярплівасць, дрыжыкі, жаданне гнаць і гнаць — такім аказаўся бяскрыўдны раней Чэрап. Люк яго быў раскрыты, за яго спінай працаваў вентылятар — усё жывое павінна было пры гэтым адубець, але вар’яту-механіку, адзінаму з усяго змучанага экіпажа, было горача. Па радыйнай сувязі лейтэнант атрымаў загад спыніцца, аднак да Івана Іваныча хлапчук так і не дакрычаўся. Калона замёрла — а найдзёнаўскі танк, вывернуўшы са строю, пачаў апісваць дугу па полі, ледзь не патанаючы ў гурбах і выкідваючы наперадзе і ззаду слупы снежнага пылу.
Скончылася тым, што напярэймы кінуўся сам камбрыг. Казіная Ножка ўзнік ледзь не перад самай «трыццацьчацвёркай», правальваючыся ў снег па пояс. Тут Іван Іваныч нарэшце апрытомнеў. З башнявага люка паказаўся юнак-камандзір. Ён гатовы быў расплакацца, аднак начальства не звяртала на блытаны лепет ніякай увагі.
— Вадзіцеля — да мяне ў машыну! — гарлапаніў малады падпалкоўнік. — Давай сюды, шкілет! — загадаў Найдзёнаву. — Пакажы, казіная ножка, на што здольны!
Так Іван Іванавіч заняў месца ў камандзірскім танку — а лейтэнанту, узбеку і урку дастаўся вадзіцель камбрыга, такі, як і яны, нявопытны асуджаны юнак. І на вачах усёй брыгады Іван Іваныіч паказаў — «трыццацьчацвёрка» толькі што ваўчком не круцілася. Экіпажы, якія высыпалі з машын, паразявалі раты.
Камбрыг ад узрушэння роў не горш за Івана Іваныча. Ён звыкла паставіў ногі на плечы вар’ята аса — удар ботам — кароткі прыпынак, яшчэ ўдар — працяг руху. Іван Іванавіч гэта памятаў. Ён забыўся на ўсё астатняе, але гэта ён памятаў. Да захаплення навічкоў, на парослым хмызняком, з ярамі і пагоркамі полі камандзірская машына выкідвала сапраўдны цырк.
— Давай, давай, чорт лысы! — хрыпеў Казіная Ножка, ужо не сумняваючыся, што гэты механік нікуды зараз ад яго не дзенецца, што страшны Чэрап будзе з ім да самага канца, і ён ні за што, ні за якія пернікі нікому такога механіка ўжо не аддасць, бо ў недалёкай будучыні адзіны шанец на выратаванне — вадзіла, заўсёды дасведчаны, як і куды паварочваць, як зманеўраваць, як газануць, а значыць, своечасова выскачыць; бо ў баі, а тым больш у танкавым, чалавечае жыццё нічога не вартае, яно знікае за долю секунды.
— Як жа ты папаўся тады на Дузе? — прароў ён механіку пасля таго, як «трыццацьчацвёрка» спынілася.
Іван Іваныч, утаропіўшыся на свайго новага камандзіра, не разумеючы пытання, напружыўся.
— Як сам прымудрыўся згарэць, казіная твая ножка? — працягваў выпытваць камбрыг. — Борт не паспеў падставіць?
І тут Іван Іваныч зноў успомніў. Нешта на секунду высветліла яго змрочнае мінулае.
— «Тыгр», — адказаў раптам Чэрап. — «Белы тыгр»!
Вочы яго загарэліся, ён закалаціўся ад нянавісці.
Да зімы 42-га немцы выкацілі на перадавую свой адказ на ўсёмагутнасць «трыццацьчацвёрак»***; квадратныя брантазаўры фірмы «Хеншэль» былі непрабіўныя, але асаблівае трапятанне выклікалі гарматы, ад якіх за кіламетр згаралі нават КВ. Забяспечаныя непараўнальнай цэйсаўскай оптыкай, «восем-восем» змяталі любую мэту. Для плаўнага ходу «тыграў» і прымальнага ціску на грунт скрупулёзныя нямецкія механікі размясцілі каткі двума шэрагамі. Для лёгкасці кіравання прымянілі штурвалы. У масіўных, як крышкі саркафагаў, плітах захрасалі 76-мм снарады. Абвешаныя з усіх бакоў бранёй, гэтыя жукі марудліва паўзлі па курскіх палях, і кожны іх стрэл, які чуўся рэзка і гулка (гук ні з чым нельга было зблытаць), пасылаў да прабацькоў чарговую «трыццацьчацвёрку». Страшныя яны былі ў засадзе. Закіданыя сенам і галінкамі, цыклопы спынялі атакі Т-34, «грантаў» і «чэрчыляў», а калі адурэлыя ад болю і дыму танкісты выкідваліся з «каробак», усё тыя ж дыхтоўныя нямецкія кулямёты з хуткасцю 1200 стрэлаў у хвіліну давяршалі пачатае**** наразаючы плоць так, як нажом рэжуць вінегрэт. Але нават сярод сваіх сабратаў Прывід з’яўляўся асаблівай машынай. Упершыню ён даў знаць пра сябе пад Мгой; астатнія цяжкавагавікі вязлі ў балотах, але «Белы тыгр» нібы па паветры пераносіўся — і расстрэльваў цэлыя батальёны. Спачатку ён не быў распазнаны — зімою ўсе танкі белыя — хіба толькі тыя, хто з ім сутыкаўся, нязменна гарэлі пасля першага стрэлу. Але вясной, калі вермахт перайшоў на камуфляж, монстар канчаткова вылучыўся і з таго часу лютаваў то на Поўначы, то на Поўдні; паўсюль за ім цягнуліся дым і смурод згарэлых машын. Прывід біў з засады, кожны раз нейкім чынам апыняючыся ў рускім тыле, і, набіўшы дзесяць, а то і пятнаццаць T-34, раствараўся.
Улетку 43-га белы забойца выявіў сябе пад Курскам у раёне знакавай Прохараўкі. Аэраразведка папярэдзіла аб ім Катукова і Ротмістрава*****. Адразу былі высланы штурмавікі, але спроба, як заўсёды, правалілася. Нягледзячы на звалку з выкарыстаннем соцень машын, Лятучы Галандзец і тут нязменна вылучаўся белай афарбоўкай і гэтым разам ішоў наперадзе сваіх баявых парадкаў. Ён блішчаў латамі, нібы тэўтонскі рыцар. «Трыццацьчацвёркі» азвярэла адкрывалі па «тыгру» безвыніковы агонь. За ўвесь дзень ніводзін снарад знакамітых і згубных для астатніх «тыграў» і «пантэр» САУ-152 не прабіў яго башні ******. Адганяючы агнём праследавацеляў, што насядалі з усіх бакоў, сам, у сваю чаргу, атрымліваючы ў барты дзясяткі падкаліберных і бранябойных, «Белы тыгр» заставаўся непаражальным — і да зыходу вялікай бітвы канчаткова згубіўся ў дыме і полымі.
* «Трыццацьчацвёрка» — танк выключны, падрабязна на яго станаўленні спыняцца не мае сэнсу: дастаткова адправіць чытачоў да шматлікіх публікацый, у якіх машына разабрана літаральна па шрубках. Адзначым: на працягу ўсёй вайны танк быў выдатна мадэрнізаваны (у асноўным захаваўшы пры гэтым такі характэрны для яго знешні выгляд). Вядома ж, Т-34 сорак першага года не ідзе ні ў якое параўнанне з тым Т-34-85, які заканчваў вайну. У 41—42-м гадах, маючы практычна непрабіўную для нямецкіх танкаў і супрацьтанкавых гармат браню і гармату, здольную «ламаць» не толькі барты, але і лоб досыць слабенькіх Pz T-11, Pz T-111, Pz T-V1, а гэтак жа зусім непрыдатных для бою з рускім танкам трафейных чэшскіх Pz 35(t) і Pz 38(t) з адлегласці ў 1000 метраў, «трыццацьчацвёрка» мела недапрацаваны рухавік, які ўвесь час выходзіў са строю. Затое маторы нямецкіх машын заслугоўваюць самых высокіх пахвал, не ў апошнюю чаргу дзякуючы іх цягавітасці немцы і апынуліся пад Масквой. У канцы вайны становішча змянілася з дакладнасцю наадварот — добра браніраваныя нямецкія танкі («пантэры» і «тыгры») мелі ранейшыя праблемы з рухавікамі. Але іх снарады прабівалі «трыццацьчацвёрку» за паўтара, а то і за два кіламетры. Аднак новая 85-мм гармата сярэдняга савецкага танка дзейнічала не горш за пахвалёную нямецкую 8—8, а ўдасканалены рухавік В-2 дазваляў яму здзяйсняць пяцісоткіламетровыя кідкі ў тыл праціўніка. Што тычыцца артылерыі, дык на працягу ўсёй вайны канструктарамі рабіліся спробы ўзброіць Т-34 найбольш магутнай і прыдатнай для ўзмоцненай эксплуатацыі гарматай. Да 1944 года танк узбройваўся 76-мм гарматай. Такім чынам, на танкабудаўнічых заводах збіраліся серыі Т-34-76. Але пачынаючы з 42-га года, пасля таго як немцы адышлі ад шоку (першыя сустрэчы з «трыццацьчацвёркай» настолькі перапалохалі нямецкіх танкістаў, што тыя запатрабавалі ад германскай прамысловасці скапіраваць дакладна такі ж танк) і стварылі вартыя танкавыя і супрацьтанкавыя ўзоры, яе прабіўной здольнасці было відавочна недастаткова не толькі для «тыграў» і «пантэр», але і для мадэрнізаваных германскіх «троек» і «чацвёрак». Спыніліся на 85-мм гармаце, здольнай дастойна весьці барацьбу з «кошкамі». З зімы 44-га ў серыю пайшоў Т-34-85, які і з’явіўся асноўным нашым танкам у канцы вайны. Т-34-76 меў массу недахоёпаў: у прыватнасці, вельмі цесную башню, у якой з цяжкасцю маглі змясціцца два члены экіпажа (амерыканцы здзіўляліся, якім чынам рускія танкісты змяшчаюцца там узімку, у кажушках і ватоўках). З-за немагчымасці размясціць у башні яшчэ аднаго чалавека камандзір вымушана сумяшчаў са сваімі прамымі абавязкамі яшчэ і функцыю наводчыка, што негатыўна адбівалася на эфектыўнасці і камандавання, і стральбы (у немцаў было пяць членаў экіпажа — у танкавых башнях дзейнічалі камандзір, наводчык і зараджаючы. Акрамя таго, надзвычай дрэнны агляд з танка не дазваляў ацэньваць абстаноўку і своечасова на яе рэагаваць. Так, механіку-вадзіцелю даводзілася ўвесь час трымаць прыадчыненым люк. Стралок-радыст са свайго месца амаль нічога не бачыў і падчас бою часта біў усляпую. Першыя рацыі былі вельмі дрэннымі і стаялі толькі на т. з. «радыйных» танках. Няўдалым аказалася размяшчэнне паліўных бакаў па баках баявога аддзялення: загараючыся, яны часта не пакідалі ніякіх шанцаў экіпажу. Усе гэтыя недахопы выпраўляліся падчас вайны (праўда, паліўныя бакі пакінулі на ранейшых месцах). Так, экіпаж Т-34-85 з новай башняй ужо быў «паўнавартасным» і, як належыць, налічваў пяць чалавек, хоць танкісты часам адмаўляліся ад стралка-радыста і ваявалі ўчатырох (тры башнера плюс механік-вадзіцель).
** Адзін з самых вялікіх недахопаў першых Т-34 — слабая і капрызлівая чатыроххуткасная каробка. Зубцы пры пераключэнні часта крышыліся, адзначаліся парывы картэра каробкі. Для таго каб пераключыць перадачу, стралку-радысту прыходзілася падхопліваць рычаг і цягнуць яго разам з механікам-вадзіцелем — у апошняга проста не хапала на гэта сіл. Так што для новага танка патрабаваліся вадзіцелі з вельмі добрай вывучкай (а такіх катастрафічна не хапала). Неспрактыкаваны механік мог замест першай перадачы ўторкнуць чацвёртую (яна таксама назад), што прыводзіла да паломкі. Становішча кардынальна змянілася толькі тады, калі на знакамітым 183-м заводзе распрацавалі пяціхуткасную каробку з пастаянным зачапленнем шасцярэнек.
*** "Тыгр" аказаўся самым цяжкім у свеце, самым узброеным і да 1944 года практычна непаражальным нямецкім танкам, які папсаваў нам шмат крыві. Дастаткова сказаць аб яго вазе — амаль 60 тон. Для таго каб гігант не правальваўся ад уласнага цяжару, каткі на ім размясцілі ў шахматным парадку. Pz T-V1 — першы танк, які замест рычагоў меў штурвал — махінай можна было лёгка кіраваць. Лабавая браня складала 100 міліметраў і была для нашых танкістаў практычна непаражальная. З бартамі таксама даводзілася павазіцца — трэба было падысці на адлегласць не больш за 500 метраў (а ў рэальнасці бою і таго бліжэй), аднак Pz T-V1 рэдка каго падпускаў да сябе. Яго 88-мм танкавая гармата — мабыць, самая грозная і лепшая з усіх на той час існуючых. Што тычыцца знакамітай сваёй якасцю оптыкі, а таксама традыцыйнай вельмі добрай вывучкі экіпажа (тут мы доўгі час проста безнадзейна адставалі), застаецца толькі канстатаваць сумны факт — змагацца з падобным зверам нашым хлопцам было надзвычай цяжка. Танкісты ў літаральным сэнсе адчувалі сябе голымі, калі сутыкаліся з гэтымі праклятымі машынамі. Так, у 43-м годзе са сваёй 76-мм гарматы яны маглі паразіць «тыгр» з блізкай адлегласці (усё тыя ж 500 — 300 метраў), і тое толькі новым падкаліберным снарадам (а іх выдавалі пад распіску па тры штукі на боекамплект). Складанасць заключалася ў тым, што нават пры ўсіх спрыяльных абставінах паражаліся не ўсе, а пэўныя месцы. Трэба было злаўчыцца і ўляпіць падкаліберны ў борт паміж апорнымі каткамі (за ім размяшчалася боеўкладка «тыгра»), або пад аснову башні (тады яе клініла), або па ствале гарматы, або па задняй частцы (там размяшчаліся бензабакі). Або, на благі канец, білі па коле-ляніўцу, па кіруючым коле, па апорным катку або гусеніцы. Ад астатніх частак снарады проста адскоквалі. Даходзіла да таго, што «Тыгры» спакойна выпаўзалі насустрач Т-34, ніколькі не баючыся апошніх. Вось, у якасці прыкладу, успамін танкіста Н. Я. Жалязнова: «...яны («тыгры». — Заўв. аўт.) стаяць на адкрытым месцы. А паспрабуй падыдзі! Ён цябе спаліць за 1200 — 1500 метраў! Нахабныя былі!.. Мы як зайцы ад „тыграў“ бегалі і шукалі магчымасці, як бы так выкруціцца і яму ў борт уляпіць. Цяж**ка было. Калі ты бачыш, што на адлегласці 800 — 1000 метраў стаіць „тыгр“ і пачынае цябе „хрысціць“, то, пакуль водзіць ствалом гарызантальна, ты яшчэ можаш сядзець у танку, як толькі пачаў вадзіць вертыкальна — лепш выскоквай! Згарыш!» З’яўленне на «трыццацьчацвёрках» 85-мм гарматы выправіла становішча, можна нават выходзіць адзін на адзін. Але ўсё роўна да канца вайны славутыя Pz T-V1 заставаліся для нас самымі непажаданымі сапернікамі.
**** МГ-42 — жудасная зброя. Нашы салдаты называлі іх «гітлераўскімі косамі». Трапляючы ў костку, куля з такога кулямёта проста вырывала яе з цела.
***** М. Е. Катукоў — адзін з выбітных савецкіх танкавых камандзіраў. Яго брыгада, у складзе якой знаходзіліся Т-34 у 41-м годзе, цалкам разграміла танкавую калону Гудэрыяна пад Тулай (менавіта тады ў частках панцарвафэ распаўсюдзілася татальная боязь перад Т-34, які здаваўся непаражальным). У ходзе Курскай бітвы генерал камандаваў 1-й танкавай арміяй. Рашучая контратака яго баявых машын на нямецкіх флангах не ў апошнюю чаргу вымусіла Манштэйна пачаць адыход пасля знакавай Прохараўскай бітвы. Наогул, да канца вайны было створана 6 гвардзейскіх танкавых армій: 1 Т. А. — М. Я. Катукоў, 2 Т. А. — А. І. Радзіеўскі, 3 Т. А. — П. С. Рыбалка, 4 Т. А. — Д. Д. Лелюшэнка, 5 Т. А. — І. Ц. Шлемін, 6 Т. А. — А. Р. Краўчанка.
****** Бадай, адзіным вартым ворагам «Тыграў», «Пантэр» і «Фердынандаў» на 1943 год аказалася наша самая магутная ў свеце самаходка САУ-152 (гармата 152 мм) — якая пры трапным стрэле (вядома, з прымальнай адлегласці) магла пакінуць ад любога нямецкага танка адны гусеніцы. Імя ёй далі адпаведнае — «Зверабой».