З цыкла «Гімн»

У глухмені

Не стралу мне, а кулю ў сэрца — і не халастую —
Стрэліў горды анёл, што заўжды раўнадушны да славы,
І цяпер тваю яву і сон я заўзята вартую,
Як служака з пакінутай ўсімі заставы.

Ад міфічнае кулі зрабілася рана ружовай,
А шыпы — абарона кахання, што старасці не падуладна.
Я ў птушынай глухмені — антэна табе і мембрана,
Тэлефонная сувязь, надвор’я прагноз дакладны.

Не бяда, што пра нас забываюць сябры-пабрацімы,
Пад прыгнётам агульных праблем бескантактнае племя.
Існаванню абдымкі раскрыць знікаюць матывы,
Куля ў сэрцы маім пранікае ва ўласнае цемя —

Не дае аніяк мне расслабіцца і тым болей
Стаць закладніцай глупства. Таму зрок мой зоркі,
Вось і бачу, што зараз на лецішчы нас толькі двое,
А яшчэ, што радок стаў мой доўгім, жыццё — кароткім.


У ванным пакоі

Я куру фіміям, а ён пеніцца, нібы шампунь,
У бяздонным каханні сваім цябе я купаю.
Я сівая, як чэрвеньскі месяц, і ты быццам лунь.
Ды пра смерць не кажы! Жыві! Заклінаю!

Працінае наскрозь мяне погляд халодных вачэй,
Прамаўляеш, а словаў скразняк, як з прадоння злы вецер:
Хто ў пагібель не верыць, той скончыць жыццё хутчэй,
Бо яго зразумець немагчыма без думак аб смерці.

Іншаземны ўзбіваю шампунь і смяюся не ў лад:
Ты мой мілы стары, як і вечназялёнае мора,
На змяі-батарэі вісіць твой махровы халат,
Плача пар на люстэрку маімі слязамі і горам.


У лесе

У тваіх вачах векавечны растаяў лёд.
У маіх вачах векавая застыла цемень.
Навукоўцы б сказалі, што мы — з катодам анод,
Па-народнаму мы непадзельны — святло і цені.

Вернай жонкай твае абдымаю ступні,
На рабрыне тваёй, мой Адам, з якой я выйшла, —
Вільгаць слёз, сукравіцы — гэта макрота зямлі.
Асушы лоб мой вуснамі ціха, увішна.

Ад часоў эдэмскіх мінулі тысячы год,
Не мінула любоў — сутнасць часу і Бога.
А траянскі разлад і вайна — ўвасабленне нягод —
Адбываюцца ў свеце з прычыны руна залатога.

Залатая воўна раней, а пазней — пясок залаты.
Дзеля трапнага слоўца блазан мог навучыцца
Вінаваціць каханне ў тым, што свет наш пусты,
Ды адсохлі сасцы ад хлусні ў рымскай ваўчыцы.

Песняры ні пры чым. Я да слоўцаў імкнуся сама,
Журавінавых пальцаў мне вобраз міргае.
Ах святло, цень твой знікнуць не можа дарма,
Цень знікае, калі безнадзейна святло памірае.


Ля Яфскай брамы

Я — твая Суламіфь, мой стары цар Саламон,
Твае мышцы саслаблі, але пранізлівы погляд.
Таямніц для цябе няма, ды зірнеш на зялёны адхон,
А мяне не пазнаеш у сціплай сукенцы да пят
Між бабуль, што ружовы нясуць вінаград.

Распранеш — не пазнаеш, як хвалі пяску мой жывот,
Ногі страцілі гнуткасць і стройнасць вясновай лазы,
Мае грудзі — на пальме завялы бясформенны плод,
А сасуды праз скуру тырчаць, як з крыла страказы.
Каля Яффскай брамы я часам сачу твой прыход.

Да цябе не набліжуся. Як я магу засмучаць?
Слаўны духам мужчына. Жанчына — заўжды прыгажосцю.
Мне ў абдымках тваіх жарсці больш не шукаць,
Захаплялася песняй тваёй не меней, чым плоццю,
Бо каханне праз песню тваю пачало узнікаць.

Ах, якімі распевамі ты абуджаў мой слых,
Параўноўваў бляск маіх кос са святлом ліхтароў.
Для бяздушнай жарсці знайшоўся б проста пастух,
Але ж справа не ў тым, каб бурліла кіпенем кроў,
А каб сэрца ўзлятала, як з персіка спелы пух.

Смакавала я словы твае, нібы пчолка няктар,
Дык чаму, мой цар, прыгажосці ўрачысты спеў,
Што не здолеў прапець да цябе аніводзін пясняр,
Як пачаў ты старэць, мітуснёю атруціў цябе?
Залатому цяльцу ты пачаў прадаваць свой дар.

У баку ад цябе, за цябе ўсім каханнем маім
Увесь час я малюся. І зараз у цішы начы
У мяноры сем свечак запальваю сэрцам сваім,
Раздзіраю кашулю і сыплю попел пячны
На голаў сівы: умацуй жа цара, а цяльца забі!


На садовай лаўцы

На лаўцы садовай, дзе пустазелля рака,
Да ночы мы ў карты гуляем, набіўшы руку.
Старасвецкіх паноў перагналі гадамі мы.
Чым заняцца старым, што хаваюцца ад скразняку
У здзічэлыя дні пасярод некультурнай травы?

Нашы дні здзічэлі ад розных бяссільных турбот:
Чым і як падперці нам ганак і створкі варот,
Як дайсці да аптэкі, на што б лякарствы купіць?
А былі б старасвецкімі, пэўна б, варылі кампот
Ці чырвонай геранню маглі б падаконнік крапіць.

Нас стамляе за дзень чытанне кніг і газет,
А найбольш газеты, дзе столькі піярскіх інтрыг.
Вось і рэжамся ў карты. Я поспех прыдбала ў мане:
Ні ў гульні, ні ў жыцці ты ніяк прайграваць не прывык,
І хітру як магу, каб ў гульні заставацца на дне..

Як прайграеш, глядзіш ты зусім як паранены тыгр.
І вайна для мужчын, я мяркую, гульнёвы шпацыр
Па арэнах часоў. Дзякуй Богу, ты выйшаў жывым,
Хоць і трапіў у сталінградскі кіпучы тыгль...
Але больш не слухай ты мой сварлівы наіў.

Бубновая пані — з кветкай, з сардэчкам — пані чарвей,
Я трэфовая і твайму лёсу лепшы трафей.
Мяне лёгка прыдбаў, бо ты ў гэтым — казырны туз.
Надвячоркам гуляем мы, раніца ўсё ж мудрэй.
Але ранкам мы у палоне журботных муз.


Рэўнасць

Праз акно паглядаю я міла ў спіну табе...
Ты наіўны і смешны ў бязглуздай сваёй журбе —
Я старая і непрыемная нават сабе,
Ў цэлым свеце не трэба нікому, апроч цябе.

Ну якая кранальнасць, які тут быць можа смех?
Ты ад нашага дома, дзе стыне замшэлы мех,
І ад быту, што складзены толькі амаль з прарэх,
Выганяеш усіх. Твая рэўнасць — смяротны грэх.

А прыходзяць да нас выключна ад дабрыні —
З даху мох абадраць ці там-сям падкруціць вінты,
А яшчэ мне прыносяць кветкі, як факт прымі,
У падзяку за тое, што мною дагледжаны ты.

А яшчэ ёсць таемны разлік у такіх гасцей,
Гэта мара — дажыць-дабыць да старых касцей,
І каханымі быць, і на схіле старэчых дней
Слухаць гімны сабе, што за ўсе навіны важней.

І раўнуюць мяне да цябе і сябар, і брат
Праз каханне маё. Дык аслаб свой раўнівы парад.
Каб у свеце, дзе столькі бяздумных страт,
Адчыняла я дзверы з усмешкай для ўсіх, хто мне рад.


Наша сустрэча

Дзяцел дзяўбе па кары — ці ж лёгка ежу здабыць?
На світанку прачнулася я і маруджу цябе будзіць.

Сваё ты адваяваў — у кожнага свой мароз, —
Ты ладажскі лёд цалаваў і па волжскім поўз.

А ў мярцвяцкай быў мой мароз: пайшла сірата да санчасці
Цягнуць пахавальны воз, каб з голаду не прапасці.

Ёсць сакраментальны сэнс, што лёсы вядзе за сабой:
Каб размарозіць жыццё, сустрэліся мы з табой.


Над сажалкай

Мілы мой, гаспадыні хай думаюць аб зіме,
Гэта мне без патрэбы, калі — вось зараз, вось тут —
Травы, лісцейкі, раска ільсняцца, і гэты кут
Нібы літараў зелень у сінім пісьме.

Для цябе з Адэсы, а мне, можа быць, з Баку
Прывітанне, як некалі... Сёння ж за намі Масква,
Мы сумуем. Трава выводзіць: «Ква-ква»,
Мы сумуем. Лістота выводзіць: «Ку-ку».

Так, імперыя адкукавала, і там, дзе мы
Нарадзіліся, іншых краін процьма ад мяжы.
Не радком мне, асотам хвошча боль па душы,
І зусім гэта не аскома няспелай хурмы.

На каштанах там больш не квітнее гаворка мая,
І па-руску больш не спявае з галін інжыр....
Сумаваць непрыгожа, не вечны ж імперскі пір,
Але занядбаць пачуццё распаду не ў стане я.

Такім чынам, дарэчы згадкі твае пра зімовы запас, —
І тугу маю твой ўсякае душэўны нерв,
Перш чым я засумую... Не бойся: распаду чарвяк
Пакуль я з табой і жывая, не сточыць нас.

Чарнаморскай хвалі шум — у ракавінах вушэй
У цябе, а ў маіх — каспійскі прыбой,
Але сумную оду хачу завяршыць мальбой:
Прыгажэй, зямля, з апошніх сіл прыгажэй!


* * *

Ты — ахвяра лаўра, я — здабыча цёрну,
І нам прызнацца ў гэтым не саромна,

Калі ў вочы часу глядзець ва ўпор —
У адно сышліся Галгофа і Фавор.

Мы маладыя, паколькі занадта старыя.
Лёсу ўдары былі ракавыя.

Перажылі — гэта першае. А па-другое,
Ахвяры пакідаюцца жыць абое

Горняй рукою.