Год цуду і смутку

(фрагмент аповесці)

<...>

Здавалася, што я толькі што заснуў, а мама ўжо трэсла мяне за плячо і круціла кудзеры на галаве.

— Уставай! Прыйшлі па цябе! На рыбалку!

Ніколі ў жыцці так рана не ўстаў бы ў мінулыя часы, але тут, нават яшчэ не прачнуўшыся толкам, ускочыў і пачаў таропка нацягваць штаны.

А ў гэтую раніцу Байкал быў зусім іншы, і нават паверыць немагчыма, што ўчора ад берага да бясконцасці ляжала светлая роўнядзь без адзінай маршчынкі, ды і ці магчыма такое, бо гэта ж мора, і найдрабнейшы вецярок гоніць па вадзе рабізну, а калі канчаецца ветрык, дык рабізна яшчэ доўга ідзе па яго кірунку цёмна-сіняй стралой. Сёння так і было. Увесь Байкал быў сіні, але па сінім вострымі клінамі з поўдня на поўнач насілася рабізна яшчэ сінейшая — так было спачатку, калі мы выйшлі на бераг.

— Култук будзе! Добра! — сказаў Юрка, а яго брат-кінамеханік згодна кіўнуў.

Мы ішлі па броўцы чыгуначнага палатна, і, пакуль ішлі, Юрка расказаў мне шмат пра Байкал, што павінен ведаць кожны, нават калі ён у Маскве жыве, таму што такога іншага Байкала больш нідзе няма і не будзе.

— Култук будзе! — паўтарыў Юрка. І я ўжо ведаў, што хутка пойдуць хвалі з поўдня, і гэта добра для рыбалкі, гэта значыць, вал пагоніць рыбу да нашага берага і што падыдзе прывальны харыус, гэта значыць харыус, які вельмі вялікі і жыве ў глыбіні, а падыходзіць да берага ў час вала, таму што вал б’е па беразе і з-пад камянёў выбівае ікру бычкоў, тых самых рыбак, якіх учора Светка рукой злавіла. Бычок-самка заплывае пад камень, які няшчыльна на дне ляжыць, пераварочваецца брухам дагары і адкладвае на камень ікру, і гэта ля самага берага, каб іншыя вялікія рыбы яе не з’елі. Рыбакі гэтую ікру збіраюць, соляць, прэсуюць і на яе рыбачаць на харыуса. А есці гэтую ікру нельга. Нясмачная. Горкая.

Мы ўсё ішлі ды ішлі, і я не мог зразумець, навошта мы ідзём, калі вакол вада і бераг аднолькава камяністы.

Іншага берага не было відаць, там толькі хмары ці густыя аблокі ляжалі амаль на вадзе, ці так здавалася. А ля нашага берага пачало плёскацца не зусім зразумела што, бо хваль не было, адна цёмна-сіняя рабізна кідалася туды-сюды: то ўздоўж берага, то ад берага; часам усё вакол пакрывалася цёмнай рабізной, і тады ўжо быў не сіні колер, а, хутчэй, цёмна-шэры, амаль чорны, але толькі сціхаў вецер, вада зноў набывала блакітнае адценне, і мне не хацелася іншага колеру, акрамя блакітнага, таму што і неба дакладна, як вада, таксама ніяк не магло абраць для сябе сталага колеру ў гэтую раніцу і таксама то разлівалася сінню, то рабрылася пер’ем аблокаў, якія разляцеліся па гарызонце.

Нас абагнаў цягнік, і, пакуль ён пралятаў міма, мы стаялі на самым краі броўкі, а да мільгатлівых і грукатлівых вагонаў можна было дакрануцца ­рукой.

Чыгунка ішла па вузкай скалістай палосцы ўздоўж берага, над якім да неба навіслі амаль прама, нібы абсечаныя, скалы. Пакуль цягнік трымаў нас на краі насыпу, я задзіраў галаву ўгору, спрабуючы ўявіць вышыню скал, і мне здавалася, што вышыня іх шматкіламетровая, таму што саміх вяршынь не відаць: іх перакрывалі навіслыя над намі адхоны.

Потым ужо мы ішлі нядоўга і хутка камяністай лагчынкай спусціліся з насыпу на самы бераг, увесь завалены вялізнымі камянямі. У двух месцах над вадой тырчалі дзве шпалы, на беразе прыціснутыя камянямі. Гэтае месца звалася лавай. Тут была яма, гэта значыць ад апошняга каменя адразу, без усякага ўхілу была глыбіня восем-дзесяць метраў. У такія месцы блізка да берага падыходзіць харыус падчас вала. Тут яго лепш за ўсё лавіць.

Калі мы спусціліся да вады, вал ужо пачаўся. Праўда, хвалі былі невысокія, ішлі адна за адной спакойна і не спяшаючыся, ішлі не наўпрост да берага, а нібы наўскос, і хваля спачатку толькі адным краем заплясвалася на бераг, нібы чапляючыся за яго, а калі іншы, бачны канец яе таксама дасягаў берага, тут, ля нашых ног, ужо другая хваля падала на камяні, выкідваючы ўверх паміж камянямі жмені бліскучых пырскаў.

Юрка і ягоны брат дасталі схаваныя ў камянях у мінулую рыбалку велізарныя вудзільны. У дзядзькі Віці яно было сямі метраў, у Юркі — пяць з паловай. Вудзільны былі складзены з некалькіх палак, злучаных жалезнымі трубкамі. Перакінуўшы цераз плячо торбу з ікрой-нажыўкай, абодва яны, задраўшы вудзільны да неба, зайшлі на вузкія, мокрыя шпалы, на якіх і без вудзільнаў выстаяць цяжка, насадзілі нажыўкі на кручкі і закінулі лёскі наколькі можна далей. Упёршы вудзільны ў клубы, яны замерлі ў такой позе, утаропіўшыся на паплаўкі з доўгімі гусінымі пёрамі. Паплаўкі гойдаліся на хвалях, нахіляліся то назад, то наперад, і я некалькі разоў уздрыгваў і ўскрыкваў — мне здавалася, што клюе, але рыбакі стаялі, як каменныя статуі, без ніякага руху, і можна было падумаць, што яны забыліся, навошта ўсталі тут.

Харыус — рыба высакародная, не тое што які-небудзь там акунь ці карась, якія, як дурні, заглынаюць чарвякоў адразу да самага жывата і цягнуць паплавок і лёску, нібы паведамляючы рыбаку, што, маўляў, справа зроблена і давай цягні! Харыус спачатку спрабуе хвастом збіць насадку з кручка і толькі потым, калі вельмі галодны, асцярожна спрабуе яе губамі. Паплавок пры гэтым толькі ледзь уздрыгвае, і трэба здолець тут жа падсекчы яго. А паспрабуй падсекчы тонка, каб не абарваць губу, каб не паспеў харыус выпусціць нажыўку з рота, калі ў руках сяміметровае вудзільна, а лёска апушчана на шэсць метраў у глыбіню!

А потым сама поза, у якой застываюць рыбакі на шпале!

Тупы канец вудзільна як бы ўваткнуты ў клуб, тонкі яго канец навісае ў метры над паплаўком, левая рука на левым клубе, корпус ледзь адхілены назад, і ва ўсёй позе, акрамя гатоўнасці да падсечкі, яшчэ і своеасаблівая зухаватасць, і лёгкасць, і ціхамірнасць, і нават некаторая нядбайнасць, і поўнае абыякавасць на твары. А пры гэтым шпала, як ні моцна прыціснута камянямі на беразе, усё ж спружыніць пад нагамі, і хвалі б’юць па нагах, а калі клюнула, дык трэба падсекчы, выцягнуць, злавіць харыуса левай рукой, прыціснуўшы вудзільна да цела, зняць рыбу з кручка, кінуць у сумку або на бераг, насадзіць нажыўку і зноў закінуць лёску, махнуўшы велізарным вудзільнам, — і пры гэтым не страціць раўнавагі, не паслізнуцца нагой, не пляснуць вудзільнам па вадзе. Харыус палахлівы. Ікра трымаецца на кручку ледзь-ледзь і пры няўдалай падсечцы злятае з кручка, і насаджвай зноўку!

Паназіраўшы за рыбакамі хвілін дзесяць, я стаў паважаць іх да хвалявання. А яшчэ праз некалькі хвілін задрамаў, абапёршыся на камень, і мне прыснілася, што з вады паміж камянёў высунулася велізарная рыбіна і, разявіўшы рот, сказала гучна: «Праспаў, рыбак!» — і зарагатала.

У гэты момант нешта стукнула мяне па жываце, я ўскочыў і ўбачыў ля ног рыбу. Юрка і дзядзька Віця рагаталі.

— Праспаў! — крыкнуў Юрка.

— Збірай сукі! Распальвай вогнішча! Смажыць будзем!

І дзядзька Віця паказаў мне, дзе можна набраць сукоў.

Пакуль я распальваў вогнішча, адна за адной прыляцелі на бераг восем рыб — вялікіх харыусаў, як сказаў дзядзька Віця, па два фунты кожная, не менш.

Потым клёў спыніўся. Рыбакі выйшлі на бераг, паклалі вудзільны на камяні і пачалі смажыць рыбу дзіўным спосабам. Рыбу абгортвалі газетай і клалі ў вогнішча, у самае вуголле, а калі вымалі, газета была толькі трохі пажаўцелай, і дзе-нідзе нават відаць былі літары. Рыба ж аказвалася добра засмажанай, заставалася толькі пасаліць яе.

Пакуль смажылася рыба, пакуль мы елі яе, пакуль чакалі добрага вала, дзядзька Віця расказваў мне пра Байкал. Пра вал Култук і пра вал Баргузін, пра вецер Сарму, што зрывае дрэвы са скал і кідае ў ваду, пра востраў Альхон, што на поўначы, пра тое, як была ў Байкала адзіная дачка, прыгажуня Ангара, і што ўцякла яна да свайго жаніха Енісея, а Байкал з прыкрасці кінуў ёй услед скалу, што і цяпер тырчыць з вады, дзе пачынаецца Ангара.

Я слухаў, а на душы рабілася чамусьці трывожна. Мне здавалася, што ўсё, пра што ён расказвае, я ўжо ведаю ці ведаў калісьці, але забыўся, але што ўсё было не так, як ён расказвае, а зусім інакш, і нават назвы і імёны гучаць толькі падобна, але не так, як я іх калісьці чуў. Я нічога не мог прыгадаць, але ўвесь час хацелася запярэчыць...

Потым дзядзька Віця спяваў песню:

Ў старыну, даўно было,

Пранеслася вякоў чарга,

Калі ссунута Байкалам

Была сіняя гара.

Ад яе ляжаць аскепкі

І сягоння ў той вадзе

Ды вялізныя парогі

Па цячэнні дзе-нідзе.

Ўсё астатняе памчалі

Воды хуткія ракі,

А легенду помняць свята

Старажылы-рыбакі.

І раскажуць вам унукі,

Сярод іх яна жыве.

Імя толькі навядома,

Ад каго яна ідзе...

Хвалі да таго часу ўжо сталі захлістваць камяні, за якімі мы сядзелі, а шум вала прымушаў гаварыць усё гучней і гучней. Іншы бераг, наадварот, праясніўся, і я ўпершыню ўбачыў горы, што вышэй за нашыя, як сказаў дзядзька Віця, са снежнымі шапкамі на востраканцовых вяршынях. Да таго берага было сорак кіламетраў, здавалася жа, што куды болей. Адкрылася бачнасць налева і направа. У абодва бакі вада сыходзіла ў неба, ці неба апускалася ў ваду, і толькі слабай, ледзь бачнай рысай праглядаў гарызонт.

Хвалі ўжо не проста каціліся, а быццам нехта падштурхоўваў, прыспешваў іх, і гэта іх раздражняла, а раздражненне яны зрывалі на камянях і адна на адной, калі сутыкаліся ў каменных россыпах на беразе. Тады вада там закіпала і пенілася і кідалася ў вірах. На беразе ветру амаль не было. Вецер насіўся недзе там, на сярэдзіне, там ён ператвараў ваду ў хвалі і адтуль гнаў іх да берага.

Рыбакі зноў занялі свае месцы на шпалах. Хвалі перахплюхвалі цераз шпалы, білі па нагах вышэй каленяў так, што боты не ратавалі. Клёву, насуперак чаканню і ўпэўненасці дзядзькі Віці, не было, і праз паўгадзіны крыху збянтэжаныя рыбакі выйшлі на бераг, злілі ваду з ботаў, адціснулі гачы штаноў і схавалі вудзільны.

Пакідаўшы рэшткі вогнішча ў ваду, мы ўзлезлі на насып і рушылі да­дому.

— Мы што ведаем пра рыбу, — разважаў дзядзька Віця, — што ёй жэрці трэба! А якія ў яе яшчэ справы і клопаты, мы гэтага не ведаем! Па ўсіх правілах павінна яна была кляваць па вале, а вось не клюе! Значыць, яшчэ нейкія прычыны ёсць, якіх мы не ведаем. А можа, яшчэ пачакаць трэба... Ды толькі хопіць з нас таго, што ёсць!

І ён падкінуў угору сумку з рыбай, і сумка цяжка ўпала яму на рукі.

<...>

Наступіла тым часам пара арэхаў, і хлапчукі адзін за адным сталі знікаць па некалькі дзён з байкальскага берага. З’яўляліся яны з чорнымі ад смалы рукамі, на шчоках, на лбе і на шыі таксама былі плямы смалы, і, хоць газай або бензінам смала змываецца лёгка, хлапчукі не спяшаліся пазбавіцца слядоў кедрача. Усе кішэні хлапчукоў былі цяпер поўныя арэхаў, а размовы ля вогнішча на беразе вяліся ў асноўным вакол арэхавых спраў. Адзін выхваляўся, што, як ударыў па кедры калотам, з аднаго ўдару дзвесце шышак звалілася, а дзесяць штук па галаве патрапілі. Паступова колькасць падаючых шышак з аднаго ўдару дасягнула пяцісот, і хлапчукі раўніва аглядалі патыліцы адзін аднаго, якія насілі сляды прамых пападанняў.

У кагосьці калот абламаўся ад удару, у кагосьці балаган уначы загарэўся, у іншага расамаха ноччу сцягнула ўсе прадукты, хтосьці выявіў свежыя сляды мядзведзя каля зімоўкі!

І толькі я адзін быў на становішчы слухача і частаванца. Усе частавалі арэхамі і патрабавалі сказаць, у каго арэхі былі прапражаны лепш. Я ж іх і лузаць не ўмеў. Хлапчукі перакусвалі шкарлупіну ўпоперак, і, пакуль я мучыўся з дзясяткам, яны спраўляліся са жменяй.

Але вось надышоў дзень, настала раніца, калі я з рэчмяшком за спінай крочыў па вузкай таёжнай сцежцы, што вяла ў кедравыя месцы. Паперадзе мяне ішоў Светчын бацька, дзядзька Сярожа, Юрка і яго брат дзядзька Віця, а за мной па пятах ішла Светка.

Сцежка пятляла, выгіналася, то задзіраючыся ўгору, то скочваючыся ўніз, то знікаючы на паваротах. Ішлі ўжо другую гадзіну, але стомы не было, а была адна радасць, таму што нялёгка было ўгаварыць маму адпусціць мяне, і не адпусціла б, каб не дзядзька Сярожа. І якіх толькі глупстваў не казала мама, спрабуючы сарваць гэтую справу: і што я слабенькі і не вытрымаю доўгага пераходу, і што прастыць магу ноччу, бо мы ішлі з начлегам, і што я яшчэ не акрыяў ад хваробы, і яшчэ шмат казала яна лішніх і несправядлівых слоў. Але, як бы там ні было, я ішоў зараз па сцежцы і зайшоў ужо так далёка, што ніхто вярнуць мяне не зможа!

Мы выйшлі яшчэ зацемна, спачатку нават дарогу было дрэнна відаць, і холад ранішняга байкальскага скразняку падганяў нас. Потым развіднела, потым за спінай з’явілася сонца, і птушыная гамана вакол нязвыкла аглушыла мяне. Але чым далей ішлі, тым цішэй рабілася навокал, тым змрачнейшым станавіўся лес. Ужо вакол былі адны кедры, і на галінах іх і на верхавінах віселі шышкі, а я не разумеў, чаму мы праходзім міма і навошта ідзём далёка, калі тут можна набраць колькі заўгодна! Спытаў Светку, яна хіхікнула:

— Хіба гэта кедрач! Па дзесяць штук на кедры! Тыдзень біць будзеш!

Па дарозе сустракалася шмат цікавага, незнаёмага, незразумелага, але мы ішлі «па справе», і спыняцца і глядзець часу не было. Асабліва дзівілі вялізныя мурашнікі і ўпаўшыя кедры з вывернутымі каранямі.

Шмат разоў сцежка раздвойвалася, на адной такой развілцы дзядзька Сярожа, не спыняючыся, крыкнуў мне:

— Бачыш!

І паказаў на сцежку, што пайшла налева ад нас.

Мы прыйшлі да вялікага балагана з галін і жэрдак. Хутка папілі гарбаты, і пачалася праца. Мы падзяліліся на дзве партыі.

Юрка з братам пайшлі ў адзін бок, а мы са Светкай і яе бацькам — у іншы. Дзядзька Сярожа зваліў сякерай вялікую бярозу, маленькай пілой адпілаваў метровую цурку, пасярэдзіне высек касы паз і ў гэты паз убіў доўгую палку. Атрымаўся калот. Ён быў такі цяжкі, што я нават прыўзняць яго не мог.

Мы са Светкай ўзялі па мяшку, а дзядзька Сярожа паставіў калот дзяржальнам на зямлю перад першым кедрам, адвёў калот на сябе і ўдарыў па ствале. І пасыпаліся з кедра шышкі! Некаторыя ляцелі са свістам, сыпаліся ўздоўж ствала, адскоквалі ад сучкоў у розныя бакі.

— Збірай! — крыкнула Светка.

Я кінуўся да дрэва, пачаў мацаць па зямлі, сяк-так знайшоў пяць шышак. Дзядзька Сярожа ўдарыў яшчэ раз, і тут мяне так трэснула па спіне, што я, крыкнуўшы, упаў у мох. Светка закацілася ад смеху! А калі я падышоў да яе, у яе ў мяшку ўжо было каля паўсотні шышак.

Ух, якая гэта была цяжкая праца! Дзядзька Сярожа біў і біў, і я насіўся пад дрэвамі, больш затоптваючы шышкі ў мох, чым збіраючы іх. Светка — тая нічога не баялася, яна кідалася збіраць шышкі, калі яны яшчэ толькі ляцелі з дрэва. Шышкі стукалі па галаве і па плячах, яна ўскрыквала, вішчала, рагатала, а я не мог зразумець, як ёй не баліць. Мяне ўсяго тры разы стукнула, а галава гудзела, рука так балела, што дакрануцца нельга, а пазваночнік быццам увогуле трэснуў...

Ад сталага нахілу ўся спіна дранцвела і стагнала, ногі таксама, яны правальваліся ў мох, а ў моху трапляліся камяні, ногі то захрасалі, то падварочваліся, то слізгалі.

Шышкі мы звальвалі ў кучу, але, аббіваючы адзін участак за адным, увесь час аддаляліся ў нейкім напрамку, і я не разумеў, як мы потым знойдзем кучы.

Калі ўжо здавалася, што я больш і кроку ступіць не змагу, дзядзька Сярожа сказаў, каб мы са Светкай ішлі да балагана і гатавалі абед. І калі Светка крыкнула: «Пайшлі!» — я залыпаў вачыма — я нават уявіць не мог, у які бок падавацца. Светка вывела мяне так, як быццам ішла па пасёлку, і аказалася гэта зусім блізка, таму што мы хадзілі кругамі вакол балагана. Пакуль мы гатавалі абед, дзядзька Сярожа і дзядзька Віця пачалі сцягваць шышкі да балагана. Яны прыносілі па меху, высыпалі і сыходзілі зноў.

Светкін суп я еў, як ні разу не еў мамчын, і ўсё не верылася, што наемся. Пасля лёг на спіну і адразу заснуў. Мяне разбудзілі, паднялі, і мы адразу пайшлі працаваць. Як ні дзіўна, пасля абеду працавалася лягчэй, ды я ўжо і асвоіўся крыху, навучыўся прыкмячаць, дзе падаюць шышкі, знаходзіць іх хутка, адхінацца ад удараў, хоць пазбегнуць іх зусім не магла нават ­Светка.

Перад вечарам нас зноў адправілі гатаваць ежу, і зноў гэта было для мяне вельмі своечасова, стаміўся я неймаверна!

Мужчыны сцягвалі шышкі, і іх набралася з цэлую гару. Потым валілі сухія дрэвы і сцягвалі да балагана. Патрэбна было вогнішча на ўсю ноч, таму што ўсю ноч трэба было апрацоўваць шышкі. З балагана выцягнулі вялікі брызент і разаслалі на зямлі. Адтуль жа дасталі жалезныя бляхі з дзірачкамі рознай велічыні — гэта былі сіты. Запалілі вогнішча.

Яшчэ раней я звярнуў увагу на вялікую калодзіну, на якой былі высечаны зубцы. На гэтыя зубцы клалася шышка, па ёй ударалі невялікай дошчачкай, таксама з зубцамі і адным рухам расціралі шышку. І вось так трэба было перапрацаваць усю гару шышак. Потым яшчэ трэба было прасеяць арэхі праз тры сіты і пад канец распаліць арэхі на вогнішчы ў бляхах ужо без дзірачак.

Мужчыны і Юрка расціралі шышкі, а мы са Светкай насыпалі сіты і прасейвалі арэхі. Такая гэта была праца, што я нават не заўважыў, як пачало цямнець, як настала ноч. Гара шышак, здавалася, не памяншаецца ніколькі! Але калі яна ўсё ж паменшылася, Юрка падключыўся на прасейванне, і мне стала крыху лягчэй. Першыя лісты з чыстымі арэхамі ўжо стаялі на агні, і мне даручылі перамешваць, каб арэхі не падгаралі, але яны падгаралі, арэхі шчоўкалі і стралялі распаленым шкарлупіннем прама ў твар.

— Вось цяпер будзеш ведаць, як дастаюцца арэшкі! — сказаў дзядзька Сярожа. — Другі раз і пайсці не захочаш!

— Захачу! — адказаў я, але наўрад ці шчыра.

Усяму бывае канец. Наступіў канец і нашай рабоце. Чыстыя і прапражаныя арэхі былі засыпаны кацялкамі ў рэчмяшкі. Мне дасталіся чатыры кацялкі з таго разліку, што больш я не данясу. Светцы таксама чатыры. А Юрку — шэсць, — і гэта было крыўдна. Я быў не слабейшы за Юрку, а ўжо са Светкай дык чаго мяне раўняць! Але я не спрачаўся.

А вось мяшкі дзядзькі Сярожы і Юрчынага брата былі жахлівыя, нават не верылася, што нехта можа падняць іх з зямлі!

— А цяпер спаць да апухання! — аб’явіў дзядзька Сярожа.

У балагане аказаліся коўдры, хоць і старыя, але цэлыя, і целагрэйкі, і нават шапкі. Ночы ў байкальскай тайзе халодныя, гэта я ўжо ведаў.

Старэйшыя размясціліся ля вогнішча, а нас траіх адправілі ў балаган. Юрка адразу ж пайшоў туды, а мы са Светкай папрасіліся крыху пасядзець ля вогнішча.

Ноч была цёмная. І толькі цяпер, агледзеўшыся, я адчуў, як страшна ўсё навокал! Вогнішча асвятляла толькі саму паляну, і святло яго канчалася за два крокі, а далей усё было напоўнена страшнымі ценямі, шолахамі, гукамі, незнаёмымі і трывожнымі. На фоне неба віднеліся ці адгадваліся вершаліны кедраў, і здавалася, быццам яны навісаюць над галавой, гатовыя ў любую хвіліну зваліцца на галаву жывымі пачварамі ночы. У цемры здаваўся рух, нехта падкрадваўся ці хадзіў побач — так і хацелася прыціснуцца да вогнішча і схавацца ў ім.

— Страшна? — шэптам спытала Светка.

Я хмыкнуў, быццам мне напляваць.

— А мне заўсёды страшна ноччу! — прызналася Светка, і я тады таксама пагадзіўся, што мала прыемнага.

Усе ўжо спалі, а мы яшчэ сядзелі і слухалі начныя гукі і глядзелі ў вогнішча, а мне ўвогуле было жудасна сыходзіць у цёмны балаган, і я сказаў, што застануся тут. Захінуўшыся целагрэйкай, я прываліўся да зубчастай калодзіны і хутка заснуў.

<...>

Байкальская восень не паспела адгарэць усімі фарбамі, як па фарбах ударыў мароз і ўпаў снег. Снег, вядома, растаў, але паспеў прыбіць колер, і ён пабляк у два дні.

Па цясніне насіліся ўзад і ўперад халодныя скразнякі, наганяючы дажджы і волкасць. А Байкал штарміў не перастаючы. Цяпер ён ужо не бываў блакітным нават у ясныя дні, цяпер ён бываў часцей шэрым, свінцовым, і толькі калі ішоў вал култук з пеністымі хрыбтамі, тады ён бываў цёмна-цёмна-сінім.

Другая палова байкальскай восені — самая сумная пара года. Халодныя дажджы, халодныя вятры, суровае і няветлае мора.

Другі раз снег ужо не растаў, і гэта пачалася зіма. Ручай або маленькая рэчка, што працякала па цясніне, пакрылася ледзянымі забярэгамі, але што да яе, дык не верылася ў сілу марозу: бо вада літаральна скакала па камянях. Аднак аднойчы ноччу яна адскакала сваё і да раніцы зіхоткім лёдам замерла ў руху, і гэта было цудам — хіба лёгка ўявіць, што рух можна спыніць і замарозіць! Але тут каскады і бруі вады застылі ў падзенні і кідку, і нават пырскі на камянях зледзянелі буйным жэмчугам, а камяні пакрыліся бліскучай плёнкай. Але рэчка сілкавалася і падводнымі раўчукамі, і хутка лёд у шматлікіх месцах спачатку ўспудзіла, а потым ледзяныя вулканы лопнулі і вада накіравалася па-над лёдам. Лёд нарастаў зверху, і хлапчукі казалі, што да вясны ён будзе месцамі да паўтара метра ў таўшчыню. Няўжо можна паверыць у такое, калі рэчка нідзе не была глыбей, чым па калена!

Ужо вакол была зіма, белы колер утапіў у сабе ўсё, акрамя зеляніны елак і кедраў на схілах, але і гэтая зеляніна была няяркай і наогул не ўспрымалася як зеляніна, а проста як цёмнае на белым.

І толькі Байкал у арнаменце белых забярэгаў яшчэ захоўваў, прынамсі, у сонечныя дні, сваю цёмную сінь. Штормы хадзілі ад берага да берага і ўздоўж берагоў, здавалася, што Байкалу холадна і ён штарміць, каб сагрэцца. Па водмелях ледзяныя забярэгі белымі шчупальцамі паўзлі ад берага ўдалячынь, але яшчэ былі сілы ў мора супрацьстаяць марозу, а ў марозу яшчэ не было сіл справіцца з морам.

У хлапчукоў пачалася новая радасць — канькі. Канькі вяроўкамі прыкручваліся на валёнкі, але каталіся, у нядзелю, напрыклад, па цэлым дні, а якія вяроўкі вытрымаюць! І таму валёнак з каньком крыху акуналі ў ваду, а затым некаторы час трымалі ў снезе, і канькі прырасталі да валёнкаў. Нагам было цяжкавата, затое надзейна!

Амаль ад самай Мёртвай скалы да берага Байкала ўся вольная ад хат прастора цясніны пакрылася лёдам. Мы сыходзілі да самай развілкі ў падзь і адтуль каціліся ўніз часам без прыпынку, часам налятаючы на расколіну, і тады здаралася «куча малая», і гэтай кучай мы, круцячыся і боўтаючыся, слізгалі ўніз, потым зноў уставалі на канькі і выляталі на байкальскія забярэгі.

Яшчэ збівалі тры дошкі, ставілі іх на канькі, дваё ззаду і адзін, рулявы, спераду. Такая прылада звалася рулявушкай. На яе клаліся адразу некалькі чалавек і ляцелі па цясніне да Байкала.

Вечарамі і па нядзелях па ўсёй цясніне гуляў дзіцячы гоман, і гэта быў самы шумны і вясёлы час у жыцці пасёлка.