Смуродзіць кнот забытае газніцы, худая Муха грукаецца ў шкло...

* * *

Смуродзіць кнот забытае газніцы, худая Муха грукаецца ў шкло.
Маленькаму Майсею сонца сніцца: дзіця адчула ў кошыку цяпло.

Вазьмі сабе, хай будзе табе сынам, расплюшчы вочы — і ў пыльнае акно
сачы, як цягнецца струменямі бурштыну густое кахецінскае віно.

І прашапчы, паклаўшы ў ложак цела, пачні наўмысна словамі здаля:
«Яшчэ не ўся лістота абляцела, яшчэ трава не вытаптаная,

яшчэ пляце, нібы дарунак Бога (наперад майстра ведае цану),
калыску адмысловую з трыснёгу, а насамрэч пляце рука труну.