Голас з чайніка

Нехта настойліва яго шкуматаў. Але расплюшчваць вочы не хацелася. Эх, учарашні «хлапечнік» з сябрамі скончыўся непрадказальна... Такое, на жаль, ужо здаралася. Дзе ж ён гэтым разам апынуўся? Дома ўжо даўно ніхто яго не будзіць.

Павекі насілу разляпіліся. Так! Усё ж вачэй лепш было не расплюшчваць — над ім навіс твар негра. Адно тое яшчэ можна было зразумець — негры цяпер сустракаюцца і на нашых вуліцах. Гэты, аднак, быў у фуражцы з кукардай і літарамі на ёй «New York City». Такі ж надпіс, толькі буйнейшы, быў і на яго кашулі, каля рукава.

Дагуляўся! У ператрусах ён за сваё жыццё бываў не раз — і заўсёды выкручваўся. Праўда, такога, каб паднесці да рота кружку ў піўной Дома афіцэраў на Ліцейным і прачнуцца, амаль імгненна, у Нью-Ёрку, — такога яшчэ з ім не было. Для пачатку трэба цвяроза разабрацца ў сітуацыі — хаця з цвярозасцю, падобна, натуга. Спіна моцна зацякла, штосьці ў яе ўрэзалася. Прыпадняўшыся, агледзеўся. Ён ляжаў на шырокай шурпатай прыступцы, наваліўшыся спінай на наступную прыступку. Уверсе ўздымаўся раскошны шэры будынак. Яго шкляныя дзверы круціліся, а ў іх уваходзілі і выходзілі людзі інтэлігентнага выгляду.

«Дзякаваць богу, хоць месца прыстойнае! — усміхнуўшыся, падумаў ён. — Значыць, паважаюць. Але — хто?» Ён выдатна памятае, пра што размаўляў з афіцыянтам у бары «Патрыёт». Нью-Ёрка ён не замаўляў.

— Кэн ай хэлп ю? — спытаў палісмен.

Тое, што той загаварыў па-англійску, канчаткова дабіла Сідарава. Хоць спадзявацца на іншае было глупствам. Але ён чамусьці спадзяваўся. Папрасіць гэтага малойчыка падкінуць яго ў Дом афіцэраў на Ліцейным? Няправільна зразумее.

Гэй! Мяне ўсё ж не на памыйніцы знайшлі! Сёе-тое значу! Трэба даць чарнаскураму сябру зразумець гэта. Ён рашуча падняўся, усміхнуўся паліцэйскаму: задумаўся, маўляў, бывае! Можна было яшчэ што прыемнае яму сказаць, але, хто ведае, раптам акцэнт насцярожыць. Усё! Бяром сябе ў рукі! Ён нязмушана спусціўся па прыступках. Зараз трэба ўпэўнена куды-небудзь пайсці. Направа? Налева? У Піцеры ён бы дакладна ведаў.

А тут разгубіўся. Калі заграз санкавы цягнік паміж антарктычнымі станцыямі «Мірны» і «Усход» — смерць бліжэй стаяла. Але чамусьці было спакайней. Загінуць — адно, ганьба — іншае. У гэтым «горадзе гатоўкі», як называлі яго яшчэ ў школе, абняславіцца не хацелася. Іншая справа — сярод сваіх.

Прыступкі былі акружаны высокім парапетам з магутнымі львамі на абодвух канцах. Каля левага льва спакойна ляжаў, закінуўшы нага на нагу, абарваны ды зарослы стары. «Падобна, гэта я ў недалёкай будучыні!» — мільганула думка. Абадранец чамусьці паліцыянта зусім не хваляваў, той не зводзіў вачэй з Сідарава.

«Джынсы з „сэканд хэнда“, куртка — скуразамяняльнік. Лысая мужнасць. Чым кепска? — нават крыху пакрыўдзіўся ён. — Ну ўсё! Маральна аднавіўся! — супакойваў сябе. — Пачалі разбірацца! Звяртацца за даведкамі да гэтага паліцыянта, мабыць, не варта. — Галава працавала ўжо ясна. — Пойдзем іншым шляхам».

Баяцца ён не прывык. З сябрамі юнацтва на дзіравым катары перасек бушуючую восеньскую Ладагу. Праўда, толькі ў адзін бок — на зваротным шляху прыйшлося тануць. На дызель-электраходзе «Об» быў зацёрты льдамі там, куды не магла прыйсці ніякая дапамога. Прабіліся! Аднойчы ў камандзіроўцы паспрачаўся з сябрамі, што перасячэ ўсю Маскву па дыяганалі за паўгадзіны і возьме трубку ў кватэры іх агульнай сяброўкі на іншым канцы горада. Як ён гэта зрабіў — не памятаў, але ўварваўся туды ў тую секунду, калі зазваніў тэлефон. «Колькі вас можна чакаць!» — прамовіў ён.

Зараз «удаласць маладзецкая» занесла яго ў Нью-Ёрк. Праўда, гэта была ўжо «ўдаласць пенсіянерская», да такога размаху выпрабаванняў наўрад ці прыдатная. «Пагарачыўся», як часам казалі сябры, апраўдваючы свае вар’яцтвы. Але пасля бурнага жыцця, смерці жонкі і двух лепшых сяброў раптам апынуўся «не пры справах», і вось праз інтэрнэт увязаўся з нуды ў гэта міжнароднае рэаліці-шоў «Эдвеньчурыс», што ў перакладзе азначала, як жартавалі сямейныя сябры, «прыгоды на сваю сраку». І жарт іх імгненна пацвердзіўся. Што замаўляў — памятаю, як разлічваўся — не. Разлічваюся цяпер тут.

Павярнуўся. Паліцыянт проста не зводзіў з яго вачэй! Напэўна, закахаўся. Сідараў памахаў яму пальчыкамі і спусціўся з балюстрады. Палічым наяўнасць... Лічыць, аказалася, няма чаго — у кішэнях ні рубля. Хоць рубель, здаецца, не зацвярдзеў яшчэ настолькі, каб прымалі ўсюды. Ва ўсякім разе, у Нью-Ёрку, здаецца, яго яшчэ не бяруць. Карацей — не мучся... Што, цікава, тыя «эдвеньчурысты» жадалі гэтым сказаць? Ужывую ён бачыў тых забаўнікаў толькі раз, ды не галоўных, а нейкіх пабочных, нанятых на час. Яны таксама дрэнна цямілі, што дзеюць, хоць хвацка малявалі топ-менеджараў, з усімі «прыхваткамі» ды «прыбамбасамі», як кажа моладзь. Адбылося гэта на вузкай Галернай вуліцы, у нейкай абшарпанай графскай сядзібе, былым Доме культуры. Цяпер тут немаведама што. Паралельна, дарэчы, мяркуючы па маляўнічай аб’яве, ды і па экстравагантнай публіцы, там ладзіўся фэст сексуальных меншасцей. «Эдвеньчурысты», праўда, запэўнівалі, што да фэста гэтага не маюць ніякага дачынення. Здзівіла, што ў зале, дзе сабраліся «тыя, што шукаюць прыгод», было шмат маладых і прыгожых. Ужо ж ён у іх узросце ні да якіх пасрэднікаў звяртацца б не стаў, сцяміў бы сам, што рабіць! Эх, моладзь!

— Калі ласка, запоўніце анкету і ў пункце «г» графы дваццаць шэсць пазначце, якія мары хацелі б ажыццявіць! — данеслася са сцэны.

— А вы не маглі б зачытаць пажаданні папярэдніх кліентаў! — прамовіў акулярысты хударляк з залы.

— Так, так! — ухвальна загаманіла публіка.

Хопіць! Сідараў рэзка падняўся. Калі людзі бяруць свае мары з гатовага спісу — яму тут няма чаго рабіць.

— Вы пакідаеце нас? — ласкава спытаў вяртлявы топ-менеджар са сцэны. Да меншасцей ён, можа, і не адносіўся, але якой халеры тады пафарбаваўся ў маркоўны колер?

— Пакідаю. Нічога не маю супраць... але цяжка з часам.

— Тады, можа быць, вы агучыце сваю мару вусна?

Мару? Ды, відаць, усе яго мары ажыццявіліся даўно — прычым выдатна.

— Мару?.. — Ён усё-ткі спыніўся. — Сустрэць сваё першае каханне! У сэнсе — тое, што было.

У размове з сябрамі яны часта ўжывалі: «Сам здзіўлены!» Тое ж сказала адна бабулька: «Адкуль мне ведаць, што я думаю, перш чым пачую, што скажу?» Здзіўлены!

— А вы ўпэўнены...

— У тым, што яна жывая? — схапіў думку Сідараў.

— Так... — няўпэўнена прамовіў «маркоўны».

— Жывая. Але жыве, на жаль, у Нью-Ёрку!

І вось вынік! Ведаў бы, што так будзе, — не казаў бы... Хоць, уласна, «уай нот»? Праверым наш англійскі! Але — не давялося.

— Зямеля? — раптам пачуў ён побач.

— А? — Сідараў павярнуўся.

Пажылы мажны мужчына ў майцы і шортах. Так... Пажылыя людзі па Неўскім так не ходзяць... Пакуль.

— Як даведаўся? — спытаў Сідараў. У гэты момант рускія заўсёды крыўдзяцца.

— Ды па вачах, як жа яшчэ! — узрадаваўся зямеля. — Паддаў моцна, відаць. — Ён відавочна атрымліваў асалоду ад роднай мовы.

— Ага... Прычым так моцна, што табе і не снілася!

Тэма п’янства, як палічыў Сідараў, самая слушная.

— Ну чаму «не снілася»? Бывала! — пакрыўдзіўся той. — Ты чаго як агаломшаны?

— Пазваніць бы... А драбязы няма.

— Моцна! — з павагай прамовіў новы сябар. — Нумар хоць памятаеш?

— Памятаю! — хутка адказаў Сідараў і здрыгануўся. З мозгам яго, падобна, яны таксама ўжо папрацавалі: цалкам усплыў яе тэлефон, хоць ён ніколі на яго не званіў і тым больш не завучваў. Пачуў аднойчы. Выпадкова? Не выпадкова, выходзіць! Сур’ёзна яго, значыць, «вядуць».

— Ну, заходзь! — сказаў новы сябар.

Яны ўвайшлі ў будку. Там вісеў страшны тэлефон — Сідараў з неверагоднымі высілкамі хаваў здзіўленне, — велізарны, адразу з некалькімі радамі-каралямі літар і лічбаў. Змакрэеш лаяцца!

— Ну? — зямеля, відаць, цярпенне губляў.

— Семсот васямнаццаць... — назваў Сідараў першыя лічбы.

— А, Верхні Квінс! У прыстойным раёне жывеш!

Прыемна было гэта пачуць.

— Рэзідэнт? — зямеля падміргнуў.

Гэтага толькі не хапала! Аднак Сідараў не прыдумаў нічога лепшага, чым міргнуць у адказ.

— Далей.

Сідараў упэўнена вымавіў яшчэ сем лічбаў.

— А... гэтыя? — ён пацёр пальцы. — Кінуць трэба ў апарат.

— Угу, ты, відаць, сапраўды на парашуце зляцеў... Вось, бяры трубку. Скажаш: «Калект». Потым назавеш сябе. За кошт абанента пагутарыш. Калі, вядома, захоча ён.

«А ці захоча?! — з’явілася думка — Мы ўжо даўно... не прыгажуны».

У будцы было душна. Ва ўсякім разе, ліпкім потам ён пакрыўся. Грубы жаночы голас загаварыў у трубцы. Не, з такой хуткасцю ён не сячэ! «Калект!» — атрымалася нарэшце ўмяшацца. Голас сціх, потым ізноў нешта забарабаніў. Прама па галаве б’е!

— Ну! Назаві сябе! — падказаў новы сябар.

— Містар Сідараў!

— Бывай! — пляснуўшы яму па плячы, зямеля выйшаў.

У шчыліну пыхнула пячным жарам. Вось як у іх тут — сонца смаліць у кастрычніку! Пот цёк раўчукамі. Ён баяўся як ніколі і цяпер аддаў бы перавагу затрымацца ў Антарктыдзе. У трубцы блюмкала і цюлюлюкала — і лепш за гэту музыку ён ніколі нічога не чуў. Хоць бы яна гучала вечна!

— Слухаю, — прамовіў яе голас па-руску.

Зразумела, значыць... Цяпер бы папіць!

— Прывітанне, — прахрыпеў ён.

Знясілены, ён выпаў з будкі. На шчасце, новы сябар падхапіў яго на рукі.

— Ну?

— Прыедзе.

— Нават так? Кахае, значыць.

Вось у гэтым ён не быў упэўнены.

— Ты гэта... давай, не стой на месцы. Хадзі. Тут хоць і свабода, але лепш не вылучацца! Бывай!

Першы — і, мабыць, апошні — амерыканскі сябар уцёрся ў шчыльны натоўп. Вось каб напіцца з земляком, адкрыць душу, майку парваць. Кінуў! Усе яны такія тут! Нешта ён зусім расклеіўся. Не хадзіць хацелася, а зноў на прыступку зваліцца! Але Іра наўрад ці гэта ўхваліць! Якая яна? Гадоў трыццаць не бачыліся. Але голас неяк развярэдзіў! Такі ж нясмелы, у канцы фразы як бы задыхаецца. Але нясмелай якраз яна не была!

Раптам паліліся слёзы. Зусім, відаць, саслабеў. Пайшоў сляпучы каўгалаўскі снег. Правалы слядоў свяціліся блакітным. Іра, асабліва тоненькая ў доўгім тоўстым швэдры (Пецька, сябар, даў!). Сідараў ішоў з ёй на станцыю — і прырода нібы падказвала: «Дарма з’язджаеш!» Слёзы так і ліліся. Здавалася, што ад ззяння — усё ззяла вакол: схілы, ледзякі, хваёвыя лапы. І ад Іры ішло ззянне!

Пакінуў на сябра! На адзін дзень! А ўвечар Пецька сустрэў: «Выбачай, стары!»

(Гэта цяпер ён стары. Тады старым не быў.)

І стала неяк нядобра. «Я сумленна супрацівілася. Цэлыя паўгадзіны». — Яна яшчэ ўсміхалася! Раптоўныя яе выбліскі дзёрзкасці на фоне сарамлівасці збівалі з ног. Нават Пецька, «сябар», і той больш перажываў — ці хаця б удала рабіў выгляд! «Давайце лічыць здарэнне трагічнай памылкай!» — «Давайце... Але памылкай маёй!» — прамармытаў Сідараў. І сышоў назаўжды з той хаткі, што здымалі яны ля схілу трампліна. Прачыналіся ад шоргату: «Шшш! Шшш!..» З трампліна ўжо зляталі «першыя ластаўкі». Трыццаць гадоў назад — і вось раптам вярнулася! Слёзы, як тады, паліліся. Што рабіць — якраз такую Іру ён і кахаў. Усю ноч праседзеў тады на станцыі. Перад світанкам задрамаў — ледзь не прапусціў першую электрычку: паспеў прасунуць рукі і расціснуў дзверы. Яна ўжо рухалася — мог жа загінуць, але гэта не палохала яго, нават цешыла!

Засталася толькі фатаграфія з загнутымі кутамі: яны стаяць ля хаты ў снезе і Іра дзьме на ледзякі, якія звісаюць з нізкага даху. Ледзякі ззяюць і як бы «здзімаюцца», касыя вісяць — хоць, вядома, іх падкасіў вецер пры замярзанні. Але фота выдатнае. «Цуд кахання».

Думаў — канец. Але пацяплела, завязаліся нейкія агульныя справы ды раптам з’явіўся з Нью-Ёрка Пецька. І паведаміў перш за ўсё, як самае важнае, што яна кінула і яго, выйшла за мулата, мастака! Думаў парадаваць? «Вып’ем, сябар, за агульнае наша каханне!» Пецька — той змяніўся. Узмужнеў. І ў той самай кватэры, дзе так і жыў Сідараў, вокнамі на трампарк, успомнілі мінулае.

— І гэтага кінула яна! — Пецька крычаў чамусьці з захапленнем. Ды і прыкрасць прайшла. Засталося толькі каханне... Плюс — павышаны ціск!

Замучыўся чакаць! Будынак, перад якім ён хадзіў, — відаць, бібліятэка. Так ёй і сказаў: «...з ільвамі». Ужо ён пабачыў бібліятэк! Інстытут, аспірантура, абарона — усё гэта ў бібліятэках рыхтавалася, так што няцяжка было ўстанову пазнаць... Паліцыянт проста вачэй з яго не зводзіў! Адно супакойвала: шпіёны так сябе не вядуць. Таму ён наўрад ці шпіён. Але ўсё ж: пашпарт, віза, іншыя падобныя дробязі — пра што-небудзь такое думалі гэтыя забаўнікі, калі закідвалі яго сюды?

— Стойце! — выклікнуў «маркоўны», калі ён прамовіў слова «каханне». — Вы выйгралі!

— І... што?

— Мара ваша ажыццявіцца.

— Калі?

— Гэта наша маленькая таямніца! — Нішто сабе — «маленькая»! — А пакуль, — працягваў забаўнік, — вы атрымліваеце прыз! Каштоўны падарунак. Чайнік-мармытун! — працягнуў скрынку.

— Як гэта? — не зразумеў ён. Тэхнічнымі навінкамі яго не здзівіш. Сам перакоўваў «шчыт Радзімы» на кухонныя прылады. Але «мармытун»? Не чуў.

— Карыстайцеся з задавальненнем!

Хацеў выкінуць выраб. Але пакінуў, у дзіўнай надзеі, што ён зменіць яго жыццё. І не памыліўся. Ледзь з крэсла не зваліўся, калі чайнік, забулькаўшы, раптам «выбулькаў»: «Не горбіцца!» — «Што-о?!» — загарлапаніў Сідараў. Яшчэ чайнікі будуць яго вучыць! «Калі марыш з першым каханнем сустрэцца, дык годна трымайся!» — гэта прагучала свістам з выходзячай парай. Нейкі лексікон дзіўны. Дзе вучаць іх? Сідараў забегаў па кухні. Та-ак! Знайшоў сабе сябра-дарадцу! «Такіх бы сяброў!..» — другая частка прыказкі, на жаль, нецэнзурная. Тут чайнік засвістаў, як звычайны. І чаяванне, здаецца, ужо нічым не пагражала. Час падумаць. Ясна, што «гульня» пачалася. І ўказанні будуць прыходзіць з чайніка. Гадоў дзесяць назад хто б яму такое сказаў! Аднак «падпісаўся», што цяпер рабіць? Жыццё вось прайшло. Не міма — але прайшло. Чым новае пацешыць?

Чайнік супакоіўся, відаць, зразумеў, што не на таго нарваўся, — сціпла паведамляў надвор’е па раніцах, потым раптам пранікліва прачытаў аповед Чэхава «Каштанка». Увогуле — «уціраўся». На што, цікава, разлічвалі тыя, хто арганізаваў гэта? Што ўсе прасякнуцца і рынуцца купляць «разумныя чайнікі»? І дзе, дарэчы, «першае каханне»?

Божухна! Пад’язджае яна! І як нічога ніякага махае з-за дзвярэй: залазь!

— Гэта ж трэба — Нью-Ёрк! — не ўтрымаўся Сідараў, бо ніколі раней тут не бываў.

— Добра — на дзікі востраў цябе не закінулі, як зараз у вас модна! — усміхнулася яна.

Сідараў рэзка павярнуўся да яе: «Значыць, у тэме, бабулька?»

Незнаёмы сівы вожык на галаве, але тварам... стала яшчэ лепш! «Мне ад татаркі-бабулькі былі за рэдкасцю падарункі», — прыгаворвала яна, перажываючы «праколы»... Ніякіх падарункаў, акрамя твару — скуластага, з паднятымі куткамі вачэй. І «каўбойскіх», крываватых ног. Цяпер, зняўшы туфлі, давіла на педалі. Што цікава — зараз ужо злёгку мулатка. З кім павядзешся! Спёка несусветная, а яна ў ваўняных шкарпэтках. Але гэта — сэрца яго раптам сціснулася — было заўсёды. Успомніў імгненна, як упершыню яна дакранулася сваёй ледзяной рукой да яго жывата, і ён здрыгануўся. Усміхнулася: «Ага, вось такія ў мяне рукі чамусьці. І ногі, дарэчы, таксама. Таму нават з хлопцамі сплю ў ваўняных шкарпэтках. У рукавіцах неяк не рашаюся».

— ААН! — яна матнула галавой у бок высокага плоскага будынка, з якога млява звісалі сцягі.

Заехалі на грукатлівы чыгунны мост прамыслова-грузавога тыпу, з маленькай выспай пасярэдзіне ракі. Нязмушана разгружалася баржа, цэмент доўгай сівой стужкай ляцеў па ветры. Што значыць «адкрытае грамадства»: усё ў іх навідавоку! За мостам ехалі сярод маленькіх дамкоў — тыпу «дачны кааператыў сярэдняга афіцэрскага саставу». Потым дамы сталі вышэйшымі.

— А зараз не дзівіся, што б ні ўбачыў! — папярэдзіла яна.

Яны пераехалі шматрадны шумны праспект. За ім сустракалі выключна індусаў: фіялетавыя, важныя, высушаныя, у высокіх чалмах. Такія ж сядзелі ў крамах.

— А казалі — прэстыжны раён! — вырвалася ў Сідарава.

— Быў! Цяпер я індуска! — какетліва тузануўшы плечыкам, прагаварыла яна.

— А зараз — гарбаткі! — пераможна выклікнуў ён, ускокваючы на ногі. Зусім нядрэнна, калі матрац ляжыць на падлозе — як тады ў Каўгалава, трыццаць гадоў таму!

— Кухня налева, — не адразу адгукнулася яна.

«Млосная!» — бадзёра падумаў ён. Але толькі ўвайшоў на кухню — «млосць» ахапіла і яго! Чайнік. Той самы, дакладней — такі ж: імітаваны пад стары, латуневы. Сеў. Усё ж інстынкт даследніка ўзяў верх — наліў, паставіў на электрапліту... Ну-тка! Забулькаў... і раптам прамовіў нежывымі словамі, па-руску, з нейкім астральным гудам:

— Зліццё здзейснена няправільна! Не залічваецца! Цяпер да вас прыбудзе саітолаг-індус! — тут чайнік кпліва рохнуў.

Што за чорт там сядзіць?!

— Хто-о-о?! — раз’юшыўся Сідараў.

— Саітолаг! — паўтарыў чайнік, але ўжо спалохана.

— Гэта як разумець? — грозна спытаў Сідараў, калі Іра, млява пацягваючыся (ці прыкідвалася?), з’явілася на кухні.

— А-а, — спакойна прагаварыла яна, — у цябе такі ж? Не будзем раўнаваць. — Варкочучы, яна слізганула яму на калені. Вось гэта пацалунак!

— Гэтага давай прыбяром?

— Ды ну яго! — ліха адказала.

— Вось табе! — Сідараў пляснуў па ім і расплюшчыў прама на пліце. Вада пырснула. Але абпаліла не моцна. Сідараў скінуў яго з пліты.

— О! Гаспадар прыйшоў! — какетліва прамовіла яна, прыціскаючыся.

Дзесьці зашчабятала. Гэта хто? Іра зірнула на экранчык, націснула «ўваход».

— Саітолаг? Зараз плескану! — паабяцаў Сідараў, але... пачуў у пярэднім пакоі да болю знаёмую паўднёварускую гаворку. — Складна ўсё ў іх! — паспеў толькі абурыцца.

— Паспелі-такі ўжо! — прамовіў Пётр, аглядаючы «закаханых». Акрамя знаёмых буйных вяснушак... гэта як бы ўжо і не Пётр! Акула бізнесу. — Ну, як табе... кватэрка? — дзелавіта спытаў ён.

— Ну... — Сідараў нават разгубіўся. Не жыць жа прапануе тут?

— Я па справе, — лагодна прамовіў Пётр. — Інакш гэта хіба запросіць?

Іра пазяхнула.

— Твая праца? — Сідараў кіўнуў на спрасаваны чайнік у куце.

— А гэта, трэба разумець, — твая? — прагаварыў Пеця з выклікам, узяў жалезны блін, у які цяпер ператварыўся чайнік, патузаў за сплясканую ручку. — Як ты вось зараз дахаты паляціш?

— А што... на чайніку трэба ляцець? — усміхнуўся Сідараў, але насцярожыўся. — А сюды як я? Спадзяюся, не на падводнай лодцы?

— Ай! — Пётр адмахнуўся. — Не ў гэтым сутнасць. Галоўнае...

— ...як людзям мазгі запудрыць, — Сідараў зразумеў. — Не ўсе паддаюцца! — кіўнуў на збэрсаны чайнік.

— А што было рабіць? — як бы ў роспачы прамовіў Пётр. Ірвануў кашулю. Але не парваў. — Я ж, калі прыехаў, звычайныя чайнікі кляпаў!

— Ай-яй-яй! — прамовіў Сідараў. Ужо ён Пятра ведаў. Не пры справах не застанецца. — Генеральны зараз, не менш... Як Брэжнеў?

— Чыстая выпадковасць! — адмахнуўся Пётр. — Вось агучваем іх, дарэчы, у вас! Што маем — тое чуем... Думаеш — купілі яны мяне?

— Ёсць такая здагадка, — адказаў Сідараў.

— Так, — нечакана пагадзіўся Пётр. — Але я іх не баюся! — Амаль гучна. — Лёгка, думаеш, было свайго кораша на Ціві прабіць? Ім падавай моладзь!

— Дзякуй! — прамовіў Сідараў. — А дзе камера? — агледзеўся.

— Ды якая розніца! — супакоіў Пётр. Сапраўдны сябар!

Ды раптам нахлынула.

— А памятаеш, — загаварыў Сідараў, — як мы ў тундры з табой згубілі па п’янцы боегалоўку? Нам тады лёгка было? А нічога! Смяяліся!

— І не баяліся мы ніякай КПСС! — расхрабрыўся і Пётр.

— У труне мы бачылі гэтую КПСС! — раўнуў Сідараў. — І чайнікі так­сама!

— Цьфу! — Пётр адважна плюнуў на чайнік. Павярнуўшыся, зрабіў міжнародны жэст паднятым пальцам. Ага, вось дзе камера. Ясна.

— Кіруеш, значыць, свядомасцю мас? — прагаварыў Сідараў.

— Але галоўнае — ты знайшоў сваё першае каханне...

Хвіліна маўчання.

— А калі не... — ускрыкнуў Пётр. — Скажы лахудры гэтай, каб замуж за мяне выходзіла... Ізноў... — апошняе прагучала зусім сумна.

— Лепш ты скажы ёй, каб за мяне выходзіла! — прамовіў нечакана для сябе Сідараў.

— Я падумаю над вашымі прапановамі, хлопчыкі! — І яна выслізнула ў ванную.

А Пётр — ну артыст! — тут жа распачаў «сапраўдную мужчынскую размову». Маўляў, баба замінала! Але чамусьці шэптам.

— У мяне да цябе сур’ёзная справа!

— Ну нарэшце!

— І ты ў гэтым мне дапаможаш! — ён чэпка ўхапіў таварыша за рукаў. — Ты, напэўна, ведаеш — гешэфт можна зрабіць нават на ўласным пахаванні. Але пакуль мы з табой жывыя, будзем зарабляць грошы на чужых!

— Арыгінальна! — адазваўся Сідараў. — Лапату дасі?

— Гэх! Мы з табой хто?

— Сябры... старыя? — няўпэўнена выказаў здагадку Сідараў.

Пётр з абуранасцю адмахнуўся, чым, трэба адзначыць, сябра зачапіў.

— Супернікі?

— Хай цябе! — Пётр махнуў яшчэ больш грэбліва. Што значыць «чалавек справы». — Мы гідраўлікі ў першую чаргу!

— Ага, нешта даўно я не ганарыўся гэтым, — уздыхнуў Сідараў.

— І дарма! Ведаеш, што я раблю тут?

— Чайнікі.

— Ужо не! Праз сопла з пульсуючым ціскам рэжу вадой каменныя пліты на могілкі. Ну, і ў будаўніцтве — барэльефы, узоры, літары. Гэта не чайнік табе! — скончыў ён чамусьці напышліва.

— Нядрэнна, — пагадзіўся Сідараў. — Але я тут пры чым?

— А ты ведаеш, адкуль у мяне соплы? З сістэмы пажаратушэння нашай падводнай лодкі! Ведаеш, які яны ўтрымліваюць ціск? У нас жа ўсё рабілася са стакратным запасам, цяжка, але трывала.

— З разлікам на замагільную славу. Нам, то бок стваральнікам.

— І яна, лічы, наступіла! Але ведаеш, колькі ў мяне засталося гэтых соплаў? Калі б ты ведаў, ты б заплакаў...

Пётр рэзка падняў два пальцы. Два? Ці — дзве тысячы? Працягваў:

— Нашы, — усё-ткі патрыёт! — лодкі спісваюцца, рэжуцца. І перад гэтым кожны, хто можа, адкручвае што можа. Адмірал Воўк! Ведаеш яго?

— Вядро «шыла» выпілі. Спірту, маю на ўвазе.

— А то я не ведаю! — пакрыўджана прамовіў Пётр. — Я спытаў яго: «Вы, спадзяюся, марскі Воўк?» А то ў Маскве ўсё сядзіць. Ведаеш, што ён адказаў? «Камерцыйны!» З цябе Воўк гэтулькі не злупіць. Паважае. Ты для яго свой. Хоць пахаванні, на мой погляд, не месца для ідэалагічнага проціборства. А ты за Кітай, ці што?

— Не думаю, — Сідараў нават разгубіўся.

— Жыць будзем у цябе, тут дорага. — Іра з’явілася з ваннай, села яму на калені.

Цудоўная кампанія! Амаль як у Каўгалава тады!

Сідараў прачнуўся і выйшаў на кухню. Іра шумела душам — учора позна вярнуліся з Паўднёваморска і адразу ляглі спаць. Чайнік ужо звыкла бубніў, неяк ён прыжыўся тут, прылаўчыўся, страціў катэгарычнасць, словам — усяляк уціраўся ў давер. Памятаў, відаць, пра трагічны лёс свайго заакіянскага брата. Штосьці спакойна мармытаў, вёў сам з сабой філасофскія спрэчкі. Часам спяваў украінскія песні. Чаму ўкраінскія? Ды бог з ім! Сідараў напоўніў яго праз горлачка, паставіў на газ. Закіпеў! Забулькаў і ранейшым ганарыстым тонам раптам прамовіў: «Ірына Яўгенаўна! Хопіць мыцца! Бакі пратрэш! У тэмпе са сваім хахалем дзьміце на Галерную — вам там трэба распавесці найдаходлівей, як вы з маёй дапамогай шчасце знайшлі!»

Сідараў замахнуўся на яго, але потым раздумаўся і падарыў суседу, які з галасамі размаўляў ужо даўно і меў у гэтай справе велізарны досвед.