Паўднёвай ноччу, адзін на пустым пероне...

* * *

Паўднёвай ноччу, адзін на пустым пероне,
цягнік апошні чакаю, а яго ўсё няма,
і светлякі над перонам вясельным роем
то ўспыхваюць, то зноўку згасаюць. Іх процьма тут.

То ўспыхваюць, то зноўку згасаюць. Пах ружаў і хлёркі,
сваркі нейкай хранічнай побач, ды толькі змрок
фасфарасцыруе, пырскае, а пыл, што плыве над зямлёю,
здаецца, гатовы паветра сабой падпаліць.

І калі пражэктар з прыцемак вынырнуў раптам,
а па рэйках прабег і пачаў скрыгатаць цягнік,
стала бачна: шмат вокнаў без шкла і знутры амаль цемра
(на Каўказе парадкі хіба толькі чорт разбярэ);

і калі, чамаданы закінуўшы, я цудам заскочыў
у вагон, што крануўся, а затым азірнуўся назад,
там усё, што было проста цемрай: вакзал, побач пальмы і мора, —
стала ўсё зіхацець, разгарацца вясельным агнём.

Гэта што ўсё: радзіма-мачаха — дом на палях —
мамалыга з сырам — нахілены зікурат
з выявай ідала — далей — хаосу грукат —
далей! далей! — парахавыя зарніцы ў акне?..

Хто з’ехаў, той і застанецца — ведае кожны,
хто лячыў настальгіяй пакуты параненых душ.
Я не з гэтай краіны, а з гэтай няпростай эпохі,
як сказаў мне ў Парыжы стары зек Сеземан.

Мне зараз не свецяць ні светлякі, ні зоркі,
мне нічога не свеціць, марнасць ля ложка стаіць.
А пад раніцу бачу, як паветра іскрыцца жаданнем,
і яшчэ не страляюць, і муза мая не маўчыць.