Новачаркаскія апавяданні
Дрэнная жаба
— Ты ўсё, бацюхна, у адной пары, — казалі Троню жабрачкі, якія сядзелі на цвінтары Вайсковага сабора.
Троня таксама там часам сядзеў сярод іх, спакойна, роўна, паклаўшы рукі на калені і гледзячы кудысьці ў прастору саборнай плошчы, якая была адкрыта ветру і сонцу. Ён мог гадзінамі сядзець так, не звяртаючы ўвагі ні на жабрачак, ні на дыхтоўна апранутых старых жанчын, якія цярпліва і акуратна, страючыся не засланяць Троню відовішча, тапталіся побач, працягваючы яму час ад часу маленькія клуначкі, заціснутыя ў далонях.
— Вазьмі ў мяне, Трафім... У мяне вазьмі, — паўтаралі старыя ціха і манатонна, баючыся Троню спудзіць: у любы момант ён мог узняцца і пайсці ад сабора прэч, не ўзяўшы клуначак ні ў кога.
У клуначках былі жабы.
Троня раптам уставаў рашуча — так, быццам збіраўся пайсці кудысьці. Але не ішоў. Выхопліваў клуначак у якой-небудзь старой, разварочваў жабу і ўзнімаў яе высока дзвюма руками за пярэднія лапкі. Нейкі час ён глядзеў на жабу з цікаўнасцю. А затым раптам чмякаў яе аб гранітныя прыступкі так, што яна разляталася ў пырскі, і казаў старой хутка-хутка:
— Дрэнная ў цябе жаба, хутка здохнеш, ідзі дадому, станавіся каромыслам, дупу печцы паказвай!
І старая адыходзіла, ані кропелькі не пакрыўдзіўшыся на Троню, задам падавалася ўніз па прыступках, кланялася — дзякавала яму за дакладную вестку.
Дзякавалі Троню і іншыя старыя — тыя, якіх ён біў жывой жабай па лбе і шчоках.
— Благаслаўляе! — узрадвана тлумачылі яны адна адной. — Яшчэ пажывём.
— А сам ён колькі ўжо жыве? — пытаўся я ў гэтых жанчын, карыстаючыся выпадкам.
Бабуля часам пасылала мяне да сабора, каб я адшукаў там Троню і давёў яго да дома: ёй уяўлялася, што Троня, які любіў хадзіць па вуліцах хуткім крокам і ў адным напрамку, незнарок выйдзе з горада ў стэп па Вадохрышчанскім спуску і будзе ісці ды ісці — да Каўказскіх гор, да Чорнага мора.
— А ты вось у яго самога і даведайся колькі... Альбо ў бабулі сваёй, — мірна адказвалі мне адны.
Другія ж рэагавалі амаль варожа:
— Ніколькі. Ніколі не нараджаўся, ніколі не паміраў, — казалі. — Ідзі сабе, ідзі...
Але я і не думаў ісці. Зусім забыўшыся пра бабуліна даручэнне, я пачынаў дражніць няветлівых старых жанчын.
— Усе нараджаюцца і паміраюць, — уступаў я з імі ў спрэчку.
І азартна круціў ім кукішы ў адказ на пярэчанні, палохаў іх дрэннымі жабамі, асабліва тую, маленькую, што лапатала грамчэй за ўсіх, з вострым носам і шчокамі нібыта ў індычкі. Шчокі гэтыя каціліся па каўнеры чорнага аксамітавага жакета, калі старая матляла галавой і абзывала мяне «малахольным чортам».
— Вось пабачыш, — паабяцаў я ёй аднойчы, — заўтра Троня тваю жабу так хлабысне, што яна і квакнуць не паспее!
Але назаўтра Троня да сабора не прыйшоў.
Памятаю, у той дзень нямы Фірс пабудзіў мяне на самым світанку. Я спаў у двары, на тапчане пад вішняй, і сніўся мне, мабыць, толькі першы сон, бо да самай глыбокай ночы, забраўшыся на высокі каменны хлеў з трыма арачнымі дзвярыма і мноствам квадратных акенцаў пад самым дахам (калісьці даўно, калі бабуля Ганна была гімназісткай, гэты хлеў быў стайняй), я разглядваў месяц у той доўгачаканы дапатопны тэлескоп на чыгуннай ножцы, які беспрытульна качаваў па ўсёй акрузе — скакаў па Каўказскай і па Паштовай; не раз узнімаўся ўверх па спуску Разіна да самай Архангельскай, да яе вытанчаных будынкаў, што красаваліся паблізу Атаманскага саду; ледзь не згінуў дзесьці на ніжніх дрымотных вулачках ля берагоў Аксая і такі апынуўся ў мяне. Дакладней, я вымяняў яго на чародку жамчужных гурамі.
Расштурхаўшы, Фірс зацягнуў мяне, яшчэ паўсоннага, па хісткіх драўляных драбінах на самы дах хлява, туды, дзе я ноччу пакінуў тэлескоп і адкуль днём добра было відаць і левы бераг Аксая, што агінае горад з поўдня, і ўсё аксайскае займішча, якое густа зарасло чаротам і нізкім вербалозам, і гладкі — без чароту, без вербаў, — ясны стэп за займішчам, блякла і роўна пажоўклы да берага Дона, да стракатага краю ранішніх нябёсаў.
Фірс адной рукой адчайна трос у паветры, паказваючы ей высока ў стэп, другой — варушыў маю галаву, то прыўзнімаючы яе, то апускаючы, нацэльваў мае вочы, пакуль я нарэшце не разгледзеў ля самага небакраю, там, дзе ўжо адчувалася яркае святло ад нябачнага Дона, чалавечую фігурку.
— Ква-ква! — раптам прагучала ля майго вуха.
І я, канчаткова прачынаючыся, імгненна ўспомніў, як успамінаюць напаўзабыты сон, і ўчарашніх жаб, і маленькую старую ў запэцканым аксамітавым жакеце, і тое, што я забыўся выканаць бабуліна даручэнне, і сваё страшнае абяцанне той старой — таксама нявыкананае.
— Ква-ква!
Гэта казаў Фірс, які ўсё ж умеў прамаўляць некаторыя гукі.
«Ква-ква» — так ён называў Троню, які ўмеў па жабах прадказваць жыццё і смерць.
Варэнік шчасця
У святочную ноч да бабулі Ганны прыходзілі калядаваць з усёй акругі.
Прыходзіў нямы Фірс, пераапрануты ў тоўстую жанчыну так спрытна — шчокі нарумяненыя, на галаве па баках скручаныя косы, пад сукенкай тоўсты азадак і цыцкі з падушак, як сапраўдныя, — што пазнаць яго было б немагчыма, калі б Фірс маўчаў у той час, як усе хорам запявалі калядку:
Ішлі мы стэпам да вас, неслі лодачку,
І нікога ў стэпе мы не пакрыўдзілі,
Толькі ў неба глядзелі ды на зорачку,
Немаўлятка Хрыста ў небе выглядзелі!
Але Фірсу не хацелася моўчкі атрымліваць ад бабулі Ганны падарункі: сярэбраную дробязь, новыя рукавіцы, шалік — і ён таксама па-свойму спяваў калядку.
— Му-мы-мы! Му-мы-мы! — меладычна мыкаў ён, выцягваючы шыю і падскокваючы на месцы.
Падымаўся з нізоў латыш — страшны, босы, з вялізным кіем і калматай барадой з пакулля. Прама паверх уласнай поўсці ён ад каленяў да падпахаў загортваўся ў сівую скуру казулі, па якой у іншы час прахожваўся ў сябе ў нізах з гантэлямі альбо эспандэрам у адной толькі гэтай сваёй рудой поўсці, разглядваючы ў люстэрка то шырокія грудзі, то доўгія моцныя ягадзіцы.
Увальваўся ў дзверы з марозу разам з клубамі бліскучай пары дзед Манілаў — бабка Маніліха вяла яго на шворцы, пераапранутага ў мядзведзя, сама ж была ў ботах, у атласных агністых шараварах, з намаляванымі чорнымі вусамі і ў завушніцы колцам — паўставала ў ролі цыгана.
— Гэй-на-на-нэ, залаты! — крычала яна мядзведзю не сваім голасам. — Ану, куляйся, мілок, забаўляй народ!
Грозна стукаў кулаком у дзверы айцец Васіль, поп Васёк, які жыў на вершаліне спуску Разіна ў змрочна-прыгожым доме пры Аляксандраўскай царкве, ужо шмат год як зачыненай. Грукатаў, тарабаніў, а потым раптам уваходзіў, укочваўся — маленькі, круглы, увесь у жахлівых абмотках, дзяружках, у дзіравых хусцінках, у футрачку нейкім аблезлым. «Падайце з нагоды свята жабраку-валацугу!» — весела гарлапаніў ён.
У кажухах навыварат заскоквалі ўслед за ім манілаўскія блізняткі, унукі дзядулі Манілава: на галовах — пустыя гарбузы, у якіх выразаны круглыя вочы і раты, што пастаянна ўсміхаюцца.
Троня таксама ў калядную ноч пераапранаўся.
Застаючыся як ёсць — у сваіх палатняных штанах і мультановай кашулі (мароз, як і спёка, яму былі хоць бы што), ён насоўваў на галаву самы звычайны капялюш, якраз такі, у якім хадзіў на працу сын Ангеліны Лёсік, загадчык кінатэатра ў Атаманскім садзе. Пасля гэтага Троня ўяўляў, што ён прыбраны да непазнавальнасці.
Прыходзіў жа ён пазней за ўсіх. Падкрадваўся да парадных дзвярэй, стараючыся не наступаць на той снег, што быў асветлены вокнамі. Побач з дзвярыма на вушаку быў электрычны званок, які жаласна пішчаў у пярэдняй. Меўся і другі званок, той, з якім я вадзіў задушэўнае сяброўства, таму што ён бадзёра стракатаў на ўвесь дом, калі моцна павярнуць вяртушку, што тырчала ў дзвярной створцы і была падобная да павялічанага ключыка ад завадной цацкі. Было яшчэ і цяжкае бронзавае колца з глыбокай лагчынкай пад ім, што ўтварылася за сто гадоў ад удараў у дзверы. Але Троня не дакранаўся ні да званка, ні да вяртушкі, ні да колца.
Ён стаяў у капелюшы пад дзвярыма, уцягнуўшы галаву ў плечы, так, што плечы ўпіраліся ў вушы, і нягучна выкрыкваў:
— Тук-тук! Хтосьці прыйшоў!
Пачуць яго адразу было немагчыма, таму што ў пярэдняй ужо стаяў вясёлы гармідар, які суправаджаў даўгачаканае дзеянне: бабуля Ганна, пакаштаваўшы пад спевы калядак куццю, якую прынеслі госці, ужо кідала ім у мяхі падарункі і грошы, а Ната і Ангеліна выносілі з суседняй залы, напоўненай водарам разагрэтай хвоі і цёплых свечачных агнёў, тыя чароўныя варэнікі, якія з вечара нагатавала Ганна. Ва ўсіх варэніках тварог, і толькі ў трох — тварагу няма. У адным — мука: каму ён патрапіць на відэлец з вялікай фарфоравай міскі, на днішчы якой старанна запіхваюць у неспакойнае мора караблік пад ветразямі ці то разбойнікі, ці то рыбакі, таму — мучыцца ўвесь год. Другі — пусты, увесь з цеста: хто яго з’есць, таму не будзе ні дабра, ні ліха. А ў трэцім — сярэбраны рубель з падрапанай галавой цара Мікалая, гэта варэнік шчасця...
— Тут-тук! Хтосьці прыйшоў! — выкрыкваў Троня крыху гучней. — Тук-тук! — старанна паўтараў ён да таго часу, пакуль нарэшце манілаўскія блізняты, раптам пачуўшыя яго з-пад сваіх гарбузоў, не адчынялі дзверы, прыклаўшы указальныя пальцы да выразаных у гарбузах ратоў.
Троня ўваходзіў у пярэднюю, шоргаючы, дробнымі крокамі, усё гэтак жа трымаючы галаву ўціснутай у плечы па самыя вушы: выдаваў сябе за незнаёмца.
— Вой, ды хто ж гэта?! — здзіўлена ўскрыквала бабуля Ганна, прыкідваючыся, што яна Троню не пазнае.
Прыкідвалася і Ната.
— Дык гэта ж наш латыш! — казала яна, складваючы перад сабой далоні і павольна адыходзячы назад, якраз на самога латыша, што ўзвышаўся за ёй і даўно ўжо быў усімі вызначаны па кучаравай поўсці і магутным росце.
— Ды не ж, Натачка, не ж! Гэта мой Лёсік! Мой Лёсік! — хуценька пярэчыла ёй Ангеліна і трасла ў паветры касцістымі доўгімі пальцамі. — Вось паглядзі, паглядзі — і капялюш ягоны... фетравы, шэранькі! — бойка шчабятала яна.
Але Троню не хацелася быць ні латышом, ні Лёсікам.
Не мяняючы паставы — нібыта хаваючыся ўсім целам пад маленькім капелюшом, — Троня стаяў пасярод пярэдняй і затоена чакаў іншых здагадак... Чакаў, чакаў, паварочваў вочы з боку на бок, усміхаючыся па-асабліваму — не ўсім тварам, а толькі маршчынкамі каля вачэй і на носе, у вуснах жа і падбародку сядзела, як заўжды, неразбуральная крыўда, — і раптам не вытрымліваў, здымаў капялюш і ўпэўнена выкрыкваў:
— Я Фірс!
— Ды як жа гэта Фірс, міленькі? — ласкава сумнявалася Ната. — Фірс не размаўляе.
— Фірс! Фірс! — паўтараў Троня яшчэ больш упэўнена. І тут жа, паказваючы на латыша, узрадавана паведамляў: — А вось тое — чорт!
І сэрца ў мяне ўздрыгвала. Таму што я выразна ўяўляў, што зараз зробіць Троня... Вось зараз — ужо бачылася мне — ён каротка топне дзвюма нагамі і, падскокваючы, закідваючы на патыліцу то адну, то другую далонь, гучна, з ядавітым імпэтам праспявае тыя словы, якія аднойчы спяваў ужо на вуліцы:
Чорт! Чорт! Руды чорт!
У пекле яйкамі трасе!
Дзевак яйкамі заве!
«Ды якіх жа дзевак, Тронечка?» — ужо чуўся мне строгі голас Ангеліны, чыя неўтаймаваная цікаўнасць заўсёды ўтойвала ў сабе і прастадушнасць, і вераломства. Чуўся мне і голас Троні, які ведаў усё, што адбываецца ў акрузе, і адказваў старанна і без усялякай злосці, нават заахвочвальна: «А вось такіх, бабуля Гліна, з якімі ваш унучак гуляе ў карты... харошых.. блядушак...»
Але, на маё шчасце, так — як мне бачылася, як мне чулася — у тую калядную ноч не здарылася, хоць і павінна было здарыцца абавязкова.
Ратуючы сябе, я хуценька і дзелавіта, інтанацыяй Ангеліны прамовіў, напомніў: «А што ж мы Фірса гэтага варэнікамі не частуем?» І адразу ж працягнуў Троню на відэльцы той варэнік, які за хвіліну да гэтага выпадкова выцяг з міскі і ў якім — я гэта ведаў, таму што відэлец упёрся ў нешта цвёрдае і бязгучна гэтае цвёрдае падрапаў — быў сярэбраны рубель з галавой цара Мікалая.
А праз хвіліну, калі Троня надкусіў варэнік і выцягнуў з яго пад усеагульную весяласць сваё шчасце на цэлы год, я ўжо быў спакойны. Металічныя рублі, чыя б галава на іх ні красавалася — цара альбо Леніна, — Троня вельмі любіў. Ён моцна сціснуў у кулаку царскі рубель, павярнуўся, кінуўся ў адчыненныя дзверы, у цемру, у завірушнае зіхаценне, і там знік...
Восьмы параход
Дом у Троні быў. Але што гэта быў за дом! Гэта была такая круглая вежка пры браме, ад якой ацалела толькі адна створка з тоўстых жалезных прутоў, што былі сплецены ў нейкі мудрагелісты ўзор. За мінулым часам, калі ў двухпавярховым будынку з плоскімі калонамі праміж вокнаў, што стаяў за гэтай брамай у глыбіні двара, жыў адзін дзед Карней Манілаў, у якога, казала бабуля Ганна, «было сем параходаў у Азове і мільён рублёў серабром», у гэтай цеснай вежцы, змяняючы адзін аднаго, сядзелі манілаўскія вартаўнікі, ахоўваючы дом. Як і калі ў вежцы пасяліўся Троня, у акрузе ніхто не памятаў. Не памятаў гэтага і сам Троня. Часам ён увогуле забываўся, што вартавая вежка — ягоны дом.
— Ідзі, Тлоня, дамоў! — бывала, камандаваў яму мімаходам Лёсік, калі заўважаў, што Троня яшчэ і не думае класціся спаць познім вечарам. Сядзіць сабе на халодным камені-валуне каля калонкі, забраўшыся на яго з нагамі.
І Троня ішоў. Але не ў вежу, а міма яе — па вуліцы.
Альбо раптам казаў Лёсіку, не рухаючыся з месца:
— Не жадаю дамоў. Хачу ў вежачцы пажыць.
— Ды ты сто, Тлоня, дулак? Ты там і зывес! — адказваў яму Лёсік усхвалявана, стараючыся Троню ўзрадваць.
Пасля такога паведамлення Троня, здаралася, некалькі дзён нікога не падпускаў да сваёй вежы — крычаў са з’едлівым гонарам, з лютым запалам кожнаму, хто спрабаваў наблізіцца да яе, што гэта ягоны дом! Што яму Лёсік сказаў! Але праходзіла яшчэ некалькі дзён, і Троню дапякаў гэты клопат, перашкаджаючы іншаму ягонаму клопату — хутка крочыць туды-сюды па ўсім горадзе, не развітваючыся з яваю ні днём ні ноччу.
Ён зноўку кудысьці ішоў — то па адной, то па другой вуліцы, перасякаў плошчы, спяшаўся да сабора, спускаўся да берага Аксая, выходзіў у стэп, вяртаўся ў горад. Вежачку ў час доўгага такога няспання ён нават не заўважаў, а калі і заходзіў у яе, дык так, як заходзяць у чужое жытло, — са стрыманай цікаўнасцю і ветлівай асцярожнасцю.
У Тонінай вежачцы, у круглым каменным пакоі, дзе ледьве размяшчаліся табурэт і стол (на ім Троня спаў), я бываў шмат разоў. Мне падабалася сядзець там сярод яснага спякотнага дня ў прыцемках і пазіраць на вуліцу праз вузкія — шырынёй у дзве далоні — вокны без шкла. Усё адсюль выглядала інакш. Усё здавалася далёкім, незнаёмым і разам з тым незвычайна выразным, нібыта я глядзеў са зваротнага боку ў тэлескоп, карыстаючыся ягонай патаемнай сілай аддалення. Нават бабулін дом уяўляўся мне незнаёмым, таму што бачыўся ён увесь цалкам у яркім і шчыльным святле, сціснутым глыбокімі аконнымі праёмамі. Чым далей я глядзеў праз гэтыя акенцы на вуліцу, тым больш нерухомым рабіўся мой погляд, раўнамерна рассейваючыся на ўсіх прадметах — і далёкіх, і блізкіх. Яны спачатку гублялі сваю выразнасць, потым асобнасць, потым наогул ператвараліся ў нейкую суцэльную стракатую заслону. А ўслед за тым ува мне пасяляўся дзіўны стан, якому немагчыма было супраціўляцца па прычыне ягонай чужароднасці. Стан гэты як бы мне не належаў, ён наплываў на мяне аднекуль збоку, звонку, выцясняючы маё «я». Не я, а нейкая зусім бяздумная і бясформенная істота, якая раптам авалодала маім зрокам, глядзела з вежачкі і нават асалоду атрымлівала ад гэтага ўласцівага для яе стану, у якім злучаліся адначасова і прыемнае здранцвенне, і радасная зачараванасць, і беспрытомная абыякавасць да ўсяго, што адбываецца перад вачыма, на вуліцы, у акрузе, за тоўстымі сценамі вежачкі, у вежачцы — дзе б там ні было. Мне не тое каб не хацелася крыкнуць незнаёмаму веласіпедысту, які хутка і бязгучна каціўся па вуліцы па травяным прузе ўздоўж маставой, што ён — вось зараз — упадзе ў глыбокую яміну (яна абрасла па краях высокай лебядой і таму была для яго незаўважнай), я проста не здольны быў гэта зрабіць: я мог толькі назіраць — без спачування, без насмешкі і нават без цікаўнасці — за тым, як ён падае, як знікаюць з паверхні зямлі пярэдняе кола, храміраваны руль, згорбленая спіна, а затым і задняе кола, якое бліснула на развітанне спіцамі. Мне было зусім не крыўдна, што Родзя ляжыць у нашым кветніку і, задраўшы галаву на далоні (робячы выгляд, што спіць), падглядвае на нашай Заірай, якая зараз збірае слівы ў каструлю, забраўшыся ў квяцістай спадніцы на дрэва і шырока расставіўшы ногі непасрэдна над галавой Родзі. Я не адчуваў узбуджанага азарту, калі ўбачыў, што на вуліцы раптам з’явіўся, вывернуўшы з-за вугла спуску Разіна, доўгачаканы старызнік у абвіслым капелюшы, што, як заўжды, запрогся сам замест каня ў размаляваную арбу. Яму можна было прынесці любую дрэнь, хаця б паламаны бабулін веер, які яна хавала ў горцы сярод посуду, і наўзамен атрымаць губны гармонік, гліняную свістульку альбо нават сцізорык. Але я і не думаў бегчы за веерам. У гэтыя хвіліны я наогул не мог ні аб чым думаць, не мог ні ў чым удзельнічаць нават у думках, чагосьці жадаць альбо не жадаць. Мая воля, нібыта сапсаваны аптычны прыбор, ад якога нельга было чакаць неабходнай рэзкасці, не настройвалася ні на якую падзею ў навакольным свеце. Заіра, старызнік, Родзя, жвавы веласіпедыст, бліскучы цёмна-зялёны жук на каменным падаконніку ў вежачцы, коміны на аддаленых дахах, макаўкі пірамідальных таполяў на ніжніх вуліцах — усё гэта я бачыў адначасова і ў той жа час не бачыў нічога. Навакольны свет не ўздзейнічаў на мае пачуцці, я нават не ўсведамляў у гэтыя хвіліны, што свет існуе і што я існую ў ім. Гэта была нейкая асаблівая форма нябыту, якая ўзнікла па непаразуменні — ад празмернай няўважлівасці погляду — у глыбінях самога жыцця. Чамусьці менавіта ў Тронінай вежачцы мой погляд зараджаўся гэтай мёртвай і блазнаватай няўважлівасцю. Часам, вядома ж, здаралася, што і ўдалечыні ад вежачкі, напрыклад, на тэрасе за летнім абедам, калі Ангеліна разлівала гарачы суп па талерках (абедамі на тэрасе заўсёды распараджалася яна, а не бабуля Ганна), мяне раптам ахопліваў той жа самы стан. Вось толькі працягвацца доўга ён не мог. «Загледзеўся! — адразу ж казала Ангеліна, нібыта выкрываючы мяне ў чымсьці небяспечным альбо шкодным. — Ану, прачынайся! — загадвала яна. — Зараз жа! Чуеш?» Я машынальна ківаў у адказ, хоць чуў толькі адны гукі, а не самі словы, складзеныя з іх, і, ківаючы, працягваў глядзець кудысьці ў нікуды — у глыбіню туманнага рознакаляровага камяка. І тады Ангеліна, утапіўшы ў аб’ёмнай фарфоравай супніцы цяжкі апалонік, прымалася махаць свабоднай далонню перад маімі вачыма з гэткай жа клапатлівай энергічнасцю, з якой расціраюць абмарожаныя шчокі. І рабіла яна гэта да таго часу, пакуль вочы мае — разам з пачуццямі і думкамі — не пачыналі рухацца, схопліваючы прадметы ў іх звычным, асобным і ясным, выглядзе. Пасля гэтага Ангеліна строга тлумачыла мне, што так заглядвацца нельга, што ад такога заглядвання можна нечакана аслепнуць і нават непрыкметна сканаць.
— Альбо дурнем зрабіцца, — падхоплівала Ната.
— Як Троня? — пытаўся я, ведаючы, што Ната і Ангеліна не адважацца ў прысутнасці бабулі Ганны згадзіцца са мной, а толькі прамаўчаць у адказ і спыняць размову, якая ўжо абяцала ператварыцца ў дружнае настаўленне аб тым, як правільна трэба пазіраць, каб зберагчы і зрок, і жыццё, і розум, і аб тым, як наогул трэба весці сябе добра выхаванаму хлопчыку.
У вежачцы ў Троні я мог заглядвацца колькі заўгодна. І гэтаму ніхто не перашкаджаў, акрамя самога Троні. Аднойчы ён апынуўся ў мяне за спінай, калі я глядзеў у тое акно, з якога бачны быў дзед Карней, які спаў, стоячы з парожнім вядром на маставой, заўсёды ў адным месцы, на скрыжаванні Каўказскай і спуску Разіна, непадалёку ад калонкі. Бачныя былі і сама калонка, і густая вярба побач з ёй, падобная да густога фантана.
Троня асцярожна тыцнуў мяне цвёрдым вострым пальцам у плячо і нягучна прагаварыў:
— Што, падабаецца глядзець з вежачкі?.. Яна харошая.
Ён прамовіў гэта неяк так (летуценна? з разуменнем? — не ведаю), што я на імгненне ўсумніўся ў тым, што ён юродзівы. Але ў той ж самы момант сумненні мае развеяліся.
Зірнуўшы ў акно, а затым прасунуўшы ў яго галаву, Троня раптам закрычаў тым сваім рэзкім, непрыемным голасам, які быў знаёмы ўсім ў акрузе і ў якім чуліся адначасова ноты ваяўнічай крыўды і нейкага адчайнай, балаганнай весялосці:
— Карней! Карней! Дзе твой параход?! Прачынайся! Вунь твой параход плыве!
«Параход... параход... А я думаю, што за параход?..» — прыгаворвала праз два дні ці то радасна, ці то са скрухай бабка Маніліха, стоячы разам з усімі ў натоўпе каля свайго дома і пазіраючы на тое, як выплывае, пагойдваючыся на руках, з расчыненых насцеж дзвярэй, са стойкіх прыцемкаў на яркае паўдзённае святло вялізная з высокімі бартамі труна. Дзед Карней, нейкі нязвыкла плоскі, апрануты ў пінжак, якога ніколі не насіў, ляжаў у ёй з жоўтым тварам, без фуражкі і, здавалася, штосьці старанна разглядваў у думках пад голым ілбом.