Чулышман

                                                      Барысу Дароніну

Мне было шаснаццаць, калі я памкнуўся прывесці ў парадак стары тэлевізар, гэта значыць, выправіць непаладку, якая выклікала брыдкае мігаценне экрана.

Я зняў кажух, некаторы час глядзеў на лямпы, якія тлелі аранжавымі і сінімі агнямі, а потым працягнуў руку да адной з іх.

Доктар Артамонава здолела выцягнуць мяне з той лакавай цемры, у якую я пагрузіўся адразу пасля ўспышкі. Лёгкае заіканне, якое дапякала мяне некалькі месяцаў, з цягам часу зусім згладзілася. Ужо праз паўгода пра тое здарэнне нагадваў толькі шрам на правай далоні. Апалавыя згушчэнні адроджанай скуры рабілі яго падобным на распластаную медузу.

Аднак неўзабаве мне стаў сніцца горад.

Выбудаваны з моцнага белага каменя, ён раскінуўся на пакатым схіле. За яго апошнімі дамамі, хацінкамі і халупамі, за выгарэлымі пашамі, платамі і непрычасанымі вінаграднікамі гара станавілася страмчэй, зарастала хмызняком і хвоямі. Далей пачыналася небяспечная белізна скальных сколаў, што ўрэшце адводзіла погляд да вяршыняў. З сярэдзіны верасня да канца сакавіка яны былі заснежанымі і зіхацелі на сонцы.

Дзе плаўна, а дзе тэраснымі ўступамі схіл збягаў да ржавых уцёсаў берагавой лініі, да бухты, якая давала прытулак караблям і лодкам. На ўступах раслі дрэвы з жорсткай дробнай лістотай, якая блішчала пад ветрам серабрыстым вываратам. Хваля сыта чмякала аб смалёныя днішчы, шыпела ў камянях, шпурляла на бераг слізкія бізуны багавіння.

Калі не лічыць завулкаў і тупікоў паміж пастаўленымі без асаблівага плана дамамі, у горадзе былі толькі дзве шырокія вуліцы. Адна, брукаваная белым каменем, паднімалася да амфітэатра. Другая будавалася ў незапамятныя часы, мела шмат выбоін, а на ўскраіне і зусім ператваралася ў няроўную камяністую дарогу. Дарога вяла некуды ўглыб краіны. З самай раніцы да позняга вечара па ёй натужна рыпелі фурманкі, гружаныя карабельным таварам.

Мне снілася, што я хаджу па гэтых вуліцах, чую рыпенне колаў, праводжу позіркам арбы і вазы, якія цягнуць буйвалы, жмуруся і прыкладваю далонь да лба, калі гляджу на мора. Дзіўна было, што горад валодаў усімі якасцямі сапраўднага селішча і зусім не выказваў пераменлівасці, уласцівай снам. Калі праходзіў па той ці іншай яго вуліцы, міма тых ці іншых дамоў, я мог упэўніцца, што, як апынуся тут ізноў (праз некалькі дзён або нават наступнай ноччу), я ўбачу тую ж брукаванку, тыя ж завулкі, тыя ж вінаградныя плеці над каменнымі агароджамі, тыя ж дамы і тых жа іх насельнікаў, і сёй-той з іх кіўне або прывітальна падніме руку, калі я прайду міма. Мой уласны дом стаяў на першай, заможнай вуліцы — праўда, амаль у самым канцы, бліжэй да амфітэатра, за сем двароў ад плошчы.

У сне я вольна гаварыў на чужой мове, некалькі картавай і працяглай, а родная руская цалкам вымывалася з памяці. Прачынаючыся, я перажываў кароткі, але бурны працэс замяшчэння аднаго другім: тое, што было родным і зразумелым, цьмянела і ператваралася ў гул, які раставаў; а тое, пра што я зусім не меў уяўлення, урывалася шалёнай вадой з праламанай гаці і імгненна тапіла мяне, запаўняючы ўсе сітавіны. Яшчэ імгненне я, ужо не памятаючы ніводнага слова, памятаў хаця б, што толькі што ведаў іх усіх, — але імгненне праходзіла, і я забываўся пра гэта.

Калі адрываў галаву ад падушкі, я часам доўга намагаўся зразумець, дзе апынуўся. На змену звыкламу сонцу, яркай сінечы мора, гарачым белым камяням, павольнай хадзе буйвалаў, рыпенню карабельных сходаў, мяккаму тупату босых ног, з якім ашчэраныя грузчыкі выносяць на спінах жоўтыя мяшкі з трумаў, востраму водару сохлых сетак і гнілога багавіння — на змену ўсяму гэтаму з’яўляліся запырсканае дажджом шкло, каламутнае святло пахмурнага неба, цьмяная лямпачка, пах распаленага маргарыну, грукат патэльні на кухні і напружанае выццё тралейбуса, які разганяецца пад акном...

Ва ўсім астатнім маё жыццё складалася зусім пасрэдным чынам.

Скончыўшы школу, я паступіў на фізфак універсітэта. Пасля першага курса студэнтаў у будатрад не бралі, але мне пашанцавала: адным з атрадных завадатараў аказаўся аспірант Мішка Казіхін, з малодшым братам якога, Віцькам, я вучыўся ў групе. Віцька замовіў слоўца, пасля чаго мы паўтара месяца кармілі камароў на будаўніцтве ірыгацыйных канаў пад Яраслаўлем. Затое цяпер, як зарабілі грошай, мы маглі разлічваць на вялікае падарожжа.

Сябрук мой чамусьці рваўся ў Азію, але мне ўдалося пераканаць яго. Мы рушылі да мора. Тыдні тры бадзяліся па крымскім узбярэжжы, затым перабраліся на каўказскае. Грошы хутка раставалі. Мы зараблялі штодзённа зборам садавіны, разгрузкай вагонаў, плялі трысняговыя цыноўкі пад кіраўніцтвам аднаго старога татарына. Засмучала, што яны, гэтыя ўзбярэжжы, аказаліся пыльнымі, запляванымі, прадажнымі, курортна скнарлівымі, паўзлачыннымі, і нічога падобнага на свае сны я не пабачыў.

З таго часу кожнае лета я праводзіў у вандроўках. Спачатку яны займалі канікулы, потым водпускі. Першая жонка не падзяляла маіх прыхільнасцяў, і праз два гады мы разышліся. З другой я пазнаёміўся ў падарожжы. Шчасліва пражылі шэсць гадоў, але так і не завялі дзіця. На сёмым годзе я пераканаўся, што любыя летуценні і думкі аб будучыні не каштуюць аднаго нязначнага руху пальцаў хірурга. Калі я зноў застаўся адзін, мне было не так шмат гадоў, каб змяніць лад жыцця. Наступала лета, я браў адпачынак, засоўваў у заплечнік лёгкі спальнік, мазь ад камароў — і крочыў да вакзала.

Галоўнае было не апынуцца турыстам, а здабываць пражытак якой-небудзь цвёрдай здзельшчынай, воляй-няволяй далучючыся то да рыбных промыслаў, то да сплаву, то да пячной справы або збору кедравага арэха. Праз месяц я вяртаўся іншым чалавекам, і яшчэ доўгі час штодзённасць здавалася дзівацкай. Мне сніўся горад ля мора, але ніколі ў сваіх паездках я не сустракаў нічога, што магло б пра яго нагадаць.

На Алтаі я пазнаёміўся з разьбяром па дрэве Піліпчуком. Я папрасіўся да яго у вучні, аднак Піліпчук адказаў, што пра тое і казаць няма сэнсу, бо месяц — занадта малы тэрмін, каб думаць пра авалоданне рамяством. Але ўсё ж мы пасябравалі, і Піліпчук павёз мяне за семдзесят вёрст у далёкі канец асляпляльнай лінзы Цялецкага возера. Рака, якая ўпадала тут, перад тым доўга душылася і пучылася ў шматкіламетровых скальных цяснінах, з натугай праразаючы іх косную плоць, і, калі нарэшце вырывалася на прастор, яе неўтаймоўны роў, сціхаючы, ляцеў над вадой, чымсьці падобны на ўздых палёгкі. У яе быў нейкі дзікі, чвякаючы, шумны назоў, які я доўга не мог запомніць, і змог гэта, толькі калі знайшоў у ім аддаленае падабенства са словам «талісман».

Піліпчук стрымана гнаў маторку ўверх па цячэнні. Праз гадзіну мы прычалілі ў вусці бурнага прытока, выцягнулі лодку на камяні, разабралі снасці і рушылі ўверх, збіраючыся паспрачацца з харыусам у кемлівасці і вытрымцы. Я пайшоў наперад, і плынь прывяла мяне да вялікай затокі, край якой кіпеў пад белым клінком вады, якая спадала з уступа. Тут я ўбачыў, як паўтараметровы таймень двойчы ўзлятаў па грымучым струмені амаль да самага верху, не адолеў яго напору і з гарматным грукатам біў па вадзе хвастом і абрушваўся назад. На трэці раз бліскучае стварэнне ўсё ж такі перавалілася за край вадаспаду і знікла.

Калі падышоў Піліпчук, я сказаў, што назад не паеду.

У тое імгненне я верыў у гэта.

Мне ўявілася, што я пасялюся на галечным востраве каля вусця. Мы ішлі міма яго на маторцы. Некалі востраў быў зусім бясплодны і дзікі, аднак чалавеку па прозвішчы Смірноў (па чутках, прычынай яго з’яўлення на гэтых берагах было імкненне выслізнуць з пастак НКУС) хапіла часу і сіл навазіць зямлі на вёсельнай лодцы, дарма што адлегласць да бліжэйшага месца, скуль можна было браць урадлівую глебу, складала не менш за пяць вёрст. Ён засадзіў востраў яблынямі. Я ўявіў, што магу пабудаваць дом, завесці лодку, ажаніцца з алтайскай дзяўчынай. Узімку рэзаць кедр, улетку сыходзіць у горы. З бліжняга астрога быў відаць далёкі бераг возера, дзе некалі ўзвышаўся манастыр. Каровы не елі травы, якая ўзнімалася на месцы знесеных сцен, і адсюль, зверху рэшткі манастыра выглядалі акуратным чарцяжом змытага мінулага, пры позірку на які немагчыма было зразумець, дзе гэтае мінулае захлістваецца сучаснасцю, у які момант сучаснасць перацякае ў будучыню і ці не сном з’яўляюцца іх бясконцыя і мудрагелістыя пералівы. Я сядзеў на цёплым камені, жмурыўся, глядзеў удалеч і думаў, што жыццё іншых людзей таксама хутчэй за ўсё падобна на сон. Час цячэ, чырвонаармейцы топяць манахаў, казакі есаула Кайгародава топяць чырвонаармейцаў, свежыя часці Чырвонай Арміі топяць казакоў есаула Кайгародава. Экспедыцыя, што спрабавала даследаваць дно возера, скончылася няўдачай: вадалаз, які толькі-толькі апусціўся ў чорныя ледзяныя глыбіні, пачаў сутаргава тузаць сігнальны канец, а затым, паспешліва выцягнуты на паверхню і пазбаўлены ад бязмоўнай цяжкасці лупатага шлема, істэрычна распавёў (і наадрэз адмовіўся паўтарыць апусканне), што ўсе яны так і стаяць каля ледзянога дна — сумныя коні, манахі ў чорных расах, казакі ў даўгаполых шынялях, чырвонаармейцы ў стылых будзёнаўках...

— Ды годзе табе, экскурсант, — буркнуў Піліпчук. — Пайшлі, а то сцямнее.

Я хацеў расказаць яму пра сны, што стамляюць мяне з дзяцінства, пра горад з белага каменю, аб тым, што ўсе мае тулянні — гэта спроба знайсці яго адлюстраванне ў навакольным свеце, і пра тое, што толькі тут, на Чулышмане, я пачуў такія ж гулкія, поўныя жыцця гукі, якія атачалі мяне ў сне. Тут не было горада — але было нешта такое, што магло яго замяніць.

Я хацеў застацца там, дзе залатапёрыя рыбіны ўзлятаюць па жамчужных вадаспадах.

Але не застаўся, і ў цягніку мне падалося, што цікавасць да падарожжаў страчана.

Родны горад сустрэў дажджом і тэлефанаваннямі. У прыватнасці, сакратарка паведаміла, што на заўтра прызначана пасяджэнне кафедры.

Усё гэта было неяк недарэчна, і, замест таго каб адчуваць радасць, вольнасць, напоўненасць свежасцю, якія заўсёды раней я прывозіў з вандровак, я, разбіраючы заплечнік, смутна сумаваў.

Лёг, варочаўся, не мог заснуць. Нарэшце, калі пад акном прайшоў апошні тралейбус, я пачуў, як шуміць вецер яблыневай лістотай.

А потым уздрыгнуў ад нейкага іншага гуку і сеў на ложку.

У акно струменілася мяккае святло раніцы, у двары шамацела сухое лісце на вінаградных шпалерах, пранікнёна буркавала галубка.

Я пазяхнуў, пацёр твар, устаў, накінуўшы на сябе нешта ўтульнае, хатняе. Вады ў чане засталося на самым донцы. Сяк-так памыўся, злосна грымнуў чарпаком. Сняданак, аднак, быў прыгатаваны. Я ачысціў ад калючай шкарлупіны і з задавальненнем з’еў варанае яйка, агурок, некалькі салёных маслін.

Двор жыў ціхім ранішнім жыццём. З жаночай паловы даносіліся галасы. Цімон сядзеў на калодзе і шчапаў палена.

Я хацеў насварыцца на старога за тое, што той не нацягаў у хату вады з вечара, ды яшчэ і прыгразіць, што папрашу бацьку прадаць яго ў чужыя рукі — вось пашкадуе яшчэ, як пачнуць біць палкамі! — але, зірнуўшы на худую, згорбленую спіну, толькі з прыкрасцю плюнуў і накіраваўся да ­весніц.

Калі выйшаў з двара, я рушыў па крывенькай брукаванай вулачцы ўніз міма белакаменных платоў, з-за якіх выглядалі галіны дрэў і дахі дамоў. Каля львінай галавы, што вывяргала з мармуровай пашчы ваду ў шчарбатае карыта з ракушачніку, павярнуў направа — тут жа мора наводмаш плюхнула ў вочы, прымусіўшы паднесці далонь да лба і прыжмурыцца.

На бірузовай гладзі відаць былі чорныя фасоліны рыбацкіх лодак. Далёка за імі раствараўся ў марыве асляпляльны белы ветразь.

У тысячны (або статысячны) раз я ў думках прыкінуў, ці не прадаць палову падоранага бацькам вінаградніка. А на атрыманыя грошы купіць карабельны пай. А то і цэлы карабель... З іншага боку, вінаграднік таксама быў зусім не лішнім. Старыя лозы славіліся ў наваколлях пладавітасцю, гронкі — салодкасцю і водарам. Аднак зямля прывязвае чалавека да аднаго месца, а карабель дазваляе падарожнічаць!

Каля дзвярэй Усходніх лазняў некалькі чалавек гулялі ў косці. Гулялі па маленькай, ды і косці клаліся нецікава. Калі з’явіўся Прэмен, я выплаціў свой дробязны пройгрыш і адышоў.

Мы селі на каменную лаву каля сцяны лазні. Сонца паднялося высока, але цень быў прахалодны, а з мора цягнула свежым кастрычніцкім ветрам. Алівы на далёкіх уступах дрыжалі і пераліваліся.

— Я вось усё думаю, — сказаў я, — ці не загнаць мне палову вінаградніка? Добрыя грошы прапануюць...

— Хто?

— Адзін чалавек з Ларосы, — унікліва адказаў я.

Прэмен пакруціў галавой.

— Не вельмі ўдалы час для гэтага, — сказаў ён, паторгаў суставы пальцаў, некаторыя з якіх захрабусцелі. — Эпес прадае дзве пасудзіны са сваіх.

Гэта стала для мяне поўнай нечаканасцю. Багач Эпес, які вёў буйны гандаль соллю, не прапускаў, зрэшты, выпадку гандляваць чым заўгодна па дробязі. Ён быў уладальнікам сямі вялікіх караблёў, што няспынна баразнілі мора.

— Вось так. Жыццё пераменлівае, — павучальна заўважыў Прэмен, сціскаючы і расціскаючы кулакі. — Зямля ж цяпер у цане. А марскі гандаль ненадзейны з-за піратаў. Занадта шмат развялося ўсялякай рвані...

Я неахвотна кіўнуў.

— Гэта ўсё з-за таго, што зямля даражэе, — уздыхнуў Прэмен. — Даражэе зямля, даражэе жыццё. Людзі прадаюць апошняе — а потым куды? На вялікую дарогу.

— Гэта дакладна...

Мы памаўчалі.

— Бачыў, да новага храма скульптуры прывезлі? — спытаў ён, падкідваючы на далоні белы каменьчык.

— Ужо прывезлі?

— Але ж. Я ўчора хадзіў глядзець. Страшнае ўбоства. Кажуць, сёй-той на іх капітальна нажыўся...

— Гэта ўжо як заведзена...

Мы памаўчалі. Прэмен з уздыхам кінуў каменьчык убок.

— Нядрэннае вінцо ў мяне ў гэтым годзе атрымалася, — няўзнак паведаміў ён.

— Праўда? — далікатна пацікавіўся я.

Вінаграднік яго быў не з лепшых.

— Што ты! — ажывіўся Прэмен. — Выдатнае! Пойдзем!

Я паглядзеў на сонца.

— Па шчырасці, я хацеў яшчэ...

— Ды годзе! Вып’ем на спробу, і справа з канцом. А?

Я ўздыхнуў і пагадзіўся.

Мы прайшлі завулкам, выйшлі на другую дарогу, дружна аблаялі праклятых буйвалаў, чортавы калёсы і пыл, ад якога зусім не стала жыцця, і зноў завярнулі ў завулак, які заканчваўся варотамі ў яго цяністы двор.

Я не паспеў дапіць, як Прэмен нецярпліва падаўся да стала і спытаў:

— Ну як?

Я глыбакадумна пацмокаў.

— Ты пі, пі, — падбадзёрыў Прэмен і зноў узяўся за збан. — Нядрэннае вінцо, а?

І напоўніў келіхі.

Лёгкі вецер прашамацеў барвяным лісцем над нашымі галовамі.

Віно ўсё ж кісліла.

— Та-а-ак, — працягнуў я. — Вільготнае было лета.

— Гэта дакладна, — пагадзіўся Прэмен. — Але ж усё роўна віно нядрэннае, а?

Дапіўшы, я выцер вусны. Мне не хацелася яго засмучаць.

— Нядрэннае, — кіўнуў я. — А восень, бачыш, сухая.

— Нават занадта, — уздыхнуў Премен. — У цябе, я ведаю, заўсёды багаты ўраджай.

Я паціснуў плячыма, гледзячы, як струменіцца віно са збана.

— Так, звычайна добры... Але ўсё ж я хачу загнаць палову вінаградніка.

Прэмен хмыкнуў.

— Зноў ты за сваё. Справа, вядома, гаспадарская... Але я табе так скажу: Эпес на гэтым сабаку з’еў. З чаго ён прадае свае караблі?

Барвяная вільгаць зноў іскрылася ў келіхах.

Прэмен падсунуў хлеб і сыр.

— Разумееш, — сказаў я, — бо на караблі можна плаваць. Падарожнічаць, я хачу сказаць.

— Куды падарожнічаць? — здзівіўся ён. — Навошта?

Я ўсміхнуўся. Дурны, дурны Прэмен!

Мабыць, віно ўсё ж крыху стукнула ў галаву. Мне захацелася расказаць, што з дзяцінства мяне стамляюць нейкія дзіўныя, нейкія дзікія, варварскія сны, якія не маюць ніякага дачынення да сапраўднага жыцця: бэзавая глыба возера... ледзяныя глыбіні, якія хутка спыняюць сэрца неразумнага плыўца... жорсткі росчырк цёмна-сініх гор пад бязлітасным сонцам... белыя залпы маланак з чорных аблокаў... ціхі дом на невядомым востраве... яблыневы сад... і рака, рака, якая з асуджаным выццём рвецца з цяснін!..

Віно мякка буркавала, выбіраючыся з вузкага рыльца на волю.

— Чулышман, — я прамармытаў слова, якое немаведама адкуль прынесла памяць.

— Што ты кажаш? — перапытаў Прэмен.

Я міргнуў і паднёс руку да скроні, адганяючы бескарыснае ў сілу сваёй неадметнасці бачанне.

— Я кажу, гэта... нядрэннае віно, кажу, — сказаў я. — Нават вельмі нядрэннае атрымалася вінцо.

І стаў моршчыцца, размінаючы правую далонь, якая чамусьці раптам пачала шчымець, як быццам пасля апёку.