Чартапалох

Я забыўся пра ўсё. Я аслеп і аглух,
Разгубіўся, наркозу паддаўся.
Я стаю на двары, быццам чартапалох,
Што ў кітайскую ружу ўкахаўся. 

Бляск вячэрняга золаку згас над ракой.
І пугач страшным зыкам злуецца.
Нават певень, зарублены некалі мной,
Над маёй галавою смяецца. 

Мне атруты грыбы прапануюць адпіць.
І аса нада мною шчыруе.
Ды каса, што ля самае хаты стаіць,
Паважае мяне і шкадуе. 

Я на ветры змагу ўсё жыццё прастаяць,
Я прыму і нядолю, і долю.
Я цяпер не збіраюся ўжо паміраць
І памерці табе не дазволю.