Цягнуць твары ўверх мацярдушкі-краскі...

* * *

Цягнуць твары ўверх мацярдушкі-краскі,
куравай, пякучка — жывыя зёлкі.
Май — удоду панства, да птушкі ласка,
На вярбе будан скончыў раннем золкім.

Я заплюшчу вочы — наўкол аблога,
вось бутон таўкачык агаляе хіжа,
мінарэт узорны хвашчу ляснога
і свірэпкі жоўтай нацельны крыжык.

А жыццё віруе крывёю палкай
ды бяжыць ракою халоднай лімфы,
а рака смяецца, каб згладзіць цалкам
несвоечасовасць, банальнасць рыфмы.

Мурашы па беразе ходзяць строем,
і нядбайна вецер згінае сучча,
і раяцца рыфмы пчаліным роем,
і чмялямі ў небе гудуць сугуччы.

Матылёк лунае ў святле ды згодзе,
трэба сінь лістоты Анёлу зведаць,
і такі — прыслухайся — надыходзіць
жыватворны час на сыходзе лета,

што сасонка — роўня твайму перадплеччу,
у вадзе ігліцы спяць у нябогі,
а крыніца мову сцэджвае ў рэчку,
утварае цела буркотнай Волгі.