Шэр амін
Бацька пачаў збірацца.
Ён накручваў свой пуховы, калючы, рознакаляровы — нешта чырвонае, жоўтае, карычневае, аранжавае, — шалік; тады яшчэ не ўмелі насіць шалік па-французску, вытанчаным вузлом; бацька насіў шалік як рускі інтэлігент — каб было цёпла, пышна, каб шалік сканчаўся пад верхняй губою, і калі ў яго надыхаеш — там мокрая намаразь.
На бацьку было футра; калі яно вісела асобна, магло забрахаць; на бацьку — скаралася.
Я запытаў: «Куды ты?» Бацька са штучнай бесклапотнасцю сказаў, што ў краму, па папяросы.
Бабука — мая бабуля, так яе называлі ўсе — кажа, пацвярджаючы: «У краму сходзіць і вернецца».
Бразнулі дзверы, пасля другія. Сышоў.
Мы селі з бабуляй і сядзім, яна на канапе, я на падлозе. Яна ў акулярах, зашывае дзедаву кашулю, жмурыцца на іголку, нібы мяркуючы: ці варта раздражняцца на такую малую рэч, ці не варта; я гляджу на бабуку, спрабуючы здагадацца пра нешта вялізнае; мне, напэўна, гадоў пяць або меней. Ніводнай думкі ў маёй галаве не было, яны і цяпер рэдка прыходзяць, таму я проста ўскочыў і пабег. Нават не абуўся.
Хацеў напісаць, што усвядоміў тое, што адбываецца, але ўсё гэта махлярства, якая тут усвядомленасць, проста з’явілася карцінка: бацька стаіць на дарозе, галасуе, курыць; і вось ужо едзе ў вёску, дзе наш сямейны дом і дзе яго чакае жонка — мая маці. Ён размаўляе з вадзіцелем грузавіка, яны смяюцца, бацька частуе вадзіцеля цыгарэтай «Беламор». Адчыняе акно — у шчыліну рвецца няголены лютаўскі скразняк.
На вуліцы быў холад, шмат снегу — у вёсцы снегу заўжды болей, чым у горадзе. Лес пачынаўся адразу ад нашай брамы — а траса ляжала за лесам, з паўкіламетра. Бабука дагнала мяне, уцёкшага, у лесе. Прынесла ў ахапку дамоў. Я не плакаў і не адбіваўся. Злавілі і злавілі. Не суджана.
Бабука пасадзіла мяне на тое ж месца, дзе я і сядзеў, узяла кашулю, на кашулі, сумуючы без справы, вісела нітка з іголкаю. Нібы нічога не здарылася.
Не ўяўляю, чаго я пабег. Зразумела, што за бацькам. Але я ніколі асабліва не сумаваў без бацькоў — калі пакідалі ў старых у гасцях, жыў як ні ў чым не бывала.
Куды сарваўся?
Напэўна, бацька павінен быў вярнуцца са свайго лютага, узяць мяне на рукі.
Бо з таго часу ўсё не так.
У наступны хлюпотны люты, у апошнія яго дні, ішоў па вуліцы ціхі, светлы хлопчык (я сябе маленькага люблю, нібыта я трыццацігадовай даўніны — гэта мой сын), у нас у вёсцы жылі хуліганы, прозвішча Чабраковы, я іх не адрозніваў, абодва былі даўгалыгія, з масластымі целамі, шыі кадыкастыя, твары выцягнутыя, тупыя, подлыя, — адзін з іх штурхануў мяне ў плечы, ззаду, і я паваліўся ўсім целам у гразюку.
Гразюка ў нашай вёсцы была жудасная, цяпер такую не знойдзеш — яе варылі, як кашу, вясной яна ляжала дробна пакрышаная, перамешаная з лёдам, летам парыла, увосень прычаўквала. Не высыхала і не замарожвалася ніколі. Нібыта ўнутры гэтага месіва ціха бурчэла нафтавая крыніца, дакладней сказаць — гнайнік.
Якраз перад маім падзеннем брудную калюгу як належыць раскатаў вясковы трактар, каб стала адразу і пажыжэй, і пагусцей. Затым прабегла кабыла, пакінула ў гэтым брудзе гарачае вараб’ям і снегірам.
Туды і паваліўся я.
Прыйшоў дахаты ўвесь уроблены, як клоўн.
З рота — бруд; постмадэрніст, словам.
Маці нічога не сказала — я спадзяваўся, што яна пойдзе і заб’е Чабраковых, а яна проста вымыла мяне. Усё зняла, дала чыстае.
Наступны раз — яшчэ праз год, зноў люты. Гулялі за школаю ў футбол — у нас любілі гуляць у футбол зімою, лета кароткае, пакуль яго дачакаешся, а мяч ляжыць вось, чакае выспятка. Я быў у трох падраных світарах і без шапкі: гэта надавала мне, як я сам думаў, ліхасці. Каманды былі змешаныя па ўзросце. Да праціўнікаў далучыўся — не помню як завуць — толькі што вярнуўся з войска — бялёсы д’ябал з бялёсымі вейкамі, смяшлівы. Я тырчэў каля варот. Бялёсы гуляў весела, лоўка, хутка засадзіў мячом — трапіла мне ў твар, я зрабіў — без усякага перабольшвання — два абароты ў паветры, упаў; вока быццам увярнулася ўнутар галавы — я потым асцярожна выварочваў вонкі, назад, у белы свет напалоханымі пальцамі павека, вейкі; вока здавалася нейкім мясным, занадта аб’ёмным, падобным па адчуванні ў пальцах на піяўку.
Калі б я стаяў каля штангі — стукнуўся б галавою аб яе і памёр.
З калектыўнымі гульнямі ў мяне не атрымалася.
Калі мы пераехалі ў горад, мяне пасялілі каля фабрычнай трубы: сям’я вырашыла, што перачэкваць смерць савецкай улады лепей стоячы на гарадскім асфальце.
У школу ўпершыню прыйшоў зімою, у лютым.
Каля школы стояў бугай з паралельнага класса — вышей за мяне на галаву, дзевяцігадовая жывёла. Зняў з мяне шапку і кінуў далёка. Я палез за яго шапкай, адпомсціць, ён лёгка адштурхнуў мяне. Силы былі няроўныя.
Я хадзіў за ім на перапынку, думаў: трэба злаўчыцца і ударыць, ды не хапіла духу.
У новай школе была настаўніца, класны кіраўнік, сталіністка, рабая, кастлявая, едкая на язык.
Пачалася perestroika, яна вырашыла, што неабходна дэмакратызацыя, правяла апытанне, хто як да яе ставіцца ў класе, — ананімна.
Мой сусед па парце Чыбісаў напісаў, што настаўніца — сволач.
Я напісаў, што прэтэнзій не маю.
Наступнае, праз дзень, апытанне было ўжо не ананімным, а за подпісамі.
Збіраючы нашы адказы, рабая з’едліва глянула на мяне паверх сваіх вялізных акуляраў і, не стрымліваючыся, паведаміла: «Паглядзім, што ты тут напісаў, іудушка».
Чатыры гады пасля гэтага яна размаўляла са мною абсалютна па-скоцку, я нічога не разумеў, цярпеў.
Аднойчы мыў клас пасля ўрокаў — у рабой ужо каторы год не спыняўся помслівы зуд, яна зноў падняла гэту тэму: які я нікчэмны, хлуслівы, як я магу жыць такі, чаму мяне носіць зямля, не павінна б.
Я ўжо падрос і знайшоў у сябе смеласць вяла пацікавіцца, у чым справа. А памятаеш, кажа, апытанне. У ананімным ты напісаў, што я сволач, а за подпісам — што не, што не сволач; выснова: ты хлус, у разведку з табою нельга.
Я кажу: пакажыце апытальны ліст.У яе быў напагатове (захоўвала ўсе гэтыя гады ў асобным сшытку, насіла з сабою, каб падаграваць помслівасць): глядзі — узмахнула лісткамі, як факір: зараз будзе нумар.
Пабачыўшы лісткі, я ўзвыў — на шчасце, Чыбісаў ужо гады тры як вучыўся ў іншай школе, — гэта не я! гэта Чыбісаў напісаў!
Яна, разгубіўшыся, тут жа сказала: «...ты нагаворыш мне цяпер!» — і апытальнікі прыняла. Папрасіць прабачэння, вядома, не палічыла патрэбным. Пэўны час глядзела ў акно, на растаючы снег, — думала, відаць, ці не было памылкі ў яе шматгадовых здзеках з дзіцяці. Зрабіла цвёрдую выснову, што не. Хто старое прыгадае, вырашыла па-даросламу, мудра, таму вока вон.
Гэта яшчэ што.
Дзяўчаты ў мяне былі, але часцей не было.
Я ўвесь час памятаю, што дзяўчыны няма, ёсць толькі галавакружэнне і падлеткавая млоснасць.
Вярталіся п’яныя аднекуль з вечарынкі з нагоды старога Новага года, выклікаліся правесці дзвюх дам — я і два мае сабутэльнікі, іх твары сплылі, не вярнуць ужо ніводнай рысы.
Я аказаўся самы гаваркі, з усіх сіл стараўся весяліць кампанію: кампанія час ад часу хмыкала.
Адна, нібыта сімпатычная, дала тэлефон, я папрасіў.
Патэлефанаваў у лютым, нешта ныў пра жаданую сустрэчу, яна падтрымлівала размову так, нібы ў яе страляла прастуда ў вуху — праз муку, цераз сціснутыя зубы. Пасля там паблізу нехта зашумеў, пачуўся мужчынскі голас, яна раптам кажа шэптам: «Пакінь мяне ў спакоі, адвянь нарэшце, чаго табе трэба ўвогуле?»
Быццам я сядзеў на прамоклай калодзе ў вадзе, у навальнічным моры, пад снегам, які падаў ледзяным брудам у чорныя хвалі, хацеў выбрацца на бераг, глядзеў на гэту дзяўчыну знізу ўверх, а яна адпіхнула нагою маю калоду: плыві куды хочаш, на бераг не лезь, тут і без цябе, ведаеш... Плыві, каму кажу!
Прайшло дваццаць гадоў, яна, напэўна, цяпер гатуе боршч мужу — жыве як нічога не было, на ўсё забылася, — дык няхай ён зараз стукне аб край талеркі — каб талерка зрабіла ў паветры круг, і капуста — на бэльку, на люстру, усё навокал у кіпні, у дзіцячым жаху, — а ён, гэты муж, як зараве: «Сука! Якога д’ябла я звязаўся з табою!»
Нехта павінен за мяне адпомсціць, нарэшце.
Яна б зразумела, што тады, бязвінны і азяблы, адчуў я.
...але не, муж даесць, нічога не скажа, будзе хаваць у сабе самае істотнае.
У войску, ужо стаўшы чарпаком, я адзін раз напіўся — не прапаліўся на пастраенні, лёгка мінуў усе магчымыя пагрозы, дабраўся да свайго ложка, улёгся.
У такога ж чарпака, як я, з майго аддзялення, быў фотаапарат, і ён вырашыў зрабіць на памяць мой здымак: саслужывец у сне.
Задумка хутка ператварылася ў грамадскае мерапрыемства: знайшлі свечку, уставілі мне, дзякуй богу, у рукі, а рукі скрыжавалі. Свечку запалілі, атрымалася прыгожа.
Прасцінку нацягнулі як трэба, намалявалі на лбе крыж, статут паклалі на грудзі, потым яшчэ копку статутаў — прадугледжвалася, што цяпер у мяне будзе шмат часу на чытанне; на ногі нацягнулі боты 47-га памеру; нябожчык быў паважлівы, добрасардэчны, нагасты.
Зрабілі пышны вянок з веніка ў галаве.
Вырашылі, што адной свечкі мала, уставілі адразу тры ў рукі: а чым нябожчык горшы за торт — няўжо хаўтуры не свята? Таксама наліваюць, зімовыя салацікі, танцаваць толькі нельга, затое спяваць, нібыта, можна.
Духаў не адганялі, душары таксама весяліліся. Вырашылі, што калі побач пакласці швабру — будзе да месца: швабраю я змагу напалохаць чарцей, калі збяруцца да нябожчыка ў госці.
Талерку, відэлец — таксама на ўсялякі выпадак падклалі да мяне: дапусцім, чэрві мяне жруць, а я чарвей, — узаемны абмен. Так можна доўга забаўляцца — хто каго даесць першым.
Пад крыжам на лбе напісалі фламастарам смешнае слова з чатырох літар: амін.
Маё светлае мужнае салдацкае імя, адваяванае з такімі баямі, з такімі пантамі, з такой кемлівасцю, з усім тым, што я назапасіў за дзевятнаццаць гадоў, — усё пайшло да д’ябла.
Фотаздымкі раздрукавалі, сукі, грошай не пашкадавалі, і іх убачылі ўсе.
Кожны мой крок, калі я ішоў да сталоўкі, у нарад, куды заўгодна, суправаджаўся нябачнымі ўсмешкамі: пасі, гэты ідзе, са свечкаю і швабраю торт з трупярні, чарпак, які амін.
(У той люты я ледзь не замерз у нарадзе — жыць было лянота.)
«Шэр амін» назваў мяне мой самы блізкі, ды што там — адзіны таварыш, батанік, французскі вучыў у школе, я яго столькі разоў выручаў, яго забілі б без мяне — але ў гэты раз я сам заехаў яму ў зубы, было шмат крыві, зуб пасля ляжаў на стале ў сталоўцы, у лужыне капусняку, як забыты. Я падумаў: можа, забраць, неяк увярнуць яго, прырабіць на месца: ўсё можна неяк змяніць.
(...пасля мне сказалі, што свечку мне дзяды хацелі ў рот засунуць, для прыгажосці, а батанік не даў.)
Нічога ўжо было не паправіць.
Сваёй сяброўцы я даў пажыць у кватэрцы, якая засталася ў маёй сям’і пасля шматлікіх разменаў.
Маме яна падабалася — мама ёй давярала.
Маці пражыла ўсё жыццё з маім бацькам, ёй і ў галаву не прыходзіла, што жанчына, у якой было больш мужчын, чым пальцаў на адной руцэ, можа называцца неяк іначай, чым «прастытутка».
Тым болей, хто можа здрадзіць яе сыну — гэтаму ідэальнаму ўвасабленню розуму, такту, прыгажосці, мужнасці. Ну, гэта азначае, гэтаму іудзе, гэтаму шэр аміну, з нязменным брудам у роце, які адыгрываецца на слабых, хлусіць, выдыгае, прыніжаецца, перакладвае адказнасць, не жадае нічога ведаць, разглядвае сябе ў люстэрку, любуецца парадкай — балбатун, пантар, выкабеншчык.
Я дэмбельнуўся, сяброўка не сустракала, адпачывала ў сваёй бабулі — бабулю ж не пакінеш, я разумею. Прыехала праз тыдзень, уся такая ўсмешлівая, ціхагалосая, паводзіць сябе так, быццам яе закруцілі ў цэлафан. У шчаку пацалуеш — нібы, шкура, нібы, духі, а ўсё-роўна адчуванне — цэлафан.
Увечары ўвесь цэлафан зняў, слаямі, дзе-нідзе наліпла, давялося пашлупацца. Святло папрасіла не ўключаць — шукай у цемнаце, углядвайся, развівай у сабе крата, купі прыбор начнога бачання, а фантазія табе навошта.
Фантазія ў мяне працавала паўтара года, я ўвесь гэты тэрмін гудзеў, як трансфарматар, я прадумаў да дэталяў, што менавіта адбудзецца, калі дэмбельнуся, — але жыццё прапанавала свой варыянт. Не, не так мы сабе ўяўлялі ход падзей у першую пасля вяртання з грамадзянскай... дакладней, на гражданку, у цывільнае жыццё.
Гражданка падвяла. Яна развучылася рабіць самыя элементарныя рэчы. Тут дапажы ёй, тут не так жорстка, там не шчыпайся, а што ты так цалуешся?
Як?
Ды ладна, не звяртай увагі. Проста я стамілася.
Стамілася? За паўтара года стамілася? Ці за паўтара года не адпачыла? Ты да сваёй бабулі паехала — нават ракавіну не адмыла на кухні. У ваннай — іржа, быццам ты там іржавага чалавека, ці каго там, жалезнага каня надрайвала.
Га? Камбайн, ці што, мыла?
Перастань раўці. Ты што, мяне на правах пасудамойкі пакінуў жыць? Ведала б я.
(...зрабіла рух адной нагою, каб пайсці; спыніў сустрэчным рухам усяго цела: пачакай, не ўсё яшчэ сказана; хаця сэнс майго жэсту быў, вядома, крыху шырэй: куды сабралася, ау, а што я тут буду рабіць з сабою?)
Да раніцы размаўлялі. Яна ў стане ціхай змучанасці, я — крайняй і невырашальнай узбуджанасці. Ды ты ведаеш, праз што я прайшоў? Ты ведаеш, як нас білі звяры? Як я ледзь не замерз у нарадзе? Як нас ледзь не адправілі ў Чучмекістан — я першы запісаўся добраахвотнікам, мог бы вярнуцца ў цынку, ты б тады гаравала: ах, што ж я так мала яго радавала? А які ў нас быў ротны? Ён быў беспадобны крэцін! А камбат? Як тры, ёп, крэціны! Я нават генерала бачыў адзін раз! А ведаеш, нарэшце, што мне аднойчы ледзь свечку ў рот не ўставілі, паказаць як?
Нараніцу ўсё горка, бедна, аднаразова, без цяпла, без уздыху вырашылася, лепш бы не вырашалася.
На другі дзень званок: трубку бяру — ало? — на тым канцы проваду крыху разгубіліся, пасля, збянтэжана, з падробленай бесклапотнасцю: Ціну можна?
(Яна спіць, хаця па патыліцы ўбачыў: прачнулася і слухае спінным мозгам размову.)
У трубцы адразу вызначаны мужчынскі голас: мой аднакласнік, Ціна з ім путалася да мяне, потым сышла да мяне, але пра яго доўга памятала — ён быў вышэй за мяне, прыгажэй, багацей, — да яе, праўда, так і не даткнуўся, пакуль яны там сябравалі.
Затое пакуль я маршыраваў, ганяў статут, як сімвал веры, і аддаваў чэсць, — даткнуўся. Відаць, яна нават не распавяла, што жыве ў маёй кватэры: а навошта? Каб мне спаліць гэту кватэру пасля вяртання?
З гэтай кватэры, выгнаўшы сяброўку, я паехаў у новы свет, дзе гучаць вершы і складаецца новая драма, дзе юнакі ў дзіўнай вопратцы (галота на выдумкі моцная) прыкурваюць вялізнымі, у выглядзе, напрыклад, чарапахі, запальнічкамі свае танныя цыгаркі («гэта артыстычна, так, бля, паложана ў пісьменнікаў, спецыяльна купіў на вакзале, брат, каб паказаць, што мы не лыкам шытыя...»), дзе паненкі апранутыя значна лепей, чым юнакі (кожная пераносіць ў джынсах румянае, аголенае, цёплае сонца, якое ніколі не ўзыдзе перад простымі смяротнымі), і не звяртаюць на юнакоў увагі, толькі іранічна косяцца на жалезных чарапах, якія з пятай спробы вырыгаюць пахучы агонь, затое ўважліва, прамым позіркам глядзяць на мэтраў, бо мэтры цэдзяць важкія словы, бо мэтры ў пакамечаных дарагіх (не настолькі дарагіх, як хацелася б) марнарках бачылі... Бродскага? — ды што там Бродскага — яны Бродскага ва ўпор не бачылі, — а што-небудзь яшчэ больш пранізлівае, якое пазірае з бурлівых глыбінь вечнасці жывымі вачыма, якія прараслі праз мармур... — ну, дапусцім, бачылі сябе, зірнуўшы перад выхадам на сваё адлюстраванне ў люстэрку гатэльнага нумара.
Мы — я і некалькі маіх плюс-мінус равеснікаў — хутка зрасліся ў банду; самыя дарослыя сярод маладых, самыя маладыя сярод дарослых — тыя, хто нарадзіўся, вырас і адслужыў хто дзе змог у мінулым стагоддзі, хто прыйшоў у новае тысячагоддзе не толькі з запальнічкай у выглядзе чарапахі, але і з багажом, які можна было выгадна прадставіць на кірмашы ганарыстасці, удачы і надзеі. Я стаў называцца: творца, літаратар.
У мяне быў брат не брат, а добры таварыш, вялікі целам, з маленькімі вачыма, які жыў наросхрыст і патрабаў, каб іншыя, побач, таксама расхрыстваліся: каб усё было — ад душы, ад сэрца, голае, без сораму, вонкі, навыпуск... але калі іншыя, памуляўшыся, расхрыстваліся, мой таварыш адразу ж пачынаў пакутаваць, што ў некага вырасла нешта істотнае некалькі ці нават заўважна большае, чым у яго.
З часам ён увогуле перастаў глядзець наперад і ўверх, а толькі касіўся і касіўся на тых, хто наўкола, пакуль зусім не акасеў. Збег на сваю прыморскую рыбалку, дзе можна было расхрыствацца ў адзіноце і не баяцца, што нехта засумняваецца ў яго статнасці і страсці, у яго першатворнай велічыні.
Выцягваў сваю велічыню, параўноўваў са злоўленай рыбкаю, то з пячкурыкам, то з карасікам, — рагатаў ад радасці, плакаў ад закаханасці ў гэты свет, у гэты агромністы і добры свет.
Але да таго як збегчы, мой таварыш схапіў мяне за каўнер, прама на ўручэнні мне прэміі (кошык з кветкамі, унізе ўкладзены пачкамі прыгожа нарэзанай зялёнай паперы, распісанай лічбамі), — гаркнуў так, што ўсе азтрнуліся — і паненкі, і мэтры, і юнакі з чарапахавымі запальнічкамі, — і раскрыў усім вочы:
— Вы думаеце гэта — хто? Ён не той, за каго сябе падае. Ён хлус, падлюка, хітры шпак, чалавек з брудным ротам, у яго на лбе слова з чатырох літар, імя ў яго скрадзенае, душа ў дзядоўніках! — і, азірнуўшыся на мяне, тыцнуў мне ў грудзі пальцам: — Захініся, здраднік, ты ашукаў нас!
Усе глядзелі на мяне ў поўнай цішыні. Чарапаха ў нейчых руках едка шыпела, не ў сілах болей спарадзіць агонь.
Я (кошык не кінуў) выбег на вуліцу; не плакаў, не смяяўся — проста дыхаў там з пустой і выгаралай ад сораму галавою: я так і не навучыўся думаць. У вісках стукала: як жа цяпер жыць, няўжо можна пасля такога.
На вуліцы зноў падтайваў апошні месяц зімы, які абяцаў толькі зман і хваравітую, прастудную важданіну.
Выкінуў кветкі з кошыка на снег, зялёную паперу рассунуў па кішэнях, а то яшчэ адымуць.
Я так і не дагнаў бацьку.
Усё з самага пачатку ішло наўскасяк.
Усё было б іначай, каб ён не сышоў.
Усё было б іначай, каб ён не сышоў тады.
Усё было б іначай, каб ён не сышоў тады ад мяне.
Паверылі? Паверылі, так?
Думаеце: вось, раскрыўся, нарэшце, а мы ж здагадваліся, як у яго самотна і слізка ўнутры.
Нічога вы не здагадваліся, маўчыце.
Цяпер раскажу я.
У маёй вёсцы, за ваколіцай, у гадзіне хады ляжаць узвышшы — высокія для сярэдняй паласы, і калі скокнуць уніз з абрыву — увесь паламаешся.
У чарговы холад, дзевяцігадовы пацан, я пайшоў туды — чаго мне захацелася зімою забрацца на ўзвышша, ніхто б мне не растлумачыў. Снегу было дзе па калена, дзе па грудзі, трэба было адразу вяртацца, з першых крокаў да узгоркаў, але я папоўз — крычаў, спяваў па дарозе, адзін раз расплакаўся: уперад было далёка, назад ужо позна.
Туды і летам не ўсякі асмельваўся лезці.
На вяршыню ўзабраўся, калі сонца было на зыходзе: поўныя кішэні снега, поўныя валёнкі снега, поўныя рукавіцы снега, поўная запазуха, поўныя вушы, поўныя вочы... падумаў і набіў поўны рот снегам: сажру цябе, люты. Зняў шапку, па валасах цёк гарачы пот, было так добра, так саладкавата, што я згубіў прытомнасць.
На хвіліну, на гадзіну: у каго запытаць, не ведаю.
Ачуняў — і хутчэй пакаціўся ўніз, уносячы ногі, галаву, душу.
Стала цёмна-цёмна, вёска ў цемры здавалася жахліва далёкай, і ледзь жывыя плавалі яе агеньчыкі ў лютаўскім чарнільным бульёне.
Але ўнутры мяне ўжо пасяліліся срэбра і радасць.
Вярнуўся ўвесь ледзяны, і толькі ў патыліцы было горача, нібы туды прыпячаталі зімовым сонцам, як нагрэтым медзяком; так мяне і пабудзілі.
З нейкага ўзросту, дапусцім, з пятнаццаці гадоў, у любой кампаніі я ціха вырашаў для сябе: «Мужчына тут я»; і калі трэба было прымаць рашэнне — прымаў яго я. Часцей за ўсё з той простай нагоды, што больш ніхто ні на што не рашаўся.
Я не рабіў для жыцця ніякіх намаганняў, з таго часу яно само клалася мне пад ногі.
Свет падзяліўся на дзве паловы — адны сябруюць са мною, другія слабейшыя за мяне. Ёсць яшчэ нейкія трэція, але нам няма справы адно да аднаго.
Ад мяне сышлі толькі тыя, каго я не любіў, а каго я люблю — засталіся са мною. Таго, са школы, які каторы зняў і выкінуў маю заячую шапку, я сустрэў на вуліцы пасля пятнаццаці гадоў, ён стаў яшчэ вышэй, на тры галавы большы за мяне — давялося падскочыць. Ён стаяў ашаломлены, вока яго стала зацякаць імгненна, быццам на яго разлілі гуаш.
— Ты чо, бля? — запытаў ён.
Мы болей на такія пытанні не адказваем.
Сяброўка, тая самая, што ў цэлафане, пасля сямнаццаці гадоў напісала пісьмо: я не ведала, хто ты такі.
Трэба было ведаць, а навошта ты тады жанчына; толькі мужчыны маюць права не ведаць.
Праз дзевятнаццаць гадоў заехаў у сваю вёску — я вяртаўся туды кожны год, нібы нешта там згубіў — галёшу ў снезе? срэбную манетку? нацельны крыжык? — прыехаў, а вёска зноў накрытая снегам, іду і думаю: калі змесці снег — там сляды маіх босых дзіцячых ног. Калі пайсці па гэтых слядах — прыйду роўна да сябе, увайду ў сваё жыццё, усё яго пражыву, зноўку падумаю на тым жа самым месцы: калі змесці снег — там сляды...
Гляджу — а калюга так і стаіць на былым месцы, руская глеба невычарпальная, хаця ні коней, ні трактара ў вёсцы няма, — але ўсё роўна ў брудзе нешта чарнее, булькае, усхліпвае, чаўкае, бурчыць.
Падышоў — Чабраковы ляжаць, браты, адзін угразнуў, другі яго цягне, абодва падобныя на старых сабак, галасоў не чуваць, стыне слюна на шызых тварах. Твары па-ранейшаму аднолькавыя. Вочы ў іх нехта высмактаў, нешта слязіцца на самым дне.
Пачаў выцягваць, рвануў руку некага з іх — яна адарвалася: чорт, што рабіць, я не хацеў — зразумела, што прыйшоў час расплаты, але каб да такой ступені... Пасля зразумеў: вырваў з корнем рукаў целагрэйкі.
На снезе бычна была чыясьці п’яная рука, пальцы шлупаліся ў разжыжаным снезе.
Болей нікому не далі зрабіць зла.
Я мог бы ўхапіць такія сонцы, румяныя і гарачыя, у самыя рукі, — але хапала ведаў пра магчымае, адным гэтым ведагннем быў перакормлены, распешчаны, перасычаны.
Я даехаў да маланкавай мяжы і страляў у людзей, але нехта збіраў у далонь усе выпушчаныя мной кулі і выкідваў, як шалупінне. Я дакладна нікога не забіў, я ведаю гэта напэўна, але калі папрашу — дадуць і забіць. Дадуць усё што заўгодна.
Бацька сышоў, я не дагнаў яго.
А калі б ён вярнуўся — тады далі б усё, што далі з лішкам цяпер?
Я б, вядома, збыў усё гэта цяперашняе дабро, каб дагнаць бацьку, каб толькі яго дагнаць — але са мною ніхто не гандлюецца, ніхто нічога не прапаноўвае: тут абменуа няма, тут толькі раскладваюць перад вачыма ўсякую цудоўную ўсячыну — і я бяру.
Выбару няма. Можна, канешне, не браць — але там на ўсіх хапае, я бачыў. Там нікому не жадаюць благога, там сядзіць шчодры гаспадар.
...і тады, памятаеце, калі я рассунуў па кішэнях усю гэту дурную зялёную паперу, я паглядзеў уверх, і мяне лізнулі ў твар — усёю гэтаю лютаўскаю гарачынёю, як сабачым языком, нібы кажучы: ну, ты што? Хто цябе можа пакрыўдзіць, дуралей?
Вярнуўся ў вялізную залу, усе мне ўсміхаюцца, прывітанне, як там цябе, брат-наш-пушкін, брат-наш-хлестакоў, прывітанне, мы хацелі б з’есці цябе, але замест гэтага будзем прыціскаць цябе да нашага вялізнага сэрца.
Знайшоў свайго, значыць таварыша, які любіў расхрыствацца, узяў яго за гузік, адвёў за вугал, сказаў у твар, з вока на вока — ён ведае, ён памятае, ён не зможа забыцца, дараваць таксама не зможа, — сказаў: я мацней за цябе як чалавек, як мужчына, як выдумшчык, як самачынец, як усё што заўгодна. Зразумеў мяне? Ён кіўнуў: зразумеў. Згінь! — загадаў. Ён згінуў.
Так, любая дарослая перамога здаецца смешнай і дробнай на фоне дзіцячага паражэння, але што зробіш.
Затое цяпер я магу напісаць любое слова ў сябе на лбе, і маё права на гэта пераедзе ўпоперак любую ўхмылку — сцеражы зубы, дурны чалавек, аб чым ты смяешся, дурны чалавек, ты смяешся аб сабе. Амін.
Рознакаляровы шалік ужо поўны маім дыханнем, снег растае на ляту, ілгун-люты, ты прайграў, ці, можа быць, выйграў, ты навучыў мяне ўсяму, але я не ўмею зрабіць ні адной высновы з таго, што адбылося.
Стаю цяпер на парозе, мае дзеці запытальна азіраюць маю зімовую вопратку, вочы іх гарачыя, вочы іх глядзяць.
Пытаюцца, куды, ці надоўга.
Вырашаю, што рабіць: пайсці, не азірнуцца? Ці вярнуцца — узяць на рукі? Як угадаць, што ім дапаможа?




