Згушчаны колер

На палях альбома П оля Гагена

...Аўторак, серада, чацвер, услед —
Ноч з чацвярга на пятніцу, ні слова
Не пішацца... Жыццё маё — праспект,
Ў гадзіну пік. Канкрэтней: мне хрэнова.

Падумаеш, ёсць вершы і талмуд...
Ды светла мне ад «Варварскіх паданняў»,
«Дня бажаства», якія робяць цуд,
Стракатыя, як кожнае світанне

Каланіяльных выдумак і мар,
Ад шалаша таго, хто збег з Еўропы,
Таго, хто не баяўся грозных хмар
Насуперак любому гараскопу.

Ён маарыец, у каханні ж гал —
Аматар порна, медных малалетак.
Глядзі, як з палатна сцякае шал
Крывёй вячэрняй, пеніць зелень лета.

Вось-вось пірога без мяне сплыве,
Тут — пятніца, там — мройлівае мора
Паўдзённае: крэветкі на траве...
І колер згушчаны ва ўсім сваім фаворы.

Вось-вось, мастак, пачую раптам — ах! —
Іграюць смерць з жыццём на дудцы-віва,
Адным ударам разбіваюць страх,
Ідуць па следзе будучага міфа.

Вось-вось, занатаваўшы гэты верш,
Закіну вершы да чартоў сабачых,
У вір смяротны слова мкне найперш —
Банальнай рыфмай, маладушным плачам.